Капашы́цца ’шавяліцца, варушыцца’, ’бязладна, мітусліва рухацца’ (ТСБМ, Гарэц., Юрч., Растарг.), ’паволі рухацца, марудзіць’ (Растарг., Др.-Падб.), ’корпацца, важдацца, капацца’ (ТСБМ; брасл., пух., Сл. паўн.-зах.). Укр. копошитися, рус. копошиться, чэш. kopošiti se (якое аднак Махэк₂ (275) лічыць запазычаннем з рус. мовы). Паводле Трубачова (Эт. сл., 11, 23–24), прасл. kopošiti (), якое з’яўляецца этымалагічна тоесным да koposati//kopositi — дзеяслоўнага інтэнсіва на ‑s‑ ад kopati > капа́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; незак.

1. Хутка і бесперастанку перамяшчацца ў розных напрамках. У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат. // Бязладна і мітусліва рухацца; насіцца. Дзяўчына ў чоўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Маўр. Мітусіліся па ветры лянівыя сняжыны, садзіліся на твар, заляталі .. за каўнер шыняля. Галавач. // перан. Бязладна праносяцца, з’яўляцца і хутка знікаць у памяці. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. Лынькоў. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ.

2. Увіхацца, мітусліва рабіць што‑н. [Шымет] яшчэ некалькі гадзін мітусіўся каля згружанай цэглы, папраўляў клеткі, нешта пералічваў, перамерваў. Кулакоўскі. Сама .. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе пасадзіць гасцей. Шахавец.

3. Мільгацець перад вачамі. Цяпер не чытае стары, вочы не так добра бачаць, літары мітусяцца і расплываюцца. Крапіва. // у безас. ужыв. У вачах мітусілася, некаторых нават пачало нудзіць. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і гайса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Хутка і мітусліва рухацца, перамяшчацца ў розных напрамках. Ашалелы ад страху статак гайсаў па лужку. «Работніца і сялянка». Дзятва гойсала, кугікала і круцілася ля вогнішча. Каваль. // Раз’язджаць, бегаць у пошуках каго‑, чаго‑н. Гендарсан гайсаў на сваёй кабыле па вёсках, шукаў работніц капаць бульбу. Чарнышэвіч. // Хадзіць, бегаць дзе папала без пэўнай мэты. Ты ж тут не гойсай па вуліцы, а вучыся добра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кішэ́ць, ‑шыць; незак.

1. Мітусліва рухацца ў розных напрамках (пра мноства жывёлін, людзей). Незлічоныя мільёны мошак Аж кішаць у скошанай траве. Глебка. Мірыяды зялёных мух кішэлі ў нагрэтым паветры. Хомчанка.

2. кім. Быць перапоўненым мноствам жывых рухавых істот. Поле кішэла людзьмі, як мурашнік мурашкамі. Дуброўскі.

•••

Аж кішыць каго — вельмі многа. Аж кішыць рыбы, — пажартаваў Васіль. — А паспрабуй злаві каторую ўдзень, дык наседзішся... Савіцкі.

Кішма кішэць — тое, што і кішэць (у 1 знач.), толькі з адценнем узмацнення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тусня́ разм. ‘зборышча людзей па інтарэсах з мэтай абмену думкамі; хаўрус, зносіны, шырокая кампанія’ (Свабода, 2003, 12 лістап.), ‘таўкатня, суталака’: Мы неаддзеленыя ад жыцця, ад вялікай тусьні (Наша Ніва, 2011, 27 лют.); сюды ж тусо́ўка слэнг. ‘сустрэча моладзі з мэтаю баўлення часу’ (Рамза, Бел. гутарк.), ‘група людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі, кампанія’ (2004 г.), ‘любыя нефармальныя адносіны’ (1988 г.) (Улас.), тусава́цца ‘збірацца (аб кампаніі)’ (КТС). Калька пранікненняў з рускай мовы (тусо́вка ‘тс’, тусова́ться ‘тс’), якія ўзыходзяць да турэмна-блатнога жаргону: тусова́ть ‘біць, збіваць’, тусова́ться ‘збірацца’, ‘хутка адыходзіць, змывацца’, тусо́вка ‘бойка’, ‘скандал’ і ‘кампанія’, гл. Грачоў-Макіенка, Истор.-этим. сл., 163–166. Першапачаткова ад тасова́ть, тасо́вка (Арол, 4, 121), да семантыкі сучаснага слова параўн. смал. тусова́тьмітусліва, трывожна рухацца’, тусова́ться ‘многа рухацца’ (СРНГ), параўн. тасава́ць, тасува́цца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шавялі́цца, ‑вялю́ся, ‑ве́лішся, ‑ве́ліцца; незак.

