пы́рскаць, -аю, -аеш, -ае; незак.

1. чым. Раскідаць кроплі вадкасці, дробныя часцінкі чаго-н.

П. слінай ад злосці (злавацца, быць раз’юшаным). Шнур пырскаў іскрамі.

2. каго-што чым або што на каго-што. Рассейваць дробныя пырскі дзе-н., абліваць дробнымі пырскамі.

П. духамі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разлятацца пырскамі (кроплямі і пад.); ліцца струменем, з сілай.

Фантан пырскае.

Гразь пырскае з-пад капытоў.

Кроў пырскае з раны.

Пырскае злосць (перан.).

4. Смяяцца (не стрымаўшыся або ў адказ на што-н. смешнае).

П. у кулак (хаваючы смех).

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Разбягацца імкліва, адразу.

П. у розныя бакі.

|| зак. пы́рснуць, -ну, -неш, -не; -ні́, напы́рскаць, -аю, -аеш, -ае (чым або што на каго-што; да 2 знач.) іпапы́рскаць, -аю, -аеш, -ае.

Пырснулі слёзы.

Пырснуць ад смеху.

Дзеці пырснулі ўрассыпную.

|| наз. пы́рсканне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Тутне́ць ‘пульсаваць, рытмічна адгукацца’: тутніць у жылах кроў (Ластоўскі, Выбр. тв., 210), сюды ж тутно́ ‘пульс’ (Ласт.), ст.-бел. тутно ‘напружанне’ (ГСБМ). Параўн. рус. сіб. ту́тнуць ‘гучаць, адгукацца па зямлі (пра тупат)’, польск. старое tętnieć ‘рытмічна адгукацца, гучаць, разлятацца’, харв. tytnjiti ‘адгукацца гулам’, чак. tytńȉt ‘гудзець’: u glȏvȉ tutńȉ, славен. дыял. tutnéti ‘глуха гучаць’, серб. ту́тњити ‘грукатаць, грымець’, балг. тъ́тна ‘грымець, разлягацца, грукатаць’, радоп. татни́ ‘дрыжыць, трасецца (зямля пры землятрусе)’, макед. татни, татони ‘гудзець, разлягацца гулам’, ц.-слав. тѫтьнѣти ‘грымець, гучаць’. Прасл. *tǫtьneti/*tǫtьnati разглядаецца як вынік рэдуплікацыі кораня, які мае гукапераймальнае паходжанне (Фасмер, 4, 127; Брукнер, 571; Скок, 3, 529; Борысь, 633; Рэйзак, Prasl. dialektizacija, 146), дзеяслоў фармальна блізкі да літ. tutnoti ‘калаціць, таўчы’. Меркаванні Фурлан (Бязлай, 4, 252) пра мажлівасць вывядзення з прасл. *tǫtati і дэвербатыва *tǫtъ ‘гром, шум’ ставяць пад сумненне з-за адсутнасці фіксацыі ў славянскіх мовах адпаведных слоў (ESJSt, 16, 975), параўн., аднак, тут2 ‘мера, ступень’ няяснага паходжання (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

sprühen

1. vt

1) выкіда́ць, раскіда́ць;

Fnken ~ сы́паць і́скры

2) выпраме́ньваць, вылуча́ць;

der fen sprüht Wärme печ ды́хае гарачынёй

2. vi (h, s)

1) разлята́цца (пра іскры)

2) імглі́ць, імжы́ць (пра дождж)

3) іскры́цца, блішчэ́ць (пра дыяменты)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

пы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чым. Раскідаць кроплі вадкасці, іскры, дробныя часцінкі чаго‑н. Калі Павел прыбег на панскі двор, там ужо было многа крошынцаў, а маленькі вёрткі чыноўнік Нервалодаў нешта крычаў і пырскаў слінаю на сялян. С. Александровіч. Язэп бачыў, як тол знік пад вадой, як цягнуў у глыбіню шнур, як той гарэў і пырскаў іскрамі. Асіпенка. // Рассейваць кроплі вады або якой‑н. вадкасці куды‑н. з якой‑н. мэтай. Маці набірае з конаўкі поўны рот вады і пырскае ў мой твар. Бядуля. [Тася Кабрынец] да свірна прыйшла, дзе пратручваюць сяброўкі льнасемя. Пырскаюць на яго спецыяльным растворам. Бялевіч.

