Ту́рхаць ‘штурхаць, піхаць, тармашыць’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), ту́ркаць, ту́рхацца ‘штурхаць каго-небудзь’ (бярэз., ЛА, 2; Мова Сен.), турха́ць ‘штурхаць, піхаць’ (Касп.), турхну́ць ‘штурхануць’ (чашн., сен., ЛА, 2), турхатня́ ‘таўканіна, тузаніна’ (Ласт.). Параўн. катурхаць (гл.), польск. rozturchanyрастрапаны’ — адносна апошняга Варбат (Исслед., 64) мяркуе, што яно ўваходзіць у лік славянскіх лексем з анамальным рэфлексам turt (< *tъrt), для якіх магчыма запазычанне з балтыйскіх моў або пераўтварэнне славянскіх формаў пад уплывам роднасных балтыйскіх. Хутчэй за ўсё, да тураць, турыць (гл.) з экспрэсіўным ‑х‑, якое чаргуецца з ‑к‑, параўн. туркаць ‘штурхаць’. Гл. штурхаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ускудла́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ускудлаціць, ускудлачыць.

2. у знач. прым. Узлахмачаны, растрапаны (пра валасы). Гарбач сядае і растапыранымі пальцамі прычэсвае ўскудлачаныя валасы. Мурашка. // З ускалмачанымі валасамі. А то было і так: бяжыць насустрач маладзіца — ускудлачаная, расчырванелая, хусцінка, з’ехаўшы з галавы, матляецца на спіне. Хадкевіч. Дзед Яўстрат, які звычайна ўсю зіму сядзеў на печы, высоўваў у такі момант сівую ўскудлачаную галаву і сіплым старэчым голасам, раіў бацьку: — Улі, Васіль, вісусу гэтаму, а то ж расце распуста, на лес гледзячы. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Як добрым знаёмым, сардэчна ківаюць нам ускудлачанымі галовамі старыя хвоі. Сяргейчык. У небе віселі рэдкія ўскудлачаныя хмаркі. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касма́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З доўгай густой поўсцю; лахматы. Касматы сабака. Касматы мядзведзь. □ На загнетку, прыпёршыся да засланкі, дрэмле касматая, падобная на лісу, кошка. Чыгрынаў. // Зроблены са шкуры з доўгай і густой поўсцю (пра адзенне). Касматая шапка. Касматы кажух.

2. Аброслы доўгімі валасамі; валасаты. Касматая галава. □ [Адам Блецька] аброс і схуднеў, стаў касматы і страшны. Чорны. // Растрапаны, ускудлачаны (пра валасы). Касматая барада. Касматыя валасы.

3. Пакрыты ворсам, кароткімі валаскамі (пра тканіну). Касматы ручнік.

4. перан. З густым, няроўным лісцем, веццем. Глухой сцяной .. касматага хвойніку пачынаўся балотны лес. Галавач. Глуха шумелі, стагналі касматыя яліны. Лынькоў. // Які мае выгляд шматкоў, касмыкоў, з краямі ў выглядзе шматкоў (пра туман, воблакі і пад.). Узрываліся самалётныя бакі, высока ўскідваючы касматыя лапы агню. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стрэ́паць ‘паводзячы вушамі, прыслухоўвацца’ (іўеў., ЛА, 1), стрэ́пацца ‘рабіць асцярожныя, слабыя шорахі’ (маладз., Янк. Мат.), стрэ́паны ‘апантаны : леціць, як стрэпаны (ТС), стро́паны (стрёпаный) ‘чысценькі, як бы адлупцаваны; што ачуняў ад лупцоўкі’: побѣгъ, якъ стрёпапый (Нас.), стрэ́паны ‘зношаны, падраны’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, ад трапаць (гл.), параўн. Варбат, Этимология–1985, 24–27 (з аглядам версій паходжання групы слоў з коранем *(s)trep‑, без беларускага матэрыялу), што можна звязаць з укр. страпа́тий, стріпа́тийрастрапаны, з настыбурчанымі валасамі’, стрепи́й ‘абтрапаны, кашлаты’, ст.-польск. strzępać ‘баяцца’, sstrzęply ‘напалоханыя’, чэш. střapiti ‘узлахмачваць’, ст.-чэш. střěpěti ‘клапаціцца, уважліва прыглядацца’, якія параўноўваюцца з літ. strim̃pti ‘варухацца; мець сілы’, лат. struopît ‘скакаць, насіцца туды-сюды (пра коней, авечак)’, с.-н.-ням. strampen ‘тупаць нагамі’, stramp ‘туга нацягнуты, нерухома выцягнуты’, гл. Слаўскі, SOr, 18, 255; Новое в рус. этим., 226–228. Адносіны да рус. стряпать ‘даваць корм жывёле; гатаваць ежу’ і інш., паводле Фасмера (3, 786), няясныя, тлумачацца назалізацыяй зыходнага *strep‑ (Варбат, там жа, 25). Параўн. стропіцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́пка ’ануча’ (Мат. Гом., ТС, Ян.; смарг., лудз., Сл. ПЗБ; рас., ЛА, 5), ’завязка (ад фартука)’ (Ян., Мат. Гом.), ’ануча, якой бяруць гаршкі і чыгуны’ (усх.-бел., ЛА, 4), ’губка для высякання агню’ (астрав., брэсц., там жа), ’ручнік для посуду’ (докш., там жа), тря́пка ’тс’ (Клім., там жа), трапкі́ ’ніцяныя канцы ў ручніку’ (Бяльк.), тра́пичка ’скурат, вузкая палоска аўчыны, якая служыць пракладкай для сшывання аўчын’ (Ян.), сюды ж трапка́ценькірастрапаны, растапыраны ў розныя бакі’ (гарад., Сл. ПЗБ). Укр. тря́пка ’ануча’, ’вехцік’, ’рыззё’, стра́пки ’лахманы’, рус. тря́пка ’ануча’, тря́пка ’махры’, дыял. (паўн.) трепки́ ’анучы, старызна, лахманы’, стараж.-рус. тряпъка, польск. strzepa, strzępki ’махры’, ’абрыўкі’, ’анучы, лахманы’, strząpie ’абрэзкі, акраўкі, скураты’, strzępić się ’абтрэпвацца’, strzępić ’размачальваць, раскудзельваць’, н.-луж. tśepliś ’тс’, tśumpliś se ’растрэпвацца’, tśepjel ’пэндзаль’, чэш. střepiti ’тс’, střep ’старызна, хлам’, střapec, třapec ’махры’, ’пэндзаль’, střapatý ’калматы, кудлаты’, třepit ’калмаціць’, славац. strap ’шкумат, пасма’, strapec, strapce ’махры’, ’акраўкі, рыззё’, ’гронка вінаграду’, ’мяцёлка (від суквецця раслін)’, балг. тре́пки ’вейкі; упрыгожанне з вісячых дробных манетак’. Мяркуецца, што назалізацыя тут экспрэсіўная, а варыянтнасць пачатку слова звязана з т. зв. рухомым s‑; параўноўваюць з трапа́ць1, гл. (Фасмер, 4, 113; Чарных, 2, 267–268; Абаеў, Зб. Баркоўскаму, 12; Новое в рус. этим., 240–241; ЕСУМ, 5, 664). Дапускаецца роднаснасць са ст.-грэч. ρῶπος ’дробязь; цацка, бразготка’ і выводзіцца прасл. *strapъ (Махэк₂, 585). Гл. таксама страпкі, стрэпкі і наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)