О́ПЕРА-БАЛЕ́Т (франц. opera-ballet),

музычна-тэатральны жанр. Склаўся ў Францыі на мяжы 17—18 ст. Яе вытокі ў прыдворным балеце 16 ст., камедыях-балетах, створаных Ж.​Б.​Люлі разам з Мальерам і інш. О.-б. вылучаюцца маляўнічасцю і дэкаратыўнасцю. Звычайна ўключаюць пралог і 3—4 карціны, сюжэтна амаль не звязаныя, падпарадкаваныя толькі агульнай ідэі твора, у іх танцы чаргуюцца з рэчытатывамі, арыямі, ансамблямі і інш. опернымі формамі. У адрозненне ад прыдворных балетаў і лірычных трагедый з алегарычнымі і міфал. сюжэтамі ў О.-б. часта ўвасоблены вобразы рэальных асоб. Найб. яскравыя ўзоры О.-б. створаны А.​Кампра («Галантная Еўропа», 1697; «Каханне Марса і Венеры», 1712), Ж.​Ф.​Рамо («Галантная Індыя», 1735; «Святкаванні Гебы», 1739, і інш.). Сярод твораў 19—20 ст.: «Перамога Вакха» А.​Даргамыжскага (1848), «Млада» М.​Рымскага-Корсакава (1890), «Снежная каралева» М.​Раўхвергера (1965), «Тэатр цудаў» Г.​В.​Генцэ (1948, 2-я рэд. 1965), «Давід Сасунскі» Э.​Аганесяна (1976), «Вій» В.​Губарэнкі (1980). На Беларусі О.-б. ставіліся ў прыватнаўласніцкіх т-рах сярэдзіны 18 ст., у т. л. «Шчаслівае няшчасце» Ф.​У.​Радзівіл у Нясвіжскім т-ры Радзівілаў (1752).

т. 11, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВЕРТЫСМЕ́НТ (франц. divertissement літар. забава, развесяленне),

1) устаўныя, пераважна вак.-харэаграфічныя нумары, у драм., оперных і балетных спектаклях у 17—19 ст. Выконваліся паміж актамі спектакля, як правіла, не былі звязаны з яго сюжэтам.

2) Праграма з нумароў розных жанраў (папулярныя арыі, куплеты, танцы, камічныя маналогі і сцэнкі і інш.). З 17 ст. паказвалася ў драм. т-ры пасля заканчэння асн. п’есы.

3) Устаўная муз.-харэаграфічная кампазіцыя (балетная сюіта) унутры опернага ці балетнага спектакля. Уключаецца звычайна для паказу выканальніцкіх магчымасцей салістаў, раскрыцця асн. рыс вобразаў, якія ўвасабляюцца. Вядомы з 17 ст., сустракаюцца і ў 19—20 ст. (рысы дывертысментнасці ёсць у оперы «Кветка шчасця» А.​Туранкова, балетах «Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера, «Выбранніца» Я.​Глебава і інш.).

4) 3 17 ст. інстр. і вакальныя муз. творы развесяляльнага характару. З 18 ст. адна з цыклічных формаў інстр. музыкі для камернага ансамбля ці аркестра і для аднаго інструмента (І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт і інш.). Спалучае рысы санаты і сюіты, блізкі да серэнады, касацыі, накцюрна. Узнік у камедыі-балеце, камічных операх 17—18 ст. (Ж.​Б.​Люлі, Ж.​Ф.​Рамо, К.​В.​Глюк), вядомы і ў больш позніх шматактовых операх і балетах.

5) Свабодная інтэрмедыя ўнутры фугі (у замежнай муз. тэорыі).

