Ашара́шыць ’здзівіць; ударыць; перан. выпіць’ (Яўс.), рус. ошарашить ’моцна спалохаць; здзівіць; моцна з размаху ўдарыць’. Ад шарахаць, шарахнуць ’біць, цяць’, выкл. шарах!і, сюды, магчыма, і асіп. шарэш ’страх, дрыжыкі’ (Буз.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Выклікаць страх, боязь; спалохаць. Я хаваюся за дуб, чакаю, каб спужаць Змітрыка, які паволі крочыць за падводай. Мыслівец. [Гаўрыла:] — А мяне-то чортам ды нябожчыкам ніхто ўжо не спужаў бы. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пугну́цьспалохаць, адагнаць; прадаць без патрэбы, змарнатравіць, збыць’ (Юрч. Сін.). Відаць, ад першапачатковага незафіксаванага дзеяслова *пудну́ць, формы аднакратнага дзеяння ад пу́дзіць (гл.), сярод значэнняў якога значэнне ’гнаць’ з’яўляецца зыходным і можа патлумачыць другасныя значэнні, параўн. разм. загнаць ’хутка прадаць, спіхнуць’; фанетычнае пераўтварэнне *podnǫti > *pognǫti ў далейшым паслужыла базай для ўтварэння рус. пугать ’палохаць’ (Сабалеўскі, РФВ, 62, 234) і “інтэнсіва” пугану́ць ’настрашыць, пагнаць’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́гнуць ‘тупнуць, стукнуць, загрымець’ (ТС), сюды ж, відаць, і тугну́цьспалохаць, спужаць, зняць з пасады’, тугну́ты ‘выгнаны, напалоханы’ (Яўс.), а таксама з экспрэсіўным нарашчэннем тугоне́ць ‘тупацець, грукатаць’ (ТС). Параўн. укр. тугоні́ти ‘ўдараць, стукаць, грукаюць’; паводле ЕСУМ (5, 669) — афектыўнае гукапераймальнае ўтварэнне, роднаснае лексеме стугане́ць, стуго́ніць (гл.), што, магчыма, пацвярджаецца і рус. дыял. ту́га ‘слова, якім адганяюць кароў’ (СРНГ), гл. ту-га.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спало́ханы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спалохаць.

2. у знач. прым. Ахоплены страхам, жудасцю. Раптам у.. [Выжлятніка] з-пад ног пырхнулі два спалоханыя шпакі. Пташнікаў. Спалоханая маці прыціснула малога да грудзей. Корбан. Спалоханы машыніст адхінуўся ад акна, жорстка схапіў руку [Ірыны]. Лынькоў. // Які выяўляе спалох. За дзвярыма спалоханыя крокі, шэпт. Скрыган. У чырвонаармейца быў спалоханы від. Бядуля. Жанчына глядзіць проста перад сабою. Гэта тая самая, што мы бачылі ў гарадскім садзе, з вялікімі спалоханымі вачыма. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

erschrcken

1.

vt спало́хаць, напужа́ць

2.

* vi (s) (vor D) спало́хацца (каго-н., чаго-н.)

3.

(sich)

(über A) разм. спужа́цца (каго-н., чаго-н.)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

жа́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Разм.

1. каго-што чым. Гучна, з сілаю ўдарыць. Да .. [Вані] падбег паліцыянт, жахнуў гумай па плячах і пацягнуў хлопчыка да пастарунка. Карпюк.

2. што. З сілаю кінуць. [Пошта] узяў дзецюкову касу і разы тры махнуўшы .. па траве, з усяе сілы жахнуў яе аб купіну. Крапіва.

жахну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

1. каго. Моцна спалохаць, выклікаць жах. І тое, што ўбачыў .. [пан] у чалавечых вачах, жахнула яго. Чорны.

2. Выбухнуць, успыхнуць, бліснуць (пра полымя, маланку і пад.). Буйныя каплі, як бы градам, Па лісцях дуба секанулі Ды далей сетку пацягнулі. І вось жахнула бліскавіца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узві́цца, узаўюся, узаўешся, узаўецца; узаўёмся, узаўяцеся; зак.

