ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МОЎ,
працэс, у выніку якога з першасна адзінай мовы ўтвараецца дзве ці некалькі роднасных моў. Так, з адносна адзінай стараж.-рус. (усх.-слав.) мовы ўзніклі бел., рус. і ўкр. мовы, з народнай (вульгарнай) латыні — раманскія мовы (італьян., франц., ісп., партуг., рум. і інш.). Д.м. адбываецца на ўсіх узроўнях мовы, ахоплівае розныя складаныя з’явы (гукі, словы, грамат. правілы, стылістычныя мадэлі і інш.). Вынікае з своеасаблівасцей ўнутр. развіцця першасна адзінага матэрыялу ў розных рэгіёнах (напр., перад галосным «е» мяккімі сталі зычныя ў бел. і рус. мовах, цвёрдымі — ва ўкраінскай). Узаемазвязанасць моўных змен вядзе да паглыблення Д.м. Так, у бел. і рус. мовах націскны «е» пасля мяккага і не перад мяккім ператвараўся ў «о» («ё»), ва ўкр. мове такога ператварэння не адбылося, таму што зычны перад «е» заставаўся цвёрдым (напр., бел. «вясёлы», рус. «весёлый» — укр. «веселий»). Пэўная колькасць адрозненняў узнікала шляхам дастасавання зыходнага матэрыялу да асаблівасцей інш. моў, з якімі кантактавалі гаворкі першасна адзінай мовы (напр., пэўныя рысы рум. мовы, што адрозніваюць яе ад інш. раманскіх моў, узніклі пад уздзеяннем слав. і некаторых інш. гаворак балканскага арэала). Д.м. разам з інтэграцыяй моў разглядаюцца як асн. шляхі знешнелінгвістычнага развіцця моў.
А.Я.Супрун.
т. 6, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
скандава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., што і без дап.
Выдзяляць націскны склад у кожнай стэпе верша (пра манеру чытання грэчаскіх і лацінскіх вершаў); чытаць верш, падкрэсліваючы ў ім метр. Я верш пісаў, рука мая здранцвела. Язык знямеў, скандуючы радкі. Дзяргай. // Гучна і выразна вымаўляць словы, дзелячы іх на склады. З цеплахода адказваюць па-шведску, скандуюць — моцны голас гэты гучыць над затокай: Дзя-куй! Мележ. Людзі дружна і смела пачалі крычаць, падступаць да папа, махаць рукамі, а яшчэ праз хвіліну і скандаваць: — Па-рус-ку! Па-рус-ку! Карпюк.
[Лац. scandere.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Асму́скваць, асму́зкваць ’абрываць зярняты аўса, захапіўшы паміж пальцамі адно ці колькі каліваў’ (Янк. I). Магчыма, звязана з укр. мускати ’прыгладжваць’, польск. muckać ’дакранацца, гладзіць, датыкацца’ o(b)muskać ’далікатна ацірацца’; балг. мушкам ’даторквацца, націскаць, басці, калоць’. Брукнер (348) лічыў muskać выключна польскім, Младэнаў (Годишник, XIII–XIV, 1917–1918, 91–92) узводзіў яго да і.-е. *(s)meu̯‑ ’дакрануўшыся, прывесці ў рух’ (Покарны, 743, дае без s‑), параўн. лац. movere ’рушыць’ (Вальдэ-Гофман, 2, 116), магчыма, літ. mùšti ’ўдарыць’, mušnóti ’ціха абстукаць’. Улічваючы, што націскны ы ў дадзенай беларускай гаворцы пераходзіць у у (ДАБМ, к. 39), можна дапусціць сувязь з смыкаць (гл.), але пры гэтым няясна другое ‑с‑ (‑з‑ у запісе Янкоўскага). Супрун, Веснік БДУ, 1973, 2, 66.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НА́ЦІСК, акцэнт,
выдзяленне ў маўленні асобных элементаў мовы — складоў або слоў. Паводле асн. сродкаў выдзялення Н. бывае дынамічны (экспіраторны), колькасны і музычны. Пры дынамічным Н. элемент выдзяляецца памацненнем і павелічэннем напружанасці вымаўлення, пры колькасным — падаўжэннем выдзеленага элемента, пры музычным — павышэннем або паніжэннем тону голасу на выдзеленым элеменце. Націскны элемент часта выдзяляецца адначасова рознымі спосабамі. Бел. мове ўласцівы дынамічна-колькасны Н. Паводле элемента, які выдзяляецца, Н. бывае слоўны (выдзяляецца адзін склад у слове),
сінтагматычны, або тактавы (аб’ядноўвае словы сказа ў сінтагмы), фразавы, або лагічны (узмацняе сэнсавую нагрузку таго ці інш. слова ў сказе). Слоўны Н. бывае фіксаваны (заўсёды на адным складзе ад пачатку або ад канца слова, напр., у польск. мове на перадапошнім складзе) і свабодны (прыпадае на розныя склады ў словах, у бел. мове «ка́са» і «каса́»), Фіксаваны і свабодны Н. бывае рухомы (у розных формах аднаго слова або ў розных словах, утвораных ад аднаго кораня, пераходзіць з аднаго склада на другі) і нерухомы (заўсёды на адным складзе). Бел. лексіцы ўласцівыя рухомы («капа́ць — вы́капаць») і нерухомы («тво́р — тво́раў») Н. Апрача асноўнага, у некат. мовах бывае пабочны Н. (у бел. мове толькі ў складаных словах: «ле́санарыхто́ўка»). Службовыя словы самастойнага Н. не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да наступнага ці папярэдняга слова. У першым выпадку яны называюцца праклітыкамі («за⌒морам», «без⌒грошай»), а ў другім — энклітыкамі («знайшоў⌒жа», «прачытаць⌒бы»). Слоўны Н. адыгрывае значную ролю ў рытмічнай структуры вершаванай мовы. Н. вывучае фанетыка і акцэнталогія.
Літ.:
Івашуціч Я.М. Націск у дзеяслоўных формах сучаснай беларускай мовы. Мн., 1981;
Бірыла М.В. Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1986;
Дыбо В.А. Славянская акцентология. М., 1981;
Касевич В.Б. Фонологические проблемы общего и восточного языкознания. М., 1983;
Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск. Арфаэпія. Мн., 1991.
А.І.Падлужны.
т. 11, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)