т. 6, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬЕ́Р [Molière; сапр. Паклен (Poquelin) Жан Батыст; 15.1.1622, Парыж — 17.2.1673],

французскі драматург; найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму, стваральнік жанру «высокай камедыі», якая паклала пачатак новаму этапу развіцця франц. і сусв. драматургіі. Скончыў Клермонскі калеж (1639). Адзін з заснавальнікаў «Бліскучага тэатра» (1643, Парыж). У 1645—58 з трупай вандроўных камедыянтаў раз’язджаў па франц. правінцыі. Першыя камедыі «Шалёны» (паст. 1655), «Любоўная сварка» (паст. 1656) заснаваны на традыцыях італьян. камедыі дэль артэ і франц. нар. фарса. П’еса «Цырымонлівыя паненкі» (паст. 1659) скіравана супраць прэцыёзнага, манернага і надуманага мастацтва. У блізкай да фарса камедыі «Школа мужоў» (паст. 1661) і першай «высокай камедыі» «Школа жонак» (паст. 1662) выступіў супраць сямейнага дэспатызму, у абарону натуральнага пачуцця. Свае эстэт. і грамадз. прынцыпы выклаў у п’есах «Крытыка «Школы жонак» і «Версальскі экспромт» (абедзве паст. 1663). Вяршыня яго творчасці — камедыі «Тарцюф» (паст. 1664), «Дон Жуан» (паст. 1665), «Мізантроп» (паст. 1666), «Скупы» (паст. 1668), «Мешчанін у дваранах» (паст. 1670), «Хітрыкі Скапэна» (паст. 1671), «Прытворнахворы» (паст. 1673) і інш., у якіх выкрываецца душэўная фальшывасць і рэліг. ханжаства, крывадушнасць і хцівасць, прыкрытыя ідэямі хрысціянства, патрыятызму, нар. карысці. Развіваючы традыцыі нар. тэатра, М. дасягнуў сапр. рэалізму пры стварэнні вобразаў людзей з народа (слугі Сганарэль, Маскарыль і інш.), галерэі «вечных тыпаў» (Тарцюф, Дон Жуан, Гарпагон і інш.). Аўтар камедый балетаў на музыку Ж.​Б.​Люлі: «Надакучлівыя» (1661), «Шлюб пад прымусам» (1664), «Спадар дэ Пурсаньяк» (1669) і інш. На Беларусі ўпершыню п’есы М. паст. ў Нясвіжскім т-ры Радзівілаў, перакладзеныя і пераробленыя для т-ра У.​Радзівіл («Цырымонлівыя паненкі», 1749; «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», усе 1751; «Лекар паняволі», 1752; «Маскарыль», 1756). На бел. сцэне ставіліся спектаклі: «Мешчанін у дваранах» (Бел. т-р імя Я.​Купалы, 1924, 1967, пер. Ю.​Гаўрука), «Жорж Дандэн» (т-р імя Я.​Купалы, 1926; Гродзенскі абл. драм. т-р, 1979), «Цырымонлівыя паненкі» (т-р імя Я.​Купалы, 1926), «Шлюб пад прымусам» (т-р імя Я.​Купалы, 1926), «Тарцюф» (Бел. ТРАМ, 1934; Дзярж. рускі драм. т-р, 1935; т-р імя Я.​Купалы, 1987), «Скупы» (т-р імя Я.​Купалы, 1937), «Хітрыкі Скапэна» (Бел. рэсп. т-р юнага гледача, 1940; рускі драм. т-р, 1955), «Лекар паняволі» (Бел. т-р імя Я.​Коласа, 1940), «Прытворнахворы» (Гомельскі абл. драм. т-р, 1973), «Школа жонак» (Гродзенскі абл. драм. т-р, 1986), «Нежанаты мнагажэнец» (т-р імя Я.​Купалы, 1993, пер. Р.​Барадуліна, своеасаблівая пераробка камедыі «Спадар дэ Пурсаньяк»).

Тв.:

Рус. пер.Полн. собр. соч. Т. 1—3. М., 1985—87.

Літ.:

Бояджиев Г.Н. Мольер: Ист. пути формирования жанра высокой комедии. М., 1967;

Бордонов Ж. Мольер: Пер. с фр. М., 1983;

Булгаков М.А. Жизнь господина де Мольера. [4 изд]. М., 1991;

Барысава Т.Ц. Мальер на беларускай сцэне. Мн., 1972.

Г.​В.​Сініла, Г.​М.​Малей.

Мальер.

