ПРАСТАМО́ЎЕ,

1) вусна-размоўныя словы, выразы, іх варыянты і формы, якія выкарыстоўваюцца ў літаратурнай мове як стылістычны сродак зніжанай, грубаватай характарыстыкі прадметаў, вобразаў, з’яў. Напр., «абармот», «выскаляцца», «перціся на ражон», «раней яна прыгажэй была» і інш. 2) Разнавіднасць нацыянальнай мовы, якой уласцівы вусна-размоўныя словы, выразы, формы і якой карыстаюцца як сродкам непасрэдных вусных моўных зносін.

Для П. характэрны: неафіцыйнасць моўных зносін, экспромтнасць, адсутнасць папярэдняга абдумвання тэмы размовы і адбору адпаведных моўных сродкаў, першаснасць вуснай формы рэалізацыі мовы. П. ў якасці стыліст. сродкаў жартаўлівага, гумарыст., іранічнага, сатыр. адлюстравання рэчаіснасці ўваходзіць у склад літ. мовы, можа выкарыстоўвацца пры пэўных абставінах усімі яе носьбітамі і ўтварае разрад літ. П. (напр., «абібок», «канючыць»). Словы і выразы, што адрозніваюцца ад літ. адпаведнікаў націскам, асобнымі гукамі, форма- і словаўтваральнымі сродкамі, як ненарматыўны моўны элемент служаць сродкам стварэння эфекту зніжанасці маўлення, стылізацыі і ўтвараюць разрад пазаліт. П. (напр., «магазін», «іграць на піяніне»).

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;

Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983.

В.​П.​Красней.

т. 13, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛІЎКА ((Polivka) Іржы) (6.3.1858, г. Энс, Аўстрыя — 21.3.1933),

чэшскі фалькларыст, лінгвіст, гісторык л-ры. Праф. Карлава ун-та ў Празе (1895). Чл. Чэшскай АН (1908), чл.-кар. Пецярбургскай АН (1901). Вучыўся ў Пражскім і Заграбскім ун-тах. Асн. працы прысвечаны параўнальнаму вывучэнню казак слав. народаў. Належаў да пазітывісцкай школы параўнальна-гіст. вывучэння фальклору і л-ры. Гал. фактарам развіцця міжнац. сувязей лічыў культ.-геагр. ўмовы. Кніга П. «Славянскія казкі» (ч. 1, 1932) пра гісторыю вывучэння і аналіз стыліст. асаблівасцей бел., рус. і ўкр. казак. Рэцэнзаваў зборнікі бел. казак Е.​Раманава, М.​Федароўскага, А.​Сержпутоўскага, У.​Дабравольскага. У 5-томным каментарыі да казак бр. Грым (з І.​Больтэ, 1913—32) напісаў раздзелы пра казкі славян, выкарыстаў усе бел. зборнікі казак да 1932.

Літ.:

Sbornik praci věnovanýeh prof. dr. J.Polivkovi: K šedesatým narożeninam. Usporadal Dr. J.Horak. Praha, 1918 (са спісам прац П. 1879—1918);

Horak J. Jiři Polivka: Vspomínka jubilejni // Národopisný véstnik ćeskoslovenský. 1928. №1 (ea спісам прац П. 1918—1928);

Ćeskoslovenské prace o jazyce dējinach a kultuře slovanských národu od r. 1760: Biograficko-bibliográficky slovnik. Praha, 1972. С. 389—392.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД у музыцы,

умоўная назва розных музычна-творчых плыняў 20 ст. Тэрмін «авангард» зацвердзіўся з 2-й пал. 1940-х г. у адносінах да шматлікіх школ зах. музыкі, адметных гранічным радыкалізмам, пошукам новых выразных сродкаў, тэхнік кампазіцыі, форм арганізацыі гукавога матэрыялу, абсалютызацыяй эксперыменту, якім спадарожнічае свядомае адмаўленне эстэт. нормаў і традыцый, што выпрацаваны ў мастацтве мінулага.

