адвярну́ць, -вярну́, -ве́рнеш, -ве́рне; -вярні́; -ве́рнуты; зак., каго-што.

1. Павярнуць у другі бок.

А. галаву ўбок.

2. Варочаючы, адняць, адсунуць.

А. камень.

3. Паставіць на месца што-н. перавернутае, абернутае.

А. воз.

А. ночвы.

4. Адагнаць, накіраваць у другі бок (пра жывёлу).

А. карову ад жыта.

5. Адагнуць край чаго-н.

А. халявы ботаў.

6. безас. Аб пачуцці агіды, непрыязнасці да каго-, чаго-н. (разм.).

Адвярнула ад гарэлкі (безас.).

7. перан. Адцягнуць (увагу, думку і пад.).

Справы адвярнулі ўвагу ад дому.

Нос адвярнуць (разм., неадабр.) — выказаць сваё незадавальненне чым-н.

|| незак. адваро́чваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Начоўкіночвы’ (Грыг., Гарэц., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Янк. 1, Растарг.), рэдка начоўка ’тс’ (маладз., П. С., Сл. ПЗБ), укр. ночо́вки ’тс’, рус. ночёвки, ночёвка ’тс’, польск. niecki ’тс’, чэш. necky ’тс’, дыял. necůvky ’карыта’, в.-луж. mjecki ’тс’, н.-луж. mjacki ’цэбар; дзежка’, палаб. nacťai ’карыта’, славен. nečkȇ ’дзежка’, дыял. nàčkə ’тс’, балг. дыял. нъ́щки ’тс’. Памянш. да прасл. *nьktjy, род. скл. *nьkеjьve, або *nьktva (гл. ночвы), параўн. Брукнер, 360; Шустар-Шэўц, 12, 917; Махэк₂, 393; Бязлай, 2, 218. Меркаванні пра балтыйскае паходжанне бел. начоўка, нечоўкаліт. nakočià, niekočià ’карыта’ або пад яго ўплывам, гл. Грынавяцкене і інш., Lietuv. kalbot. klausimai, 16, 1975, 183) недастаткова абгрунтаваныя (гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 146) у першую чаргу па лінгвагеаграфічных прычынах — формы на ‑а вядомы на рускай тэрыторыі далёка за межамі балтыйскіх уплываў (як у паўднёварускіх, так і ў паўночнарускіх гаворках, гл. СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вага́н1 ’драўляная міска’ (КСТ, КЭС). Вытворныя: вагане́ц ’начоўкі для пяску’, вага́нак ’коўшык’, вагано́к ’драўляная міска’ (КСТ). Рус. ваганкиночвы, карыта’, укр. вагани́ ’прадаўгаватая драўляная міска для яды; ночвы’, чэш. vahánek, славац. vahan, серб.-харв. ва̀ган ’драўляная міска; пэўная мера’, славен. vagàn, vagána. Запазычанне. Існуючыя версіі гл. Фасмер, 1, 264; Махэк₂, 675; Рудніцкі, 1, 289; Скок, 3, 559. Балгарскія этымолагі (БЕР, 1, 110–111, 221) лічаць, што *vaganъ — вынік метатэзы пры запазычанні італ. gavagno (параўн. балг. гаванка ’драўляная міса’).

Вага́н2 ’лаянкавае слова’ (КСП); ’высокі, здаровы чалавек’. Рус. ваган ’вахлак, мужык, селянін’, ваганиться ’гарэзаваць, гуляць, жартаваць’, ходить на ваган ’адлучацца без дазволу’, польск. wagant, чэш. vagant ’бадзяга’, славац. vagant ’бадзяга-студэнт’, серб.-харв. ва̀гант ’бадзяга’. У бел. мову слова трапіла з захаду (параўн., напрыклад, ням. Vagant), магчыма, праз польскую або непасрэдна з лацінскай. Ваган < *вагант, якое да лац. vagans, vagantis ’які бадзяецца’. Аб страце ‑т параўн. Суперанская, Вопросы культуры речи, 3, 1961. Гл. Махэк₂, 674; Надурская, JP, 1972, 1, 20.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вадзя́нкі1 ’сані для падвозкі вады’ (Юрч.). Ад прыметніка вадзяны ’прызначаны для вады’. Форма pluralia tantum тлумачыцца аналогіяй з сані.

Вадзя́нкі2 ’драўляная пасудзіна, якой чэрпаюць ваду з вядра’ (ДАБМ, 815). Суфіксальнае ўтварэнне ад вадзяны́ ’прызначаны для вады’. У ДАБМ слова прадстаўлена як адзінкавая назва на тэрыторыі Міншчыны. Форму множнага ліку можна тлумачыць як вынік аманімічнага адштурхоўвання: вадзя́нка ’пасудзіна’, — вадзя́нка ’хвароба’. Магчыма, таксама аналогія з іншымі назвамі посуду pluralia tantum (ночвы і пад.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

trough

[trɔf]

n.