т. 10, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКЛАСІЦЫ́ЗМ (ад неа... + класіцызм),

у шырокім сэнсе — прадаўжэнне эстэт. прынцыпаў класіцызму ў новых умовах развіцця маст. культуры; у больш вузкім сэнсе — стылістычны прыём, заснаваны на выкарыстанні ў л-ры, музыцы, архітэктуры, тэатр. і выяўл. мастацтве міфалагічных вобразаў і матываў, ант. тэм і сюжэтаў.

У літаратуры тэндэнцыі і плыні Н. ўзніклі ў Расіі і Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. (ант. міфалагічная вобразнасць у паэзіі І.​В.​Гётэ, А.​Пушкіна, А.​Майкава, К.​Бацюшкава, франц. «парнасцаў» Т.​Гацье, Ш.​М.​Леконта дэ Ліля), а ў больш апасродкаваных і пераўтвораных формах — у канцы 19 — пач. 20 ст. (творчасць І.​Аненскага, К.​Бальмонта, В.​Брусава, В.​Іванава, М.​Цвятаевай і інш.). Паэзія Н. шырока выкарыстоўвае маст. традыцыі антычнасці, Адраджэння і класіцызму, прасякнута жыццялюбствам, культам розуму і прыгажосці, у ідэйна-эстэт. плане звычайна проціпастаўлена натуралізму, сац.-паліт. ці быт. утылітарызму, маст. прымітывізму. У сваіх крайніх формах гэтыя тэндэнцыі пад уплывам літ. канцэпцый перамяжоўваюцца з тэорыямі «чыстай красы», «мастацтва дзеля мастацтва» (франц. і рус. сімвалізм, маст. акадэмізм, асобныя тэндэнцыі ў імпрэсіянізме і інш.). Н. звычайна засяроджвае ўвагу на т.зв. «вечных» праблемах жыцця, сцвярджае абсалютнасць маральных і эстэт. крытэрыяў, у процілегласць дэкадэнцтву і мадэрнізму арыентуецца на стылявую і сюжэтна-кампазіцыйную выразнасць, моўную пластычнасць. У бел. л-ры стылістычныя прыёмы Н. творча выкарыстоўваў М.​Багдановіч, які распрацаваў класічныя формы верша, чым узбагаціў нац. л-ру здабыткамі сусв. паэтыкі. У 1930 — пач. 1950-х г. пад уплывам вульгарнага сацыялагізму тэндэнцыі Н. набылі форму одапісальніцтва і параднасці ў л-ры. У сучаснай бел. паэзіі асобныя элементы Н. выкарыстоўваюцца як стылістычны прыём.

У музыцы Н. узнік як супрацьпастаўленне рамант. суб’ектыўнасці імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і верызму, спроба вярнуць муз. мастацтву дысцыпліну думкі і яснасць мовы, уласцівыя старым стылям. Для Н. ўласцівы зварот пераважна да маст. прынцыпаў і стылістыкі барока і Венскай класічнай школы (поліфанія кампазітараў Нідэрландскай школы, Дж.​Палестрыны, І.​С.​Баха, клавірнае мастацтва Ф.​Куперэна, Д.​Скарлаці, італьян. опера 17—18 ст., інстр. канцэрты А.​Вівальдзі, санаты М.​Равеля, Ф.​Пуленка, Д.​Міё, А.​Анегера, Ж.​Франсэ, опера Ж.​Б.​Люлі, сімфанізм І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта). Падобныя да Н. тэндэнцыі характэрны творчасці асобных кампазітараў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.​Брамс, М.​Рэгер, С.​Франк, К.​Сен-Санс, М.​Метнер, С.​Танееў і інш.). У рознай ступені Н. адбіўся ў музыцы многіх кампазітараў 20 ст., найб. акрэслены ў І.​Стравінскага, які аб’яднаў у сваёй творчасці амаль усе яго разнавіднасці, П.​Хіндэміта, А.​Казелы, Э.​Тамберга і інш. У неакласіцысцкіх муз. творах раздзелы, стылістычна звязаныя з сучасным увасабленнем муз. мовы і форм мінулых эпох, часта супастаўляюцца з муз. фрагментамі, якія маюць мала агульнага са старадаўнімі прататыпамі. Сутнасць эстэтыкі Н. — супастаўленне маст. стыляў, пры якім зварот да мінулага — хоць і важнейшая, але толькі адна са стылявых фарбаў твора (напр., Э.​Віла-Лобас сумясціў у адным творы браз. мадынню і фугу, Хіндэміт — ваен. марш і пасакаллю, Стравінскі стварыў асаблівы стыль Н., дзе разнастайныя старыя прататыпы супастаўляюцца з муз. жанрамі 20 ст. ці іх асобнымі элементамі). Уласцівае Н. свабоднае выкарыстанне старадаўніх стыляў і жанраў — адна з істотных прыкмет музыкі 2-й пал. 20 ст. У бел. музыцы рысы Н. сустракаюцца ў творчасці Л.​Абеліёвіча, П.​Альхімовіча, С.​Бельцюкова, Г.​Вагнера, В.​Войціка, Я.​Глебава, У.​Дамарацкага, У.​Дарохіна, Дз.​Камінскага, В.​Капыцько, В.​Кузняцова, А.​Літвіноўскага, А.​Мдывані, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса, Л.​Шлег і інш.

