ЗАРЭ́ЧНЫ (сапр. Рублёў) Цімох Міронавіч

(1909, в. Будзіна Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 1944?),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі вышэйшы пед. ін-т (1933). З 1928 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь». У 1933—35, 1939—41 Бел. радыёкамітэце, у 1936—40 настаўнік у Мінску (адначасова 1936—39 у Ін-це школьнай педагогікі). У час Айч. вайны настаўнічаў у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Друкаваўся з 1928. Распрацоўваў жанры фельетона, апавядання, аповесці («Эльбрусы чалавечага шчасця», 1931, «Зямля ў вятрах», 1931, «Маці і сын», 1935, «Андрэй Блажко», 1940), рамана («Белы Камень», 1932). На бел. мову пераклаў раманы Г.​Уэлса «Першыя людзі на месяцы», Ф.​Беразоўскага «Бабскія сцежкі» (абодва 1931), М.​Сервантэса «Дон Кіхот Ламанчскі» (1935), аповесці А.​Новікава-Прыбоя «Жанчына ў моры» і В.​Фінка «Іншакраінны легіён» (1936) і інш.

Тв.:

Сустрэчы: Нарысы і фельетоны. Мн., 1930;

Узбунтаваная зямля: Нарысы. Мн., 1930;

Маладосць: Навелы і апавяданні. Мн., 1931;

Паэма пра геройства. Мн., 1932;

Пажары: Нарысы і фельетоны. Мн., 1933;

Руднянскі пастушок. Мн., 1941.

Літ.:

Кныш С., Скалабан В. Рукою Зарэчнага // ЛіМ. 1998. 13 лют.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАЕ́ЛЬНЯ,

гарадскі пасёлак у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., у сутоку рэк Моўчадзь і Ятранка. За 13 км на У ад г. Дзятлава, чыг. ст. на лініі Баранавічы—Ліда. 3,5 тыс. ж. (2000).

Вядома з 16 ст. як в. Ельня ў Навагрудскім пав. ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 мястэчка Навагрудскага пав. Гродзенскай, з 1842 Мінскай губ. З 1884 Н. чыг. станцыя на лініі Вільня—Лунінец. У 1886 сяло Дварэцкай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ., 99 ж., 11 двароў, 2 царквы, карчма. У 1921—39 у складае Польшчы, у Дварэцкай гміне Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Дзятлаўскім р-не. З 1945 гар. пасёлак, цэнтр Дзятлаўскага раёна (да 1954). У 1962—65 у Навагрудскім р-не.

Камбікормавы з-д, хлебапякарня, сярэдняя школа, школа рабочай моладзі, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання, санаторый «Наваельня». Брацкія могілкі і брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1876—79), касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса (1936).

Г.​М.​Новікава.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬ,

гарадскі пасёлак у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Обаль; чыг. станцыя на лініі Віцебск—Полацк, на аўтадарозе Віцебск—Полацк. За 23 км на З ад Шуміліна, 68 км ад Віцебска. 3,3 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў гіст. крыніцах у 1503 як сяло ў Полацкім ваяв. ВКЛ. Належала Зяновічам. З 1772 у Рас. імперыі. З пач. 19 ст. цэнтр Петрапаўлаўскай вол. Полацкага пав. Росту О. садзейнічала пабудова Рыга-Арлоўскай чыгункі (1886). У канцы 19 ст. ў О. царк.-прыходская школа, вадзяны млын, бровар, Обальская драўняна-хімічная мануфактура. З 1922 пачаў выпуск прадукцыі торфазавод. З 1924 О. — цэнтр сельсавета Сіроцінскага (з 1961 Шумілінскага) р-на. У Вял. Айч. вайну ў О. дзейнічала Обальскае камсамольскае падполле. У снеж. 1962 — ліп. 1966 О. у Полацкім р-не. З 30.9.1968 гар. пасёлак.

Обальскі керамічны завод, торфапрадпрыемства, лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, дзіцячы сад, Обальскага камсамольскага падполля музей, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну; магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам, помнік архітэктуры 19 ст. — сядзіба.

