шыр, ‑ы, ж.

1. Шырыня, вялікія памеры ў шырыню. Крок у шыр, два крокі ўдоўж — усяе хады. Дзяргай. За лясамі, за іх палякамі — Ветраны, на ўсю шыр, прагон. Камейша.

2. Шырокая прастора. Не абняць, не змерыць вокам Шыр палёў і неба сінь. Хведаровіч. Прылад нямала змайстравана, Якімі вымеран сусвет: Зямная шыр, глыб акіяна, Шляхі да зор і да планет. Непачаловіч. Слава ж табе, маладая дзяржава, Слава на ўсю неабдымную шыр. Глебка.

3. Тое, што і шырыня (у 3 знач.). Разгарні ты, люд рабочы, Сілу, волю ва ўсю шыр. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пераго́н ’участак чыгункі, шашы паміж дзвюма станцыямі’, ’малако, абястлушчанае на сепаратары’ (ТСБМ), параго́н ’тс’ (Сл. ПЗБ) — новыя словы, успрынятыя з рус. ці польск. моў, утвораныя паводле ўзору прасл. *per‑gonъ < *per‑ і gъnati > гнаць (гл.), параўн. пераго́н ’перавод пчол у іншы вулей’ (Нікан.), пераго́нка ’тс’ (Яруш.), укр. перегі́н ’доўгі шлях перапраўкі рэкрутаў з У краіны ў Расію’, рус. перего́н ’дарога, па якой гоняць скаціну’, польск. przegon, славац. priehon ’тс’, в.-луж. přehonпрагон праз што-небудзь’, славен. pregòn ’праследаванне’, а таксама бел. перагон ’участак апрацаванай зямлі, пэўная адлегласць раллі’ (Касп.), перагонам ’перагонны дождж (з перапынкамі)’ (ЛА, 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паго́н1 ’дарога, па якой гоняць жывёлу на папас’ (ТСБМ, Янк. 1, 3, Некр., Сл. ПЗБ), ’агароджанае месца ў лесе ці ў полі’ (ДАБМ, 78), ’паша’ (Мат. Гом., Федар. VII, 246), ’статак, чарада’ (Федар. VII, 246; Сл. ПЗБ), пагу͡он ’статак’ (Сл. ПЗБ), паго́ня ’паша, выган’ (Нас., Жд. 2), паго́нка ’агароджаны прагон для жывёлы’ (Нар. сл.). Рус. пск. пого́н ’выган’, балг. по́ган ’частка поля, якая вызначана баразной’, пъго́н ’прамавугольны ўчастак поля, які абходзяць пры ворыве’, серб.-харв. pógon ’мера зямлі’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад pogoniti або ад pogъnati з іншай апафанічнай ступенню. Параўн. яшчэ гон, гоні — палескія земляробчыя тэрміны. Агляд бяспрэфіксных слав. форм ад гнаць гл. Фасмер, 1, 436; Выгонная, Лекс. Палесся, 52.

Пагон2 ’парасткі на дрэве’ (Янк. 3., Сцяшк. Сл., Інстр. II, 14). Да гнаць; параўн. рус. пого́н ’познія усходы, новыя парасткі хлеба пасля позніх дажджоў’.

Паго́н3 ’наплечны знак адрознення’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. пого́н ’тс’. У рус. мове паводле КЭСРЯ (346) лексіка-семантычнае ўтварэнне на базе пого́н ’прыстасаванне (паласа, дужка, скаба, рамень, нашыўка і г. д.) для замацавання якога-н. прадмета’, якое ў сваю чаргу — бязафіксны дэрыват ад погонять. Такім чынам, погон, уласна, палоскі, нашыўкі для замацавання эпалетаў. Узвядзенне да польск. *pogon < ogon ’хвост’ (Грот, Фил. Раз., 445) Фасмер (3, 295) лічыць сумніцельным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыб1 ‘квартальная вузкая прасека ў лесе, лясная прамая дарога’ (Сл. Брэс.; пруж., Яшк.; кам., Жыв. НС; кобр., Скар. НМ), тры́ба ‘прасека ў лесе для лакалізацыі ачага пажару ці размежавання лясных кварталаў’ (Скарбы; Чыгр.; слонім., Жыв. НС, Сцяц.; шчуч., З нар. сл., Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), трэб (треб) ‘граніца, мяжа’ (Дабрав.), трэ́ба ‘прасека, прагал’ (Сл. Брэс.), трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай’ (пруж., Чэрн.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘кірунак, лінія (у лесе); прасека’ (1554 г.), трыба ‘тс’ (1608 г.), трыбокъ ‘тс’, трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600 г.) (ГСБМ). Праз польск. tryb ‘дарога, сцежка’, tryba ‘тс’, ‘вузкая паласа поля, загон’, ‘мяжа’, ‘прасека’ з с.-в.-ням. trib ‘выган, паша’, н.-в.-ням. Trieb ‘дарога, па якой ганяюць быдла, прагон’, ‘плынь, цячэнне’ (Вінцэнц), што да с.-в.-ням. tríben ‘гнаць, праганяць’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 59), ст.-в.-ням. tríban, гоцк. dreiban, англ. drive ‘тс’, ‘прыводзіць у рух’ (SWO, 1980, 778; Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 634). Ст.-бел. трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600) запазычана са ст.-польск. trybować < с.-в.-ням. tríben ‘гнаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 93; Вінцэнц).