У архітэктуры 1910—20-х г. класічныя формы і лаканізм проціпастаўляліся багатаму фармальнаму дэкору ў пабудовах эклектыкі і мадэрна. У некат. краінах Зах. Еўропы Н. выкарыстоўваў канстр. прыёмы стылю мадэрн і адначасова вызначаўся рацыяналістычнымі тэндэнцыямі (А.​Перэ ў Францыі, П.​Берэнс у Германіі, О.​Вагнер у Аўстрыі і інш.). У ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі Н. развіваўся пераважна ў афіц. архітэктуры і вылучаўся параднай прадстаўнічасцю і падкрэсленай манументальнасцю. У рас. архітэктуры 1910-х г. Н. сцвярджаў асн. прынцыпы арх. класікі (І.​Жалтоўскі, І.​Машкоў, І.​Фамін, У.​Шчуко і інш.); у той жа час прадстаўнікі рас. мадэрна звярталіся да стылізацыі класічных матываў (Ф.​Лідваль, Ф.​Шэхтэль і інш.).

У бел. архітэктуры Н. вядомы з 1910-х г. Будынкі вызначаліся імпазантнасцю аблічча, высокім прафес. майстэрствам буд. работ. Значны ўплыў на развіццё Н. зрабіла творчасць мінскіх архітэктараў С.​Гейдукевіча і Г.​Гая, паводле іх праектаў пастаўлены найб. значныя будынкі ў Мінску і г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Прынцыпы Н., у якіх творча выкарыстаны кампазіцыйныя прыёмы архітэктуры класіцызму, выявіліся ў культавых (Моладаўская капліца) і мемар. (Мілавідская мемарыяльная капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца) збудаваннях. У канцы 1920-х г. Н. ўласцівы строгія класічныя формы ў спалучэнні са сродкамі кампазіцыі арх. спадчыны (будынкі банкаў у Брэсце, Баранавічах, арх. С.​Філасевіч).

У 1930-я г. сродкі Н. ў іх гіпертрафіраваных манум. формах пашыраны ў архітэктуры Італіі (М.​П’ячэнціні і інш.) і Германіі (П.​Л.​Трост і інш.). Прынцыпы Н. паўплывалі і на развіццё сав. архітэктуры 2-й пал. 1930-х г. Заснавальнікам т.зв. пралетарскага класіцызму быў Фамін. На Беларусі Н. выявіўся ў творчасці І.​Лангбарда (гал. корпус Нац. АН Беларусі, Дом афіцэраў), А.​П.​Воінава (гасцініца «Свіслач»), Г.​Якушкі (сярэдняя школа № 4 на рагу вуліц Кірава і Чырвонаармейскай; усе ў Мінску). У канцы 1940-х—50-я г. Н. набыў новую рэдакцыю — т.зв. сталінскі класіцызм: арх. Жалтоўскі (дом па вул. Махавой у Маскве), М.​Паруснікаў (забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны ў Мінску), Г.​Заборскі (будынак б. аблвыканкома ў г. Полацк Віцебскай вобл., карпусы пед. ун-та), У.​Кароль і А.​Духан (будынак паштамта), В.​Гусеў (штаб Бел. ваен. акругі; усе ў Мінску) і інш.

