ВО́ДПУСК ПА ЦЯЖА́РНАСЦІ І РО́ДАХ,

водпуск, які даецца жанчынам — работніцам, служачым, калгасніцам, студэнткам — у сувязі з цяжарнасцю і родамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь водпуск па цяжарнасці і родах даецца на 70 каляндарных дзён да родаў і 56 (у выпадках ускладненых родаў або нараджэння двух і больш дзяцей — 70) каляндарных дзён пасля родаў, з выплатай за гэты перыяд дапамогі па дзярж. сац. страхаванні. Водпуск вылічваецца сумарна і даецца жанчыне поўнасцю, незалежна ад колькасці дзён, фактычна выкарыстаных да родаў. Перад водпускам па цяжарнасці і родах або пасля яго жанчыне, па яе заяве, даецца штогадовы водпуск незалежна ад стажу работы ў дадзенага наймальніка, а таксама водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3-гадовага ўзросту з выплатай за гэты перыяд штомесячнай дзярж. дапамогі, памер і ўмовы выплаты якой устанаўліваюцца заканадаўствам. У выпадку неабходнасці наймальнік можа выдаваць цяжарным жанчынам пуцёўкі ў санаторыі і дамы адпачынку бясплатна або на льготных умовах, а таксама аказваць ім матэрыяльную дапамогу. Для жанчын названых катэгорый заканадаўствам прадугледжаны і іншыя перавагі і прававыя гарантыі.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКТЫ́ЎНЫ ДАГАВО́Р,

лакальны нарматыўны акт, які рэгулюе прац. і сац.-эканам. адносіны паміж наймальнікам і работнікамі, якія ў яго працуюць. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь, К.д. заключаецца на прадпрыемствах, ва ўстановах і арг-цыях усіх форм уласнасці і гаспадарання і іх адасобленых падраздзяленнях, а таксама ў прадпрымальнікаў, якія дзейнічаюць без утварэння юрыд. асобы. Бакамі ў К.д. з’яўляюцца прафсаюзы або інш. орган, што прадстаўляе інтарэсы работнікаў, і наймальнік ці яго паўнамоцны прадстаўнік. Змест К.д. вызначаецца бакамі ў межах іх кампетэнцыі, а таксама заканад. актамі ў прадугледжаных імі выпадках. К.д. можа мець палажэнні аб арганізацыі працы, нарміраванні, формах і сістэмах аплаты працы, памерах ставак і службовых акладаў, аб даплатах і надбаўках, працягласці рабочага часу і адпачынку, бяспецы працы і ахове здароўя работнікаў, унутр. прац. распарадку і дысцыпліне працы, буд-ве і размеркаванні жылля, арганізацыі санаторна-курортнага лячэння, стварэнні ўмоў для павышэння культ. і фіз. ўдасканалення работнікаў, адказнасці наймальніка за магчымую шкоду іх здароўю, інш. прац. і сац.-эканам. умовах. К.д. заключаецца ў пісьмовай форме, на тэрмін не менш як на 1 год і не больш як на 3 гады, падпісваецца прадстаўнікамі бакоў і рэгіструецца ў парадку, вызначаным урадам.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ра́нда і ранда́ ’арэнда’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц.), рэ́нда ’тс’ (Бяльк.), ’шынок’ (Нас., Касп.), сюды ж рандава́ць ’арандаваць’ (Нас.), ранда́р, ранда́тарнаймальнік, арандатар; карчмар’ (Нас., Байк. і Некр., Сержп. Прык., Юрч.). Праз польск. arenda, arendować (у сучаснай польскай мове часцей dzierżawa, dzierżawić, dzierżawca) з с.-лац. ar(r)endare < лац. reddō/reddere ’атрыманае аддаць’ > arrenda ’плата за год’ (Брукнер, 6; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 25). У беларускай мове вядомы таксама варыянт ланда́р (Сержп. Казкі) з распадабненнем зычных. Значэне ’шынок’, параўн. да гэтага укр. ора́нда ’тракцір’, рус. смал. ра́нда/ра́ндо ’кабак’, вынікае са спосабу ўтрымання такіх месц праз арандаванне (Фасмер, 3, 442). Барысава (Бел.-рус. ізал., 10–12) рэгіянальнае (бел.-смал.) ранда ’шынок, карчма’ лічыць семантычнай інавацыяй на базе літ. randá/rendá ’арэнда’, што цяжка давесці. Сюды ж рандо́ўля ’стан арэнды; здача ў арэнду’, рандоўства ’ўтрыманне арэнды’, рандо́ўшчык, рандо́ўшчыца ’арандатар, арандатарка’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гаспада́р, ‑а, м.

