Наяда 1/400; 3/476; 7/463

- » - малая 7/463 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАЯ́ДА,

лічынка насякомых, гл. ў арт. Німфа.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЯ́ДА (Najas),

род кветкавых раслін сям. наядавых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль усюды ў азёрах, старыцах, ліманах, на марскіх узбярэжжах. На Беларусі 2 віды Н.: вялікая (N. major) і марская (N. marina), занесеныя ў Чырв. кнігу. Аб’ект вывучэння біялогіі цвіцення і апылення падводных раслін. Паводле выкапнёвых рэшткаў Н. вызначаюць узрост геал. адкладаў. У акварыумах вырошчваюць таксама Н. каралеўскую, або Кінга (N. kingii), і грабеньчатую (N. pectinata).

Аднагадовыя, апушчаныя ў ваду травы з разгалінаваным ломкім сцяблом даўж. 8—60 см. Лісце лінейнае, у несапраўдных кальчаках. Кветкі дробныя, аднаполыя, адзіночныя. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Наяда вялікая.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФІЛІ́Я (ад гідра... + ...філія),

1) прыстасаванасць вышэйшых раслін да пераносу пылку вадой і апыленні кветак на паверхні вады або ў вадзе (гідрагамія). Уласціва відам узморніку, наяды, рагалісніку і інш. На Беларусі з гідрафільных раслін пашыраны рагаліснік апушчаны, наяда гнуткая, валіснерыя спіральная і інш. 2) У фізіялогіі — здольнасць тканак арганізма звязваць і ўтрымліваць ваду, перашкаджаючы яе выдаленню.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,21 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 5,1 м. Пл. вадазбору каля 1 км².

Схілы катлавіны разараныя, на У і ПнУ пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі сплавінныя. У цэнтры невял. востраў. Зарастае да глыб. 4 м; у флоры рэдкі для Беларусі від — наяда марская. На ПдЗ злучана ручаём з воз. Ясна.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБАРО́Ў, Крупелка,

геалагічнае агаленне адкладаў лоеўскага міжстадыялу і муравінскага міжледавікоўя ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Збароў, на левым беразе р. Дняпро; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Магутнасць азёрна-старычных (супескі, алеўрыты, мергель) адкладаў 2,3 м, якія агаляюцца на працягу 30 м. Адклады залягаюць у паніжэнні паверхні дняпроўскай марэны і перакрываюцца дэлювіяльнымі супескамі, змяшчаюць рэшткі выкапнёвых раслін (споры, пылок, насенне), сярод якіх выяўлены 75 відаў дрэў, хмызнякоў і травяністых раслін (хвоя, елка, лістоўніца, бяроза, вярба, бразенія, наяда, ірдзесты).

Г.​І.​Літвінюк.

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ГЗІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 28 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,67 км², даўж. 1,78 км, шыр. 690 м, найб. глыб. 9,3 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Схілы катлавіны выш. 10—17 м, на Пн і З нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Берагі на Пн і З сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае, глыбей за 2,5 м дно выслана сапрапелямі. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. каля 60 м, на зах. плёсе расце ахоўны від флоры ў Беларусі — наяда марская. Упадае ручай з воз. Какісіна, выцякае ручай Праскавея ў р. Дзіва.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІЦЯЗЯ́НСКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1970 для аховы унікальнага азёрна-ляснога комплексу. Пл. 1034 га. Знаходзіцца амаль у цэнтры Навагрудскага ўзвышша. Рэльеф узгорысты. Уключае воз. Свіцязь з прылеглым лясным масівам. Расліннасць падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць яловыя, хваёвыя, дубовыя і бярозавыя лясы, менш пашыраны асінавыя, альховыя, грабавыя. Растуць клён, ясень і пародыэкзоты — лістоўніца сібірская, дуб чырвоны, таполя лаўралістая. У флоры каля 300 відаў сасудзістых раслін, з якіх палушнік азёрны, лабелія Дортмана, прыбярэжнік аднакветкавы, купальнік горны, тлушчанка звычайная, лілея кучаравая, гідрыла кальчаковая, наяда гнуткая занесены ў Чырв. кнігу. На паўн. беразе воз. Свіцязь 2 векавыя дубы — помнікі прыроды, на паўд.зах. — група стараж. курганоў.

т. 14, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАКАРО́ТНЯ,

возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса, за 34 км на У ад г. Сянно. Пл. 1,75 км², даўж. 5,2 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі 12,3 км. Пл. вадазбору 194 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 10—15 м (на З да 20 м), на У і ПдУ выш. 4—5 м, пад хмызняком, часткова разараныя. Тэраса выш. 1,5 м. Берагі на Пн зліваюцца са схіламі, на Пд і З нізкія, на У участкамі сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае, астатняя ч. дна ілістая. Паласа надводнай расліннасці шыр. да 30 м, месцамі адсутнічае. Моцна зарастаюць зах. і ўсх. ч. возера. Расце ахоўны від флоры Беларусі — наяда марская. Праз С. цячэ р. Серакаратнянка.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРО́ ((Perrot) Жуль Жазеф) (18.8.1810, г. Ліён, Францыя — 24.8.1892),

французскі артыст балета, балетмайстар; прадстаўнік рамант. стылю. Вучыўся класічнаму танцу ў А.​Вестрыса. У 1830 дэбютаваў у Лондане. У 1830—35 выступаў у Парыжскай оперы. З 1834 гал. балетмайстар лонданскага Каралеўскага т-ра, дзе паставіў балеты «Аўрора», «Ундзіна, або Наяда» (абодва 1843), «Эсмеральда» (1844), «Эаліна, або Дрыяда» (1845), «Катарына, дачка разбойніка» (1846), «Чатыры пары года» (1848; усе Ц.​Пуні). У 1848 у Мілане паставіў балет «Фауст» Дж.​Паніцы, М.​Косты і Дж.​Баеці (т-р «Ла Скала»), У 1848—59 танцоўшчык і гал. балетмайстар у С.-Пецярбургу; ставіў балеты на сцэне пецярб. Вял. т-ра і выканаў у іх партыі Кола («Вайна жанчын, або Амазонкі дзевятага стагоддзя»), Зінгара («Газельда, або Цыганы»), Маркабомбы (аднайм. балет), Перыфета («Мармуровая прыгажуня»; усе Пуні) і інш. Сцвярджаў дзейсны характар танца, прыёмамі харэагр. пластыкі ствараў моцныя яркія сцэн. характары. Ставіў балеты на фантаст. сюжэты і ў жанры сац.-любоўнай драмы.

Т.​М.​Мушынская.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)