МАЛЬЕ́Р

[Molière; сапр. Паклен (Poquelin) Жан Батыст; 15.1.1622, Парыж — 17.2.1673],

французскі драматург; найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму, стваральнік жанру «высокай камедыі», якая паклала пачатак новаму этапу развіцця франц. і сусв. драматургіі. Скончыў Клермонскі калеж (1639). Адзін з заснавальнікаў «Бліскучага тэатра» (1643, Парыж). У 1645—58 з трупай вандроўных камедыянтаў раз’язджаў па франц. правінцыі. Першыя камедыі «Шалёны» (паст. 1655), «Любоўная сварка» (паст. 1656) заснаваны на традыцыях італьян. камедыі дэль артэ і франц. нар. фарса. П’еса «Цырымонлівыя паненкі» (паст. 1659) скіравана супраць прэцыёзнага, манернага і надуманага мастацтва. У блізкай да фарса камедыі «Школа мужоў» (паст. 1661) і першай «высокай камедыі» «Школа жонак» (паст. 1662) выступіў супраць сямейнага дэспатызму, у абарону натуральнага пачуцця. Свае эстэт. і грамадз. прынцыпы выклаў у п’есах «Крытыка «Школы жонак» і «Версальскі экспромт» (абедзве паст. 1663). Вяршыня яго творчасці — камедыі «Тарцюф» (паст. 1664), «Дон Жуан» (паст. 1665), «Мізантроп» (паст. 1666), «Скупы» (паст. 1668), «Мешчанін у дваранах» (паст. 1670), «Хітрыкі Скапэна» (паст. 1671), «Прытворнахворы» (паст. 1673) і інш., у якіх выкрываецца душэўная фальшывасць і рэліг. ханжаства, крывадушнасць і хцівасць, прыкрытыя ідэямі хрысціянства, патрыятызму, нар. карысці. Развіваючы традыцыі нар. тэатра, М. дасягнуў сапр. рэалізму пры стварэнні вобразаў людзей з народа (слугі Сганарэль, Маскарыль і інш.), галерэі «вечных тыпаў» (Тарцюф, Дон Жуан, Гарпагон і інш.). Аўтар камедый балетаў на музыку Ж.Б.Люлі: «Надакучлівыя» (1661), «Шлюб пад прымусам» (1664), «Спадар дэ Пурсаньяк» (1669) і інш. На Беларусі ўпершыню п’есы М. паст. ў Нясвіжскім т-ры Радзівілаў, перакладзеныя і пераробленыя для т-ра У.Радзівіл («Цырымонлівыя паненкі», 1749; «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», усе 1751; «Лекар паняволі», 1752; «Маскарыль», 1756). На бел. сцэне ставіліся спектаклі: «Мешчанін у дваранах» (Бел. т-р імя Я.Купалы, 1924, 1967, пер. Ю.Гаўрука), «Жорж Дандэн» (т-р імя Я.Купалы, 1926; Гродзенскі абл. драм. т-р, 1979), «Цырымонлівыя паненкі» (т-р імя Я.Купалы, 1926), «Шлюб пад прымусам» (т-р імя Я.Купалы, 1926), «Тарцюф» (Бел. ΤΡΑΜ, 1934; Дзярж. рускі драм. т-р, 1935; т-р імя Я.Купалы, 1987), «Скупы» (т-р імя Я.Купалы, 1937), «Хітрыкі Скапэна» (Бел. рэсп. т-р юнага гледача, 1940; рускі драм. т-р, 1955), «Лекар паняволі» (Бел. т-р імя Я.Коласа, 1940), «Прытворнахворы» (Гомельскі абл. драм. т-р, 1973), «Школа жонак» (Гродзенскі абл. драм. т-р, 1986), «Нежанаты мнагажэнец» (т-р імя Я.Купалы, 1993, пер. Р.Барадуліна, своеасаблівая пераробка камедыі «Спадар дэ Пурсаньяк»).

Тв.:

Рус. пер.Полн. собр. соч. Т. 1—3. М., 1985—87.

Літ.:

Бояджиев Г.Н. Мольер: Исг. пути формирования жанра высокой комедии. М., 1967;

Бордонов Ж. Мольер: Пер. с фр. М., 1983;

Булгаков М.А Жизнь господина де Мольера. [4 изд]. М., 1991;

Барысава Т.Ц. Мальер на беларускай сцэне. Мн., 1972.

Г.В.Сініла, Г.М.Малей.

Мальер.

т. 10, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)