Нітраты 1/168; 7/520; 9/329

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРА́ТЫ,

неарганічныя і арган. вытворныя азотнай кіслаты.

Н. неарганічныя — солі агульнай ф-лы M(NO3)n (n — ступень акіслення металу М). Вядомыя амаль для ўсіх металаў. Н. амонію, шчолачных і шчолачназямельных металаў наз. салетрамі. Крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе. Вызначаюцца нізкай тэрмічнай устойлівасцю і здольнасцю акісляць арган. і неарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць як мінер. ўгнаенні (гл. Азотныя ўгнаенні), кампаненты ракетнага паліва, піратэхн. саставаў і інш. Таксічныя: выклікаюць кашаль, ірвоту, вострую сардэчна-сасудзістую недастатковасць і інш. Дапушчальнае сутачнае спажыванне 5 мг/кг (смяротная доза для чалавека 8—15 г Н.). Н. арганічныя — эфіры азотнай к-ты. Маюць адну ці некалькі груп —O—NO2, звязаных з атамам вугляроду арган. радыкала. Бясколерныя ці бледна-жоўтыя вадкасці або цвёрдыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе. Добра раствараюцца ў этаноле і дыэтылавым эфіры. Многія выбухованебяспечныя (напр., нітрагліцэрына, нітраты цэлюлозы). Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, а таксама як кампаненты бяздымных порахаў і ракетнага паліва, дабаўкі да дызельнага паліва (для павышэння цэтанавага ліку), у медыцыне (нітрагліцэрына і інш. Н. шмататамных спіртоў). Таксічныя: акісляюць гемаглабін у метгемаглабін, выклікаюць галаўны боль, пачашчанае сэрцабіцце.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРА́ТЫ ЦЭЛЮЛО́ЗЫ, нітрацэлюлоза,

складаныя эфіры цэлюлозы і азотнай к-ты. Маюць агульную ф-лу [C6H7O2(OH)3-x (ONO2)x]n дзе x — ступень замяшчэння (змяняецца ад 0 да 3), n — ступень полімерызацыі (n = 150—3500). Паводле колькасці азоту тэхн. Н.ц. падзяляюць на калаксілін (мае 10,7—12,2% азоту) і піраксіліны (№ 2 мае 12,2—12,5%, № 1—13,0—13,5% азоту).

Цвёрдыя валакністыя рэчывы белага колеру, шчыльн. 1580—1650 кг/м³, т-ра раскладання 40—60 °C. З’яўляюцца брызантнымі выбуховымі рэчывамі (цеплата выбуху каля 3,6 МДж/кг). Няўстойлівыя ў к-тах і асновах. Атрымліваюць нітраваннем бавоўнавай цэлюлозы нітравальнай сумессю. Калаксілін выкарыстоўваюць у вытв-сці нітрацэлюлозных пластмас (этролаў), цэлулоіду, нітралакаў, нітраэмаляў, бяздымных порахаў, дынаміту і інш. выбуховых рэчываў, піраксіліны — у вытв-сці бяздымных порахаў.

Літ.:

Закощиков А.П. Нитроцеллюлоза. М., 1950;

Коваленко В.И. Молекулярно-структурная неоднородность нитратов целлюлозы // Успехи химии. 1995. Т. 64, № 8.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗОТНАКІ́СЛЫЯ СО́ЛІ,

тое, што нітраты.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАКСІЛІ́Н,

гл. ў арт. Нітраты цэлюлозы.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАКСІЛІ́Н,

гл. ў арт. Нітраты цэлюлозы.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАЦІ́Н (ад грэч. dermatinos скураны),

баваўняная тканіна з пакрыццём з нітрацэлюлозы (гл. Нітраты цэлюлозы) на адным ці абодвух баках; штучная скура. Выкарыстоўваюць для абіўкі мэблі, пераплёту кніг і інш.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,

мінералы, якія ўзнікаюць у зоне гіпергенезу пры нізкіх т-рах і цісках, пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў (гл. Гіпергенныя працэсы). Уключаюць гліністыя мінералы, гідраксіды, солі кіслародных кіслот (сульфаты, нітраты і г.д.).

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАКСІЛІ́НАВЫЯ ПО́РАХІ,

група бяздымных порахаў, якія вырабляюць на аснове піраксіліну, пластыфікаванага лятучым растваральнікам (звычайна сумесь этанолу і дыэтылавага эфіру). У вытв-сці П.п. выкарыстоўваюць піраксіліны (нітраты цэлюлозы, што маюць больш за 12% азоту). Цеплата згарання каля 4000 кДж/кг. Выкарыстоўваюць пераважна для ствольнай зброі. Гл. таксама Порах.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗДЫ́МНЫЯ ПО́РАХІ, нітрацэлюлозныя порахі,

кідальныя выбуховыя рэчывы, асн. кампанент якіх нітраты цэлюлозы, пластыфікаваныя арган. растваральнікамі. Падзяляюцца на піраксілінавыя порахі, балістыты і кардыты ў залежнасці ад віду нітрату цэлюлозы і лятучасці растваральніку. Значна перавышаюць дымны порах па ўстойлівасці гарэння і працаздольнасці. Выкарыстоўваюцца ў агнястрэльнай зброі і як ракетнае паліва. Назва па ўтварэнні нязначнай колькасці дыму пры гарэнні.

т. 3, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)