1. Злёгку варушыцца, прыходзіць у рух пад уздзеяннем чаго‑н. Лісты дрэў ледзь шавеляцца і ціха шапацяць, хоць ветру зусім няма. Мыслівец. // Рабіць рухі, варушыць якімі‑н. часткамі цела. Параска стаяла тварам да сцяны, абапёршыся рукамі, і не шавялілася. Лобан. Чуллівыя тоўстыя губы хваравіта шавяліліся пад пушыстымі чорнымі вусамі. Паслядовіч.

2. Мітусліва перасоўвацца, знаходзіцца ў хаатычным руху. [Лёнька:] — Мы толькі слухалі, як .. [пчолы] шавеляцца і гудуць. Васілевіч.

3. перан. Праяўляць актыўнасць, ажыўляцца. Народ шавеліцца.

4. перан. З’яўляцца, узнікаць (пра думкі, пачуцці і пад.). Нейкі адказ на гэта пытанне як бы недзе шавяліўся ў Юзікавай галаве. Крапіва.

5. заг. шавялі́ся (шавялі́цеся). Разм. Ужываецца як прымус, пануканне да дзеяння ў значэнні: рабі (рабіце) што‑н. хутчэй, спяшайся (спяшайцеся), варушыся (варушыцеся). Хутчэй шавяліся!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кішэ́цьмітусліва рухацца ў розных напрамках’ (ТСБМ, Шат., Сл. паўн.-зах., Сержп., Нік. Напаў., КЭС, лаг.). Укр. кишіти, рус. кишеть ’тс’. Перш за ўсё гаворка пра насякомых, чарвей, змей. Адсюль параўнанне са ст.-чэш. ksenci (*kъš‑en‑ьcь) ’малькі, вывадак земнаводных’ (Зубаты, Studie, 1, 1, 33). Усходнеславянскія лексемы адпавядаюць прасл. kyšěti, якое генетычна суадносіцца з літ. kušė́ti ’кішэць’, kùšti ’пачаць рухацца (для масы жывых істот)’, kuštė́ti ’шавяліцца, варушыцца, развівацца’ (параўн. значэнне чэшскай паралелі), лат. kustêt ’рухацца, шавяліцца, варушыцца’ (Фасмер, 2, 242). У якасці іншых індаеўрапейскіх паралелей прапануюцца ст.-грэч. κυκάω ’змешваць, муціць, бурліць, мітусіцца’, κυκεών ’мешаніна’, κυκητής ’падбухторшчык’. Магчымасць супастаўлення прасл. kyšěti з літ. kušė́ti (ū: ) і ст.-грэч. κυκάω выцякае з рэгулярнасці суадносін x ∼ š ∼ k, што ў сваю чаргу сведчыць аб як адной з крыніц прасл. x. Прасл. kyšěti < *kyxěti, літ. š у kušė́ti з і.-е. , а k у старажытнагрэчаскіх формах пацвярджае гэту рэканструкцыю (Мартынаў, Слав. акком., 124–125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапята́ць ‘трымцець, дрыжаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), трыпыта́ты ‘лапатаць крыламі (пра птушак)’ (кобр., Жыв. НС), трапята́цца ‘пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць’ (ТСБМ, Нас.), ‘мігаць, мільгаць, няроўна гарэць (пра агонь)’ (ТСБМ), ‘дзейнічаць, імкнуцца штосьці зрабіць’ (ТСБМ, Юрч. СНЛ), ‘узмоцнена ў сполаху біцца (пра сэрца)’ (Юрч. Сін., Касп., Ян.), ‘моцна баяцца каго-небудзь’, ‘быць ахопленым непакоем’ (ТСБМ), перан. ‘жыць, існаваць’ (Нас., Ян.), ‘перабіраць ножкамі’ (Жд. 1); ‘адчуваць небяспеку (пра каня)’: конь трапе́ча, трапе́чыць, стрэ́пая вушамі (петрык., клім., іўеў., ЛА, 1), сюды ж трапата́цца: трапатаўся чырвоны сцяжок (Ю. Віцьбіч), ст.-бел. трепетати, трепетатися ‘дрыжаць, хвалявацца, баяцца’ (ГСБМ). Укр. трепета́ти, рус. трепета́ть ‘дрыжаць, трапятацца, матляцца, калаціцца, біцца’, польск. trzepiotać (się) (з XV ст.) ‘махаць крыламі’, ‘трэсціся’, ‘балбатаць’, з XVIII ст. trzepotać ‘хутка рухацца, выконваць хуткія рухі’, каш. třepotac ‘балбатаць, плявузгаць’, в.