ПАЛЕАЗААЛО́ГІЯ (ад палеа... + заалогія),

навука аб выкапнёвых жывёлах; раздзел палеанталогіі і заалогіі. Падзяляецца на П. беспазваночных (палеаэнтамалогія, палеамалакалогія і інш.) і П. пазваночных (палеаіхтыялогія, палеаарніталогія, палеатэрыялогія і інш.). Звязана з інш. біял. навукамі, гіст. геалогіяй, стратыграфіяй.

Рэшткі выкапнёвых жывёл вядомы са стараж. часоў. Шмат іх сабрана і апісана ў 16—18 ст. (Г.Агрыкала, франц. вучоны Б.​Палісі, дацкі — Н.​Стэна, англ. — Дж.​Хантэр і інш.). Як навука П. ўзнікла ў канцы 18 — пач. 19 ст. (заснавальнік П пазваночных — Ж.Кюуе, беспазваночных — Ж.Б.Ламарк) і развівалася працамі А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучонага Ж.Л.​Р.​Агасіса, італьян. — Дж.​Брокі, ням. — Р.​І.​Фішэра фон Вальдгайма і інш. У пасля-дарвінаўскі перыяд уклад у развіццё П. зрабілі Л.Дало, М.Ноймайр, Р.Оўэн, амер. вучоныя Дж.​Лейдзі, О.​Ч.​Марш, Э.​Коп, Г.​Ф.​Осбарн, ням. — К.​А.​Цытэль, рас. — Ю.А.Арлоў, У.А.Кавалеўскі, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, У.​П.​Амаліцкі, А.​А.​Барысяк, А.​В.​Мартынаў, С.​М.​Нікіцін, Дз.​У.​Обручаў, М.​В.​Паўлава, А.​П.​Паўлаў і інш.

На Беларусі П. развіваецца з 19 ст. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1950-х г. у Бел. геолагаразведачным НДІ (да 1970 Геал. ін-т АН БССР), з 1970-х г. таксама ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (А.В.Фурсенка, В.​С.​Акімец, В.​К.​Галубцоў, С.​Ф.​Зубовіч, П.​Ф.​Каліноўскі, С.​А.​Кручак, А.​М.​Матузка, В.​М.​Мотуз, У.​І.​Назараў, В.​І.​Пушкін, В.​В.​Шчаглова і інш.). Вывучаюцца выкапнёвыя прасцейшыя, ракападобныя, малюскі, насякомыя, млекакормячыя і інш., у больш чым 250 месцах выяўлены рэшткі стараж. насякомаедных, рукакрылых, зайцападобных, грызуноў, драпежных, хобатных, няпарна- і парнакапытных.

Літ.:

Палеонтология беспозвоночных. М., 1962;

Антрапаген Беларусі. Мн., 1971;

Калиновский П.Ф. Териофауна позднего антропогена и голоцена Белоруссии. Мн., 1983;

Яго ж. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999.

т. 11, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАЛО́ГІЯ (ад гідра... + геалогія),

навука аб падземных водах, іх саставе, уласцівасцях, фарміраванні, пашырэнні, руху, узаемадзеянні з горнымі пародамі і паверхневымі водамі. Распрацоўвае метады вызначэння гідрагеал. параметраў ваданосных гарызонтаў, пошуку і разведкі радовішчаў падземных вод, ажыццяўляе ацэнку запасаў і рэсурсаў падземных вод рэгіёнаў, краіны, вывучае рэжым і баланс падземных вод, даследуе гідраўлічную сувязь паверхневых і падземных вод, водаабмен паміж ваданоснымі гарызонтамі і комплексамі, прагназуе змены гідралагічных умоў тэрыторыі пад уздзеяннем меліярацыі, водазабораў падземных вод і інш.