Г.​М.​Новікава.

т. 11, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ННА,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Нёман, на скрыжаванні аўтадарог на Гродна, Ваўкавыск, Скідзель. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на З ад г. Масты, 34 км ад Гродна, 8 км ад чыг. ст. Чарлёна. 1137 ж., 562 двары (1999).

Вядома з 16 ст. як вёска. З 1795 у Рас. імперыі, у Гродзенскім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У 1886 мястэчка, цэнтр Лунненскай вол., 1392 ж., касцёл, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, 20 крам, 3 шынкі, 2 харчэўні, праводзіліся кірмашы; у пач. 20 ст. царк.-прыходская школа, фельчарскі пункт, касцёл, паштовае аддзяленне. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. У 1924—1884 ж., 307 двароў. З 1939 у БССР, з 12.1.1940 рабочы пасёлак Скідзельскага р-на. З 1955 вёска, цэнтр сельсавета Скідзельскага, з 1962 — Гродзенскага, з 1965 — Мастоўскага р-наў. У 1972—1475 ж, 473 двары.

Лясніцтва, хлебапякарня. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Царква. Помнікі сав. воінам 64-й стралк. дывізіі, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Ганны (1782).

Г.​М.​Новікава.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСКО́ЎСКАЯ АПЕРЭ́ТА», Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр аперэты,

адзін з буйнейшых т-раў аперэты Расіі. Створаны ў 1927 як Маскоўскі дзяржаўны т-р аперэты на базе прыватнай трупы (працавала з 1922). З 1988 акадэмічны. З 1992 сучасная назва. Сярод пастановак аперэты, муз. камедыі і мюзіклы рас. кампазітараў, у т. л. «Жаніхі», «Залатая даліна», «Вольны вецер», «Белая акацыя» І.​Дунаеўскага, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава, «Халопка» М.​Стрэльнікава, «Пацалунак Чаніты», «Дзявочы перапалох» і «Трэмбіта» Ю.​Мілюціна, зарубежных класікаў і сучасных аўтараў, у т. л. «Граф Люксембург», «Вясёлая ўдава», «Марыца» Ф.​Легара, «Лятучая мыш» І.​Штрауса, «Сільва», «Фіялка Манмартра», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана, «Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі В.​Алчэўскі, С.​Анікееў, Т.​Бах, М.​Бравін, М.​Дняпроў, М.​Качалаў, Р.​Лазарава, Е.​Лебедзева, К.​Новікава, Р.Ярон (рэж., у 1927—39 і 1942—45 маст. кіраўнік), Г.​Ансімаў (у 1964—75 маст. кіраўнік), В.​Багачоў, Ю.​Багданаў, С.​Варгузава, Г.​Васільеў, Ю.​Ведзянееў, У.Кандэлакі (у 1954—64 гал. рэж.), К.​Кузьміна, В.​Мішле, І.​Муштакова, М.​Рубан, Т.​Саніна, Т.Шмыга і інш.

Літ.:

Московская оперетта, 50. М., 1977.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛО́ГІКА (ад мета... + логіка),

