КІНАЗДЫ́МАЧНЫ АПАРА́Т, кінаапарат, кінакамера,

оптыка-механічная прылада для здымкі аб’ектаў на кінаплёнку (кіназдымкі). Для здымкі выкарыстоўваецца кінаплёнка шырынёй 70 мм (шырокафарматныя фільмы), 35 мм (звычайныя і шырокаэкранныя праз анамарфотную оптыку), 16, 2×8 і 8 мм (аматарская здымка). К.а. забяспечваюцца анамарфотнымі насадкамі, святлафільтрамі, маскамі, указальнікамі метражу плёнкі і інш.

Паводле прызначэння бывае: сінхронны (для кіназдымкі адначасова з гуказапісам на спец. плёнку), агульнага прызначэння (для нямой кіназдымкі ў павільёнах і на натуры; найб. пашыраны), прэцызійны (для камбінаванай, мультыплікацыйнай і інш. спец. кіназдымкі, дзе патрабуецца высокая дакладнасць сумяшчэння відарысаў), скарасны (для здымкі спарт. спаборніцтваў, хуткіх вытв. працэсаў і інш.), ручны (асн. тып апаратуры для хранікальна-дакумент. кіназдымкі, здымкі навук.-папулярных, навуч. і інш. фільмаў).

Схема кіназдымачнага апарата: 1 — здымачны аб’ектыў; 2 — люстраны абтуратар; 3 — калектыўная лінза; 4 — люстэрка; 5 — візірная лупа; 6 — падавальная касета; 7, 13 — зубчастыя барабаны; 8, 12 — петлі; 9 — кадравае акно; 10 — фільмавы канал; 11 — скачковы механізм; 14 — прыёмная касета.

т. 8, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́ЖНЫЯ ГО́НКІ,

скарасны бег на лыжах, від лыжнага спорту. Праводзяцца на перасечанай мясцовасці, у мужчын на 10, 15, 30, 50 і 70 км, эстафета 4 × 10 км; у жанчын на 5, 10 і 20 км, эстафета 4 × 5 км.

Першыя спаборніцтвы па Л.г. праведзены ў 1767 (Нарвегія) на дыстанцыі 4 мілі (6,4 км). У Расіі адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург) на дыстанцыі ​1/4 вярсты (0,27 км).

Першыя спаборніцтвы па Л.г. на Беларусі прайшлі ў 1920 (г. Віцебск) і ў 1921 (Мінск, гонка на 5 вёрст). У 1926 адбылася Усебел. лыжная эстафета па гарадах БССР. Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1926, зімовыя спартакіяды, у праграме якіх ёсць Л.г., — з 1962. З 1969 разыгрываецца Кубак Беларусі. Бел. спартсмены па Л.г.: Р.​Ачкіна — бронз. прызёр X Алімп. гульняў (1968, г. Грэнобль, Францыя), чэмпіёнка свету ў эстафеце (1966), чэмпіёны СССР — В.​Камоцкі, С.​Сяргееў, Т.​Маркашанская, сярэбраныя прызёры зімняй Сусв. універсіяды (1999, Славакія) у эстафеце Я.​Амосенка, С.​Далідовіч, М.​Семяняка, А.​Трагубаў.

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сла́лам

(нарв. slalom = лагодны схіл)

скарасны спуск з гор на лыжах па вельмі звілістай дарожцы як від горналыжнага спорту;

водны с. — спаборніцтвы на байдарках і каноэ з праходжаннем праз шэраг спецыяльных варот.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПЛУГ,

прылада для асноўнай апрацоўкі глебы — ворыва. Бываюць: агульнага прызначэння — для ўзворвання глебы на глыб. 20—35 см з абаротам пласта (адвальныя П.) і без абароту (безадвальныя); спецыяльныя — для спец. апрацоўкі глебы ці звычайнай у асаблівых умовах (плантажныя, балотныя, балотна-хмызняковыя, ярусныя, садовыя, вінаградныя, лясныя, П. для пескавання тарфянікаў і інш.).