Літ.:

Смирнов В. Возникновение неоклассицизма и неоклассицизм И.​Стравинского // Кризис буржуазной культуры и музыка. М., 1973. Вып. 2;

Варунц В. Музыкальный неоклассицизм: Ист. очерки. М., 1988.

У.​М.​Конан (літаратура), В.​М.​Чарнатаў (архітэктура).

Да арт. Неакласіцызм. Будынак ламбарда ў Маскве. Арх. І.​Машкоў. 1912.
Да арт. Неакласіцызм Мемарыяльная капліца каля вёскі Салтанаўка Магілёўскага раёна. Арх. К.​Міхайлаў, скульпт. П.​Яцына. 1912.

т. 11, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЕРА (італьян. opera літар. твор ад лац. opera праца, выраб, твор),

род музычна-драм. твора, прызначанага для сцэн. выканання. Тэкст О. поўнасцю або часткова спяваецца звычайна ў суправаджэнні аркестра. Спалучае ў адзіным тэатр. дзеянні вак. (сола, ансамбль, хор) і інстр. (сімф. музыку, драматургію, выяўл. мастацтва (дэкарацыі, касцюмы, сцэнаграфія), нярэдка харэаграфію і інш. У адпаведнасці з ідэяй твора, характарам сюжэта і лібрэта ў О. ўвасабляюцца розныя формы музыкі — нумары сольных спеваў (арыя, арыёза, песня, маналог), рэчытатывы, ансамблі (дуэты, тэрцэты, квартэты) з вял. фіналамі, часта з хорам, хар. сцэны, танцы, аркестравыя нумары (уверцюра, антракты, інтэрмедыі і інш.). У некат. О., пераважна камедыйных, замест рэчытатыву выкарыстоўваюць размоўны дыялог, часам меладраму. Важнейшы элемент О. — спевы, якія перадаюць багатую гаму чалавечых пачуццяў і перажыванняў у найтанчэйшых адценнях. Выразную сэнсавую і важную кампазіцыйную функцыю выконвае лейтматыў. Строй вак. інтанацый раскрывае індывід. псіхал. стан кожнай дзейнай асобы, перадае асаблівасці яе характару і тэмпераменту. З сутыкнення розных інтанац. комплексаў, адносіны паміж якімі адпавядаюць расстаноўцы сіл драм. дзеяння, нараджаецца «інтанацыйная драматургія» О. як муз.-драм. цэлага (гл. Драматургія музычная). Для абмалёўкі фону дзеяння, стварэння нац. і мясц. каларыту, характарыстыкі дзейных асоб у О. служаць розныя жанры бытавой музыкі — песня, танец, марш. Шырока выкарыстоўваюць у О. прыём «абагульнення праз жанр», калі песня і танец становяцца сродкам рэаліст. тыпізацыі вобраза, выяўлення агульнага ў асобным і індывідуальным. Аркестр сумяшчае розныя планы: падтрымлівае вак. партыі і акцэнтуе найб. важныя моманты дзеяння, стварае кантрапункты да таго, што адбываецца на сцэне. Самаст. арк. нумары ўводзяць слухачоў у эмац. атмасферу твора, раскрываюць у агульным выглядзе асн. драматургічны канфлікт, падсумоўваюць папярэдняе развіццё або адыгрываюць карцінна-выяўл. ролю. Хор стварае бытавы фон дзеяння, выступае своеасаблівым каментатарам падзей ці ўвасабляе калект. вобраз народа. Суадносіны розных элементаў О. як адзінага маст. цэлага вар’іруюцца ў залежнасці ад агульных эстэт. тэндэнцый эпохі, маст. кірунку, канкрэтных творчых задач кампазітара. Існуюць О. з перавагай вакалу, дзе аркестру адведзена ўскосная, падпарадкаваная роля. Ён жа можа выступаць гал. носьбітам драм. дзеяння і дамінаваць над вак. партыямі. Бываюць О., пабудаваныя на чаргаванні закончаных або адносна закончаных вак. форм (арыя, арыёза, каваціна, ансамблі, хары), і пераважна рэчытатыўнага складу, дзеянне якіх развіваецца бесперапынна, без расчлянення на асобныя нумары, О. з перавагай сольнага пачатку і О. з развітымі ансамблямі і харамі. Пры ўсёй сваёй складанасці О. — найб. масавы, дэмакр. жанр па вял. сіле эмац. ўздзеяння, апоры на бытавыя жанры, адлюстраванні ў больш ці менш непасрэднай форме надзённых сац. праблем.

