СВІЦЯЗЯ́НСКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1970 для аховы унікальнага азёрна-ляснога комплексу. Пл. 1034 га. Знаходзіцца амаль у цэнтры Навагрудскага ўзвышша. Рэльеф узгорысты. Уключае воз. Свіцязь з прылеглым лясным масівам. Расліннасць падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць яловыя, хваёвыя, дубовыя і бярозавыя лясы, менш пашыраны асінавыя, альховыя, грабавыя. Растуць клён, ясень і пародыэкзоты — лістоўніца сібірская, дуб чырвоны, таполя лаўралістая. У флоры каля 300 відаў сасудзістых раслін, з якіх палушнік азёрны, лабелія Дортмана, прыбярэжнік аднакветкавы, купальнік горны, тлушчанка звычайная, лілея кучаравая, гідрыла кальчаковая, наяда гнуткая занесены ў Чырв. кнігу. На паўн. беразе воз. Свіцязь 2 векавыя дубы — помнікі прыроды, на паўд.зах. — група стараж. курганоў.

т. 14, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАКАРО́ТНЯ,

возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса, за 34 км на У ад г. Сянно. Пл. 1,75 км², даўж. 5,2 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі 12,3 км. Пл. вадазбору 194 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 10—15 м (на З да 20 м), на У і ПдУ выш. 4—5 м, пад хмызняком, часткова разараныя. Тэраса выш. 1,5 м. Берагі на Пн зліваюцца са схіламі, на Пд і З нізкія, на У участкамі сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае, астатняя ч. дна ілістая. Паласа надводнай расліннасці шыр. да 30 м, месцамі адсутнічае. Моцна зарастаюць зах. і ўсх. ч. возера. Расце ахоўны від флоры Беларусі — наяда марская. Праз С. цячэ р. Серакаратнянка.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРО́ ((Perrot) Жуль Жазеф) (18.8.1810, г. Ліён, Францыя — 24.8.1892),

французскі артыст балета, балетмайстар; прадстаўнік рамант. стылю. Вучыўся класічнаму танцу ў А.​Вестрыса. У 1830 дэбютаваў у Лондане. У 1830—35 выступаў у Парыжскай оперы. З 1834 гал. балетмайстар лонданскага Каралеўскага т-ра, дзе паставіў балеты «Аўрора», «Ундзіна, або Наяда» (абодва 1843), «Эсмеральда» (1844), «Эаліна, або Дрыяда» (1845), «Катарына, дачка разбойніка» (1846), «Чатыры пары года» (1848; усе Ц.​Пуні). У 1848 у Мілане паставіў балет «Фауст» Дж.​Паніцы, М.​Косты і Дж.​Баеці (т-р «Ла Скала»), У 1848—59 танцоўшчык і гал. балетмайстар у С.-Пецярбургу; ставіў балеты на сцэне пецярб. Вял. т-ра і выканаў у іх партыі Кола («Вайна жанчын, або Амазонкі дзевятага стагоддзя»), Зінгара («Газельда, або Цыганы»), Маркабомбы (аднайм. балет), Перыфета («Мармуровая прыгажуня»; усе Пуні) і інш. Сцвярджаў дзейсны характар танца, прыёмамі харэагр. пластыкі ствараў моцныя яркія сцэн. характары. Ставіў балеты на фантаст. сюжэты і ў жанры сац.-любоўнай драмы.

Т.​М.​Мушынская.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТЫПА́ (Марыус Іванавіч) (11.3.1818, г. Марсель, Францыя — 14.7.1910),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. На сцэне з 1838. Сярод партый: Феб («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Конрад («Карсар» А.​Адана) і інш. З 1847 жыў у Расіі. У 1855—87 выкладаў у Пецярб. тэатр. вучылішчы. З 1862 балетмайстар, у 1869—1903 гал. балетмайстар Пецярб. балетнай трупы. Паставіў больш за 60 балетаў, у т. л. «Карсар» (1863) і «Жызэль» (1884) Адана, «Дон Кіхот» (1869) і «Баядэрка» (1877) Л.​Мінкуса, «Наяда і рыбак» (1874) і «Канёк-Гарбунок» (1895) Пуні, «Лебядзінае возера» (1895) П.​Чайкоўскага (з Л.​Івановым). Вяршыня творчасці П. — пастаноўка балетаў «Спячая прыгажуня» Чайкоўскага (1890) і «Раймонда» А.​Глазунова (1898). Яго пастаноўкі вызначаліся майстэрствам кампазіцыі, зладжанасцю харэаграфічнага ансамбля, віртуознай распрацоўкай сольных партый. Стварыў сістэму балетнага акадэмізму, па-наватарску вырашыў праблему ўзаемадзеяння класічнага і характарнага танца, даў непераўзыдзеныя ўзоры абагульненай яго вобразнасці. Многія балеты з харэаграфіяй П. пастаўлены ў Нац. акад. т-ры балета Рэспублікі Беларусь.

Тв.:

Материалы. Воспоминания. Статьи. Л., 1971.

Літ.:

Красовская В. Русский балетный театр второй половины XIX в. М.; Л., 1963.

Т.​М.​Мушынская.

М.І.Петыпа.

т. 12, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)