1) кары́та n., жо́лаб -а m.

2) но́чвы, начо́ўкі pl. only.

3) ры́на f., вадасьцёк -у m., вадасьцёкавая труба́

4) до́ўгая ўпа́дзіна, катлаві́на f.

5) упа́дзіна

the trough between two waves — упа́дзіна паміж дзьвюх хва́ляў

6) Geol. му́льда f.

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

скамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.

1. Змяць, ператварыць у камяк. Скамячыць паперу. Скамячыць адзенне. □ Зіна з абурэннем скамячыла прачытанае пісьмо, кінула яго ў кут. Гамолка. Курачка скамячыў у руках кашулю, якую яшчэ не паспеў надзець. Чарнышэвіч. Ну што будзе, калі я скамячу з мякішу галачку і шпурну яе ў ночвы, дзе сястра будзе мыць бялізну? Грамовіч. // Шчыльна сціснуць, самкнуць; згарнуць. Хутаранец, скамячыўшы губы, схапіў .. [Уладзю] за плечы. Чорны. — Вось якія яны [барозны] твае!!! — і ахоплены дзікай злосцю, Кузьма скамячыў здаровую фігу і з сілаю сунуў Петраку ў нос. Нікановіч.

2. перан. Сказіць, сапсаваць. Шум галасоў скамячыў.. словы [Карпуся]. Баранавых. Незнаёма-металічны тон рашучага загаду і кулямётная чарга адразу скамячылі ўсе яго гарачыя пачуцці. Паслядовіч. Аб’езд першага ўчастка не пагоршыў, не скамячыў таго радаснага настрою, які пакінуў пасля сябе другі ўчастак. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрадве́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ідзе ад вякоў, не перастае існаваць; адвечны. Большая частка .. [выспы] пакрыта спрадвечнымі льдамі, а на меншай жывуць эскімосы і наезджыя каланісты-датчане. Дубоўка. Яно спакойнае, урачыстае, спрадвечнае жнівеньскае неба. Навуменка. Гудзе зямля, звіняць прасторы на свой стары, спрадвечны лад. Колас. Усё ішло само па сабе, падпарадкоўваючыся спрадвечным законам. Чаркасаў. // Шматвяковы, векавы; вельмі стары. Спрадвечны бор. □ Вецер ідзе над лесам, трашчыць і гудзе ў верхавінах спрадвечных дрэў. Чорны. Спрадвечныя дубы лёгка ўзнімаюць угору на сваіх гранітных ствалах цяжкія кроны. Паслядовіч.

2. Які існуе здаўна; старадаўні. Дзяды дзяўбуць ночвы ці выразаюць лыжкі; бабулі і мамы развешваюць ад елкі да бярозкі памытую бялізну, а ў нядзельныя раніцы, па старому, спрадвечнаму звычаю, пякуць у зямлянках аладкі для ўнукаў і дзяцей. Брыль. // Які вельмі даўно мінуў, вельмі даўні. Рабілі рупна і з веданнем, як робяць з часоў спрадвечных другія зямныя справы. Вярцінскі.

3. Карэнны, пастаянны, асноўны. Белавежскія зубры, спрадвечныя жыхары старадаўніх лясоў, знаходзяцца зараз і на беларускім баку пушчы. В. Вольскі. Была яшчэ адна немалаважная прычына: спрадвечнаму земляробу цяжка прызвычаіцца да гарадскога жыцця. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзяўбці́, дзяўбу, дзяўбеш, дзяўбе; дзяўбём, дзеўбяце, дзяўбуць; пр. дзёўб, дзяўбла, дзяўбло; заг. дзяўбі; незак., каго-што.

1. Есці, хапаючы ежу дзюбай (пра птушак). Каля дарогі шпацыравалі вароны, нешта дзяўблі ў каляінах і зусім не палохаліся фурманкі. Чорны. Галубы цэлы дзень нічога не елі, але на другі дзень пачалі патроху дзяўбці хлебныя крошкі і піць ваду. Навуменка.

2. Біць, удараць дзюбай. Куры хваталі ежу і з зайздрасцю дзяўблі адна адну ў галаву. Чорны. Крумкач выдру дзюбаю дзяўбе, а выдра крумкача зубамі грызе. Якімовіч. // Разм. Біць, стукаць чым‑н. вострым. Узяліся дружна салдаты і ну дзяўбці слупам у дзверы. Лынькоў.

3. Паслядоўнымі частымі ўдарамі па чым‑н. рабіць паглыбленне, адтуліну. На ўзлессі дзяцел гулка дзёўб кару. Куляшоў. Дзяўблі ломам, секлі мёрзлую зямлю сякерай. Шамякін. // Вырабляць што‑н. дзяўбаннем, выдзёўбваннем. Дзяўбці долатам паз. □ Дзяды дзяўбуць ночвы ці выразаюць лыжкі. Брыль.