Своеасаблівымі цэнтрамі авангарда сталі Францыя, Германія, Італія, ЗША Сярод прадстаўнікоў авангарда кампазітары рознай арыентацыі: П.​Булез, П.​Шэфер, Я.​Ксенакіс, К.​Штокгаўзен, Л.​Нона, Л.​Берыо, Дж.​Кейдж, Дз.​Лігеці. Сярод прыёмаў і метадаў кампазіцыі муз. авангарда — серыяльнасць, пуантылізм, алеаторыка, санорыка, электронная музыка, канкрэтная музыка, а таксама шэраг новых прыёмаў гуказдабывання на традыц. інструментах. Гранічнае наватарства ў авангарда часам становіцца самамэтай, фармальныя навацыі могуць весці да разбурэння эстэт. асноў мастацтва. Аднак некат. эксперыменты буйных кампазітараў выявілі новыя стыліст. сродкі для ўвасаблення ідэй і вобразаў у музыцы 20 ст. і прыняты мастакамі інш. творчых арыентацый. У 1960-я г. — сярэдзіне 1970-х г. узнікла музыка амер. мінімалістаў Т.​Райлі, Ла Монт Янга, інстр. т-р М.​Кагеля, калажная тэхніка кампазіцыі і інш. з’явы, абагульненыя паняццем поставангард.

У бел. музыцы мастацка-эстэт. сістэма заходняга муз. авангарда ў чыстым выглядзе не знайшла ўвасаблення, аднак прыёмы серыйнай тэхнікі, алеаторыкі, санорыкі і інш. выкарыстоўваюць бел. кампазітары С.​Картэс, Дз.​Смольскі, С.​Бельцюкоў, В.​Войцік, В.​Кузняцоў, В.​Капыцько, А.​Літвіноўскі, А.​Сонін, Л.​Шлег, Я.​Паплаўскі і інш.

А.​У.​Валадковіч.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІ́, Марці-і-Перэс (Martí y Pérez) Хасэ Хуліян (28.1.1853, Гавана — 19.5.1895), кубінскі паэт, нац. герой Кубы. За ўдзел у нац.-вызв. барацьбе ў 1870 арыштаваны ісп. ўладамі і высланы ў Іспанію, дзе вывучаў філасофію, л-ру і права ва ун-тах Мадрыда і Сарагосы. З 1875 жыў у Мексіцы, Гватэмале, у 1879 вярнуўся на Кубу. За ўдзел у падрыхтоўцы антыісп. паўстання зноў высланы ў Іспанію. З 1880 у ЗША, карэспандэнт лац.-амер. газет. Ў 1892 з разрозненых эмігранцкіх груповак стварыў Кубінскую рэв. партыю, якая адыграла гал. ролю ў падрыхтоўцы нац.-вызв. паўстання на Кубе (пачалося 24.2.1895), заснаваў яе цэнтр. орган газ. «Patria» («Радзіма»). Выступаў за стварэнне незалежнай рэспублікі Кубы, заклікаў лац.-амер. народы аб’яднацца супраць гегеманісцкай палітыкі ЗША. У крас. 1895 вярнуўся на Кубу, каб прыняць удзел у паўстанні, і праз месяц загінуў у баі з іспанцамі. У кубінскай і лац.-амер. л-ры М. выступіў як адзін з пачынальнікаў мадэрнізму, арыгінальны стыліст і рэфарматар ісп. літ. мовы. Аўтар прасякнутай пратэстам супраць нявольніцтва драмы ў вершах «Абдала» (1869), паэт. зборнікаў «Ісмаелільё» (1882), «Простыя вершы» (1891), «Кветкі выгнання», «Свабодныя вершы» (абодва выд. 1913), у якіх апеў шчырыя і простыя чалавечыя пачуцці, рамана «Згубнае сяброўства» (1885), п’ес «Пралюбадзейка» (1874) і «За каханне плацяць каханнем» (1875), публіцыст. і літ.-крытычных артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1978.

Літ.:

Маринельо Х. Хосе Марти — испано-американский писатель: (Марти и модернизм): Пер. с исп. М., 1964;

Тененбаум В.О. Хосе Марти. М., 1980.

Х.Марці.

т. 10, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПРАВІЗА́ЦЫЯ (франц. improvisation ад лац. improvisus нечаканы, раптоўны),

стварэнне маст. твора непасрэдна ў працэсе выканання. У шырокім сэнсе — творчасць без папярэдняй падрыхтоўкі, якая выяўляе непасрэднасць развіцця маст. думкі. Адрозніваюць уласна І. (з прытрымліваннем зададзеных тэмы, матываў, вобразаў) і свабодную (вольны выбар тэмы і формы яе раскрыцця). Магчыма ў паэзіі, музыцы, танцы, тэатр. мастацтве і інш. Адзін з відаў І. — экспромт.