Першыя звесткі аб паходжанні і ўласцівасцях прыродных вод адносяцца да 1-га тыс. да н. э. (Стараж. Грэцыя — Фалес, Арыстоцель, Стараж. Рым — Лукрэцый). У эпоху Адраджэння і пазней у Зах. Еўропе падземныя воды вывучалі Г.​Агрыкала, Б.​Палісі, Н.​Стэна і інш.; у Расіі — М.​В.​Ламаносаў, В.​М.​Севяргін. Да сярэдзіны 19 ст. вучэнне аб падземных водах было часткай геалогіі. Як самаст. навука гідрагеалогія сфарміравалася ў канцы 19 ст. У развіццё гідрагеалогіі значны ўклад зрабілі А.​Дарсі, Ж.​Дзюпюі, А.​Шэзі (Францыя), Э.​Прынц, К.​Кайльгак, Г.​Гёфер (Германія), А.​Хазен, Ч.​Сліхтэр, О.​Мейнцэр (ЗША), А.​П.​Карпінскі, С.​М.​Нікіцін, І.​В.​Мушкетаў (Расія) і інш.

На Беларусі комплексныя гідрагеал. даследаванні арганізаваны ў 1928 (у бас. р. Свіслач), у выніку якіх выяўлены крыніцы водазабеспячэння г. Мінск. У 1929—35 дзейнічаў Ін-т геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР, з 1935 сектар гідрагеалогіі і інж. геалогіі ў Ін-це геал. навук АН. У 1938 на базе свідравіны, якая ўскрыла мінер. воды ў Бабруйску, пабудавана першая на Беларусі водалячэбніца. Пасля Вял. Айч. вайны складзены кадастр падземных вод, дробнамаштабныя гідрагеал. карты Беларусі, вывучаны хімізм і асн. элементы балансу падземных вод. З 1958 вядзецца сярэднемаштабная геолага-гідрагеал., з 1970 гідрагеал. здымка. Рэжым, т-ру і хім. састаў падземных вод і расолаў, умовы іх фарміравання, прынцыпы аховы і рацыянальнага выкарыстання даследуюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (Г.​В.​Багамолаў, М.​Ф.​Казлоў, А.​В.​Кудзельскі), у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (А.​П.​Лаўроў, С.​П.​Гудак), Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыі, БДУ, Гомельскім дзярж. ун-це і інш.

А.​В.​Кудзельскі.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРАЛО́ГІЯ (ад позналац. minera руда + ...логія),

навука аб прыродных хім. злучэннях — мінералах. Вывучае састаў, уласцівасці, марфалогію, структуру, працэсы ўтварэння і змянення мінералаў, заканамернасці сумеснага знаходжання ў прыродзе, а таксама ўмовы і метады штучнага атрымання з мэтай іх практычнага выкарыстання. Уваходзіць у комплекс геал. навук і цесна звязана з петраграфіяй, крышталяграфіяй, геахіміяй, вучэннем аб карысных выкапнях і інш. Аб’ект даследавання ў М. — асобныя крышталі, іх агрэгаты, генетычныя сукупнасці і інш. У 2-й пал. 20 ст. сфарміраваліся раздзелы М. касмічнай і М. мантыі. Вял. значэнне мае эксперыментальная М., якая займаецца мадэліраваннем фіз.-хім. працэсаў утварэння мінералаў, іх сінтэзам.