-луж. třepotać, třepjetać ‘дрыжаць, трэсціся’, чэш. třepetać, třepotać ‘махаць крыламі’, ‘узмахваць, махаць’, ‘дрыжаць, хістацца’, славац. trepotať (sa) ‘тс’, ‘грукатаць’, ‘развявацца (пра сцяг)’, ‘біцца (аб сэрцы, аб рыбе на зямлі)’, славен. trepetáti ‘трэсціся, дрыжаць, уздрыгваць’, харв. trepètati, серб. трепѐтати ‘дрыжаць’, балг. трептя́ ‘дрыжаць, матляцца, мігцець’, макед. трепети ‘дрыжаць, мігаць’, ст.-слав. трепетати ‘дрыжаць, трэсціся’. Прасл. *trepetati/*trepotati ‘інтэнсіўна выбіваць, трэсці, рухацца, размахваць’; звязана з *trepati > трапа́ць1 (гл.), ад якога ўтворана пры дапамозе суф. ‑et‑/‑ot‑, што абазначае гукаперайманне, роднаснае літ. trepùmas ‘спрытнасць’, ст.-грэч. τρέπω ‘паварочваю, схіляю’, лац. trepidāre ‘дробненька хадзіць’, ‘дрыжаць, уздрыгваць’, ‘мігаць, мільгацець’, ‘мітусліва спяшацца’, ‘баяцца’, ‘кідацца’, ст.-інд. tr̥práh̥ ‘неспакойны, мітуслівы’ < і.-е. *trep‑ ‘тупаць, дробна хадзіць, ступаць’, ‘перабіраць нагамі’ (Фасмер, 4, 99; Чарных, 2, 261; Брукнер, 583; Шустар-Шэўц, 1543; Скок, 3, 496–497; ЕСУМ, 5, 630). Сюды ж трапяткі́ ‘ахвочы да работы’ (Жд. 1), трапятлі́вы ‘рухавы, што без працы не пасядзіць’ (Варл.), трапяту́н ‘які знешне стараецца, а, па сутнасці, абыякава адносіцца да сваёй справы’ (Сцяшк. Сл.), ‘вельмі рухавы, вёрткі чалавек, здольны выкручвацца з непрыемнага становішча’ (Юрч., Вытв. сл.), ‘малое дзіця, якое перабірае ножкамі’ (Жд. 1), трапяту́ха ‘рухавая жанчына, старанная, працавітая, руплівая’ (лях., ЖНС; навагр., Жыв. НС; ганц., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трапята́нне ‘спосаб жыцця’, трапята́ннік ‘той, хто спрабуе штосьці зрабіць у жыцці’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кі́пець, ‑пця, м.

Разм. Тое, што і кіпцюр.

кіпе́ць, ‑плю́, ‑пі́ш, ‑пі́ць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні (пра вадкасці). У адным катле варыўся абед, у другім цэлы дзень кіпела вада. Чорны. / Пра пасудзіну, у якой кіпіць вадкасць. Чайнік кіпіць. Кіпіць самавар. // Даходзіць да стану кіпення; закіпаць. Вада кіпіць пры 100° па Цэльсію.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; ад чаго і без дап. Бурліць, віраваць, клекатаць (пра вадкасці ў халодным стане). Вада аж кіпела ад рыбы. Хомчанка. Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. // Іскрыцца, пеніцца (пра віно, піва).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Мітусліва рухацца, кішэць (пра мноства жывёл, насякомых і пад.). У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Бядуля. / у безас. ужыв. Чаек навокал аж кіпела. Карпаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праяўляцца, развівацца бурна, з сілай (пра пачуцці, перажыванні, думкі і пад.). Злосць кіпела. □ Думкі кіпяць, блытаюцца. Пянкрат. // Адбывацца, працякаць ажыўлена, імкліва, бурна (пра якую‑н. дзейнасць, падзею). Вой кіпеў. □ Работа цяпер кіпела: малоў млын, бровар гнаў спірытус, у гумнах ішла малацьба. Чарнышэвіч. Пасля мітынгу настаўнікі едуць прыгарадным цягніком у горад, дзе яшчэ кіпіць, бушуе вясновае сонечнае свята. Няхай.