1. Уласнік, уладальнік каго‑, чаго‑н. Гаспадар кнігі. Гаспадар кватэры. Гаспадар фабрыкі. // Прыватны наймальнік. Гаспадар не хацеў задавольваць патрабаванні рабочых, пагражаў абвясціць лакаут. Лынькоў. // Селянін, уладальнік сялянскага двара, надзелу. Ніхто.. [Лаўрэна] не лічыў за гаспадара, а яго хату — за гаспадарку. Якімовіч. Пад самы лес бягуць шнуры, І брыюць спрытна, без заганы, Зялёны дол гаспадары. Колас.

2. (звычайна з азначэннем). Чалавек, які вядзе гаспадарку, займаецца гаспадарчымі справамі. Дбайны гаспадар. □ Навучыліся тут людзі працаваць.., адчуваць сябе добрымі, руплівымі гаспадарамі. Кулакоўскі.

3. Галава сям’і, дома. Мужчыны падалі адзін аднаму рукі, гаспадар — цвёрда і самаўпэўнена, госць — .. нясмела. Чорны.

4. Той, хто мае ўладу над кім‑, чым‑н.; паўнаўладны распарадчык. Гаспадар становішча. □ Кандрат Гуга быў больш-менш незалежным гаспадаром у сваім доме. Колас.

5. Разм. Муж. Вестка пра падзенне самаўладства ўсімі ўспрымалася як вестка пра канец вайны, пра тое, што да дзяцей вернуцца бацькі, да маці — сыны, да жонак — гаспадары. Лобан.

•••

Гаспадар свайго слова — пра чалавека, у якога слова не разыходзіцца са справай.

Сам сабе гаспадар гл. сам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,

частка нацыянальнага даходу, якая паступае ў індывід. спажыванне тых, хто працуе па найму. Адрозніваюць намінальную З.п. (сума грашовых сродкаў, атрыманых работнікам за выкананне работы на працягу пэўнага перыяду часу) і рэальную З.п. (тая колькасць тавараў і паслуг, якую можна за яе набыць). У залежнасці ад спецыфікі працы прымяняюць пагадзінную [аплата праводзіцца па тарыфных стаўках (акладах) адпаведна колькасці працы] і здзельную сістэму З.п. (аплата па фактычнай выпрацоўцы прадукцыі па здзельных расцэнках). У большасці краін мінімум З.п. ўстанаўліваецца законам.

Паводле працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.п. — гэта сукупнасць узнагароджанняў у грашовай або (і) натуральнай форме, якія атрымлівае работнік за фактычна выкананую работу, а таксама за перыяды. што ўключаюцца ў рабочы час. Мінім. З.п. з’яўляецца асновай для вызначэння памераў рэсп. тарыфаў аплаты працы, пенсій, стыпендый, дапамог і інш. сац. выплат. У калектыўных дагаворах, пагадненнях можа быць прадугледжаны больш высокі памер мінім. З.п. Максімальны памер З.п. не абмяжоўваецца. Рэсп. тарыфамі аплаты працы з’яўляюцца месячныя тарыфныя стаўкі і службовыя аклады, якія вызначаюць узроўні аплаты працы для канкрэтных прафесійна-кваліфікацыйных груп работнікаў бюджэтных устаноў і арг-цый, а таксама наймальнікаў, якія карыстаюцца дзярж. датацыямі. Інш. наймальнікі, калі гэта прадугледжана калект. дагаворамі ці пагадненнямі, абавязаны выкарыстоўваць рэсп. тарыфы для дыферэнцыяцыі аплаты працы работнікаў. Рэсп. тарыфы аплаты працы вызначаюцца ўрадам або інш. упаўнаважаным органам з удзелам прафсаюзаў. Аплата працы ажыццяўляецца, як правіла, на аснове тарыфных ставак (службовых акладаў), якія вызначаюцца ў калект. дагаворы або наймальнікам. На цяжкіх работах, работах са шкоднымі ўмовамі працы і работах у мясцовасцях з цяжкімі кліматычнымі ўмовамі ўстанаўліваецца павышаная аплата працы.

Формы, сістэмы і памеры аплаты працы работнікаў устанаўліваюцца наймальнікам на аснове калект. дагавора, пагадненняў і працоўнага дагавора; работнікаў дзярж. бюджэтных устаноў — у парадку, які вызначаецца ўрадам; у вышэйшых дзярж. органах — устанаўліваюцца законам. Наймальнік у лік атрыманага ім прыбытку можа ўстанаўліваць работнікам узнагароджанне па выніках гадавой работы. Памер узнагароджання вызначаецца з улікам вынікаў працы работніка і працягласці бесперапыннага стажу работы ў дадзенага наймальніка. Работнікі маюць права на частку прыбытку прадпрыемства ў выпадках, прадугледжаных заканад. актамі або статутам прадпрыемства. З.п. падлягае індэксацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Для забеспячэння выплат належнай работнікам З.п., гарантыйных і кампенсацыйных выплат наймальнікі абавязаны ствараць рэзервовы фонд З.п.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)