М. — найстаражытнейшая з навук геал. цыкла. Тэрмін «М.» ўведзены ў 1636 італьян. натуралістам Б.​Цэзіем. М. развівалася паралельна з горнай справай і металургіяй. Элементы мінер. ведаў трапляюцца ў натурфілосафаў (з сярэдзіны 4 ст. да н.э.). Арыстоцель вылучаў у мінер. свеце 2 класы: камяні і руды. Класіфікацыяй мінералаў займаліся Тэафраст, Пліній Старэйшы, у 10—12 ст. Біруні, Ібн Сіна, Альберг Вялікі. Накапленне ведаў аб мінералах (у 17 ст. ў працах дацкіх вучоных Э.​Барталіна, Н.​Стэна, англ. Р.​Бойля, Р.​Гука, галандскага К.​Гюйгенса, у 18—19 ст.франц. Ж.​Б.​Рамэ дэ Ліля, Р.​Ж.​Гаюі, англ. У.​Воластана, ням. А.​Г.​Вернера, рус. М.​В.​Ламаносава, В.​М.​Севергіна і інш.) прывяло да дыферэнцыяцыі М. і вылучэння з яе крышталяграфіі (18 ст.), петраграфіі (19 ст.), вучэння аб карысных выкапнях, геахіміі і металагеніі (канец 19 — пач. 20 ст.), вучэння аб каўстабіялітах (20 ст.), крышталяхіміі (сярэдзіна 20 ст.). Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі рус. вучоныя М.​І.​Какшараў, П.​У.​Ерамееў, А.​П.​Карпінскі, Я.​С.​Фёдараў, сав. вучоныя А.​Г.​Бяцехцін, А.​К.​Болдыраў, У.​І.​Вярнадскі, А.​М.​Заварыцкі, У.​М.​Лодачнікаў, С.​С.​Смірноў, А.​Я.​Ферсман і інш.

На Беларусі мінералагічныя даследаванні праводзяцца паралельна з літалагічнымі, петраграфічнымі, з вывучэннем карысных выкапняў і стратыграфіі. Імі займаюцца ў ВА «Белгеалогія», Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це, Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і інш.

Я.​І.​Аношка.

т. 10, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАНТАЛО́ГІЯ [ад палеа... + грэч. on (ontos) існае, істота + ...логія],

навука аб арганізмах і ўсіх даступных вывучэнню праявах жыцця геал. мінулага на розных узроўнях арганізацыі, іх пашырэнні і гіст. развіцці. Даследуе акамянеласці і інш. выкапнёвыя рэшткі арганізмаў (марфал., фізіял., біяхім., малекулярна-біял., паталаг. і інш. кірункі), арыктацэнозы, арганагенныя горныя пароды і інш. Уключае палеабатаніку, палеабіягеаграфію, палеазаалогію, палеаіхналогію, палеаэкалогію, тафаномію, мікрапалеанталогію (вывучае стараж. мікраарганізмы і мікрарэшткі жывёл і раслін: канадонты, скалекадонты, акрытархі, аталіты). Звязана з археалогіяй, неанталогіяй, паліналогіяй, філагенетыкай, эвалюц. вучэннем, гіст. геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеакліматалогіяй. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў геалогіі карысных выкапняў, літалогіі, стратыграфіі і інш.

Упамінанні пра акамянеласці вядомы з ант. часоў. Разуменне іх сапр. прыроды пачалося ў эпоху Адраджэння (Г.Агрыкала, Леанарда да Вінчы і інш.) і развівалася з поглядамі аб пастаянных зменах у жывой прыродзе мінулага (М.Адансон, Ж.Л.Л.Бюфон, Дж.Гетан, М.В.Ламаносаў, дацкі вучоны Н.​Стэна і інш.). Як навука П. ўзнікла разам з гіст. геалогіяй у канцы 18 — пач. 19 ст. (А.Т.Браньяр, Ж.Кюўе, Ж.Б.Ламарк). Тэрмін «П.» (прапанаваў франц. заолаг А.Д. дэ Бленвіль у 1822) пашыраны з 1830-х г. У дадарвінаўскі перыяд (да сярэдзіны 19 ст.) фарміравалася стратыграфічная П. (А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучоны Ж.Л.​Р.​Агасіс, англ. — А.​Седжвік, рас. — С.​С.​Кутарга, Х.І.Пандэр, К.​Ф.​Рулье, Э.​І.​Эйхвальд і інш.). З 1860-х г. развіваецца эвалюц. П. (М.І.Андрусаў, Ю.​А.​Арлоў, Т.Г.Гекслі, Л.Дало, У.А.Кавалеўскі, А.П.Карпінскі, М.Ноймайр, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, І.Ф.Шмальгаўзен, І.А.Яфрэмаў, амер. вучоны Э.​Коп, рас. — А.​А.​Барысяк і інш.).

