ма́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Маці, мама. — Матка! А калі гэта да нас Шпак .. прыходзіў? — спытала адна маладзіца сваю свякроў, бабку Таццяну. Колас.

2. Самка жывёл і насякомых, якая выводзіць патомства. Малыя ягняты, .. адбіўшыся ад матак, на момант спыняліся. Крапіва. Пчолы-разведчыкі знаходзілі .. вуллі і пакрысе абжывалі іх, каб потым прывесці сюды матку з роем. Кулакоўскі.

3. Унутраны палавы орган жанчын і самак жывародзячых жывёл, у якім развіваецца зародак.

4. (звычайна ў прыдатку). Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Апранула зямля-матка Кажушок зялёны. Колас. Я тут бачыў свой край, поле, рэчку, бор, Сваю катку-зямлю — Беларусь. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. У якім няма ніякага парадку, ладу; хаатычны. Да моста рынуўся бязладны натоўп пехацінцаў, іх да парэнчаў прыціскалі коннікі. Грахоўскі. Збіраў [Блешчык] думкі, якія разляталіся бязладныя роем. Лынькоў.

2. У якім няма пэўнай сістэмы, паслядоўнасці, рытму. Наколькі можна было зразумець яе [дырэктрысы] бязладны ад хвалявання расказ, Томі быў адвезены дахаты яшчэ раніцай нейкай жанчынай. Лынькоў. Паволі прыходзілі ў .. парадак дагэтуль неасэнсаваныя, бязладныя думкі. Пестрак. Няйначай, як у іх тут была вялікая бязладная гамонка Ці нейкі невядомы рытуал, кожны рабіў што хацеў. Скрыган.

3. Пазбаўлены пэўнай арганізаванасці, планамернасці. У зале пасяджэнняў Камітэта, які займаўся справамі каланіяльных краін, падапечных і залежных тэрыторый, панавала тая бязладная атмасфера, калі кожны быў заняты сваімі справамі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́жка,

1. Прысл. да цяжкі (у 1–6 і 9 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра цяжкі фізічны стан, пачуцці стомы, болю і пад. [Віця] ўстаў з мяха, на якім сядзеў, і адчуў, што яму цяжка стаяць. Чарнышэвіч. Людзям было цяжка думаць, што гітлераўскае звяр’ё можа перарваць штодзённую працу. Чорны.

3. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць нягод, пакут і пад. Ды і ці варта цяпер ісці да .. [Волькі] — нагоніш маркоты, калі самому цяжка. Каваленка. // Пра непрыемны стан, у якім хто‑н. знаходзіцца. Мне таксама было цяжка ад усяго таго, што вось-вось пабачыў. Кулакоўскі.

4. безас. у знач. вык. Пра сумны, дрэнны настрой. У Івана таксама на душы было цяжка, а ў галаве варушыліся цэлым роем думкі. Колас. На сэрцы было цяжка. Дамашэвіч.

•••

Цяжка сказаць гл. сказаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абсе́сці, ‑сядзе; зак., каго-што.

1. Сеўшы, размясціўшыся вакол каго‑, чаго‑н., абкружыць. Наш дзядзька, мілы наш Антоні, У дзіцячым часта быў палоне; Вось так гуртом яго абсядуць І час работы яго крадуць. Колас.

2. Сеўшы ў мностве, заняць паверхню чаго‑н. Душна ў хаце. Гудуць мухі, чорным роем абселі стол, у вочы надаедна лезуць. Колас. Сокам чырвоным наліты гранаты, Дружна бы яблыкі, дрэва абселі. Купала. // Абсыпаць, высыпаць у вялікай колькасці (пра болькі і пад.). — А што калі прышчы абсядуць? — паглядзела я на Васіля. Каліна.

3. Апасці, апусціцца, пакрыўшы сабой якую‑н. паверхню. На шашы абсеў за ноч пласт шэрага мяккага пылу. Галавач.

4. Апусціцца, асунуцца ўніз; паваліцца (пра чалавека, жывёліну). Дзед схапіўся рукамі за жывот, разявіў рот, адхінуўся назад і абсеў пад засекам ля кубла. Галавач.

5. Пад дзеяннем уласнага цяжару ці іншых сіл пашчыльнець, апусціцца ўніз; асесці (пра снег, глебу і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ві́цца, ую́ся, уе́шся, уе́цца; уёмся, уяце́ся, ую́цца і вію́ся, віе́шся, віе́цца; віёмся, віяце́ся, вію́цца; пр. ві́ўся, віла́ся, віло́ся; заг. ві́ся; незак.

1. Абвівацца вакол чаго‑н. Віецца фасоля з павіслымі стручкамі-лапаткамі. Гарэцкі. // Завівацца (пра валасы). У кожнага над левым вухам віўся чуб «па-казацку». Чорны.