Жанр О. паявіўся ў канцы 16 ст. ў Італіі. Яго вытокі ў нар. абрадах і ігрышчах (напр., у бел. вясельным, купальскім, калядным абрадах). У працэсе гіст. развіцця склаліся шматлікія нац., жанравыя, стыліст. разнавіднасці: італьян. О.-seria і О.-buffa, франц. лірычная трагедыя, камічная О., опера «выратавання», вял. О., лірычная О. і інш. Найб. значныя зах.-еўрап. і амер. оперныя кампазітары К.​Мантэвердзі, А.​Скарлаці, Дж.​Б.​Пергалезі, Дж.​Расіні, В.​Беліні, Г.​Даніцэці, Дж.​Вердзі, Дж.​Пучыні (Італія), Ж.​Б.​Люлі, Ж.​Ф.​Рамо, А.​Грэтры, Л.​Керубіні, Дж.​Меербер, Ш.​Гуно, Ж.​Бізэ (Францыя), К.​М.​Вебер, Р.​Вагнер, Р.​Штраус (Германія), К.​В.​Глюк, В.​А.​Моцарт (Аўстрыя), С.​Манюшка (Польшча), Б.​Сметана, А.​Дворжак, Л.​Яначак (Чэхаславакія), Г.​Пёрсел, Б.​Брытэн (Англія), Дж.​Гершвін, А.​Копленд, Дж.​К.​Меноці, Д.​Мур (ЗША). Значны этап у развіцці сусв. опернай культуры — рус. класічная О., якая садзейнічала стварэнню новых тыпаў опернай драматургіі, новых герояў, найперш вобраз народа. Характар рус. опернай класікі абумовілі творы яе заснавальніка М.​Глінкі (героіка-патрыят О. «Іван Сусанін» і казачна-эпічная «Руслан і Людміла»), а таксама А.​Барадзіна, А.​Даргамыжскага, М.​Мусаргскага, М.​Рымскага-Корсакава, П.​Чайкоўскага і інш. Шматнац. опернае мастацтва СССР прадстаўлена операмі Дз.​Шастаковіча, С.​Пракоф’ева, І.​Дзяржынскага, Дз.​Кабалеўскага, Ц.​Хрэннікава, Ю.​Шапорына, С.​Сланімскага, А.​Холмінава, А.​Пятрова, В.​Шабаліна, Э.​Дзянісава, А.​Шнітке, М.​Лысенкі, Б.​Ляташынскага, Ю.​Мейтуса, В.​Губарэнкі, Г.​Майбарады, З.​Паліяшвілі, А.М.​М.​Магамаева. М.​Баланчывадзе, А.​Тактакішвілі, А.​Спецдыярава, У.​Гаджыбекава, Ф.​Амірава, Я.​Брусілоўскага, Н.​Жыганава, С.​Бабаева, С.​Юдакова, Ш.​Сайфіддзінава, Ш.​Чалаева і інш.

