САЛЕ́ТРЫ (сярэдневяковае лац. sal nitri ад лац. sal соль + nitrum прыродная сода, шчолач),

агульная гіст. назва нітратаў натрыю NaNO3 (натрыевая С.), калію KNO3 (калійная С.), амонію NH4NO3 (аміячная С.), кальцыю Ca(NO3)2 (кальцыевая С.), барыю Ba(NO3)2 (барыевая С.). Натрыевая (найб. пашырана) і каліевая С. трапляюцца ў выглядзе прыродных пакладаў, аднак атрымліваюць С. пераважна хім. шляхам. Выкарыстоўваюць як угнаенні (гл. Азотныя ўгнаенні), кампаненты піратэхн. саставаў, выбуховых рэчываў і інш. Гл. таксама Нітраты, Амонію злучэнні, Барыю злучэнні, Калію злучэнні.

т. 14, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ННЫЯ КРЫШТА́ЛІ,

крышталі з іонным (электрастатычным) характарам сувязі паміж атамамі (гл. Іонная сувязь). Адрозніваюць І.к. з аднаатамных (напр., крышталі галагенідаў шчолачных і шчолачназямельных металаў, утвораныя дадатна зараджанымі іонамі металу і адмоўна зараджанымі іонамі галагену: NaCl, CsCl, GaF2 і інш.) і шмататамных іонаў (напр., нітраты, сульфаты, фасфаты і інш. солі металаў, дзе адмоўныя іоны кіслотных астаткаў складаюцца з некалькіх атамаў). Да І.к. адносяцца таксама сілікаты, у якіх крэмнійкіслародныя радыкалы SiO4 утвараюць ланцугі, слаі ці трохмерны каркас; унутры радыкалаў атамы звязаны кавалентнай сувяззю. І.к., як правіла, дыэлектрыкі, празрыстыя ў бачнай і інфрачырвонай частках спектра; маюць высокія т-ры плаўлення.

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІВО́ Пётр Піліпавіч (н. 1.9.1941, в. Чарняўка Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аграхіміі і аграэкалогіі. Д-р с.-г. н. (1996). Скончыў БСГА (1970). З 1970 у Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства. Навук. працы па пытаннях павышэння эфектыўнасці хімізацыі меліяратыўнага земляробства, распрацоўцы экалагічна бяспечных тэхналогій выкарыстання азотных і вадкіх арган. угнаенняў.

Тв.:

Эффективное использование бесподстилочного навоза. Мн., 1988 (разам з С.​Г.​Дробатам);

Нитраты: слухи и реальность. Мн., 1990 (разам з Л.​А.​Саскевіч);

Тяжелые металлы и экология. Мн., 1996 (разам з І.​Г.​Быцко);

Радыяцыя, нітраты і чалавек. 2 выд. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 17, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЗА́НТНЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

другасныя выбуховыя рэчывы, асноўны рэжым выбуховага ператварэння якіх — дэтанацыя. Паводле саставу падзяляюць на індывідуальныя злучэнні і сумесі.

Большасць індывідуальных брызантных выбуховых рэчываў — араматычныя нітразлучэнні (найважнейшыя — трынітраталуол і трынітрабензол), нітраміны (гексаген, акгаген), нітраэфіры (нітрагліцэрын, нітраты цэлюлозы). Сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы — сплавы нітразлучэнняў, мех. сумесі нітразлучэнняў і іх сплаваў з інш. рэчывамі (напр., алюматол), сумесі нітрату амонію з нітразлучэннямі (аманіты) і з невыбуховым гаручым (дынамоны), сумесі на аснове вадкіх нітратаў (напр., дынаміты).

Выкарыстоўваюць у горнай прам-сці, пры апрацоўцы металаў выбухам, у сейсмаразведцы, у ваен. тэхніцы для вытв-сці боепрыпасаў.

Літ.:

Орлова Е.Ю. Химия и технология бризантных взрывчатых веществ. 3 изд. Л., 1981.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),

сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.

Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл. Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).

Літ.:

Дубнов Л.В., Бахаревич Н.С., Романов А.И. Промышленные взрывчатые вещества. 3 изд. М., 1988.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАТЭХНІ́ЧНЫЯ САСТА́ВЫ,

сумесі, гарэнне якіх адбываецца адначасова са светлавымі, гукавымі, дымавымі і рэактыўнымі піратэхн. эфектамі (гл. Піратэхніка). Пры гарэнні П.с. вылучаецца вял. колькасць цеплаты; т-ра гарэння ад 400 °C (дымавыя саставы) да 3000 °C (асвятляльныя саставы).

Аснова большасці П.с. — сумесі акісляльніку з гаручым. У якасці акісляльнікаў выкарыстоўваюць нітраты, хлараты шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, аксіды некаторых металаў; у якасці гаручага — пераважна парашкі магнію, алюмінію і іх сплаваў, а таксама вуглевадародныя сумесі (газа, бензін, мазут), драўняны вугаль і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці боепрыпасаў (гл. Запальныя саставы), для зваркі рэек, труб, эл. правадоў, пры даследаваннях верхніх слаёў атмасферы, кіназдымках, арганізацыі феерверкаў, у сельскай гаспадарцы (барацьба са шкоднікамі, рассейванне граду і інш.).

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭЛЮЛО́ЗА, клятчатка,

асноўны апорны поліцукрыд клетачных сценак раслін і некаторых беспазваночных (напр., асцыдый); найб. пашыраны біяпалімер. Вышэйшыя расліны штогод ператвараюць у арган. злучэнні 30 млрд. т вугляроду, на Ц. прыпадае каля 1/3.