2. Рабіць звілістыя рухі целам. Вуж уецца каля ног. // Мець звілісты напрамак. Плямістай жоўта-зялёнай змейкай уецца чыгунка сярод лясных гушчароў. Шынклер. Як ручай дарога ўецца. Зарыцкі. // перан. Круціцца, увівацца каля каго‑н. з якой‑н. мэтай. Віцца каля дзяўчыны.

3. Лётаючы, кружыцца. Каля твару назольна віліся камары. Мележ.

4. Уздымацца лёгкім струменьчыкам. З коміна віўся дымок. Якімовіч.

5. Развявацца (пра флаг, сцяг і пад.). Шум і гоман у сталіцы, Сцяг ля сцяга ўецца. Купала.

6. Зал. да віць.

•••

Віцца вужакай — падлізвацца, падлашчвацца да каго‑н.

Віцца роем — кружыцца, круціцца, чапляцца адно за другое (пра думкі).

Віцца ўюном — выкручвацца, хітрыць, падхалімнічаць.

У трубы віцца — вельмі добра расці (пра расліны).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зві́цца, саўюся, саўешся, саўецца; саўёмся, саўяцеся; зак.

1. Скруціцца ў клубок, у кальцо. Змяя звілася ў клубок. □ Лопнула струна, у абаранак звілася. Кандрусевіч.

2. Скурчыўшыся, легчы, паваліцца (ад удару, болю і пад.). — Максім як пальнуў, гэты афіцэрык так і звіўся. Грахоўскі. — Пайшоў ляж, каб ты здох! — прашыпеў [Ціток] і, падбегшы, выцяў сабаку нагою. Той яўкнуў і звіўся пад ложкам. Лобан. // Скруціўшыся, легчы, заснуць (ад стомы, ап’янення і пад.). Я пачаў аднеквацца: маўляў, хлопцы, вы піце, вы ж з холаду. Зноў жа такі арганізм мой знясілены, і калі я столькі вып’ю, дык і саўюся. Сабаленка. — А Лёнька ўжо звіўся, спіць? — вешаючы кажух і шапку на цвіку ў парозе, паглядзеў .. [бацька] у бок Лёнькавага ложка. Васілевіч.

3. Пераплесціся, сплесціся паміж сабой. Па баках дарогі.. стройна звіўся беразняк. Машара. Макар насупіўся, на лбе вяровачкамі збіліся складкі. Дуброўскі.

4. Сесці роем (пра пчол). Рой, як толькі даляцеў да першага дрэва калгаснага саду, так і звіўся на галінцы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кама́р, къма́р, кома́р, кума́р ’двухкрылае насякомае-крывасмок Culex pipiens’ (ТСБМ, Сцяшк., Бяльк., Яруш., Растарг., Сл. паўн.-зах., ТС; КЭС, лаг.), камарно́ ’шмат камароў’ (Янк. 3.), камарня́ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах.; чэрв. Нар. лекс.), камарне́ча (Ян.), камарэ́ча ’тс’ і агульная назва мошак (Інстр. II, Некр., Янк. 3., Сержп., ТСБМ, ТС), мсцісл. кымарьё ’тс’ (З нар. сл.). Укр. кома́рь, бойк. комари́ці ’машкара’, рус. кома́р(ь) ’тс’, ’мурашка’, раз. кама́р ’тс’, польск. komar, ст.-польск. і дыял. komór, komor, kumar, kumor, komos, kumas, komosa, kamosa, kamor ’камар’, н.-луж. komar, в.-луж. komor, чэш., славац. komár, славен. komár, серб.-харв. ко̀мар, макед. ку́мар, ко́мар, комарец, балг. комар, кумар, кумарь ’тс’. Прасл. komarъ//komarь. І.‑е. адпаведнікамі з’яўляюцца: літ. kamãnė ’сляпень; лясная пчала’, лат. kamane ’чмель, сляпень’, літ. kamìnė ’лясная пчала’, лат. kamine, kamene, ст.-прус. camus ’чмель’, далей с.-в.-ням. hummen ’гудзець’, humbal ’чмель’, ням. Hummel ’пчала’, нарв. humre ’іржаць, бурчаць’ (Фасмер, 2, 301; Слаўскі, 2, 377–378; БЕР, 2, 568). Немінен (Lingua Pozn., 3, 187–205) і Фрэнкель (212) гэту лексему звязваюць з прасл. komъ ’клубок, рой, камяк, камлыга, груда’ (гл. камы́), параўн. бел. выраз «камары мак таўкуць» — калі камары роем, слупам (клубком) круцяцца то ўгору, то ўніз. У такім выпадку вылучаецца суфікс ‑ар і ‑or, ‑ór таксама, як і ‑ах‑а ва ўкр. комаха ’насякомае’, ’мурашка’, ‑os‑, ‑os‑ у польск. лексемах (Гл. вышэй). А Махэк₂ (271) і Яначэк (Slavia, 24, 3) залічаюць у спіс балт. адпаведнікаў і літ. šamalуė́lis ’камар’ і mãšalas ’мошка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

устанаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.

