«ИСТОРИ́ЧЕСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

расійскі штомесячны гістарычны навукова-папулярны часопіс кансерватыўна-манархічнага кірунку. Выдаваўся ў 1880—1917 у Санкт-Пецярбургу на рус. мове. Выдаўцы: А.​С.​Суворын (да 1912) і Б.​Б.​Глінскі (1912—1917). Публікаваў артыкулы па рас. гісторыі, гісторыі рус. л-ры, геаграфіі і этнаграфіі, перакладныя раманы, мемуары і дзённікі. Быў багата ілюстраваны. Выйшла 147 тамоў.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЫЛО́Е»,

часопіс па гісторыі рэв. руху ў Расіі. Выдаваўся У.​Л.​Бурцавым у 1900—04 (№ 1—6) у Лондане, у 1908—12 (№ 7—14) у Парыжы, а таксама штомесяц у студз. 1906 — кастр. 1907 (32 нумары) і ў 1917—26 (35 нумароў, 32 кн.; рэдактары: В.Я.Багучарскі, П.​Е.​Шчогалеў і Бурцаў, В.​В.​Вадавозаў і Я.В.Тарле) у Пецярбургу на рус. мове. Яго замежнае выданне друкавала дакументы і матэрыялы пра дзейнасць «Народнай волі», «Матэрыялы для слоўніка палітычных ссыльных у Расіі», агляды вольнага рас. друку, мемуары В.М.Фігнер, Б.В.Савінкава, С.П.Каваліка і інш. У Пецярбургу друкаваліся артыкулы і даследаванні, біягр. нарысы і мемуары дзеячаў рэв. руху, пісьмы, дзённікі і інш. (у т. л. пра дзейнасць Бунда на Беларусі) па гісторыі грамадскага і рэв. руху канца 18 ст. — 1907 (першы легальны часопіс у Расіі з рэв. тэматыкай); выданне часопіса спынена з-за процідзеяння сав. улад і фін. цяжкасцей.

Літ.:

Лурье Ф.М. Хранители прошлого: Журнал «Былое»: история, редакторы, издатели. Л., 1990.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАМАРШЭ́ (Beaumarchais) П’ер Агюстэн Карон дэ

(24.1.1732, Парыж — 18.5.1799),

французскі драматург. Першыя п’есы «Яўгенія» (1767) і «Два сябры» (1770) напісаны ў традыцыях «мяшчанскай драмы». Бліскучы ўзор асветніцкай публіцыстыкі — «Мемуары» (1773—74), скіраваныя супраць каралеўскай юстыцыі. Вяршыня творчасці Бамаршэ — п’есы з трылогіі пра Фігаро «Севільскі цырульнік» (1775) і «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» (1785; пер. на бел. мову А.​Дудар, 1936), у якіх адлюстраваны канфлікт паміж трэцім саслоўем і дваранствам напярэдадні Франц. рэвалюцыі 1789—94, адноўлены традыцыі сатыр. камедый Мальера і А.​Р.​Лесажа, найбольш яскрава выяўлены тэндэнцыі асветніцкага рэалізму. У заключнай частцы трылогіі «Злачынная маці» (1794) на першы план выходзяць маральныя праблемы і традыцыі драмы сентыменталізму. Аўтар лібрэта оперы «Тартар» (1787). Выдаў поўны збор твораў Вальтэра (1784—89). На сюжэты камедый Бамаршэ напісаны оперы «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта (1786) і «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні (1816).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произведения Т. 1—2. М., 1966;

Драматические произведения;

Мемуары М., 1971.

Літ.:

Грандель Ф. Бомарше: Пер. с фр. 2 изд. М., 1985;

Пьер Огюстен Карон де Бомарше: Биобиблиогр. указ. М., 1980.

Г.​В.​Сініла.

П.А.К. дэ Бамаршэ.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭВО́ д’Экзіль

(Prévost d’Exiles) Антуан Франсуа (1.4.1697, г. Эдэн, Францыя — 25.11.1763),

французскі пісьменнік-асветнік, прадстаўнік ранняга сентыменталізму і ракако. Скончыў езуіцкі калеж (1713), стаў абатам. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Мемуары і прыгоды знатнага чалавека, які аддаліўся ад свету» (т. 1—7, 1728—31), «Англійскі філосаф, або Гісторыя Кліўленда, незаконнага сына Кромвеля, напісаная ім самім» (т. 1—8, 1731—39), «Кілерынскі ігумен» (1735), «Гісторыя адной грачанкі» (1740), «Мемуары добра выхаванага чалавека» (1745), у якіх паўстае шырокая панарама жыцця тагачаснай Францыі і Еўропы, ставяцца вострыя сац. праблемы. Вяршыня яго творчасці — раман «Гісторыя кавалера Дэ Грыё і Манон Леско» (1731, неаднаразова экранізаваны). Вобраз Манон — сімвал складанасці і таямнічасці чалавечай натуры, увасабленне горкага лёсу прыгажосці ў свеце саслоўнай няроўнасці і пагоні за багаццем. На сюжэт рамана напісаны балет Ф.​Галеві, оперы Ф.​Абера, Ж.​Маснэ, Дж.​Пучыні.

Тв.:

Рус. пер. — История кавалера де Грие и Манон Леско;

История одной гречанки;

Новеллы. М., 1989.

Літ.:

Пахсарьян Н.Т. Генезис, поэтика и жанровая система французского романа 1690—1760-х гг. Днепропетровск, 1996.

Г.​В.​Сініла.

