спаборніцтвы ў яздзе на дарожных і спартыўных матацыклах; адзін з тэхн. відаў спорту. Праводзяцца для кожнага класа матацыклаў асобна. Уключае: шашэйныя лінейныя гонкі; шашэйна-кальцавыя гонкі па кальцавой трасе даўж. 3—4 км; мотакрос — гонкі па перасечанай мясцовасці па замкнёнай кальцавой трасе даўж. 1,5—2,5 км; матацыклетнае мнагабор’е — шматдзённыя спаборніцтвы па дарогах і бездарожжы; трэкавыя гонкі (спідвей) па гаравай або ледзяной дарожках стадыёна; іпадромныя гонкі па земляной дарожцы; фігурнае ваджэнне на пляцоўцы, абсталяванай штучнымі перашкодамі; заезды на ўстанаўленне рэкордаў; мотаралі. Да М.с. адносяць таксама мотабол, мотаарыентаванне. М.с. найб. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Чэхіі, Швецыі і інш.Міжнар. федэрацыя мотаспорту (ФІМ) заснавана ў 1904.
Першыя спаборніцтвы, у якіх удзельнічалі матацыклы (разам з аўтамабілямі), адбыліся ў 1895 (Францыя). Упершыню шашэйная гонка праведзена ў 1907 у Вялікабрытаніі. там жа ў 1913 — спаборніцтвы па мотамнагабор’і; у 1907 у Паўд. Афрыцы — трэкавыя гонкі па гаравай дарожцы. З пач. 1920-х г. арганізаваны іпадромныя і з 1930-х г. — трэкавыя гонкі на лёдзе. Першыя афіц. мотагонкі ў Расіі адбыліся ў 1898, у СССР — у 1924. Чэмпіянаты свету праводзяцца: па мнагабор’і (з 1913), шашэйна-кальцавых гонках (1948), мотакросу (1957), па трэкавых гонках (1949 — гаравая і 1966 — ледзяная дарожкі).
На Беларусі М.с. пашыраны з 1930. Федэрацыя мотаспорту, мотакросу і велакросу Беларусі існуе з 1992, Федэрацыя матацыклістаў Беларусі — з 1997. Спартсмены Беларусі — чэмпіёны СССР — Э.Лявонаў (1960), А.Лук’янчык (1963), Л.Варановіч (1964), Г.Гладкі (1970). Праводзяцца чэмпіянаты Беларусі, мотакросы на прызы імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.І.Грыцаўца, Герояў Савецкага Саюза Дз.І.Гарбунова, М.Ф.Гастэлы, К.С.Заслонава, Дз.М.Карбышава, М.П.Шмырова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ СПАРТЫ́ЎНЫЯ АБ’ЯДНАННІ,
сусветныя і рэгіянальныя міжнар. арг-цыі ў галіне фіз. культуры і спорту. Іх членамі з’яўляюцца міжнар. і нац.спарт. арг-цыі, асобныя ўстановы і асобы. Адрозніваюць М.с.а.: універсальныя і спецыяльныя агульнага характару (напр., Міжнар.алімп.к-т, Міжнар. савет фіз. Выхавання і спорту і інш.); па відах спорту; па галінах ведаў і дзейнасці, якія маюць дачыненне да фіз. культуры і спорту (напр., міжнар. федэрацыі спарт. медыцыны, спарт. прэсы і інш.); аб’яднанні спартсменаў па прафесійнай прыналежнасці (напр., Міжнар. федэрацыя універсітэцкага спорту, Міжнар.спарт. саюз чыгуначнікаў і інш.), рэлігійнай — Міжнар. каталіцкі саюз фіз. выхавання і спорту і інш. Большасць М.с.а. кіруюць развіццём аматарскага спорту, некат. аб’ядноўваюць арг-цыі аматараў і прафесіяналаў (напр., міжнар. федэрацыі тэнісу, футбольных асацыяцый). Існуюць М.с.а. прафесійнага спорту (напр., Міжнар. федэрацыя барацьбы). Задачы М.с.а.: садзейнічанне спарт. арг-цыям асобных краін у стварэнні нац. федэрацый, іх прызнанне, устанаўленне і ўмацаванне сувязей з імі, практычная дапамога ў іх дзейнасці, кантроль за выкананнем гэтымі арг-цыямі прынятых статутаў; вывучэнне і распаўсюджанне міжнар. вопыту; утварэнне матэрыяльна-фін. базы развіцця фіз. культуры і спорту; удасканаленне, тлумачэнне афіц.міжнар. палажэнняў пэўнага віду спорту; планаванне і арг-цыяміжнар. спаборніцтваў (чэмпіянатаў свету, кантынентаў і інш.); рэгістрацыя і зацвярджэнне рэкордаў (свету, кантынентаў) і інш. Бюджэты М.с.а. складаюцца з членскіх узносаў нац.спарт. арг-цый, прыватных ахвяраванняў, субсідый урадаў і міжурадавых арг-цый, адлічэнняў ад даходаў пры правядзенні спаборніцтваў, ад выдавецкай дзейнасці, платы за права трансляцыі спаборніцтваў па тэлебачанні і інш.