І. вядома са старажытнасці. Вытокі І. ў літаратуры — у нар. творчасці, вусны характар якой садзейнічаў выкарыстанню элементаў І. пры неабходнасці прытрымлівацца традыцый у цэлым (казкі, прыказкі, прымаўкі і інш.). Дасягнула росквіту ў рус. паэзіі 19 ст. (П.​Вяземскі, В.​Брусаў). Вядомымі імправізатарамі былі А Міцкевіч, М.​Багдановіч. У музыцы І. — адметны вызначальны фактар музыкі вуснай традыцыі розных народаў свету, у т. л. беларусаў. Характар, канкрэтныя формы і мера выяўлення І. залежаць ад творчых здольнасцей нар. выканаўцаў, спосабаў музіцыравання, гістарычна выпрацаваных стыліст. норм пэўных жанраў, мясц. выканальніцкіх традыцый. На Беларусі выдатныя майстры І. — нар. спевакі С.​Дубейка, А.​Каранчук, З.​Хвораст, дудачнікі В.​Швед, М.​Глушань, гарманіст А.​Свірыдовіч і інш. У прафес. музыцы сферы і формы выяўлення І. гістарычна змяняліся: ад вак. поліфаніі 13—15 ст. (cantus firmus, англ. discantus і фабурдон) да інстр. музыкі барока і класіцызму (генерал-бас, выканальніцкая дзейнасць Г.​Ф.​Гендэля, І.​С.​Баха, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена), ад канцэртнай практыкі эпохі рамантызму (кадэнцыі ў канцэртах, І. на зададзеную тэму; Ф.​Шапэн, Ф.​Ліст, І.​Брамс, бел. музыканты-віртуозы І.​Гузікаў, М.​Ельскі, А.​Абрамовіч) да джазавых кампазіцый 20 ст. І. як сродак муз. выхавання займае важнае месца ў пед. сістэмах Э.​Жак-Далькроза, К.​Орфа. Курс І. існуе ў Бел. акадэміі музыкі. І. ў танцы — з глыбокай старажытнасці неад’емная частка нар. абрадаў, гульняў, свят. У нар. танцы часта выяўляецца ў спаборніцтве выканаўцаў. У танц. мастацтве І. вар’іруецца ад прымітыву да высокага прафесіяналізму. У пач. 20 ст. ў вял. ступені імправізацыйным было мастацтва т. зв. свабоднага танца Х.Дункан. І. — абавязковы элемент нар. танца, пашырана ў бальных танцах. І. ў тэатры — ігра акцёра, заснаваная на яго здольнасці ствараць сцэнічны вобраз, уласны тэкст на зададзеную тэму ў час паказу без папярэдняй падрыхтоўкі. Зарадзілася ў нар. тэатр. творчасці, была істотным элементам сцэн. дзеяння стараж. т-ра Усходу (існуе і цяпер), прысутнічала ў антычным, сярэдневяковым і рэнесансавым т-ры, выступленнях скамарохаў. Высокага ўзроўню дасягнула ў італьян. камедыі дэль артэ і франц. фарсе. Пазней сустракалася як стыліст. прыём (напр., у К.​Гоцы). У пач. 20 ст. К.​Станіслаўскі, Я.​Вахтангаў, У.​Меерхольд сцвярджалі каштоўнасць І. ў працэсе стварэння спектакля. Імправізацыйны характар мелі бел. каляндарна-земляробчыя і сямейна-бытавыя абрады, бел. нар. т-р, інтэрмедыі школьнага т-ра. Мастацтвам І. былі прасякнуты выступленні трупы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Першай бел. трупы І.​Буйніцкага, бел. вечарынкі і інш. Вял. увагу І. аддавалі рэжысёры Е.​Міровіч, У.​Галубок, М.​Міцкевіч, акцёры Дз.​Арлоў, Г.​Глебаў, А.​Ільінскі, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў і інш.

Літ.:

Богатырев П.Г. Традиция и импровизация в народном творчестве // Богатырев П.Г. Вопросы теории народного искусства. М., 1971;

Сапонов М.А. Искусство импровизации. М., 1982;

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Мн., 1971;

Станиславский К.С. Работа актера над собой. Ч. 1—2. 4 изд. М., 1951.