На Беларусі асобныя палеанталагічныя доследы праводзіліся ў 19—1-й пал. 20 ст. (У.С.Дактуроўскі, У.І.Дыбоўскі, У.М.Сукачоў, П.А.Туткоўскі, Л.​А.​Бяляева, Э.​Вернейль, В.​І.​Громаў, А.​Кайзерлінг, Р.​І.​Мурчысан, Г.​Швэдар і інш.). Пытанні П. сістэматычна даследуюцца з 1951 (А.В.Фурсенка) у Бел. геолагаразведачным НДІ і з 1968 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі, вывучаюцца таксама ў Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. пед., Брэсцкім і Віцебскім ун-тах. Атрыманы шматлікія палеанталагічныя матэрыялы і звесткі палеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, скарыстаныя ў распрацоўцы і абгрунтаванні схем іх стратыграфічнага расчлянення. Уклад у развіццё П. зрабілі Ф.Ю.Велічкевіч, Н.А.Махнач, В.​С.​Акімец, С.​В.​Анціпенка, Г.​А.​Белавусава, А.​Ф.​Бурлак, В.​К.​Галубцоў, Э.​К.​Дземідзенка, С.​Ф.​Зубовіч, В.​П.​Зярніцкая, П.​Ф.​Каліноўскі, М.​Р.​Каўхута, Г.​І.​Кеда, Э.​А.​Крутавус, С.​А.​Кручак, Л.​С.​Ліннік, Г.​І.​Літвінюк, Т.​І.​Майсеева, С.​С.​Маныкін, А.​У.​Мацкевіч, І.​В.​Міцяніна, У.​І.​Назараў, В.​М.​Несцяровіч, В.​І.​Пушкін, Т.​Б.​Рылова, С.​А.​Фядзеня, Г.​К.​Хурсевіч, В.​Л.​Шалабода, Т.​В.​Якубоўская, Я.​К.​Яловічава і інш.

Літ.:

Основы палеонтологии: Справ. для палеонтологов и геологов СССР. Т. 1—15. М., 1958—64;

Палеонтология и стратиграфия БССР. Сб. 1—6. Мн., 1955—66;

Палеонтология и ее роль в познании геологического строения территории Белоруссии. Мн., 1986;

Новые представители ископаемой фауны и флоры Белоруссии и других районов СССР. Мн., 1990.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХРАНАЛО́ГІЯ (ад геа... + храналогія),

геалагічнае летазлічэнне, вучэнне аб узросце і храналагічнай паслядоўнасці фарміравання горных парод зямной кары і геал. падзей у гісторыі Зямлі. Адрозніваюць адносную і абсалютную геахраналогію.