4. перан. Разм. Бесперапынна гаварыць, паўтараць адно і тое. — Ты яму пра вяселле гавары. Няхай жэніцца. Ты яму штодзень дзяўбі пра гэта. Чарнышэвіч. Што каму наўме, той тое і дзяўбе. Прыказка.

5. перан. Даймаць папрокамі, нападкамі. — Думаеце, так ужо і скінуць Галушкіна. Яго не ў першы раз дзяўбуць. І ўсё сухім з вады выходзіць. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лаха́н ’вялікі гліняны збан’ (Юрч. Вытв.), мсцісл. лыжай ’драўляная дзежачка’ (Бел. хр. дыял.), лаханка, лахань, лаханка ’ражка’ (Бяльк., Касп.; палес., З нар. сл.), смарг. ’невялікая драўляная міска’ (Сл. паўн.-зах.), ’вялікі гаршчок з ручкамі па баках для збівання масла’ (Малч.), ’гліняная міска’ (Чач.; лях., Янк. Мат.; палес., Вяр.Крыв.; гродз., Сл. паўн.-зах.), паўд.-усх. ’вялікі гаршчок, у якім заварваюць адзенне’, ’вялікі гаршчок-соуснік’, ’гліняны сасуд, шырэйшы зверху, вузейшы знізу’ (КЭС), ’гліняны посуд, у якім жарацца вялікія кавалкі ялавічыны’, ’умывальнік’, (Шпіл.), ’балея’ (лях., іўеў., Сл. паўн.-зах.) ’цэбар для вады ці памыяў’ (Мат. Гом.), рэч. лаханя ’гліняная міска’ (Мат. Гом.), ’вялікая міска’ (Ян.), лаханок ’шырокі, гліняны збан’ (Юрч.), пін. лахінька ’міска’ (КЭС). Укр. дюблінск. лаханка ’вялікая міска, цэбар для свіной ежы’, ’вядро для памыяў’, рус. лохань, локан, лахам, лоханка, лоханочка ’прадаўгаваты або круглы сасуд гаспадарчага прызначэння’, ст.-рус. лохам, лакам, лоханя ’круглы, адкрыты сасуд’ (XV ст.), паўн.-усх. польск. lachań, lachanka ’міска’, мазав. lochaniaночвы’, якія, аднак, з бел. лахань, лаханка (Слаўскі, 4, 405). Надзейнай этымалогіі пя- ма. Найбольш дапушчальная версія аб запазычанні са ст.-грэч. λεκάνη, позняе дарыч. λακάνη ’таз, балея, ражка’, параўн. таксама ст.-грэч. λεκάνιον ’міска, блюда’. Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 524; Слаўскі, 4, 405. Бел. лаханка нырачная (ТСБМ) узыходзіць да рус. лаханка почечная (Крукоўскі, Уплыў, 38). Аб няўстойлівасці агаласоўкі ла‑ і ло‑ гл. Аткупшчыкоў, Из истории, 245.⇉.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рабі́ць, раблю, робіш, робіць; незак.

1. што і без дап. Займацца чым‑н., праяўляць якую‑н. дзейнасць. Не давала.. [Сегеню] спакою гаспадарская руплівасць, што і не ляжыць ён і нічога не робіць. Чорны. Думай з вечара, а рабі з рання. Прыказка. // У спалучэнні з некаторымі катэгорыямі назоўнікаў ужываецца ў значэнні: выконваць, чыніць: а) з назоўнікамі, якія абазначаюць від заняткаў, работы. Рабіць доследы. Рабіць урокі. Рабіць гарадку. □ Заўсёды небяспечную работу дочак маці рабіла спакойна і дакладна, як сваю, неабходную для жыцця і шчасця. Брыль. Цікава і жаласна было глядзець, як гэтыя дзеці прыроды рабілі сваё першабытнае набажэнства. Маўр; б) з аддзеяслоўнымі назоўнікамі і з назоўнікамі са значэннем дзеяння. Рабіць выбар. Рабіць вымову. Рабіць спробу. Рабіць памылку. □ Воўк блізка шкоды не робіць. Прымаўка; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць асобныя рухі (жывой істоты, прадмета). І так пацешна пазіраць, Калі крок першы робяць дзеткі! Колас. Пры гутарцы рукі ў .. [Крушынскага] або віселі, або рабілі рухі зусім недапасаваныя да слоў. Бядуля. // У спалучэнні са словамі, якія ўказваюць меру, колькасць, абазначае: утвараць работу, рух у гэтым аб’ёме, у гэтай колькасці. Рабіць сто абаротаў у секунду. Рабіць па дваццаць кіламетраў у дзень. Рабіць па два рэйсы за змену. □ Самалёт рабіў другі заход над вузкім фіёрдам. Шамякін.