Першыя М.с.а. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (міжнар. федэрацыі веславання, гімнастыкі, міжнар. саюзы канькабежцаў і веласіпедыстаў, Міжнар.алімп.к-т і інш.). Існуе больш за 200 М.с.а., у т. л. больш за 100 па асобных відах спорту. У 1960-я г. з мэтай кансалідацыі нац.спарт. арг-цый і М.с.а. створаны ў якасці кансультатыўных арг-цый Ген. асацыяцыя Міжнар.спарт. федэрацый. Ген. асамблея нац.алімп. к-таў і Пастаянная кансультатыўная канфедэрацыя нац.алімп. к-таў Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТАЛЁТ (устарэлая назва гелікаптэр),
лятальны апарат з верт. узлётам і пасадкай, у якога пад’ёмная сіла і цяга гарыз. палёту ствараюцца лопасцямі нясучых вінтоў. Мае фюзеляж, вінтавыя агрэгаты, рухавік, шасі, органы кіравання, навігацыйныя прылады. Рух нясучым вінтам верталёта надаюць поршневыя або турбавальныя (турбавінтавыя) рухавікі (праз сістэму мех. трансмісіі), часам — непасрэдна рэактыўныя рухавікі. Бываюць аднавінтавыя (з рулявым вінтом), двухвінтавыя (сувосевыя, з падоўжным і папярочным размяшчэннем нясучых вінтоў), многавінтавыя і рэактыўныя. Скорасць верталёта да 355 км/гадз і больш, выш. палёту да 12,5 км, далёкасць да 3400 км, грузападымальнасць да 40 т. Выкарыстоўваюцца для пасажырскіх і грузавых перавозак, буд.-мантажных, геолагаразведачных і с.-г. работ, мед. абслугоўвання, тушэння пажараў і інш.Ваен. верталёты падзяляюцца на баявыя (для агнявой падтрымкі войск, процілодачныя, процітанк., трансп.-дэсантныя), баявога забеспячэння (разведвальныя, сувязныя, пастаноўшчыкі мінных загарод, запраўшчыкі і інш.), дапаможнага прызначэння (верталёты-краны, санітарныя і інш.).
Ідэю верталёта распрацаваў Леанарда да Вінчы ў 15 ст. Першы палёт (на выш. да 2 м) ажыццявіў на верталёце француз П.Карню ў 1907. У Расіі (Кіеў) першыя верталёты сканструяваў І.І.Сікорскі ў 1909, верталёт аднавінтавой схемы ўпершыню пабудаваў Б.М.Юр’еў у 1910—12, першы сав. серыйны верталёт — Мі-1 канструктара М.Л.Міля (1948). Вядучыя сав. канструктары: Міль, М.І.Камаў, А.С.Якаўлеў, І.П.Братухін. У 1950—90-я г. пабудаваны верталёты: трансп. двухматорны турбавінтавы Мі-6, верталёт вял. грузападымальнасці В-12 канструкцыі Міля (устанавіў шэраг сусв.рэкордаў), універсальны грузавы верталёт-кран з 2 газатурбіннымі рухавікамі Мі-10К (можа несці груз да 11 т), цяжкі трансп. верталёт для буд.-мантажных работ Мі-26 (падымае груз да 20 т), двухвінтавыя сувосевыя Ка-10, Ка-15, Ка-18, Ка-25, Ка-26, шматмэтавы з 2 газатурбіннымі рухавікамі Ка-32 (грузападымальнасцю 5 т), баявыя Ка-50 «Чорная акула» і мнагамэтавы, начны і ўсепагодны Ка-52 «Алігатар» (аб’ядноўвае якасці самалёта-штурмавіка і верталёта агнявой падтрымкі). Найбуйнейшыя вытворцы сучасных мадэляў грузавых, пасажырскіх і ваенных верталётаў — Расія і ЗША (у іх жа сканцэнтраваны вядучыя канструктарскія і навук.-тэхн. сілы па распрацоўцы верталётнай тэхнікі). Гл. таксама Авіяцыя, Верталётны спорт.
Літ.:
Вертолеты. Т. 1—2. М., 1966—67;
Изаксон А.М. Советское вертолетостроение. 2 изд. М., 1981.