І.​Дз.​Назіна (музыка).

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОПОЯ́З (ад рус. назвы Таварыства вывучэння паэтычнай мовы),

навукова-даследчае аб’яднанне рус. лінгвістаў, тэарэтыкаў і гісторыкаў літаратуры ў сярэдзіне 1910-х—1920-я г. Створаны ў 1916—18 Я.​Паліванавым, Л.​Якубінскім, В.​Брык, С.​Бернштэйнам, В.​Шклоўскім, Б.​Эйхенбаумам, Ю.​Тынянавым. Адмовіўся ад традыц. метадаў апісання і аналізу літ. творчасці, засяродзіўшы ўвагу на даследаванні яе моўна-выяўл. сродкаў як дамінуючых канструктыўных фактараў у рухомай сістэме стварэння і ўспрымання твораў. Сцвярджаў эстэт. самакаштоўнасць паэт. мовы і фармальна-маст. наватарства незалежна ад ідэалаг. арыентацыі. Генетычна звязаны з мадэрнісцкімі плынямі ў мастацтве, якія імкнуліся пераадолець літ. шаблоны і аўтаматызм іх успрымання шляхам парадаксальных слоўных вобразаў і метадам «остранения» — стварэння ўскладненай, нялёгкай для ўспрымання формы. Даследаваў тэорыю вершаскладання, структуру і семантыка-эстэт. функцыі маст. мовы, сюжэтную будову буйных празаічных жанраў і іх эвалюцыю, выкарыстоўваў параўнальна-тыпалаг. метады і стыліст. спосабы аналізу. Пад уплывам жывой маст. практыкі (творчасць У.​Маякоўскага, С.​Эйзенштэйна і інш.) і канструктыўнай крытыкі ў 2-й пал. 1920-х г. аб’яднанне пераадольвала фармаліст. тэндэнцыі. Паўплываў на канцэпцыі выяўл. і арх. мастацтва Беларусі 1920-х г. (асобныя ідэі К.​Малевіча, канструктывізм) і літ. рух [ідэя «аквітызму» (ажыўлення) у «Маладняку», погляд на л-ру як «жыццебудаўніцтва» ва «Узвышшы», атаясамліванне мастацтва і жыцця ў эстэт. праграме «Літаратурна-мастацкай камуны»]. У канцы 1920-х г. распаўся пад націскам раппаўскай вульгарна-сацыялаг. крытыкі, прадстаўнікі якой на Беларусі аднабакова разглядалі гэты кірунак як бурж. і фармалістычны. З 2-й пал. 1950-х г. пад уплывам метадаў О. фарміраваліся структуралісцкія і матэм. метады даследавання мовы і маст. л-ры.

Літ.:

Тынянов Ю. Проблема стихотворного языка;

Статьи. [2 изд.] М., 1965;

Шкловский В. О теории прозы. М., 1925;

Бахтин М. К эстетике слова // Контекст, 1973. М., 1974.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКЕ́СТР (ад грэч. orchēstra пляцоўка перад сцэнай у стараж.-грэч. тэатры),

калектыў інструменталістаў для сумеснага выканання створанай для яго музыкі. Аркестры бываюць мяшаныя, якія ўключаюць інструменты розных груп (сімфанічны, эстрадны) і аднародныя (струнны, духавы, ударных інструментаў). Паводле функцыі вылучаюць аркестры оперныя, ваенныя, эстрадныя і інш. Вышэйшы тып — сімфанічны аркестр — малы і вялікі. Рухомасцю складу адрозніваецца камерны аркестр, які не заўсёды можна дакладна адмежаваць ад камернага ансамбля. Асаблівы тып — аркестр народных інструментаў.

Вял. інстр. ансамблі вядомы ў антычнасці, сярэднявеччы, у эпоху Адраджэння (літ. крыніцы 16 ст. сведчаць, што падобныя ансамблі існавалі і на Беларусі), аднак іх вызначалі спарадычнасць дзеяння і нестабільнасць складу. Рэгулярныя аркестры паявіліся на мяжы 16—17 ст. з узнікненнем оперы, араторыі, кантаты, у якіх на аркестры ўскладалася функцыя суправаджэння вак. партый. Тыпы аркестраў, іх прызначэнне гістарычна мяняліся ў залежнасці ад развіцця муз. інструментаў і выканальніцтва, эвалюцыі арк. мыслення кампазітараў, ідэйна-стыліст. тэндэнцый.