5. перан.; чым і без дап. Быць узбуджаным, ахопленым якім‑н. пачуццём. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У Максіма кіпела на душы. Шамякін. // Працаваць многа, напружана, энергічна. — Іншы раз думаеш: кінь ты, Тарас, усё, пажыві спакойна. Не магу. Прывык кіпець. Асіпенка.

•••

Кроў (у жылах) кіпіць гл. кроў.

Як у катле (гаршку) кіпець — пра мітуслівы бесперапынны рух каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мітусліва рухацца. [Карась] кідаўся па днішчы лодкі і зяхаў жабрамі. Лобан. // Рассыпацца, разбягацца (пра многіх). Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў.

2. Разм. Жыць у беднасці, горы; перабівацца. Кідаецца, б’ецца Сцяпан: і ў сваёй гаспадарцы ўсё перарабіць і на людзей, як вол, варочае. Чарнышэвіч. // Гадавацца без патрэбных умоў, без належнага догляду. Дома дзед і бабка не вельмі былі рады лішняму роту, але ўжо калі з’явіўся чалавек на свет, дык нічога не паробіш, як-небудзь няхай кідаецца. Астрэйка.

кіда́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Кідаць у каго‑, што‑н. чым‑н. або адзін у аднаго. Кідацца снежкамі. □ Між парт гойсалі вучні, кідаліся шапкамі. С. Александровіч. // перан. Не даражыць кім‑, чым‑н. Кідацца грашамі. □ [Наталля:] Харошыя людзі не так часта трапляюцца, каб імі кідацца. Крапіва.

2. Спешна накіроўвацца, бегчы куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Выскаквалі з двароў дзеці, стрымгалоў кідаліся да калёс, крычалі на ўсе галасы: — Вяселле едзе! Лынькоў. Шэсць чалавек на конях кідаюцца на дарогу ў бок лясоў. Чорны. // Парывацца, імкнуцца да каго‑н. з якімі‑н. пачуццямі. Кідацца на шыю. □ Шалёхін парывіста ўстае, кідаецца да дзеда Талаша. Колас. // Нападаць, накідвацца на каго‑, што‑н. Сабака кідаецца на незнаёмага. □ Заўважыў Патапавіч вулей таму, што гулі пчолы і падчас кідаліся на чалавека. Кулакоўскі. // З прагнасцю брацца, прымацца за што‑н. Кідацца на ежу. □ — Здавалася б, адпачываць трэба, а ён кідаецца, як галодны, на работу. Чыгрынаў.

3. Тое, што і кідацца (у 1 знач.). Кідацца ў гарачцы. Кідацца ў сне.

4. (з інф. і са словамі, якія абазначаюць дзеянне). Паспешліва, імкліва пачынаць якое‑н. дзеянне. Кідацца дапамагаць. Кідацца ў спрэчку. □ [Толік] прычапіўся на вуліцы да Максіма, кідаўся біцца. М. Стральцоў.

5. Разм. Скакаць, падаць уніз. Мужчыны распраналіся ў лесе, пад дубамі, і з высокага абрыву кідаліся ў ваду. Шамякін. // Імкліва садзіцца, класціся. Рыгор кідаўся ў падушку і засыпаў. Гартны. [Коля] усх[оплі]ваўся, а пасля зноў кідаўся на ранейшае месца. Чорны.

6. Зал. да кідаць (у 1, 2 знач.).

•••

Кідацца словамі — гаварыць неабдумана, не адказваючы за свае словы.

Кідацца ў абдымкі да каго — наладжваць блізкія сяброўскія адносіны з кім‑н., выяўляць асаблівую прыхільнасць да каго‑н.

Кідацца ў амбіцыю — пакрыўдзіўшыся, выказваць нязгоду, незадавальненне.

Кідацца ў вочы — прыцягваць увагу, быць асабліва прыметным.

Кідацца ў істэрыку — выяўляць ва ўчынках і ў паводзінах вялікую нястрыманасць, узбуджанасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)