Адносная геахраналогія вызначае адносны ўзрост слаістых асадкавых, вулканічных (лаў) і піракластычных парод. У яе аснове прынцып паслядоўнасці напластаванняў, прапанаваны ў 17 ст. Н.​Стэна (Данія), паводле якога ў непарушных асадкавых тоўшчах вышэйляжачы пласт заўсёды маладзейшы за ніжэйляжачы. Адносны ўзрост некаторых горных парод вызначаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. У.​Смітам (Вялікабрытанія) і Ж.Кюўе. Пра адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў мяркуюць па выкапнёвых рэштках раслін і жывёл (вывучае палеанталогія). Узрост інтрузіўных і інш. неслаістых тоўшчаў вызначаюць па суадносінах са слаістымі. Паслядоўнасць напластавання горных парод даследуе стратыграфія, паводле яе даных і звестак палеанталогіі распрацавана геахраналагічная шкала, якая адлюстроўвае паслядоўнасць геал. гісторыі і развіцця жыцця на Зямлі. У гісторыі Зямлі вылучаюць 2 найб. геахраналагічныя этапы (эоны) — крыптазой і фанеразой. Крыптазойскі эон, які доўжыўся каля 4 млрд. гадоў, падзяляюць на 2 эры — архей (архейскую) і пратэразой (пратэразойскую). Фанеразойскі эон працягваўся 570 млн. гадоў, яго складаюць 3 эры — палеазойская, мезазойская і кайназойская, у якіх вылучаюць 12 перыядаў (ад кембрыйскага да чацвярцічнага). Кожны перыяд падзяляюць на 2 ці 3 эпохі (напр., ранне-, сярэдне- і познадэвонскія, міяцэнавая і пліяцэнавая ў неагенавым перыядзе), а кожную эпоху — на вякі (напр., кімерыйскі і акчагыльскі вякі пліяцэнавай эпохі). Кожнаму падраздзяленню геахраналагічнай шкалы адпавядае адзінка стратыграфічнай шкалы (эры — група, перыяду — сістэма, эпосе — аддзел, веку — ярус). Абсалютная геахраналогія (ядзерная, ізатопная, радыеметрыя) вызначае ўзрост горных парод і мінералаў у адзінках астр. часу (звычайна ў млн. гадоў); з’яўляецца часткай геахіміі. У пач. 20 ст. П.Кюры і Э.Рэзерфард прапанавалі выкарыстаць радыеактыўны распад хім. элементаў для вызначэння абс. ўзросту горных парод і мінералаў. Першыя вызначэнні паводле намнажэння свінцу ў мінералах зрабіў у 1907 амер. вучоны Б.​Болтвуд (Канада). У даследаваннях па абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць доўгажывучыя радыеактыўныя элементы пры дапушчэнні, што скорасць іх распаду на працягу гісторыі Зямлі заставалася нязменнай. Вымярэнні праводзяць па суадносінах у мінералах і горных пародах (або ў арган. рэчыве) колькасці мацярынскіх радыеактыўных элементаў і стабільных прадуктаў іх распаду. Найб. пашыраныя метады абс. геахраналогіі — свінцовы (уран-торый-свінцовы), калій-аргонавы, рубідый-стронцыевы, а таксама радыевугляродны, фторыевы і інш. Даныя абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць для ўдасканалення геахраналагічнай і стратыграфічнай шкал. Метады абс. геахраналогіі развіваюцца, на іх выніках грунтуецца гіст. геалогія, палеагеаграфія, палеатэктоніка, планеталогія і інш. Выяўлена, што найб. стараж. пароды Зямлі маюць узрост каля 3,5 млрд. гадоў. З іх дапамогай вызначаны ўзрост Месяца, метэарытаў, розных геал. фармацый, эпох магматызму, рудаўтварэння, метамарфізму і інш.

На Беларусі метады абсалютнай геахраналогіі развіваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі з 1970-х г. Даследаванні вядуцца радыевугляродным (​14C) метадам (Л.​М.​Вазнячук, А.​І.​Зімянкоў, І.​Л.​Коласаў). Распрацавана геахраналогія позняга антрапагену ў межах дасягальнасці радыевугляроднага метаду (50 тыс. г.). Атрыманы датаванні ў інш. краінах (Расіі, Украіне і інш.) для горных парод тэр. Беларусі — паводле уран-свінцовага ізахроннага метаду ўзрост парод крышт. фундамента (архей — ніжні пратэразой) у межах 2580—1700 млн. гадоў, паводле калій-аргонавага метаду верхнедэвонскія вулканічныя пароды ўтварыліся 358—354 млн. г. назад, паводле глаўканітавага метаду марскія адклады ніжняга алігацэну — каля 38 млн. г. назад.

Літ.:

Геохронология СССР. Т. 1—3. Л., 1973—74;

Шкала геологического времени: Пер. с англ. М., 1985;

Найденков И.В. Проблемы геологии раннего докембрия // Літасфера. 1995. № 2.

А.​С.​Кручак.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)