1. Паставіць, змясціць што‑н., падрыхтаваўшы для выкарыстання. Устанавіць матор. Устанавіць тэлефон. □ Дзед тут жа ўстанавіў новы вулей, паднёс да яго дачок з роем і сказаў да Міхалкі: — Давай, ты злавіў яго, ты яго сам і перасаджвай. Якімовіч. Цёмнай ноччу.. [Тарас] дапамог партызанам пракрасціся да.. складаў і ўстанавіць міны. Краўчанка.

2. Дабіцца ажыццяўлення чаго‑н. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, якая ўпершыню ў гісторыі ўстанавіла ўладу рабочага класа ў саюзе з працоўным сялянствам, адкрыла чалавецтву шлях да сацыялізма. «Звязда».

3. Ажыццявіць, арганізаваць, наладзіць. Устанавіць дзяжурства. Устанавіць кантроль.

4. і з дадан. сказам. Выявіць, вызначыць, высветліць. [Галкоўскі:] — Аказваецца, калі мяне вадзілі, ужо з турмы, на медыцынскую камісію ў раённую бальніцу, каб устанавіць там мой узрост, то там мне далі на вока шаснаццаць гадоў, нават трохі больш. Чыгрынаў. Партызанская разведка ўстанавіла, што грэбля ўзмоцнена ахоўваецца гітлераўцамі. Шчарбатаў. Па чаргаванню гукаў дзед Талаш устанавіў, што.. ішоў чалавек. Колас. // Давесці, адкрыць. Устанавіць залежнасць велічынь. Устанавіць ісціну.

5. Увесці ў дзеянне, узаконіць. Устанавіць цэны. Устанавіць васьмігадзінны рабочы дзень. // Дасягнуць высокіх вынікаў. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў новы рэкорд рэспублікі. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкляны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да шкла. Шкляная маса. □ Багаты скарб Прынёс мой друг — шкляных асколкаў многа. Калачынскі. // Разм. Які мае адносіны да вытворчасці шкла. Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара — на шкляной гуце. Маўр.

2. Выраблены, зроблены са шкла. Шкляны посуд. □ [Жанчына] нерашуча глядзела на Пракаповіча, стоячы са шкляным слоікам у руках, напалову насыпаным маннымі крупамі. Радкевіч. // Пакрыты шклом, зашклёны; з устаўленым шклом. Над адным з карпусоў, што быў пад шкляным дахам, заўсёды ўвечары палыхалі блакітныя бліскавіцы. Сабаленка. Настаўніца падышла да шафы са шклянымі дзверцамі, выбрала дзве кніжкі і дала Ігнасю. Мурашка.

3. перан. Які сваімі рысамі, якасцямі падобны на шкло; такі, як у шкла. Пад вартай ноч: нібы ў дазоры, Над ёй, над возерам шкляным Стаяць касмічным роем зоры, Мігцяць, адсвечваюцца ў ім. Ляпёшкін. // Нерухомы, застылы; халодны (пра вочы, погляд). Бацька, не міргаючы, шклянымі вачыма пазіраў на .. [Улю], і з рукі ў яго міма паперкі сыпаўся на снег самасад. Паўлаў. Суседка па сутарэнню, на якую паказвала Рая, пазірала з кутка застылымі шклянымі вачыма. Мехаў.

•••

Бачыцца (пабачыцца) са шкляным богам гл. бачыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раі́цца, ра́юся, ра́ішся, ра́іцца; незак.

Пытацца, прасіць парады ў каго‑н. Раіцца з настаўнікам. □ У .. [камісара] была каштоўкая прывычка партыйнага кіраўніка: у цяжкі момант раіцца з людзьмі, ведаць іх погляды, думкі. Шамякін. Ружыцкі некалькі разоў бачыўся з войтам, раіўся з асаднікамі, судовымі выканаўцамі. Бажко. // Абменьвацца думкамі; радзіцца. Старыя і пажылыя людзі раіліся, што рабіць, складалі свае планы. Колас. Потым піянеры пачалі раіцца між сабой, калі і куды накіравацца па жалуды. Якімовіч.

раі́цца, раі́цца; незак.

1. Утвараць новы рой (пра пчол і падобных да іх насякомых). Дык жа па цэлых днях бабка сядзіць у садку і пільнуе, каб не зляцеў рой. Пчолы цяпер вельмі раяцца, і раі высыпаюцца ледзь не кожны дзень. Баранавых. Стары пчалавод Тодар Юрко дык, як толькі пачыналі раіцца пчолы, тут дняваў і начаваў. Кулакоўскі.

2. Лятаць, збірацца роем. Мухі раіліся ля яго гнойных вачэй — конь, небарак, быў сляпы. Чорны. // Кружыцца ў паветры (аб сняжынках). Над полем раіліся сняжынкі.

3. Паяўляцца адразу ў вялікай колькасці (пра думкі, пачуцці, сны і пад.). Пазней, калі .. вочы, стомленыя ўгляданнем у цемру, закрыліся .. павекамі, у галаве пачалі раіцца сны. Галавач. Розныя думкі раіліся ў галаве старога. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)