Звесткі пра аркестры на Беларусі сягаюць у 16 ст. («літоўская капэла»), У 18 ст. вядомы розныя тыпы аркестраў: т.зв. «янычарская музыка» (Шклоў, Нясвіж, Гродна), рагавая музыка (Нясвіж, Шклоў), «хатняя музыка» (Горы-Горкі, Гродна, Нясвіж), духавыя, а таксама малыя сімф. аркестры раннекласічнага складу — капэлы (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). Вядома пра існаванне «касцельнай музыкі» ў 18 — 1-й пал. 19 ст. ў Гродне, Слоніме, Мінску, Пінску, Нясвіжы, Будславе і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. прыкметную ролю ў грамадска-культ. жыцці адыгрывалі сімф. і духавыя аркестры, у т. л. ў Мінску (гл. Мінскі гарадскі аркестр), Віцебску, Слуцку, Гродне. У 1919—21 створаны сімф. аркестры ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве на базе нар. кансерваторый, муз. школ, пазней муз. тэхнікумаў і драм. т-раў. Прафесійныя аркестры ў Беларусі (1995): Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, сімфанічныя аркестры Дзярж. т-ра оперы і балета Дзярж. т-ра муз. камедыі, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь, Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, мінскі духавы аркестр «Няміга» і інш.

Літ.:

Барсова И.А. Книга об оркестре. 2 изд. М., 1978.

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЕРА (італьян. opera літар. твор ад лац. opera праца, выраб, твор),

род музычна-драм. твора, прызначанага для сцэн. выканання. Тэкст О. поўнасцю або часткова спяваецца звычайна ў суправаджэнні аркестра. Спалучае ў адзіным тэатр. дзеянні вак. (сола, ансамбль, хор) і інстр. (сімф. музыку, драматургію, выяўл. мастацтва (дэкарацыі, касцюмы, сцэнаграфія), нярэдка харэаграфію і інш. У адпаведнасці з ідэяй твора, характарам сюжэта і лібрэта ў О. ўвасабляюцца розныя формы музыкі — нумары сольных спеваў (арыя, арыёза, песня, маналог), рэчытатывы, ансамблі (дуэты, тэрцэты, квартэты) з вял. фіналамі, часта з хорам, хар. сцэны, танцы, аркестравыя нумары (уверцюра, антракты, інтэрмедыі і інш.). У некат. О., пераважна камедыйных, замест рэчытатыву выкарыстоўваюць размоўны дыялог, часам меладраму. Важнейшы элемент О. — спевы, якія перадаюць багатую гаму чалавечых пачуццяў і перажыванняў у найтанчэйшых адценнях. Выразную сэнсавую і важную кампазіцыйную функцыю выконвае лейтматыў. Строй вак. інтанацый раскрывае індывід. псіхал. стан кожнай дзейнай асобы, перадае асаблівасці яе характару і тэмпераменту. З сутыкнення розных інтанац. комплексаў, адносіны паміж якімі адпавядаюць расстаноўцы сіл драм. дзеяння, нараджаецца «інтанацыйная драматургія» О. як муз.-драм. цэлага (гл. Драматургія музычная). Для абмалёўкі фону дзеяння, стварэння нац. і мясц. каларыту, характарыстыкі дзейных асоб у О. служаць розныя жанры бытавой музыкі — песня, танец, марш. Шырока выкарыстоўваюць у О. прыём «абагульнення праз жанр», калі песня і танец становяцца сродкам рэаліст. тыпізацыі вобраза, выяўлення агульнага ў асобным і індывідуальным. Аркестр сумяшчае розныя планы: падтрымлівае вак. партыі і акцэнтуе найб. важныя моманты дзеяння, стварае кантрапункты да таго, што адбываецца на сцэне. Самаст. арк. нумары ўводзяць слухачоў у эмац. атмасферу твора, раскрываюць у агульным выглядзе асн. драматургічны канфлікт, падсумоўваюць папярэдняе развіццё або адыгрываюць карцінна-выяўл. ролю. Хор стварае бытавы фон дзеяння, выступае своеасаблівым каментатарам падзей ці ўвасабляе калект. вобраз народа. Суадносіны розных элементаў О. як адзінага маст. цэлага вар’іруюцца ў залежнасці ад агульных эстэт. тэндэнцый эпохі, маст. кірунку, канкрэтных творчых задач кампазітара. Існуюць О. з перавагай вакалу, дзе аркестру адведзена ўскосная, падпарадкаваная роля. Ён жа можа выступаць гал. носьбітам драм. дзеяння і дамінаваць над вак. партыямі. Бываюць О., пабудаваныя на чаргаванні закончаных або адносна закончаных вак. форм (арыя, арыёза, каваціна, ансамблі, хары), і пераважна рэчытатыўнага складу, дзеянне якіх развіваецца бесперапынна, без расчлянення на асобныя нумары, О. з перавагай сольнага пачатку і О. з развітымі ансамблямі і харамі. Пры ўсёй сваёй складанасці О. — найб. масавы, дэмакр. жанр па вял. сіле эмац. ўздзеяння, апоры на бытавыя жанры, адлюстраванні ў больш ці менш непасрэднай форме надзённых сац. праблем.

