помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створана ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на левым беразе р. Гаўя. Яе фарміраванне пачалося з 2-й пал. 18 ст. З 1805 уласнасць роду Умястоўскіх. У 1828 К.Умястоўскі па баках набытага 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома (у стылі барока) паставіў 2 мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захаваўся адзін), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка дабудавала палац (да 1877), які існуе і цяпер. У канцы 19 ст. ўладальнік У.Умястоўскі аддаў сядзібу пад навук. базу Віленскаму ун-ту. У час. 1-й сусв. вайны (1914) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гасп. будынкі, вінакурня (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і 2 сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтр. алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай рэзідэнцыяй 18 ст. Лазенкі, верагодна, паводле праекта арх. Л.Марконі. Т-падобны ў плане 2-павярховы будынак строга сім. кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры гал. фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. У адной з залаў захавалася кафляная печ 18 ст. Уцалелі мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га) высаджаны ў 1883, падзелены ракой на 2 часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, бяроза далекарлійская і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ САБО́Р СВЯТО́ГА ПЯТРА́, Сан-П’етра,
помнік архітэктуры эпохі Адраджэння ў Рыме. Узведзены ў 1506—1614 на месцы аднайм. 5-нефавай базілікі 324—349 (перабудавана; з 1452 арх. Б.Раселіна). Задуманы і пачаты арх. Д.Брамантэ як цэнтрычная кампазіцыя. Праект неаднаразова перапрацоўваўся (пераважна са зменай кампазіцыі на падоўжную): арх. Фра Джаконда, Дж. да Сангала, Рафаэль (1516), Б.Перуцы, А. да Сангала Малодшы; у 1546—64 Мікеланджэла вярнуўся да цэнтрычнай кампазіцыі: узмацніў гал. апоры, узвёў апсіды і цэнтр.ч. да барабана. У 1564—85 узведзены 2 пярэднія купалы (арх. Дж.Віньёла), у 1586—93 — гал. купал (арх. Дж. дэла Порта), у 1607—14 створаны гал. фасад, 3 новыя нефы (арх. К.Мадэрна). На фасадзе з вял.цэнтр. порцікам — 9 балконаў (сярэдні наз.Лоджыя Дабравешчання, адсюль папа рымскі звяртаецца да вернікаў). Праз 5 манум.бронз. брам (адна з іх — Свяшчэнная, адчыняецца самім папам рымскім раз у 25 гадоў) з мармуровымі калонамі ўздоўж фасада — уваход у б. атрый (двор, абкружаны порцікамі; арх. Мадэрна). Грандыёзны манум. інтэр’ер — узор гарманічнага зліцця стыляў рэнесансу і барока. У апсідзе месца спавядання (т.зв. канфесія) пазначана адкрытай крыптай (1600, арх. Мадэрна). Гал. алтар увянчаны лёгкім і манум.бронз. балдахінам (1624—33, арх. Л.Берніні). У інтэр’еры творы Мікеланджэла (скульпт. група «Аплакванне Хрыста», ці «П’ета», каля 1498—99), Берніні (кафедра св. Пятра, 1657—66, надмагіллі), Дж.Манцу (манум.бронз. «Брама Смерці», 1947—64) і інш. У рызніцы (канец 18 ст.) створаны музей (зборы рэліквій і скарбаў сабора). Пад саборам вял. падзямелле — т.зв. Свяшчэнныя гроты, дзе сабраны дахрысц. грабніцы, а таксама магілы рымскіх пап і каралёў ( у 1935—50 гроты перароблены ў 3-нефавы могілкавы храм). Перад саборам — барочная авальная пл. святога Пятра (1657—63, арх. Берніні), абкружаная 2 паўкруглымі каланадамі і галерэямі са 140 статуямі святых; у цэнтры — стараж.-егіп. абеліск, фланкіраваны 2 фантанамі. Сабор уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Рымскі сабор святога Пятра.Рымскі сабор святога Пятра. Фрагмент інтэр’ера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАРЭ́НЦЫЯ (Firenze),
горад у Цэнтр. Італіі, на р. Арна. Адм. ц.вобл. Таскана і аднайм. правінцыі. Каля 450 тыс.ж. (1999). Важны прамысл. і культ. цэнтр краіны. Буйны трансп. вузел. Прам-сць: металургія, машынабудаванне (цяжкае, эл.-тэхн., радыёэлектроннае, вытв-сць фотаапаратуры, астр. прылад), хім., нафтаперапр., тэкст., у т. л. шарсцяная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., шкляная, паліграфічная, харч. (тытунёвая, макаронная, кансервавая). Вытв-сць ювелірных вырабаў; маст. рамёствы. Ун-т (з 1321). Кансерваторыя. Акадэмія мастацтваў, Тасканская акадэмія навук і л-ры. Старэйшы ў Еўропе Бат. сад (з 1545). Астрафіз. абсерваторыя. Б-кі. Тэатры, у т. л. оперны «Тэатр Камунале» (з 1862). Міжнар.муз. фестывалі. Турызм.
