ПЮВІ́ ДЭ ШАВА́Н ((Puvis de Chavannes) П’ер) (14.12.1824, г.Ліён, Францыя — 24.10.1898),
французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў А.Шэфера і Т.Куцюра. Зазнаў уплывы Ж.А.Энгра, Т.Шасерыо, італьян. Ранняга Адраджэння. Распрацаваў своеасаблівы варыянт сімвалізму, заснаваны на сінтэзе маст. прыёмаў Ранняга Адраджэння і класіцызму. Работам характэрны ўрачысты лінейны рытм, абагульненыя, умоўна трактаваныя фігуры, аб’яднаныя ў статычныя ўраўнаважаныя групы, тонка стылізаваныя пейзажныя фоны, што нагадваюць ідылічныя ўяўленні пра «залаты век» чалавецтва. Колеравая гама пабудавана на спалучэнні прыглушаных жамчужных тонаў. Сярод твораў: манум. пано «Мір», «Вайна», «Праца», «Адпачынак» (усе 1861—63), «Свяшчэнны гай» (1884), размалёўкі «Жыццё Святой Жэнеўевы» ў Пантэоне (1874—98), «Навукі і Мастацтвы» ў Сарбоне (1887—89) у Парыжы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕ́Р ((Ampere) Андрэ Мары) (22.1.1775, г.Ліён, Францыя — 10.6.1836),
французскі фізік і матэматык, адзін з заснавальнікаў класічнай электрадынамікі. Чл. Парыжскай (1814), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай (1830) і інш.АН. Атрымаў дамашнюю адукацыю. З 1805 у Політэхн. школе ў Парыжы (з 1809 праф.), з 1824 праф. Калеж дэ Франс. Сфармуляваў правіла для вызначэння напрамку адхілення магн. стрэлкі токам (правіла Ампера); адкрыў законы ўзаемадзеяння эл. токаў і эл. току з магн. полем (гл.Ампера закон). Пабудаваў тэорыю магнетызму, у аснове якой ляжыць гіпотэза пра кругавыя эл. токі, эквівалентныя плоскім элементарным магнітам. Аўтар прац па тэорыі імавернасцяў, па дастасаванні варыяцыйнага вылічэння да задач механікі, па пытаннях матэм. аналізу. Вынайшаў камутатар і эл.-магн. тэлеграф.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времён до начала XX в.). М., 1989. С. 313—324.
французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1953), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1966), Лонданскага каралеўскага т-ва (1966). Замежны чл.АНСССР (1958). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1928). З 1928 у Страсбурскім ун-це (з 1937 праф.), у 1945—76 у Грэнобльскім ун-це, адначасова ў 1956—70 дырэктар Цэнтра ядз. даследаванняў у Грэноблі, дырэктар (з 1954) і прэзідэнт (з 1970) Нац.політэхн. ін-та. Навук. працы па тэорыі магнетызму. Тэарэтычна абгрунтаваў існаванне антыферамагнетызму (1932) і т-ры, пры якой ён знікае (гл.Нееля пункт). Распрацаваў тэорыю антыферамагнетызму, стварыў агульную тэорыю ферытаў. У 2-ю сусв. вайну прапанаваў метад аховы караблёў ад магн.мін. Працы па палеамагнетызме спрыялі пацвярджэнню тэорыі дрэйфу кантынентаў і тэорыі тэктанічных пліт. Нобелеўская прэмія 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРО́ ((Perrot) Жуль Жазеф) (18.8.1810, г.Ліён, Францыя — 24.8.1892),
французскі артыст балета, балетмайстар; прадстаўнік рамант. стылю. Вучыўся класічнаму танцу ў А.Вестрыса. У 1830 дэбютаваў у Лондане. У 1830—35 выступаў у Парыжскай оперы. З 1834 гал. балетмайстар лонданскага Каралеўскага т-ра, дзе паставіў балеты «Аўрора», «Ундзіна, або Наяда» (абодва 1843), «Эсмеральда» (1844), «Эаліна, або Дрыяда» (1845), «Катарына, дачка разбойніка» (1846), «Чатыры пары года» (1848; усе Ц.Пуні). У 1848 у Мілане паставіў балет «Фауст» Дж.Паніцы, М.Косты і Дж.Баеці (т-р «Ла Скала»), У 1848—59 танцоўшчык і гал. балетмайстар у С.-Пецярбургу; ставіў балеты на сцэне пецярб.Вял.т-ра і выканаў у іх партыі Кола («Вайна жанчын, або Амазонкі дзевятага стагоддзя»), Зінгара («Газельда, або Цыганы»), Маркабомбы (аднайм. балет), Перыфета («Мармуровая прыгажуня»; усе Пуні) і інш. Сцвярджаў дзейсны характар танца, прыёмамі харэагр. пластыкі ствараў моцныя яркія сцэн. характары. Ставіў балеты на фантаст. сюжэты і ў жанры сац.-любоўнай драмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́НА (Rhône),
рака ў Швейцарыі і Францыі. Даўж. 812 км, пл. басейна 98 тыс.км². Пачынаецца з Ронскага ледавіка ў Лепіцінскіх Альпах. Цячэ цераз Жэнеўскае воз., па Ронскай нізіне, упадае 2 рукавамі ў Ліёнскі зал. Міжземнага м., на З ад г. Марсель утварае дэльту (пл. больш за 12 тыс.км²). Гал. прытокі: Эн, Сона, Ардэш (справа), Ізер, Дзюранс (злева). У верхнім і сярэднім цячэнні жывіцца талымі водамі ледавікоў і снежнікаў. У правых прытоках пераважае дажджавое жыўленне. Да самага вусця Р. захоўвае рысы альпійскага рэжыму. Летняя паводка і зімовая межань. Р. — самая мнагаводная рака Францыі. Сярэдні гадавы расход каля вусця 1780 м³/с. На Р. і яе прытоках Ізер і Дзюранс каскады ГЭС (каля 70% агульнай магутнасці ГЭС Францыі). Суднаходная ад вусця р. Эн. Цераз р. Сона і шматлікія каналы злучана з рэкамі Рэйн, Мозель, Марна, Сена, Луара. У абход дэльты пабудаваны суднаходны канал ад г.Арль да Марселя. Выкарыстоўваецца для арашэння. На Р. — гарады Жэнева (Швейцарыя), Ліён, Валанс, Авіньён, Арль (Францыя).