галіна логікі, у якой сродкамі метатэорыі вывучаюцца будова і ўласцівасці розных фармальна-лагічных сістэм і логікі ў цэлым. Узнікла ў сувязі з даследаваннямі асноў дэдуктыўных навук (асабліва матэматыкі). У вузкім сэнсе М. ўключае 3 часткі: лагічны сінтаксіс (гл. Сінтаксіс у логіцы), у якім даследуюцца структурныя ўласцівасці фармальных тэорый, правілы пабудовы і пераўтварэння выразаў, што прыняты ў розных сістэмах злічэння; семантыка лагічная, у якой вывучаюцца сэнс і значэнне выразаў мовы і правілы інтэрпрэтацыі лагічных злічэнняў; лагічная прагматыка, што раскрывае спосабы і шляхі практычнага выкарыстання суб’ектамі фармальных тэорый. У шырокім сэнсе да М. адносяць усе патрабаванні да пабудовы фармальных сістэм (гл. Фармалізацыя) і ўжывання аксіяматычнага метаду, агульныя правілы дэдукцыі, вываду і доказу, тэорый вызначальнасці паняццяў, мадэлей, сапраўднасці ў фармалізаваных мовах і інш. У рамках М. вывучаюцца таксама праблемы ўзаемаадносін паміж т.зв. экстэнсіянальнымі і інтэнсіянальнымі мовамі (гл. Семіётыка), сэнсавыя адносіны і псіхал. аспекты звычайных змястоўных разважанняў, пытанні мадэліравання інтэлектуальнай дзейнасці чалавека. Ідэі і метады М. выкарыстоўваюць таксама ў даследаваннях законаў разважання, у прыродазнаўчых тэорыях. Праблемы М. распрацоўваюцца ў творах Г.​Фрэге, Д.​Гільберта, К.​Гёдэля, А.​Тарскага, А.​Чорча, Р.​Карнапа, П.​С.​Новікава і інш.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з канца ліп. 1941 да чэрвеня 1944 у г. Магілёў. Існавалі групы ў ваен. шпіталі (стваральнік Р.​Дз.​Казлоў) на чыг. вузле (кіраўнікі П.​І.​Бялько, А.​В.​Гарошка, П.​В.​Дракаў, В.​М.​Жывапісцава, І.​С.​Малашкевіч, В.​І.​Пудзін, Г.​С.​Трактатава), аўтарамонтным з-дзе (В.​І.​Батура, М.​І.​Харкевіч), ф-цы штучнага шоўку, у «Рыбзбыце» (В.​П.​Станкевіч), абл. бальніцы (М.​П.​Куўшынаў), на хлебазаводзе (М.​М.​Яўціхіеў), камсам.-маладзёжная група (І.​М.​Лысіковіч), група б. ваеннаслужачых (І.​Г.​Гурыеў, П.​А.​Пяхоцін, В.​Дз.​Швагрынаў), групы А.​І.​Шубадзёрава, М.​К.​Гвоздаравай, П.​І.​Крысевіча, В.​І.​Лусто, М.​Я.​Новікава, У.​П.​Шалюты і інш. Да студз. 1941 існавалі 42 падп. групы (больш за 250 чал.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, здабывалі звесткі разведкі для партызан, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, прадпрыемствах горада, выратоўвалі моладзь ад вывазу ў Германію. У крас. 1942 па ініцыятыве Казлова для кіраўніцтва падполлем створаны «Камітэт садзеяння Чырвонай Арміі» (кіраўнікі Гарошка, Крысевіч, Куўшынаў, Лысіковіч, С.​М.​Шакура, Шалюта), які арганізаваў выданне газ. «За Родину», з восені 1942 — «За Советскую Родину». У выніку масавых аблаў гітлераўцы знішчылі кіруючы склад «Камітэта», загубілі 188 падпольшчыкаў. 3 сак. 1943 з дапамогай Магілёўскага райкома КП(б)Б створаны падп. групы ў паравозным дэпо, на трубаліцейным з-дзе, у ням. сталоўках, складах, дапаможных гаспадарках. Падпольшчыкі правялі шэраг буйных дыверсій, збіралі для партызан прадукты, тытунь, соль, зброю.

Літ.:

Подвиги их бессмертны. Мн., 1978. С. 246.

Б.​П.​Гардзееў.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТО́МІЯ РАСЛІ́Н,

раздзел батанікі, які вывучае ўнутр. будову органаў і тканак раслін.

