БАС (італьян. basso літар. нізкі),

1) самы нізкі мужчынскі голас. Вылучаюць высокі, або пявучы, і нізкі, або глыбокі, у оперы таксама характарны, камічны буфонны бас. Высокі бас бывае лірычны, больш мяккі, з дыяпазонам G—f​1, і драматычны, больш моцны, з дыяпазонам F—e​1. Для высокага баса характэрныя сіла і моц на верхніх гуках і больш слабае гучанне нізкіх гукаў. Нізкі (цэнтральны) бас вылучаецца глыбокім, поўным гучаннем у нізкім рэгістры і напружаным — у верхнім, дыяпазон (C, D) E — d​1 (e​1). Самы нізкі від баса — т.зв. бас-актавіст, дыяпазон (A1) B1 — a (c​1).

2) Муз. інструменты нізкага (басовага) рэгістра (туба, кантрабас, саксафон-бас, домбра-бас, бас-кларнет).

3) Самая нізкая партыя шматгалосага муз. твора.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ту́ба

(лац. tuba = труба)

1) медны духавы музычны інструмент самага нізкага рэгістра, які складаецца з шматразова сагнутай трубкі і раструба;

2) тое, што і ’цюбік.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МЕ́ЦЦА-САПРА́НА (італьян. mezzosopiano ад mezzo сярэдні),

жаночы голас, сярэдні паміж сапрана і кантральта. Адрозніваюць высокае (лірычнае) М.-с., блізкае да сапрана, і нізкае, якое набліжаецца да кантральта. Дыяпазон — a(b)—a​2(b​2). Для М.-с. характэрны паўната гучання ў сярэднім рэгістры, наяўнасць ніжняга груднога рэгістра. Сярод оперных партый, напісаных для М.-с.; Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), у бел. операх — Надзея Дурава (аднайм. опера А.​Багатырова), Алеся («Алеся» Я.​Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.​Туранкова), Квета («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі). Сярод бел. спявачак М.-с.: С.​Данілюк, Р.​Асіпенка, Г.​Цэпава, В.​Валчанецкая, Л.​Галушкіна, К.​Кудрашова, П.​Дружына, Н.​Галеева, Н.​Руднева і інш. Асаблівая разнавіднасць М.-с. — каларатурнае М.-с. (партыя Разіны ў «Севільскім цырульніку» Дж.​Расіні). У хоры М.-с. выконваюць партыі першых альтоў.

т. 10, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ (італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),

смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a​2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст. італьян. (А. і Н.​Амаці, Дж.​Гварнеры, А.​Страдывары, К.​Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.​Падгорны, Л.​Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.

Літ.:

Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;

Лазько А. Виолончель. М., 1965.

І.​Дз.​Назіна.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бас

(іт. basso)

1) самы нізкі мужчынскі голас, а таксама спявак з такім голасам;

2) духавы або струнны музычны інструмент нізкага рэгістра і тэмбру.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

рэгі́стр, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

1. Спіс, пералік чаго-н., кніга для запісаў.

2. Ступень вышыні голасу, музычнага інструмента.

Бас — голас нізкага рэгістра.

3. У некаторых музычных інструментах: група труб або група язычковых аднолькавага тэмбру.

4. Род рэгулятара, размеркавальніка ў машынах і прыборах.

Р. каманд у ЭВМ.

5. Рад клавішаў у пішучай машынцы, у лічыльных і іншых машынах.

Верхні, ніжні р.

6. Назва дзяржаўнага органа, які ажыццяўляе нагляд над будаўніцтвам і эксплуатацыяй суднаў.

Рачны р.

Марскі р.

|| прым. рэгі́стравы, -ая, -ае (да 1—5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

барыто́н

(іт. baritone)

1) мужчынскі голас, сярэдні паміж басам і тэнарам, а таксама спявак з такім голасам;

2) духавы або струнны музычны інструмент сярэдняга рэгістра і тэмбру.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АКО́РД (ад італьян. сугучнасць),

спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні, якія ўспрымаюцца як гукавое адзінства. Асн. элемент гармоніі. Заканамернасць будовы акорда — тэрцавасць складу (гукі размешчаны або шляхам перастановак могуць быць размешчаны па тэрцыях; гл. таксама Абарачэнне). Ніжні гук акорда наз. асноўным тонам. Адрозніваюць 2 класы акорда: тэрцавыя (трохгуччы, септакорды, акорды з секстай, нон-акорды, ундэцым- і тэрцдэцымакорды) і нятэрцавыя монаакорды і поліакорды (акорды складанай структуры, частка якіх, узятая асобна, можа разглядацца як акорд). Выразнасць акорда абумоўлена яго функцыяй, звязанай са становішчам акорда ў ладзе, і фанізмам — характарам гучання, які залежыць ад інтэрвальнага складу, размяшчэння, рэгістра, муз. кантэксту. Найб. пашыраны акорд тэрцавай будовы, ускладненыя храматычнай зменай гукаў — альтэрацыяй; некат. пашырэнне атрымалі акорды квартавай будовы.

Перадформа акорда — двухгучча ў раннім шматгалоссі. Гістарычна першая канцэпцыя акорда — у поліфанічнай музыцы канца 12 ст. Тэрмін «акорд» узнік у 14 ст. У практыцы генерал-баса (17 — 1-я пал. 18 ст.) замацавалася аперыраванне акордамі-комплексамі, якія трактаваліся як кансанантныя і дысанантныя сугуччы. У 18—19 ст. катэгорыя акорда супрацьпастаўляецца сугуччу з неакордавымі гукамі. У 20 ст. рэзка ўзмацнілася санорная трактоўка акорда. (гл. Санорыка), фактар гучнасці.

Літ.:

Гуляницкая Н. Введение в современную гармонию. М., 1984.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бас

(іт. basso = літар. нізкі)

1) самы нізкі мужчынскі голас, а таксама спявак з такім голасам;

2) духавы або струнны музычны інструмент нізкага рэгістра;

3) мн. струны або клавішы музычнага інструмента, якія адзываюцца нізкім гукам. .

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бас, ‑а; мн. басы, ‑оў; м.

1. Самы нізкі мужчынскі голас. Машына павезла іх у стэп. Калі яна неўзабаве спынілася, густы бас Бурмакова прагучаў па-маладому звонка. — Прыехалі! Шыцік. // Спявак з такім голасам. Праз хвіліну нечакана, выразна і гучна загрымела музыка. Бас пачаў спяваць арыю Сусаніна. Шамякін.

2. Духавы або струнны музычны інструмент нізкага рэгістра. Аркестравыя балалайкі носяць назвы — прыма, секунда, альт, бас і кантрабас.

3. толькі мн. (басы́, ‑оў). Струны або клавішы музычнага інструмента, якія адзываюцца нізкім гукам. Разняў гармонь танкіст ўдалы Ды як націсне на басы. Колас. Доўга яшчэ гудзелі трубным гулам басы ўнутры раяля. Хомчанка.

[Іт. basso.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)