ВЯ́ЗЫНКА,

вёска ў Радашковіцкім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Мінск. За 40 км ад Маладзечна, 38 км ад Мінска. 428 ж., 181 двор (1997).

Фальварак Вязынка Мінскага пав. да 1815 належаў Пшаздзецкім, потым Замбржыцкім. У 1880—83 у С.​В.​Замбржыцкага фальварак арандаваў Д.​А.​Луцэвіч, у якога 7.7.1882 нарадзіўся сын Ян, будучы бел. паэт Янка Купала. У 1909 у фальварку 26 ж., 4 двары. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Радашковіцкім р-не. З 20.1.1960 у Маладзечанскім р-не. У 1972 б. фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі аб’яднаны ў адну вёску Вязынка.

Клуб, базавая школа. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Купалы Янкі літаратурнага музея філіял. Каля вёскі гарадзішча Вязынка.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯЛЕК «БАТЛЕ́ЙКА».

Створаны ў 1990 у г. Маладзечна Мінскай вобл. Заснавальнік і маст. кіраўнік у 1990—92 рэжысёр-лялечнік С.​Юркевіч. З 1992 маст. кіраўнік Г.​Карбаўнічая, у 1994—95 — Ю.​Сарычаў. Т-р арыентуецца на стараж. бел. мастацтва батлейкі, у падмурку якога традыцыі хрысц. духоўнасці. Працуе з рознымі сістэмамі лялек (марыянетка, трысцінавая, пальчаткавая, планшэтная, тантамарэска, шпянёвая), а таксама ў «жывым плане». У спектаклях выкарыстоўваюцца дэкарацыі, стылізаваныя ў адпаведнасці з афармленнем традыц. бел. батлейкі, а таксама нар., аўтэнтычныя сродкі выразнасці. Т-р імкнецца стварыць свой адметны, нац. рэпертуар. Сярод найб. значных пастановак: «Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» П.​Васючэнкі і С.​Кавалёва, «Піліпка і Ведзьма» і «Хохлік» Кавалёва, «Меч Анёла» І.​Сідарука, «Чароўны камень» В.​Лукшы, «Мая Іліяда» У.​Караткевіча, «Казкі з куфэрка» А.​Жугжды, «Пакінуты ўсімі» А.​Ляляўскага, «Казкі Несцеркі» і «Сіняя світа» А.​Туравай, «Доктар Айбаліт» У.​Карастылёва і інш. У розны час у т-ры працавалі рэжысёры М.​Андрэеў, Жугжда, В.​Калядзіч, Ляляўскі, В.​Шылкоўскі; гал. мастак — В.​Рачкоўскі. Т-р удзельнічаў у міжнар. фестывалях т-раў лялек Беларусі (1993, 1995, 1999), у Германіі (1992, 1993), Італіі (1996, 1997), Польшчы (1999).

С.​Ф.​Юркевіч.

Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» (Маладзечна). Сцэна са спектакля «Доктар Айбаліт» У.​Карастылёва.
Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» (Маладзечна). Сцэна са спектакля «Хохлік» С.​Кавалёва.

т. 10, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́НІЧЫ,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПдУ ад Маладзечна, 50 км ад Мінска, 11 км ад чыг. ст. Уша. 328 ж., 116 двароў (1997). Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАША́НЫ,

вёска ў Мінскім р-не, каля аўтадарогі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПнЗ ад Мінска, 6 км ад чыг. ст. Беларусь. 539 ж., 192 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УША́,