На Беларусі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках, буйных сядзібах існавалі оперныя трупы (гл. Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча), дзе працавалі таленавітыя бел. прыгонныя спевакі, якія пазней атрымалі вядомасць на прафес. сцэнах (у т. л. М.Сітанская і інш.). Пачатак бел. О. звязаны з творчасцю Я.​Д.​Голанда («Агатка, або Прыезд пана», паст. ў 1784 у Нясвіжы, на Бел. радыё ў 1994) і Р.​Вардоцкага («Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», 1789, паст. Беларускай капэлай у 1990 у арк. рэд. Дз.​Смольскага) і асабліва з дзейнасцю С.​Манюшкі [найб. вядомыя «Сялянка» («Ідылія»), паст. ў Мінску ў 1852; «Галька», паст. ў Мінску ў 1856, у Дзярж. т-ры оперы і балета ў 1975; «Страшны двор», паст. 1865, у Дзярж. т-ры оперы і балета ўпершыню ў СССР — у 1952], У 1920-я г. створаны О. «Вызваленне працы» М.​Чуркіна і «Тарас на Парнасе» М.​Аладава. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) і яе пастаноўкі сталі асновай для стварэння Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь). О. «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (1939, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага (1939), «Кветка шчасця» А.​Туранкова (1940) мелі важнае значэнне ў станаўленні опернага жанру ў бел. музыцы. У гады Вял. Айч. вайны створаны О. «Лясное возера» і «Усяслаў Чарадзей» М.​Шчаглова (1943), «Алеся» Цікоцкага (паст. 1944, перапрацаваны варыянт «Дзяўчына з Палесся» паст. ў 1953). У 1940—50-я г. напісаны О. «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса (паст. 1947), «Надзея Дурава» Багатырова (паст. 1956), «Андрэй Касценя» Аладава (паст. 1970), дзіцячая О. «Марынка» Р.​Пукста (паст. 1955), «Яснае світанне» Туранкова (паст. 1958). 1960—80-я г. — перыяд жанравага ўзбагачэння бел. опернага мастацтва. Створаны О. «Калючая ружа» (паст. 1960), «Калі ападае лісце» (паст. 1968) і «Зорка Венера» (паст. 1970) Ю.​Семянякі, «Джардана Бруна» С.​Картэса (паст. 1977), «Сівая легенда» Смольскага (паст. 1978, Дзярж. прэмія Беларусі 1980), «Сцежкаю жыцця» (паст. 1980) і тэлеопера «Ранак» (паст. 1967) Г.​Вагнера, радыёопера «Барвовы золак» К.​Цесакова (паст. 1979). У 1980—90-я г. створаны нац. О. «Новая зямля» Семянякі (паст. 1982), «Матухна Кураж» (1980) і «Візіт дамы» (паст. 1995) Картэса, «Францыск Скарына» Смольскага (1982), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана (паст. 1980, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава (паст. 1992), «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), дзіцячая «Вясновая песня» В.​Войціка (паст. 1993). У 2000 у выкананні Бел. капэлы і Дзярж. акад. харавой капэлы імя Р.​Шырмы на сцэне Нац. акад. тэатра оперы ўпершыню на Беларусі ў канцэртна-сцэн. варыянце пастаўлена опера А.​Г.​Радзівіла «Фауст» (лібр. І.​В.​Гётэ, прэм’ера 1835, Берлін).

Літ.:

Асафьев Б.В. Симфонические этюды. Л., 1970;

Друскин М.С. Вопросы музыкальной драматургии оперы. Л., 1952;

Хохловкина А.А. Западноевропейская опера. Конец XVIII — первая половина XIX в. М., 1962;

Ярустовский Б.М. Драматургия русской оперной классики. М., 1953;

Яго ж. Очерки по драматургии оперы XX в. Кн. 1—2. М., 1971—78;

Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;

Яе ж. Вопросы драматургии оперы. Мн., 1979;

Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983;

Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;

Глущенко Г.С. Белорусская опера 1960—1985 г.: Состояние и основные тенденции развития // Вопр. культуры и искусства Белоруссии. 1990. Вып. 9.

Г.​Р.​Куляшова.

Сцэна з оперы «Аіда» Дж.​Вердзі Рымскі амфітэатр у Вероне (Італія).
Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.​Глінкі ў пастаноўцы Вялікага тэатра ў Маскве.
Сцэна з оперы «Сівая легенда» Дз.​Смольскага ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. 1978.

т. 11, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)