МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР ІМЯ́ У.МАЯКО́ЎСКАГА Створаны ў 1922 як Маскоўскі т-р Рэвалюцыі. З 1943 наз. Маскоўскі т-р драмы, з 1954 сучасная назва. У 1922—24 т-р узначальваў У.Меерхольд (паст. «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Возера Люль» А.Файко, абодва 1923). З сярэдзіны 1920-х г. спектаклі ставілі рэжысёры розных школ, сярод пастановак: «Рэха» У.Біль-Белацаркоўскага (1924), «Чалавек з партфелем» Файко (1928). У 1930—35 гал. рэжысёр А.Папоў, які паставіў «Мой сябар» М.Пагодзіна (1932), «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра (1935). У 1939 А.Лабанаў паставіў «Таню» А.Арбузава. У 1943—66 гал. рэжысёр М.Ахлопкаў, які паставіў спектаклі «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Гамлет» У.Шэкспіра (1954), «Садоўнік і цень» Л.Лявонава (1957), «Медэя» Эўрыпіда (1961). З 1967 маст. кіраўнік А.Ганчароў, пастаноўкам якога ўласцівы яркая тэатр. форма, грамадз.-публіцыстычны пафас: «Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава (1969), «Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса (1970), «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага (1971), «Размовы з Сакратам» Э.Радзінскага (1975), «Бег» М.Булгакава (1978), «Заўтра была вайна» Б.Васільева (1985), «Захад» І.Бабеля (1988), «Гарбун» С.Мрожака (1992), «Ахвяра стагоддзя» паводле А.Астроўскага (1994) і інш. У розныя гады ў складзе трупы: М.Бабанава, Т.Васільева, Э.Вітарган, Ю.Глізер, Н.Гундарава, Т.Дароніна, А.Джыгарханян, Т.Карпава, І.Касталеўскі, А.Лазараў, Я.Лявонаў, С.Немаляева, Н.Русланава, У.Самойлаў, Я.Самойлаў, Б.Ценін, М.Штраўх і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАЛІ́НІ ((Pasolini) П’ер Паала) (5.3.1922, г. Балоння, Італія — 2.11.1975),
італьянскі пісьменнік, сцэнарыст, кінарэжысёр. Скончыў Балонскі ун-т. У л-ры пачынаў з паэзіі, якая вызначалася адкрытай публіцыстычнасцю (цыкл вершаў «Прах Грамшы», 1957; зб. «Паэзія ў форме ружы», 1964). У прозе пераважалі раманы з жыцця люмпен-пралетарыяту, якія вызначаліся натуралістычнасцю, спалучэннем сац. пратэсту з матывамі расчаравання і бесперспектыўнасці. Героі твораў — асуджаныя на пагібель адрынутыя грамадствам людзі, якія сваімі пакутамі выкупляюць грахі свету («Ліхія хлопцы», 1955; «Жорсткае жыццё», 1959; «Тэарэма», 1968, і інш.). Аўтар работ у галіне мова- і літ.-знаўства. З сярэдзіны 1950-х г. выступаў як кінасцэнарыст («Бурная ноч» паводле свайго рамана, рэж. М.Баланьіні, 1959, «Доўгая ноч 1943 года», рэж. Ф.Ванчыні, 1960, і інш.). З 1961 працаваў пераважна як рэжысёр у манеры, блізкай да неарэалізму. У фільмах (здымаў паводле ўласных сцэнарыяў, часта пісаў да іх музыку і выконваў ролі) працягваў праблематыку сваіх літ. твораў: «Жабрак» («Акатоне», паст. 1967, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1962), «Мама Рома» (1962), «Евангелле ад Матфея» (1964, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Птушкі — вялікія і малыя» (1966), «Цар Эдып» (1967), «Тэарэма» (1968), «Медэя», «Свінарнік» (абодва 1969), «Дэкамерон» (паводле Дж.Бакачыо, 1970, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (паводле Дж.Чосера, 1971, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1972), «Кветка тысячы і адной ночы» (1973, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) і інш. Здымаў дакумент. кіно. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Пазаліні з плоці і крыві» (1967, рэж. Дж.Б.Саларэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НЕ́КА (Луцый Аней) (Lucius Annaeus Seneca; каля 4 да н.э., г. Кордава, Іспанія — 65 н.э.),
старажытнарымскі філосаф, пісьменнік і дзярж. дзеяч. У 49—54 выхоўваў Нерона, пасля ўзыходу якога на прастол у 54 аказваў уплыў на праўленне імперыяй. Абвінавачаны Неронам у змове супраць імператара і па яго загадзе скончыў жыццё самагубствам. Філасофія С. эклектычная: заснавана на сінтэзе стаіцызму і вучэнняў Эпікура, кінікаў і інш. У асн.філас. працах «Маральныя лісты да Луцылія», «Аб дабрадзействах», «Аб міласэрнасці» прапанаваў праграму маральнага самаўдасканалення асобы, дасягнення стану незалежнасці ад знешніх абставін. Лічыў, што для дасягнення асабістага шчасця неабходна валодаць маральнай мудрасцю і такімі якасцямі, як пагарда да смерці і ўстрыманне. Прызнаваў наяўнасць дабратворнай божай волі і лічыў пакуты чалавека пры жыцці выпрабаваннямі Бога. Адстойваў ідэю роўнасці ўсіх людзей, у т. л. і рабоў. Верыў у бязмежны прагрэс чалавечых ведаў. У аснове натурфілас. поглядаў С. вучэнні стоікаў пра цялеснасць усяго існага і сусв. пажар як пакаранне за зямное зло. Яго светапогляд адлюстраваны ў 9 трагедыях («Медэя», «Эдып», «Фіест», «Федра», «Геркулес Вар’яцкі», «Агамемнан», «Траянкі», «Фінікіянкі», «Геркулес Этэйскі») на міфалагічныя сюжэты, дзе праводзіў думкі аб згубнасці моцных пачуццяў, вар’яцкім свавольстве дэспатыі, смерці як сродку выратавання ад зямнога зла. Трагедыі С. паўплывалі на далейшае развіццё драматургіі (У.Шэкспір, франц. класіцызм). На Беларусі ідэі С. развівалі Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны, Сімяон Полацкі і інш. Сугучныя С. ідэі выказвалі Г.Каніскі, які прызнаваў магчымасць дасягнення шчаслівага жыцця на зямлі, М.К.Сарбеўскі, С.Лаўксмін, Т.Брылевіч, якія гал. задачу філасофіі бачылі ў фарміраванні высокамаральнай асобы.