рака ў Валожынскім і Маладзечанскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Вілія (бас. р. Нёман). Даўж. 75 км, пл. вадазбору 780 км². Пачынаецца на ПнЗ ад в. Будраўшчына Валожынскага р-на, цячэ па паўн.-зах. схілах Мінскага ўзв., упадае ў р. Вілія за 1,8 км на Пн ад в. Заскавічы Валожынскага р-на. Асн. прытокі: Гадзея (злева), Цна (справа). Даліна ў вярхоўі трапецападобная, шыр. 0,6—1 км, у сярэднім цячэнні невыразная, у ніжнім — скрынкападобная, схілы спадзістыя і сярэдне стромкія. Пойма роўная, пад лугам, шыр. 400—700 м, ніжэй г. Маладзечна шыр. 4—5 км, перасечана асушальнымі каналамі, куп’істая. Рэчышча звілістае, месцамі каналізаванае, шыр. 10—15 м. Ледастаў ад канца снеж. да канца сакавіка. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 40% гадавога сцёку. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6 м³/с. На рацэ г. Маладзечна.

т. 16, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗЕЎШЧЫНА,

вёска ў Красненскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 22 км ад Маладзечна, 70 км ад Мінска, 5 км ад чыг. ст. Уша. 433 ж., 137 двароў (1996). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Мемарыяльны комплекс нар. славы.

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫНАБУДАВА́ННЯ ЭЛЕКТРО́ННАГА НДІ (НДІЭЛМАШ) Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1988 у г. Маладзечна як Усесаюзны НДІ машынабудавання для сілавых і паўправадніковых прыбораў. З 1992 НДІЭЛМАШ. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка энергазберагальных тэхналогій (укараненне частотнарэгулюемых электрапрыводаў на прадпрыемствах Беларусі); распрацоўка апаратуры перадачы даных для кіравання электрапрыводамі да прамысл. абсталявання.

т. 10, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРЫ́ШКІ,

вёска ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Заслаўе—Радашковічы; чыг. ст. (Радашковічы) на лініі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета. За 37 км на ПнЗ ад Мінска. 1844 ж., 628 двароў (2001). Пуцявая машынная станцыя № 71. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ЛАВА,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. Раз’езд на чыг. лініі Маладзечна—Ліда. За 23 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 96 км ад Мінска, 7 км ад чыг. ст. Палачаны. 403 ж., 140 двароў (1996).

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1443 як прыватнаўласніцкі маёнтак з касцёлам. У канцы 16 ст. ў Ашмянскім пав. ВКЛ. Належаў А.​Фурсу, Астравухам, Гансеўскім, Коцелам, Свентаржыцкім, Ахматовічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Вілейскім пав. У 1866 пабудавана Феадосьеўская царква, працавала школа. Побач з вёскай выяўлены гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганы 9—10 ст., раскопкі якіх у 1854 праводзіў А.Кіркор. У 1906—07 Гарадзілава наведваў Я.​Купала. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У 1970 — 225 ж., 51 двор.

Цэх па вырабе мясных прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Феадосьеўская царква.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯНЦЯ́НСКІ ПРАРЫЎ 1915,

наступальная аперацыя германскіх войск супраць рас. войск Зах. фронту 9.9—2.10.1915 у 1-ю сусв. вайну 1914—18. Пасля няўдалай спробы акружыць 10-ю рус. армію і ўзяць Вільню (жн. 1915) герм. войскі 9 вер. пачалі новае наступленне на г. Свянцяны і 10 вер. прарвалі фронт. Кав. група (6 дывізій) пранікла ў тылы рас. войск, захапіла Вілейку (14 вер.) і падышла да Маладзечна. Асобныя часці групы дайшлі да Барысава, а атрад конных егераў пашкодзіў чыгунку каля Смалявіч. Рас. войскі пакінулі Вільню, але немцы замацаваць поспехі не змаглі. Наступленне варожай кавалерыі 16—17 вер. было спынена 2-й рус. арміяй і ў ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні яна была разбіта. Пасля 10-дзённых баёў (да 2 кастр.) герм. войскі адступілі ў раён азёр Нарач—Свір. С.п. — апошняя аперацыя манеўровага перыяду вайны на рас.-герм. фронце, пасля якой абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны.

М.​І.​Камінскі.

т. 14, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)