2. Разлятацца, рассейвацца кроплямі, дробнымі часцінкамі. Афіцэр крычыць, аж пена з рота пырскае. Кулакоўскі. [Яўхім і Рыгор] удвух ідуць мокрым поплавам і вада пырскае з-пад іх ног. Чорны. / Пра дробны дождж. Пачаў пырскаць дробны дожджык, але цяпер ён быў няшкодным, нават адкрытае вогнішча ад гэтага не цярпела. Маўр. // перан. Моцна выяўляцца (пра пачуцці, настрой). [Злосць] поўніла ўсю .. істоту [Соміка], пералівалася цераз берагі, пырскала, біла фантанам. Крапіва. Гуллівы настрой, здавалася, так і пырскаў з.. [Таніных] агністых вачэй. Марціновіч.

3. Імкліва разбягацца, скакаць, накіроўвацца ў розныя бакі. Бясконцым.. хорам сакаталі конікі і пырскалі з-пад ног на ўсе бакі. Дуброўскі.

4. Не стрымаўшыся, пачаць смяяцца. Палашка грозна аглядала.. [дзяўчат] і выходзіла. Дзяўчаты не вытрымлівалі і дружна пырскалі смехам. Лынькоў. Шапталіся, паціху пырскалі ад смеху. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

spread2 [spred] v. (spread)

1. рассціла́ць, расклада́ць;

spread a cloth on the table накрыва́ць на стол

2. нама́зваць; ма́зацца, нама́звацца;

The paint spreads well. Фарба накладваецца добра.

3. распаўсю́джваць; распаўсю́джвацца

4. распасціра́ць; распасціра́цца;

The forest spreads as far as the river. Лес цягнецца аж да ракі.

spread oneself разле́гчыся; красамо́ўнічаць; тра́ціць што-н. не шкаду́ючы;

They spread themselves to entertain their guests. Яны нічога не шкадавалі, каб добра прыняць гасцей;

spread one’s net for smb. расста́віць па́стку каму́-н.;

spread one’s wings развіна́ць, разго́ртваць крылы;

I’m sure he’ll spread his wings at this office. Я перакананы, што ён распачне сваю актыўнасць у гэтым офісе;

spread like wildfire разлята́цца як аго́нь (пра навіны)

spread out [ˌspredˈaʊt] phr. v.

1. расця́гваць, выця́гваць

2. рассыпа́цца (па полі); разгрупо́ўвацца;

The search party spread out over the moor. Пошукавая партыя рассыпалася па забалочанай мясцовасці.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

раз... (а таксама раза... і рас...), прыстаўка.

А. Пры прыставачным і прыставачна-суфіксальным словаўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх імён абазначае:

I. Адасабленне, раз’яднанне.

1. Перамяшчэнне ў розныя пункты з аднаго: а) рух у розныя бакі з аднаго пункта, напрыклад: разбрыдацца, разбягацца, разлятацца, раз’язджацца; б) размеркаванне, накіраванне ў розныя бакі, напрыклад: разводзіць, развозіць, разліваць, раскватароўваць, раскласці, рассылаць, рассяляць; в) рассейванне ў розных напрамках, напрыклад: распыляць, распырскваць, рассейвацца.

2. Парушэнне цэласнасці: а) адасабленне аднаго ад другога, напрыклад: разлучацца, разнімаць, раз’ядноўваць; б) раздзяленне на часткі або раздрабненне, напрыклад: раздрабняцца, разжоўваць, разменьваць (грошы), размолваць, разразаць, раскроіць; в) разбурэнне, напрыклад: разбіваць, разбурацца, развальвацца, размалаціць, рассыхацца; г) разбаўленне, напрыклад: разводзіць (фарбу).

II. Пашырэнне: а) пашырэнне па паверхні, напрыклад: раскінуцца, распасціраць, распластацца, рассцілаць, расцягвацца (на многія кіламетры); б) выхад за свае межы, пашырэнне на сумежную прастору, напрыклад: разлівацца, расплывацца, рассесціся; в) павелічэнне ў аб’ёме, расшырэнне, напрыклад: разбухаць, раздавацца, разношваць, распухнуць, расшыраць.

III. Паўнату праяўлення дзеяслоўнай прыкметы: а) інтэнсіўнасць дзеяння, працэс дзеяння, напрыклад: разадзецца, разбалецца, разбурчацца, раскарміць, раскачацца; б) стараннасць дзеяння, напрыклад: разведваць, разглядваць, распытваць, расшукваць; в) ахоп дзеяннем усяго аб’екта або суб’екта дзеяння, напрыклад: разаткаць, размалёўваць, расфарбавацца.

IV. Давядзенне дзеяння да атрымання выніку, напрыклад: разаграваць, разахвоціцца, разбудзіць, разверадзіць, развесяліцца, разжаліцца, раззлаваць, размочваць, распальваць, распесціць.

