расстро́иться

1. (стать беспорядочным) расстро́іцца; (о музыкальном инструменте — ещё) разла́дзіцца;

2. (потерпеть большой ущерб) разла́дзіцца;

3. (нарушиться, не осуществиться) разла́дзіцца;

4. (прийти в болезненное состояние) сапсава́цца;

5. (огорчиться) расхвалява́цца; засмуці́цца;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

раскле́іцца, ‑клеюся, ‑клеішся, ‑клеіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разысціся ў месцах склейкі. Стол расклеіўся. □ [Сусед:] — Ад вашага Івана [пісьмо]. Піша, што ўсё, богу дзякаваць, добра. Яно там недзе расклеілася было, дык я і паглядзеў. Брыль.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Разладзіцца, расстроіцца. Вяселле расклеілася. Гульня расклеілася. // Сапсавацца ад настаўшай непагадзі, слаты. Надвор’е расклеілася. Дарога расклеілася.

3. перан. Разм. Занемагчы, стаць вялым, слабым, заняпасці духам. [Волька:] — Дурная я, плачу [невядома] чаго... Расклеілася. Знемаглася я, сам бачыш... Чорны. [Каця:] — Даруй, Іван, што я так расклеілася. Я ж жывы чалавек... Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбі́цца, разаб’юся, разаб’ешся, разаб’ецца; разаб’ёмся, разаб’яцеся; заг. разбіся; зак.

1. Распасціся на часткі, трэснуць, раскалоцца ад удару (удараў). Разбіцца на друз. □ У акне зазвінела шыбы, разбіліся. Галавач. Не даехаўшы да мэты, лятучка на поўным хаду звалілася пад адхон і ўшчэнт разбілася. Краўчанка. // перан. Разбурыцца, расстроіцца. Разбілася жыццё. □ У той страшны дзень.. разбіліся ўсе мае жыццёвыя планы. «Маладосць».

2. Пашкодзіць, разбіць сабе да крыві частку цела пры ўдары, падзенні або забіцца насмерць. Нельга было гнаць, як ні хацелася. Коні маглі кінуцца і разбіцца аб бярвенн[е] агароджы. Караткевіч. Урэшце [людзі] знайшлі некалькі выступаў і палезлі ўверх, рызыкуючы кожны момант паляцець уніз і разбіцца насмерць. Маўр.

3. Раздзяліцца на часткі, групы. Хлопцы разбіліся на пары, распрануліся і прыступілі да работы. Пальчэўскі. Усе разбіліся купкамі, гаманілі, жартавалі, абменьваліся думкамі. Дуброўскі.

4. Разм. Знасіцца, растаптацца. Туфлі разбіліся.

•••

Разбіцца ў дошку (блін) — прыкласці ўсе намаганні, зрабіць усё магчымае для дасягнення чаго‑н. Вядома Ліс тут не зяваў, Разбіўся ў блін, але нагатаваў І качак, і курэй, і рыбы, і вяндліны. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Стаць непрыгодным, разбурыцца, разваліцца на часткі. — А людзі кажуць так: раскідаецца печ зімою — тое самае, што абрадзініцца жонка ў жніва. Колас. [Сабастыян:] — Раскідаліся жорны, хоць ты што хочаш. А заўтра чуць свет трэба будзе вобмешкі ўмалоць. Чорны. // перан. Разладзіцца, расстроіцца; распасціся. Вяселле раскідалася. □ Кампазітар Сэлецкі браўся напісаць музыку, спыніліся на драматычнай старонцы гісторыі — Мазепе. Але справа раскідалася. Клышка.

2. Размясціцца на вялікай прасторы, далёка адзін ад аднаго. Нізенькія кусцікі.. уперамежку з ядлоўцамі кучкамі раскідаліся па балоце. Колас. // Разм. Раз’ехацца, разысціся, перастаўшы быць разам. Раскідаліся Шэметы па свеце: Мацвей у Некрашах, у калгасе, Лукаш у Мінску, у аспірантуры. Лобан.

3. Раскінуць рукі, ногі (у сне). Алёшка павярнуўся, раскідаўся, спаўзла коўдрачка. Гурскі.

4. Разм. Стаць непрыгодным, немагчымым для язды (пра дарогу напрадвесні і ранняй вясной). — Раскідаецца дарога, тады ні ў санях, ні ў калёсах нікуды не дабярэшся. С. Александровіч.

5. Разм. Захапіцца кіданнем чаго‑н.

6. Разм. Нарадзіць дзіця. І толькі тады ў галаву мне цюкнула: жонка ж мая цяжарная, не сёння — заўтра раскідацца павінна. Сачанка.

7. Заняцца адначасова многімі справамі, не засяроджваючыся ні на чым. [Алесь:] — Мяркую за паўтара года падрыхтавацца і здаць іспыты за славесны і гістарычны факультэты. — Ну, а потым? — Потым, мяркую, філасофію, натуральныя навукі. — Не баіцеся раскідацца? Караткевіч.

раскіда́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да раскі́дацца.

2. Разм. Не цэнячы чаго‑н., дарэмна траціць, не імкнуцца ўтрымаць што‑н. пры сабе; раскідвацца. — Не з беднага краю, — паглядзела на.. [Зіну] Таня. — Дзесяткамі раскідаешся. Мыслівец. Пасада першага сакратара ЦК камсамола Беларусі не давала магчымасці [Платону Галавачу] надта раскідацца часам. Скрыган. — Цяпер вельмі разбірацца і раскідацца няма кім. Усё лепей, чым нікога... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)