Жанр О. паявіўся ў канцы 16 ст. ў Італіі. Яго вытокі ў нар. абрадах і ігрышчах (напр., у бел. вясельным, купальскім, калядным абрадах). У працэсе гіст. развіцця склаліся шматлікія нац., жанравыя, стыліст. разнавіднасці: італьян. О.-seria і О.-buffa, франц. лірычная трагедыя, камічная О., опера «выратавання», вял. О., лірычная О. і інш. Найб. значныя зах.-еўрап. і амер. оперныя кампазітары К.​Мантэвердзі, А.​Скарлаці, Дж.​Б.​Пергалезі, Дж.​Расіні, В.​Беліні, Г.​Даніцэці, Дж.​Вердзі, Дж.​Пучыні (Італія), Ж.​Б.​Люлі, Ж.​Ф.​Рамо, А.​Грэтры, Л.​Керубіні, Дж.​Меербер, Ш.​Гуно, Ж.​Бізэ (Францыя), К.​М.​Вебер, Р.​Вагнер, Р.​Штраус (Германія), К.​В.​Глюк, В.​А.​Моцарт (Аўстрыя), С.​Манюшка (Польшча), Б.​Сметана, А.​Дворжак, Л.​Яначак (Чэхаславакія), Г.​Пёрсел, Б.​Брытэн (Англія), Дж.​Гершвін, А.​Копленд, Дж.​К.​Меноці, Д.​Мур (ЗША). Значны этап у развіцці сусв. опернай культуры — рус. класічная О., якая садзейнічала стварэнню новых тыпаў опернай драматургіі, новых герояў, найперш вобраз народа. Характар рус. опернай класікі абумовілі творы яе заснавальніка М.​Глінкі (героіка-патрыят О. «Іван Сусанін» і казачна-эпічная «Руслан і Людміла»), а таксама А.​Барадзіна, А.​Даргамыжскага, М.​Мусаргскага, М.​Рымскага-Корсакава, П.​Чайкоўскага і інш. Шматнац. опернае мастацтва СССР прадстаўлена операмі Дз.​Шастаковіча, С.​Пракоф’ева, І.​Дзяржынскага, Дз.​Кабалеўскага, Ц.​Хрэннікава, Ю.​Шапорына, С.​Сланімскага, А.​Холмінава, А.​Пятрова, В.​Шабаліна, Э.​Дзянісава, А.​Шнітке, М.​Лысенкі, Б.​Ляташынскага, Ю.​Мейтуса, В.​Губарэнкі, Г.​Майбарады, З.​Паліяшвілі, А.М.​М.​Магамаева. М.​Баланчывадзе, А.​Тактакішвілі, А.​Спецдыярава, У.​Гаджыбекава, Ф.​Амірава, Я.​Брусілоўскага, Н.​Жыганава, С.​Бабаева, С.​Юдакова, Ш.​Сайфіддзінава, Ш.​Чалаева і інш.