2. што. Вырабляць, майстраваць. Рабіць абутак. Рабіць квас. □ [Дзядзька] прыладзіў каля зямлянкі нешта накшталт верстака, нарыхтаваў алешыны і пачаў рабіць ночвы. Брыль. // Абрабляць, апрацоўваць. [Сурвіла:] — Дык, пакуль што, бярыце, суседзі, я ж кажу, гэты клінок каля свае хаты і рабіце .. Рабіце, пакуль што, гэты кавалак. Чорны. // Абл. Працуючы, здабываць, набываць. Затое Толя ўсцешана сказаў пасля, што гэта быў першы і апошні ў іхняй хаце парабак, што цяпер яны будуць рабіць свой хлеб самі. Брыль.

3. Разм. Працаваць дзе‑н., кім‑н. Рабіць на заводзе. □ [Следчы:] — Чым вы займаліся да вайны, Дымар? — Рабіў закройшчыкам у атэлье. Шамякін. Малеча і старыя, каго не бралі рабіць на сенажаць ці ў поле, з дня ў дзень снавалі па лесе. Мележ. // (звычайна з акалічнасцю спосабу дзеяння). Працаваць. Рабіць за двух. □ [Насця:] Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе. Крапіва. Хто хутка есць, той хутка робіць. Прымаўка. Цяп ды ляп, ды на «а можа» рабіць не гожа. Прымаўка. // на каго-што. Працаваць, забяспечваючы або абслугоўваючы каго‑н. Рабіць на сям’ю.

4. што і без дап. Дзейнічаць якім‑н. чынам. Рабіць наперакор. Рабіць усё па закону. □ Неяк зімою, прыйшоўшы са школы, Данік адразу ўзяўся за ўрокі, як ён рабіў цяпер, ужо не пасучы, заўсёды. Брыль. [Пніцкі:] Гаспадар, калі ён .. добры, гэтак заўсёды і робіць: з вясны ён на малако налягае, а на лета ашчаджае .. сала. Чорны. // Аказваць; прычыняць. Шмат дабра потым рабіў Рымша бедным людзям: і грашамі памагаў, і ад ліхіх паноў бараніў. Якімовіч.

5. каго-што з каго-чаго, каго-што кім-чым або якім. Ператвараць у каго‑, што‑н. [Буйскі] выдатна валодае нямецкай мовай і .. іменна гэтая акалічнасць .. робіць з яго разведчыка вышэйшага класа. Шамякін. Дзядзька Павал выходзіў за адрынку ў садок, глядзець, што позняя вясна робіць з дрэвам. Чорны. Нішто, можа, не робіць чалавека такім сталым, як гора. Сабаленка. // Надаваць каму‑, чаму‑н. які‑н. выгляд. Валасы тырчалі на ім вожыкам, а русая, з рыжаватым адценнем барада рабіла .. [дзядзьку] смешным. Дамашэвіч. Барада і аблічча гэтага чалавека ў некаторай ступені рабілі яго падобным да Льва Талстога. Колас.

6. што. Утвараць сабой. Рака рабіла круты паварот, набліжаючыся да хмызняку. Шахавец.

•••

З блыхі рабіць вала — тое, што і рабіць з мухі слана.

Не рабіць сакрэту з чаго — не ўтойваць чаго‑н., калі гэта не выклікаецца патрэбамі.

Няма чаго рабіць (у знач. пабочн.) — іншага выйсця няма, інакш паступіць нельга.

Рабіць акцэнт на чым‑н. — вылучаць, падкрэсліваць што‑н., звяртаць асаблівую ўвагу на што‑н. — Рабіць бізнес — нажывацца на чым‑н.

Рабіць выгляд — прыкідвацца, прытварацца.

Рабіць вялікія вочы — выражаць здзіўленне, недаўменне.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні — за знешняй бесклапотнасцю, весялосцю старацца схаваць сваё нездавальненне, свае непрыемнасці.

Рабіць гонар каму — а) аказваць пашану. Гэтыя людзі думаюць, што «робяць гонар» ужо тым, што размаўляюць з простай жанчынай. Маўр; б) з’яўляцца заслугай, быць асновай для павагі. — Такія наскокі, малады чалавек, не робяць вам гонару. Пянкрат.

Рабіць з мухі слана — прыдаваць чаму‑н. нязначнаму вялікае значэнне; перабольшваць.

Рабіць круг (крук) — ісці, рухацца акольным шляхам.

Рабіць (строіць) міну — надаваць твару які‑н. выраз.

Рабіць трагедыю з чаго — адчайвацца без дастатковых на гэта падстаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)