Узнікненне і развіццё анатоміі раслін звязана з вынаходствам мікраскопа і працамі італьян. біёлага М.​Мальпігі і англ. батаніка Н.​Гру (мікраскапічнае вывучэнне раслінных аб’ектаў; 2-я пал. 17 ст.), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. біёлаг Т.​Шван, 1839), даследаваннем раслінных тканак, клетак і іх арганоідаў (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) паралельна з вывучэннем іх росту, развіцця і дыферэнцыроўкі ў працэсе антагенезу (гл. Фізіялогія раслін). Значную ролю ў развіцці анатоміі раслін адыгралі працы рус. батанікаў І.​В.​Баранецкага, С.​П.​Костычава, В.​Р.​Заленскага, В.​Ф.​Раздорскага, В.​Р.​Аляксандрава, В.​М.​Радкевіч, А.​А.​Яцэнка-Хмялеўскага, В.​К.​Васілеўскай, М.​Ф.​Данілавай і інш.

На Беларусі анатомія раслін развіваецца з 1930-х г. (К.​Г.​Рэнард, А.​Л.​Новікаў, С.​У.​Калішэвіч). Навук.-даследчая работа вядзецца ў БДУ, ін-тах біял. аддзялення АН Беларусі, Бел. с.-г. акадэміі, Гомельскім і Бел. тэхнал. ун-тах і інш. У 1954—66 выкананы работы па экалагічнай, параўнальнай і тэхн. анатоміі раслін (В.​Я.​Віхроў, Р.​Ц.​Пратасевіч, А.​С.​Самцоў). Вывучаецца зменлівасць анат. будовы дзікарослых і культурных раслін пад уплывам генет. і фізіял. фактараў, а таксама дрэвавых раслін пад уплывам экалагічных умоў, вырашаюцца пытанні палягання с.-г. культур (Н.​С.​Суднік, А.​В.​Пятрэнка, Пратасевіч, Т.​Ф.​Дзяругіна, Г.​А.​Новікава, А.​Р.​Тэн, А.​І.​Аляксеева, Н.​С.​Кісялёва і інш.). Даныя анатоміі раслін выкарыстоўваюць у аграноміі, тэхніцы, гісторыі культуры, археалогіі, прам-сці (харч., мэблевай, фармацэўтычнай, цэлюлозна-папяровай і інш.). Істотнае развіццё атрымліваюць эвалюцыйны і экалагічны кірункі вывучэння анатоміі раслін.

Літ.:

Киселева Н.С. Анатомия и морфология растений. 2 изд. Мн., 1976;

Эзау К. Анатомия семенных растений: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1980.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ НАСТА́ЎНІК ПРАФЕСІ́ЙНА ТЭХНІ́ЧНАЙ АДУКА́ЦЫІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася за выдатныя поспехі ў галіне прафес.-тэхн. адукацыі выкладчыкам тэхн., гар. і сельскіх прафес.-тэхн. вучылішчаў, інспектарам рэсп. і абл. упраўленняў прафес.-тэхн. адукацыі, якія маюць вышэйшую адукацыю і стаж работы ў сістэме не менш за 10 гадоў. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ал 30.8.1956, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. З 29.10.1971 устаноўлена званне заслужаны работнік прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларускай ССР.

Заслужаныя настаўнікі прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларускай ССР

1957. М.​Р.​Міхневіч, А.​Ф.​Мозерава, М.​Дз.​Пракоф’еў.

1965. М.​М.​Арэхаў, А.​П.​Балейка, У.​І.​Бараноўскі, В.​А.​Галанкова, Н.​М.​Гардзіенка, Я.​Я.​Грыгуць, М.​Ф.​Гукаў, В.​В.​Дамашова, Я.​Г.​Данільчык, І.​Д.​Дворкін, Л.​К.​Забалотнікава, М.​А.​Каліта, У.​І.​Крывашэеў, Я.​Р.​Курдзюкоў, М.​Х.​Лазараў, М.​А.​Лісыцын, Л.​В.​Натараў, У.​А.​Небальсін, Л.​М.​Панамарова. М.​Г.​Пераплётчыкаў, К.​Я.​Плаўнік, Р.​Ф.​Рэшчыкаў, Р.​М.​Смерціна, Н.​Л.​Смірнова, В.​Т.​Сувораў, Ф.​Я.​Шайдураў, У.​В.​Ягораў, І.​Б.​Якаўлеў, С.​М.​Яфімаў.