Трыб2 ‘жыццёвы шлях’ (Варл.): ніякім тры́бам ‘ніяк, ніякім спосабам’ (Ян.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘парадак, звычай’ (Ст.-бел. лексікон), ‘спосаб, устаноўлены парадак’ (1588 г., ГСБМ). Апошняе запазычана са ст.-польск. tryb, якое з нова-в.-ням. Trieb ‘плынь, цячэнне’, што, паводле Вінцэнца (гл.), з’яўляецца метафарай на базе значэння ‘дарога’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ня ’ўчастак вадаёма, прызначаны для лоўлі рыбы закідным невадам’, ’адзін закід невада, а таксама ўлоў ад аднаго закіду’ (ТСБМ), ’глыбокая яма на рэчцы’ (кам., ЛА, 2), ’мачулішча’ (докш., ЛА, 4), ’вір’ (Ласт.; кам., ЛА, 2), ’месца, праз якое за адзін раз працягнуты невад’ (Арх. Вяр.), ’разавы прагон рыбалоўнай сеткі, невада’ (Крыв.), ’глыбокае месца ў рэчцы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ’затон, вір; адзін заход пры лоўлі рыбы сеткай; колькасць рыбы, злоўленай сеткай за адзін заход’ (ТС), ’адзін заход з сеткай (закідванне і выцягванне сеткі); найбольш глыбокі ўчастак возера, дзе водзіцца рыба’ (в.-дзв., Нар. сл.), ’колькасць рыбы, злоўленай за адзін раз’ (івац. ЖНС), ’месца, дзе водзіцца рыба, затон; адзін запуск невада ў раку’ (ушац., Нар. сл.), ’месца, дзе можна закінуць невад; адна закідка невада’ (полац., З нар. сл.), ’глыбокае месца на рацэ ці возеры, дзе закідваецца невад; вір’ (навагр., свісл., лід., стаўб., Сл. ПЗБ), то́ня, то́нька ’старарэчышча, затока’ (докш., Сл. ПЗБ), таня́ ’невад’ (брасл., Рабк.), ст.-бел. тоня ’месца для лоўлі рыбы’ (Статут 1529). Гл. таксама тонь1. Укр. то́ня ’частка вадаёма для лоўлі рыбы невадам; невад з рыбай’, дыял. ’месца, дзе можна ўтапіцца’, рус. то́ня, тонъ ’адна працяжка невада’, ’прастора, якую ахоплівае невад’, ’месца, дзе можна закінуць невад’, ’месца, дзе ловяць рыбу; сетка’, польск. tonia, toń ’глыбокае месца; месца, дзе можна закідваць невад’, н.-луж. toń ’невад; балота, дрыгва’, чэш. tůně, tůň ’глыбокае месца’, славен. дыял. tonja ’тс’, ’лужа’, серб.-харв. то̀ња ’тарфянік, тарфяная глеба’, балг. дыял. то́на ’зручнае для рыбнай лоўлі месца’ (БЕ, 23, 5, 437). Прасл. *tonʼa ’глыбокае месца (дзе збіраецца рыба)’, *tonь ’тс’, традыцыйна звязваюць з *topiti ’тапіць, акунаць’, адпаведна з *topnʼa, *topnь (Фасмер, 4, 77; Махэк₂, 661; Брукнер, 573; Талстой, Геогр., 170), параўн. і то́пень ’месца, дзе можна закінуць невад’ (мёрск., Жыв. НС). Зубаты (Studie, 1, 2, 120) і Мяркулава (Этимология–1975, 52–58) разглядаюць праславянскія словы як звязаныя з *tęgnǫti ’цягнуць’ < і.-е. *ten‑ на падставе таго, што ў шэрагу славянскіх моў пераважае семантыка, звязаная з працягваннем невада, параўн. таксама волак (гл.) і ст.-бел. озеро зволочити ’аблавіць возера’ (Статут 1529 г.). На думку іншых (Шустар-Шэўц, 1516; Фурлан у Бязлай, 4, 198), мае месца аманімія двух слоў з рознай этымалогіяй або дапускаецца аб’яднанне ў адным слове генетычна адрозных слоў (Борысь, 637). Параўн. тонь2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)