Аморфна-крышт. рэчыва, шчыльнасць 1520—1540 кг/м³. Лінейныя малекулы Ц. пабудаваны з 1,4-звязаных астаткаў β-D-глюкозы. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. У драўніне 50% Ц., у валасках насення бавоўны — 98%. Каб расшчапіць Ц. да глюкозы, ужываюць ферменты цэлюлазы і цэлабіязы. Вытворныя Ц. — ацэтаты цэлюлозы, складаныя эфіры — нітраты цэлюлозы. Існуе таксама структурная мадыфікацыя Ц. — гідратцэлюлоза. Выдаленне тэхн. Ц. з расл. сыравіны (драўніны) ажыццяўляюць яе варкай з рознымі хім. агентамі. Далей з Ц. выдаляюць мех. дамешкі, адбельваюць, надаюць высакароднасць. Валокны прыродныя і мадыфікаваныя з Ц. выкарыстоўваюцца ў тэкст. прам-сці, у вытв-сці паперы, кардону, пластмас, лакаў і інш.

т. 17, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАВА́ННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення нітрагрупы — NO2 у малекулу арган. злучэння. Ажыццяўляюць з дапамогай нітравальных агентаў: азотная к-та HNO3, сумесь HNO3 з сернай к-той (нітравальная сумесь), аксіды азоту (N2O4, N2O5) і інш. Рэакцыя Н. вядома ў арган. хіміі з 1834, калі ням. хімік Э.​Мічэрліх сінтэзаваў нітрабензол уздзеяннем канцэнтраванай HNO3 на бензол. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе для атрымання нітразлучэнняў.

Адбываецца. ў выніку замяшчэння атамаў вадароду (прамое Н.) ці функцыян. груп (замяшчальнае Н.) або далучэння NO2-групы па кратнай сувязі. Для алканаў і алкенаў характэрны радыкальны механізм Н. (крыніцай радыкалаў NO2 з’яўляюцца HNO3 і аксіды азоту), для арэнаў (араматычных вуглевадародаў), гетэрацыклічных злучэнняў, амінаў, спіртоў — іонны з удзелам катыёнаў нітронію NO​+2 (электрафільнае Н.). Пры электрафільным Н. ў якасці нітравальных агентаў выкарыстоўваюць канцэнтраваную HNO3, нітравальную сумесь, нітраты, солі нітронію NO​+2X​− (дзе X​− = BF​−4, ClO​−4 і інш.).

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКСІ́Д ВАДАРО́ДУ,

перакіс вадароду, хімічнае злучэнне вадароду з кіслародам; найпрасцейшае і найб. пашыранае неарган. пераксіднае злучэнне, H2O2. Атрыманы ў 1818 франц. хімікам Л.​Ж.​Тэнарам.

Вязкая бясколерная вадкасць (tпл -0,41 °C), шчыльн. 1450 кг/м³, tкіп 150,2 °C. Раствараецца ў вадзе (неабмежавана), этаноле, дыэтылавым эфіры; канцэнтраваныя водныя растворы выбухованебяспечныя. Пры награванні і пад уздзеяннем святла лёгка раскладаецца на ваду і кісларод. Утварае крышт. сальваты, якія выкарыстоўваюць як цвёрдыя носьбіты П.в. (напр., злучэнне з мачавінай CO(NH2)2 H2O2 — гідраперыт). Праяўляе ўласцівасці акісляльніку (акісляе, напр., нітраты, бензол) і аднаўляльніку. У прам-сці атрымліваюць у асн. акісленнем алкілантрагідрахінонаў паветрам. Выпускаюць пераважна ў выглядзе 30—90%-ных раствораў; 30%-ны раствор з дабаўкамі стабілізатараў (звычайна фасфатаў натрыю) наз. пергідролем. Выкарыстоўваюць для атрымання арган. і неарган. пераксідаў, адбельвання тлушчаў, тэкст. матэрыялаў, паперы і інш., дэзінфекцыі сцёкавых вод, як крыніцу кіслароду на падводных лодках і інш. Выклікае апёкі скуры, слізістых абалонак і дыхальных шляхоў, ГДК 1,4 мг/м³.

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

забруджванне навакольнага асяроддзя, якое суправаджаецца зменай яго прыродных уласцівасцей, найперш перавышэннем натуральных канцэнтрацый у ім прыродных ці пранікненнем у асяроддзе не ўласцівых яму хім. рэчываў і злучэнняў.

На Беларусі асн. агенты Х.з. (штогадовы выкід) атм. паветра: аксід вугляроду (каля 700 тыс. т), дыаксід серы (140 тыс. т), аксіды азоту (135 тыс. т), лятучыя арган. рэчывы (240 тыс. т), цвёрдыя рэчывы (65 тыс. т), таксама фармальдэгід, фенол, аміяк, цяжкія металы і інш.; паверхневых вод: хларыды (78 тыс. т), сульфаты (64 тыс. т), завіслыя рэчывы (15 тыс. т) і арган. (11 тыс. т) рэчывы, нафтапрадукты (230 т), медзь (18 т), інш. металы (491 т) і інш.; глеб : пестыцыды (да 1,5 ГДК), цяжкія металы (да 0,8 ГДК), сульфаты (да 0,9 ГДК), нітраты (да 1 ГДК). Вядомыя выпадкі Х.з. паверхневых вод да 30 ГДК нафтапрадуктамі, аманійным і нітрытным азотам, цынкам, меддзю, малібдэнам. Асн. забруджвальнікі паветра — аўтатранспарт і інш. рухомыя ўстаноўкі (72,7%), аб’екты энергетыкі (5%), прамысл. прадпрыемствы (асабліва нафтахім., металургічныя, мінер. угнаенняў). Асн. аб’ём забруджаных сцёкавых вод утвараецца ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы (46%), прам-сці (31%), сельскай гаспадарцы (9,5%).

П.​І.​Лабанок.

т. 17, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)