1967. У.​С.​Бішкірэвіч. М.​А.​Быкоўскі, У.​К.​Бычынаў, Л.​В.​Ведзянеева, Я.​І.​Верашчагін, М.​А.​Давыдзенка, М.​І.​Добін, Х.​А.​Котава, Р.​Р.​Кучук, А.​В.​Львоў, Дз.​Р.​Лявіцкі, Б.​А.​Міткін, В.​П.​Міхалковіч, С.​М.​Муркоў, Я.​С.​Пагарэлы, В.​І.​Пятрова, М.​І.​Раманаў, Я.​В.​Сікорская, А.​І.​Цітоў, С.​Я.​Шарупіч, П.​І.​Якімаў.

1968. А.​С.​Зайцаў, А.​І.​Куранцова, А.​Я.​Ларын, Ф.​К.​Латынцаў, Н.​М.​Лукошка, Г.​М.​Лявончанка, М.​Г.​Макулік, В.​П.​Марушчак, М.​П.​Новікава, Н.​Г.​Салаўёва.

1970. М.​П.​Аронаў, Г.​І.​Бацяноўская, Я.​С.​Бергер, А.​М.​Вацечкін, А.​А.​Камялькоў, Е.​К.​Мельнікава, С.​П.​Пархімовіч.

1971. А.​З.​Рыкаў, А.​Л.​Якубенка.

т. 6, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́МКАВІЧЫ,

вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., каля Цімкавіцкага вадасховішча, на скрыжаванні аўтадарог на Капыль, Нясвіж, Семежава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПдЗ ад г. Капыль, 136 км ад Мінска. 3 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 2009 ж., 910 двароў (2003). Унітарныя прадпрыемствы райаграпрамзабеспячэння, райпалівазбыт, аўтапарк № 21; з-д жалезабетонных вырабаў, лесагадавальнік, база мінер. угнаенняў. Сярэдняя школа імя К.Чорнага, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы пагранічнікаў, сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік у гонар 17-га Чырванасцяжнага Цімкавіцкага пагранатрада. Помнікі архітэктуры: капліца і брама-званіца (2-я пал. 19 ст.). Літ. музей імя К.​Чорнага.

Вядомы з 1499 у складзе Капыльскага княства ВКЛ. Уладанне Алелькавічаў, з 1585 Хадкевічаў, у 17 ст. Сапегаў, Палубінскіх, з канца 17 ст. — у 18 ст. Радзівілаў. З 16 ст. мястэчка. Паводле інвентара 1622, існавалі мястэчка і маёнтак Ц. У 17 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. У 1647 пабудаваны Цімкавіцкі касцёл святога Міхаіла. У 1670—51 дым, 4 вуліцы, млын, Ільінская царква, касцёл, некалькі корчмаў. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1863 адкрыта земскае нар. вучылішча. У 1886 у мястэчку 728 ж., 138 двароў, вучылішча. 2 царквы, касцёл, 2 яўр. малітоўныя школы, 6 заезных дамоў, 35 крам, нядзельны кірмаш; у сядзібе Ц. — бровар і піваварня. У пач. 20 ст. 1681 ж.; 323 двары, пошта; у маёнтку 63 ж. У 1909—14 у школе Ц. вучыўся, у 1920—22 працаваў К.Чорны. У 1917—2253 ж., 355 двароў, вышэйшае пач. вучылішча; у маёнтку 202 ж. З 20.8.1924 да 24.9.1926 і з 27.9.1938 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на. З 1938 вёска. У Вял. Айч. вайну дзейнічала падп. група, партызаны правялі Цімкавіцкую аперацыю 1942, у 1942 гітлераўцы загубілі ў Ц. 1018 ж., у 1944 часткова спалілі вёску.

Г.​М.​Новікава, В.​М.​Удальцоў (гісторыя).

т. 17, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)