т. 13, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗІ́М ((Vadim) Ражэ) (сапр. Плямяннікаў Ражэ Вадзім; н. 26.1.1928, Парыж),

французскі сцэнарыст і кінарэжысёр. Па паходжанні рускі. Адзін з пачынальнікаў франц. «новай хвалі». Фільмы Вадзіма адкрыта эпатажныя сваім «вызваленым эратызмам» («І бог стварыў жанчыну», «Небяспечныя сувязі», «Барбарэла»). Адкрыў для кінематографа Б.Бардо, якая пазней выконвала гал. ролі ў шэрагу яго фільмаў, і многіх інш. кіназорак. Здымае фільмы ў ЗША («Верная жонка»). Аўтар аўтабіягр. кніг «Д’ябальскія мемуары» і «Тры мае жонкі. Бардо, Дэнёў, Фонда».

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАГО́НЯ»,

грамадска-паліт. газета. Выдаецца з 1992 у Гродне на бел. мове. Выходзіла раз у 2 тыдні, з мая 1993 — раз у тыдзень, з ліп. 1997 два разы ў тыдзень. Друкуе матэрыялы на паліт., грамадска-сац., эканам. тэмы, асвятляе мясц. культ., канфесійнае, спарт. жыццё. Аддае ўвагу гіст. праблематыцы, змяшчае краязнаўчыя допісы, мемуары, успаміны дзеячаў бел. руху. Пастаянныя рубрыкі: «Грамадства», «Палітычная сцэна», «Сумежжа», «Вайна і людзі», «Лёсы», «Наш каляндар» і інш.

У.​І.​Хільмановіч.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНКЕ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.5.1891, с. Нікалаеўскі Гарадок Саратаўскай вобл., Расія — 16.9.1973),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1906. Першы зб. вершаў «Дзікая парфіра» (1912) у духу акмеізму. Аўтар паэмы «Машынная гарачая пара» (1931), зб-каў «Набор вышыні» (1937), «Праз навальніцы гадоў» (1962) і інш. Перакладаў творы Ф.​Фрэйліграта, В.​Гюго, У.​Уітмена, У.​Шэкспіра, сучасных паэтаў ЗША, Англіі, Іспаніі, Францыі, Балгарыі, Югаславіі, Аўстраліі і інш. (зб. «Паэты XX ст.», 1965; «Амерыканскія паэты», 1969).

Тв.:

Избранное. М., 1973;

Сказочная эра: Стихотворения, повесть, беллетрист. мемуары. М., 1994.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРО́ШФУКО́ ((La Rochefoucauld) Франсуа дэ) (15.9.1613, Парыж — 17.3.1680),

французскі пісьменнік. Дэбютаваў у 1659. Аўтар «Мемуараў» (1662, поўнае выд. 1817) і зб. афарызмаў «Разважанні, або Маральныя сентэнцыі і максімы» (1665), у якіх назіранні за жыццём і псіхалогіяй чалавека злучаюцца з глыбокім філас. абагульненнем, крытыкай палітыкі і побыту арыстакратычных колаў. Майстар афарыстычнага стылю, які вылучаецца надзвычайнай трапнасцю і дасціпнасцю. На бел. мову паасобныя максімы пераклаў А.​Асташонак.

Тв.:

Бел. пер. — Максімы // Далягляды, 1983. Мн., 1983;

Рус. пер.Мемуары. Максимы. Л., 1971.

Літ.:

Разумовская М.В. Ларошфуко, автор «Максим». Л., 1971.

Г.​В.​Сініла.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС МИНУ́ВШЕГО»,

расійскі гіст.-літ. часопіс ліберальна-народніцкага кірунку. Выдаваўся ў 1913—23 у Маскве на рус. мове. Да 1919 выходзіў штомесяц, потым нерэгулярна (усяго 65 нумароў). Друкаваў: даследаванні і матэрыялы па рас. і ўсеагульнай гісторыі, археалогіі, літаратуразнаўстве; мемуары, запіскі, дзённікі і пісьмы сучаснікаў; анатацыі на новыя гіст. і літ. працы; партрэты гіст. дзеячаў і інш. Сярод супрацоўнікаў выдання быў У.І.Пічэта. Пасля закрыцця часопіса сав. Ўладамі С.П.Мельгуноў і частка б. супрацоўнікаў выдавалі за мяжой у 1923—25 час. «На чужой стороне» (Берлін—Прага), у 1926—28 — «Голос минувшего на чужой стороне» (Парыж).

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КА́ТОРГА И ССЫ́ЛКА»,

гістарычны часопіс, орган Усесаюзнага т-ва б. паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў, які выдаваўся ў Маскве ў 1921—35. Асн. раздзелы: гісторыя рэв. руху ў Расіі; катарга, турма, ссылка і эміграцыя; некралогі; бібліяграфія; хроніка. Друкаваў даследчыя артыкулы (сярод аўтараў М.М.Дружынін, М.В.Нечкіна, Я.В.Тарле), мемуары, архіўныя матэрыялы. Ёсць публікацыі (пераважна ўспаміны) пра Цётку і А.Л.Бурбіса (1923, № 5), Курлоўскі расстрэл 1905 (1926, № 4), паўстанне 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве (1924, № 3) і інш. матэрыялы з бел. гіст.-рэв. тэматыкі. Рэдактары: У.​Дз.​Віленскі (Сібіракоў; 1923—27), Ф.​Я.​Кон (1927—29), І.​А.​Тэадаровіч (1929—35). Выйшла 116 нумароў.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)