Засн. ў 1 ст. да н.э. рымлянамі на месцы стараж. этрускага паселішча. У 10—11 ст.н.э. ў складзе Тасканскага маркграфства. З 11 ст. значны гандл. і рамесны (гал.ч. сукнаробства) цэнтр, з 1115 незалежная камуна, з 1252 чаканіла залаты фларын, які стаў агульнаеўрап. валютай. З 14 ст. тут узніклі мануфактуры. У 14—16 ст. Ф. — адзін з цэнтраў італьян.Адраджэння (гл.Фларэнційская школа жывапісу). У 1434—94, 1512—1737 (з перапынкам у 1527—30) у горадзе ўсталявалася сіньярыя роду Медычы. У 1532 Фларэнційская дзяржава займала значныя тэр. з гарадамі Піза, Ліворна і інш., стала герцагствам, а з 1569 — Вял. герцагствам Тасканскім са сталіцай у Ф. У 1801—07 Ф. — сталіца каралеўства Этрурыя, залежнага ад напалеонаўскай Францыі. З 1860 у складзе Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства; у 1865—71 сталіца аб’яднанага Італьян. каралеўства. У 1943 акупіравана ням.-фаш. войскамі, адзін з цэнтраў італьян. руху Супраціўлення. У жн. 1944 вызвалена партызанамі і англа-амер. войскамі.
Асн. частка забудовы Ф. (пераважна ў стылях готыкі і ранняга Адраджэння) на правым беразе р. Арна. Захаваліся стараж.-рым. прамавугольная планіроўка горада, фрагменты сярэдневяковых гар. умацаванняў. У гіст. цэнтры сістэма звязаных паміж сабой трох гал. плошчаў. На П’яцца дэль Дуома (Саборная пл.) баптыстэрый Сан-Джавані (з 1059, 13 ст.) з бронз. дзвярыма з рэльефамі [паўд., 1330—36, скульпт. Андрэа Пізана; паўн., 1404—24; усх. («Райскія»), 1425—52, абодва скульпт. Л.Гіберці], сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (з 1296, арх. Арнольфа ды Камбіо; купал, 1420—36, арх. Ф.Брунелескі; кампаніла, 1334—59, праект Джота ды Бандоне і інш.). На пл. П’яцца дэла Сіньёрыя — Палацца дэла Сіньёрыя [Палацца Век’ё; з 1298, арх. Арнольфа ды Камбіо (?), 15—16 ст., арх. Дж.Вазары і інш.; цяпер музей], Лоджыя дэі Ланцы (1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці), у Лоджыі і на плошчы пастаўлена скульптура Данатэла, Джамбалоны, Б.Чэліні і інш., копія статуі «Давід» Мікеланджэла. Сярод інш. помнікаў: касцёлы Сан-Міньята аль Монтэ (з 1014), Санта-Марыя дэль Карміне (1258, у капэле Бранкачы фрэскі Мазачыо, 15 ст., і інш.), Санта-Марыя Навела (1278—1360, фасад 1456—70, арх. Л.Б.Альберці, фрэскі Мазачыо, Д.Гірландайо, Ф.Ліпі, П.Учэла), Санта-Крочэ (13 ст., у інтэр’еры творы Данатэла і інш., грабніца Мікеланджэла, 1570, скульпт. Вазары) з капэлай Пацы (з 1429, арх. Брунелескі, дэкор інтэр’ера Л. дэла Робія, Брунелескі; цяпер музей), Арсанмікеле (з 1290, арх. Арнольфа ды Камбіо і інш., скульптура Гіберці, А. дэль Верок’ё і інш.), Сан-Ларэнца [1422—46, арх. Брунелескі; Старая сакрыстыя, 1428, яго ж, Новая сакрыстыя (капэла Медычы) з надмагіллямі Ларэнца і Дж.Медычы і статуяй «Мадонны», 1520; б-ка Лаўрэнцыяна, 1524, абодва Мікеланджэла]; палацца Піці (цяпер Палаціна галерэя), Медычы-Рыкардзі (1444—60, арх. Мікелоца ды Барталамео, размалёўка капэлы, 1459, Б.Гоцалі; цяпер музей), Пандольфіні (1520, праект Рафаэля) і інш.; Выхаваўчы дом (1421—44, арх. Брунелескі), мост Понтэ Век’ё (14 ст.), крэпасць Сан-Міньята (1530—33. Мікеланджэла). У 20 ст. ўзведзены цэнтр. вакзал (1930—36, арх. Дж.Мікелучы і інш.), стадыён (1932, арх. П.Л.Нерві) і інш. Ф. наз. горадам-музеем. Музеі: сабора, Нац. (у Палацца Барджэла), галерэі Уфіцы і АМ, Хорна, Каса Буанароці, археалагічны. Каля Ф. рэнесансавыя вілы сям’і Медычы ў Карэджы (1443, арх. Мікелоца ды Барталамео) і Паджоа-Каяна (перабудавана ў 1485, арх. Дж. да Сангала, і ў 16 ст.). Гіст. цэнтр Ф. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Виллани Дж. Новая хроника, или История Флоренции: Пер. с итал. М., 1997;
Флоренция: музеи, галереи, церкви, дворцы, памятники. Флоренция, 2001.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Фларэнцыя. Званіца Джота (на пярэднім плане).Панарама г.Фларэнцыя.