1. Наматацца. Ніткі ўзвіліся на шпульку.

2. Імкліва падняцца ўверх, узляцець увысь. Клубок агню ўзвіўся ўгору і на міг асвятліў зямлю. Няхай. Над горадам узвіліся рознакаляровыя ракеты. Дудо. Глянуў заяц і здзівіўся — Раптам віхрам снег узбіўся. Танк. Чарада галубоў пранеслася пад соснамі, нізка абляцела вакол дома, памкнулася да вышкі, дзе была галубятня, і... зноў узвілася ўгару. Шамякін. / Пра песні, гукі, галасы і пад. Узвілася песня за гарой высокай. Панчанка. Быццам хочучы спалохаць мяне, прарэзліва ўзвіўся гудок над сцішаным прасторам. Сабаленка. / Пра каня. Конь узвіўся на дыбкі. Кулакоўскі. / Пра сцягі, заслоны і пад., якія хутка ўзнімаюцца ўверх. Строгія столкі заслоны ўзвіліся. Глебка. Над галовамі людзей, якія сышліся ў адзін гурт, узвілося, затрапятала, як жывое, чырвонае палотнішча. Сабаленка.

3. перан. Прыйсці ў раздражнены стан; узбурыцца. «Як з ночы? — узвіўся Селязнёў. — Чаму не далажылі адразу?» А Пракапенка толькі цепае плячыма. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́йны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Здольны востра чуць, тонка адчуваць (органамі пачуццяў або пра органы пачуццяў, звычайна слыху). [Тарасюк:] — Хто сёння пільнуе? [Адам:] — Марынчук. — Ну, то спакойна кладзіся спаць. У старога вока добрае і вуха чуйнае... С. Александровіч. Чуйныя ноздры [доза] раздражн[яе] церпкі пах конскага поту. Самуйлёнак. Самы нязначны рух можа спалохаць чуйных самак, якія ідуць з аленем. В. Вольскі. // Які хутка адказвае на ўздзеянне, лёгка адгукаецца. Не варухнуць зялёным пер’ем пад чуйнай вудай трыснягі. Вялюгін. Вось барада моцна прыцялася да верхняе дэкі, левае вуха насцярожана стаілася ля чуйнага задняга грыфа, галоўка скрыпкі апусцілася на калена, і смычок пачынае паволі паўзці па струнах. Карамазаў.

2. да чаго і без дап. Які асабліва востра адчувае, перажывае, рэагуе. У каравулцы па-ранейшаму было цёмна, але, чуйны да часу, старшына згадваў, што хутка ранак. Быкаў. За ўсе разы гора сваё выплакала тады Стэфа. Пасля ўжо не плакала так, не кідалася — маўклівага дакору Язэпавага баялася. Чуйная яна ў яго, уважная надта... Хадановіч. Я ледзь не чырванеў ад .. [Сушкевічавых] слоў — гэтак яны ўзрушылі маё чуйнае да пахвалы сэрца. Радкевіч. // Насцярожаны, асабліва ўважлівы. [Ганна] бразнула клямкаю, выскачыла на двор і, чуйная, пільная, з такім адчуваннем, быццам за ёй сочаць, пайшла на вуліцу. Мележ.

3. Які лёгка перарываецца; неглыбокі. Нарэшце мяне ахапіла дрымота, але я не заснуў, а ўпаў у нейкае чуйнае забыццё. Гаўрылкін. Люблю цыбатых возікаў чародкі, Бабулек па-над імі чуйны сон. Лойка. // Які лёгка нарушаецца самымі нязначнымі гукамі, шорахамі (пра цішыню). А паслухайце, якая чуйная, поўная цудоўнай гаючай сілы цішыня пануе гэтай парой у полі. Краўчанка.

4. Які чуецца, адчуваецца. Ледзь чуйны ветрык прагульваўся па вершалінах дрэў і зноў сціхаў. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)