V. Знішчэнне таго, што ўзнікла ў выніку раней утворанага процілеглага дзеяння: а) адасабленне таго, што было злучана ў выніку папярэдняга дзеяння, напрыклад: развязаць, развярстаць, размацоўваць, распаяцца, расшываць; б) ажыццяўленне дзеяння ў адваротным напрамку, напрыклад: разгінаць, размотваць, раскручваць, расплятацца, распростваць, расціскацца; в) вызваленне ад чаго‑н., напрыклад: разгрузіць, раздзявацца, разуючыць, раскаваць, распакоўваць, распрагаць, распячатваць, рассядлаць, расшпільваць; г) знішчэнне стану, узнікшага ў выніку папярэдняга дзеяння, напрыклад: разбраніраваць, размагніціцца, размініраваць, раскансерваваць, рассакрэціць; д) спыненне дзеяння, напрыклад: разлюбіць, расчаравацца.

Б. Разм. Пры прыставачным і прыставачна-суфіксальным словаўтварэнні прыметнікаў абазначае: а) вышэйшую ступень якасці, напрыклад: развясёлы, разудалы, распракляты; б) наяўнасць чаго-небудзь, што распасціраецца ў розных напрамках, напрыклад: развілісты, разгалісты, разлапісты, раскідзісты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́пацца, ‑плецца; заг. сыпся; незак.

1. Падаць (пра што‑н. сыпкае, дробнае або пра многія прадметы). Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. Цяпер Ніна бачыць, што вугаль сыплецца ў паравоз з тэндэра. Арабей. Віця не паспеў апамятацца, як адчуў, што за каўнер сыплюцца валасы, а галаву прыемна казыча халаднаваты метал. Нядзведскі. // Асыпацца. Выбухі грымелі адзін за адным. Няспынна сыпалася лісце і хвоя. Шамякін. [Брыгадзір:] — Якая муха цябе ўкусіла? Сыплецца жыта, а ты [Аксіння] — дамоў. Вярцінскі.

2. Ляцець, разлятацца ва ўсе бакі (пра што‑н. сыпкае, дробнае або многія прадметы). Іскры вогненным дажджом так і сыпаліся ў .. [электразваршчыка] з-пад рук. Краўчанка. Сыпаліся разбітыя кулямі шыбы, ляцеў тынк і руды цагляны пыл. Грахоўскі. Пырскі ад нявысах[л]ай гразі і лужын градам сыпаліся навокал. Якімовіч. Сыпаліся іскры з каменя, а кнот не запальваўся. Кулакоўскі. / у перан. ужыв. Адзін момант Ядвіся памаўчала, як бы вельмі засмуціўшыся, але з яе вачэй так і сыпаліся іскры смеху. Колас. / Пра частыя, дробныя гукі. У травяністых нізоўях скрыпелі дзеркачы, у кустоў’ях сыпаўся адчайны салаўіны пошчак. Кірэйчык.

3. Ісці, выпадаць (пра часты, дробны дождж, снег і пад.). На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Брыль. Неба ноччу нізкае, чорнае, з яго сыплецца і сыплецца імжа. Пташнікаў. // Ліцца, цячы частымі, дробнымі кроплямі (пра слёзы, пот і пад.). [Ганну] ахапіў жаль, яна не мела сілы стрымаць слёз, якія сыпаліся з пачырванелых вачэй. Гурскі. Горача стала, буйныя кроплі поту сыпаліся з твару [Алёшкі]. Якімовіч.

4. перан. Ляцець, навальвацца ў вялікай колькасці на каго‑н.; паступаць у вялікай колькасці з усіх бакоў. З розных кірункаў у .. [танк] сыпаліся кулі. Мележ. Ішла калектывізацыя. Пастрэльвалі, выходзячы з лясоў, банды, сыпаліся з-за мяжы варожыя адозвы. Лужанін. // Бесперапынна або з усіх бакоў гучаць, чуцца. За .. [Янушэўскім] наўздагон сыплюцца моцныя слоўцы, смех. Якімовіч. Дзе толькі ..[Цвірка] з’яўляўся, сыпаліся жарты, чуліся смех і песні. Сяргейчык.

5. Разм. Разбурацца ў выніку выпадання нітак па абрэзаным краі (пра тканіну).

6. перан. Разм. Імкліва бегчы; ісці, ехаць і пад. у спеху. Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з лесу і сыпацца з узгорка ў лагчыну. Чорны. Квактуха з крыкам адступае, а за ёю сыплюцца кураняты. Брыль.

7. Зал. да сыпаць (у 1, 3 знач.).

•••

Манна з неба не сыплецца гл. манна.

Пясок сыплецца з каго гл. пясок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)