Паводле віду цягі П. падзяляюцца на трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), канатныя (выкарыстоўваюцца ў цяпліцах, на горных схілах) і конныя; паводле тыпу рабочых органаў — на лямешныя (з суцэльнаадвальнымі, пласціністымі і выразнымі карпусамі) і дыскавыя. Асн. вузлы найб. пашыраных лямешных трактарных П. — рабочыя органы (карпусы, перадплужнікі, глебапаглыбляльнікі, дыскавыя і тронкавыя нажы), механізмы рэгулявання глыбіні ўзворвання, навясное, аўтасчэпнае або прычэпнае прыстасаванні. Карпусы маюць рабочую паверхню культурнага, паўвінтавога ці вінтавога тыпу; складаюцца з лемяша, адвала, палявой дошкі, стойкі. Перад кожным корпусам ставіцца перадплужнік, перад заднім — дыскавы нож. Перадплужнік зразае верхні слой глебавага пласта і скідвае яго на дно баразны; нож падразае бок пласта перад корпусам; глебапаглыбляльнік разрыхляе падворыўны слой (ніжэй лемяша) без вынасу яго на паверхню; лямеш падразае глебавы пласт, а адвал крышыць яго і пераварочвае ў суседнюю баразну; дыскавы нож каля задняга корпуса адразае пласт, пакідаючы неабрушаную сценку і чыстую баразну. Для апрацоўкі глебы на глыб. да 18 см выкарыстоўваюць П.-лушчыльнікі (гл. Лушчыльнік), на глыб. 40—80 см (плантаж глебы пад садовыя і лясныя насаджэнні, вінаграднікі) — плантажныя (звычайна аднакорпусныя). Для звальна-развальнага ворыва выкарыстоўваюць П. з праваабарачальнымі карпусамі, для гладкага ворыва (без грабянёў і барознаў) — абаротныя (маюць права- і леваабарачальныя карпусы на агульнай раме), клавішныя (абсталяваны секцыямі права- і леваабарачальных карпусоў, якія працуюць папераменна) і чаўночныя (секцыі права- і леваабарачальных карпусоў навешваюцца спераду і ззаду трактара; агрэгат працуе ўпоперак схілу чаўночным спосабам, секцыі ўключаюцца папераменна). Лямешныя П. агульнага прызначэння выпускаюцца з 1—9 карпусамі для агрэгатавання з колавымі і гусенічнымі трактарамі. Ярусныя П. маюць 3 ці 4 секцыі карпусоў у верхнім і ніжнім ярусе (або ў 3 ярусах); прызначаны для паслойнага ворыва глебы на глыб. да 45 см з перамяшчэннем глебавых слаёў (для карэннага паляпшэння падзолістых і саланцовых глеб; гл. Глебапаглыбленне). Дыскавыя П. замест карпусоў з лемяшамі маюць пастаўленыя пад вуглом сферычныя дыскі, выкарыстоўваюцца пераважна для першаснай апрацоўкі глебы з драўніннымі рэшткамі, пераўвільготненых цяжкіх камяністых глеб (гл. Дыскаванне). Для паляпшэння якасці апрацоўкі глебы выпускаюцца П. з ротарнымі адваламі (добра пераварочваюць і рыхляць пласт на павышаных скарасцях) і ратацыйныя.

П. — найб. стараж. глебаапрацоўчая прылада, вядома з 2-га тыс. да н.э. (Вавілонія, Стараж. Егіпет і інш.). Вырабляўся з дрэва, меў дышаль для запрагання жывёл. Рабочы орган — лямеш, замацоўваўся нахілена (саха) ці гарызантальна (уласна П). У 1-м тыс. да н.э. з’явіліся П. з жалезным лемяшом; у Стараж. Рыме вынайдзены перадок на колах, які дазваляў рэгуляваць глыбіню ворыва; выкарыстаны нож, размешчаны перад лемяшом для разразання глебы, і дошкі-адвалы. З 17 ст. пачалося развіццё сучаснага тыпу П. Першыя метал. конныя П. з’явіліся ў канцы 18 ст. Заводская вытв-сць у Расіі пачалася ў 1802, П. з мех. цягай — пасля 1917, серыйных трактарных у СССР — у 1925 (у Адэсе).

На тэр. Беларусі для ворыва з часоў жал. веку выкарыстоўвалася драўлянае рала (з 8—9 ст. мела метал. наральнікі), з 10—11 ст. драўляная саха з метал. сашнікамі, з канца 19 ст.метал. П. Сучасныя 2- і 3-карпусныя трактарныя, а таксама конныя П. выпускае з-д «Лідсельмаш».

В.​М.​Кандрацьеў.

Плугі — тыпы карпусоў; аскарасны (1 — лямеш, 2 — адвал); б — паўвінтавы (1 — пятка, 2 — палявая дошка, 3 — пяро); в — безадвальны (1 — палявая дошка, 2 — пашыральнік); г — выразны (1—2 — ніжні і верхні лемяшы); д — ратацыйны (1 — ратацыйны рыхліцель, 2 — корпус, 3 — пад’ёмныя лапаткі); е — культурны (1 — глебапаглыбляльнік, 2 — стойка).
Плугі: а — конны 19 ст. (1 — рэгулятар глыбіні ворыва, 2 — нож, 3 — лямеш, 4 — адвал); б — трактарны прычапны (1 — вінтавы механізм палявога кола, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); в — навясны (1 — аўтасчэпка, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); г — дыскавы (1 — чысцік, 2 — дыск, 3 — перадплужнік); д — навясны абаротны (1, 2 — права- і леваабарачальныя карпусы, 3 — леваабарачальны перадплужнік, 4 — навеска); е — трох’ярусны (1—3 — задні, сярэдні і пярэдні карпусы, 4 — чаранковы нож); ж — лясны завода «Лідсельмаш» (1 — корпус, 2 — шчокі для падвескі, 3 — дыск); з — для пескавання тарфянікаў канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — перадплужнік, 2 — корпус).

т. 12, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)