На Беларусі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках, буйных сядзібах існавалі оперныя трупы (гл. Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча), дзе працавалі таленавітыя бел. прыгонныя спевакі, якія пазней атрымалі вядомасць на прафес. сцэнах (у т. л. М.Сітанская і інш.). Пачатак бел. О. звязаны з творчасцю Я.​Д.​Голанда («Агатка, або Прыезд пана», паст. ў 1784 у Нясвіжы, на Бел. радыё ў 1994) і Р.​Вардоцкага («Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», 1789, паст. Беларускай капэлай у 1990 у арк. рэд. Дз.​Смольскага) і асабліва з дзейнасцю С.​Манюшкі [найб. вядомыя «Сялянка» («Ідылія»), паст. ў Мінску ў 1852; «Галька», паст. ў Мінску ў 1856, у Дзярж. т-ры оперы і балета ў 1975; «Страшны двор», паст. 1865, у Дзярж. т-ры оперы і балета ўпершыню ў СССР — у 1952], У 1920-я г. створаны О. «Вызваленне працы» М.​Чуркіна і «Тарас на Парнасе» М.​Аладава. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) і яе пастаноўкі сталі асновай для стварэння Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь). О. «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (1939, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага (1939), «Кветка шчасця» А.​Туранкова (1940) мелі важнае значэнне ў станаўленні опернага жанру ў бел. музыцы. У гады Вял. Айч. вайны створаны О. «Лясное возера» і «Усяслаў Чарадзей» М.​Шчаглова (1943), «Алеся» Цікоцкага (паст. 1944, перапрацаваны варыянт «Дзяўчына з Палесся» паст. ў 1953). У 1940—50-я г. напісаны О. «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса (паст. 1947), «Надзея Дурава» Багатырова (паст. 1956), «Андрэй Касценя» Аладава (паст. 1970), дзіцячая О. «Марынка» Р.​Пукста (паст. 1955), «Яснае світанне» Туранкова (паст. 1958). 1960—80-я г. — перыяд жанравага ўзбагачэння бел. опернага мастацтва. Створаны О. «Калючая ружа» (паст. 1960), «Калі ападае лісце» (паст. 1968) і «Зорка Венера» (паст. 1970) Ю.​Семянякі, «Джардана Бруна» С.​Картэса (паст. 1977), «Сівая легенда» Смольскага (паст. 1978, Дзярж. прэмія Беларусі 1980), «Сцежкаю жыцця» (паст. 1980) і тэлеопера «Ранак» (паст. 1967) Г.​Вагнера, радыёопера «Барвовы золак» К.​Цесакова (паст. 1979). У 1980—90-я г. створаны нац. О. «Новая зямля» Семянякі (паст. 1982), «Матухна Кураж» (1980) і «Візіт дамы» (паст. 1995) Картэса, «Францыск Скарына» Смольскага (1982), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана (паст. 1980, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава (паст. 1992), «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), дзіцячая «Вясновая песня» В.​Войціка (паст. 1993). У 2000 у выкананні Бел. капэлы і Дзярж. акад. харавой капэлы імя Р.​Шырмы на сцэне Нац. акад. тэатра оперы ўпершыню на Беларусі ў канцэртна-сцэн. варыянце пастаўлена опера А.​Г.​Радзівіла «Фауст» (лібр. І.​В.​Гётэ, прэм’ера 1835, Берлін).

Літ.:

Асафьев Б.В. Симфонические этюды. Л., 1970;

Друскин М.С. Вопросы музыкальной драматургии оперы. Л., 1952;

Хохловкина А.А. Западноевропейская опера. Конец XVIII — первая половина XIX в. М., 1962;

Ярустовский Б.М. Драматургия русской оперной классики. М., 1953;

Яго ж. Очерки по драматургии оперы XX в. Кн. 1—2. М., 1971—78;

Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;

Яе ж. Вопросы драматургии оперы. Мн., 1979;

Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983;

Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;

Глущенко Г.С. Белорусская опера 1960—1985 г.: Состояние и основные тенденции развития // Вопр. культуры и искусства Белоруссии. 1990. Вып. 9.

Г.​Р.​Куляшова.

Сцэна з оперы «Аіда» Дж.​Вердзі Рымскі амфітэатр у Вероне (Італія).
Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.​Глінкі ў пастаноўцы Вялікага тэатра ў Маскве.
Сцэна з оперы «Сівая легенда» Дз.​Смольскага ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. 1978.

т. 11, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)