найбуйнейшы на Беларусі збор твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засн. і адкрыты ў 1939 у Мінску як Дзярж. карцінная галерэя, з 1957 Дзярж.маст. музей, з 1993 сучасная назва. Захоўвае творы бел., рас. і зах.еўрап. мастацтва і мастацтва Усходу 14—20 ст. Агульная пл. 3513 м². Меў 10 экспазіцыйных залаў, пл. экспазіцыі 1749 м². У фондах музея (2000) 22,6 тыс. экспанатаў. Навук. аддзелы: навук.-асв. работы, уліку і захавання, стараж.-бел. мастацтва, бел. мастацтва 20 ст., рус. мастацтва, замежнага мастацтва, рэстаўрацыі і хім.-біял. даследаванняў, архіў.
Напачатку размяшчаўся ў будынку Вышэйшай камуніст.с.-г. школы, б. Мінскай жаночай гімназіі. Калекцыя склалася з экспанатаў з фондаў абласных краязнаўчых і гіст. музеяў, а таксама з нацыяналізаваных у Зах. Беларусі маёнткаў. Агульная пл. складала 1500 м². З 1200 экспанатаў, якія былі на момант адкрыцця, у 15 залах экспанавалася 400 твораў бел., рус. і зах.-еўрап. мастацтва 17—20 ст. На пач. 1941 фонды складалі 2711 адзінак. У час Вял.Айч. вайны самыя каштоўныя экспанаты не паспелі эвакуіраваць, іх лёс невядомы. Галерэя адноўлена ў 1944, размяшчалася ў будынку Дома прафсаюзаў. У 1957 музей адкрыўся ў спец. ўзведзеным будынку. Колькасць экспанатаў склала 2886 адзінак.
У музеі сабрана унікальная калекцыя бел. мастацтва: стараж. іканапіс і разьба па дрэве, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапіс 19 ст., у т. л. творы В.Бялыніцкага-Бірулі, А.Гараўскага, С.Жукоўскага, І.Хруцкага; пасляваеннае і мастацтва 2-й пал. 20 ст. прадстаўлена творамі З.Азгура, А.Анікейчыка, І.Ахрэмчыка, А.Бембеля, Г.Вашчанкі, Н.Воранава, А.Глебава, В.Грамыкі, М.Данцыга, Я.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Кішчанкі, А.Малішэўскага, Г.Мурамцава, У.Мурахвера, Г.Паплаўскага, А.Паслядовіч, І.Рэя, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва і інш.; рус. мастацтва 18—20 ст. — творамі К.Айвазоўскага, У.Баравікоўскага, К.Брулова, С.Канёнкава, К.Каровіна, Дз.Лявіцкага, В.Паленава, Ф.Рокатава, І.Рэпіна, В.Сярова, В.Трапініна, М.Урубеля, П.Фядотава, Ф.Шубіна, І.Шышкіна і інш. Калекцыя зах.-еўрап. мастацтва 15 — пач. 20 ст. склалася ў 1960—70-я г. з твораў мастакоў Аўстрыі, Бельгіі, Галандыі, Даніі, Італіі, Польшчы, Францыі, Швецыі, якія адлюстроўваюць асаблівасці развіцця мастацтва ў гэтых краінах у розныя часы. Калекцыя музея папаўнялася па ўсіх раздзелах фондаў, асабліва творамі дэкар.-прыкладнога мастацтва Беларусі (шкло, габелен, нар. мастацтва), Расіі, Зах. Еўропы. Склалася і калекцыя ўсх. мастацтва: кераміка, ткацтва, лакі, метал, традыц. жывапіс, разьба па камені і косці 15—20 ст. Індыі, Ірана, Кітая, Сярэдняй Азіі, Японіі. Збор сучаснага бел. мастацтва папоўніўся творамі В.Альшэўскага, А.Задорына, Н.Залознай, С.Катковай, У.Кожуха, В.Крывашэевай, З.Літвінавай, А.Марачкіна, М.Селешчука, К.Селіханава, У.Тоўсціка, Л.Хобатава, І.Цішына, В. і Ф.Янушкевічаў і інш. Музей праводзіць н.-д., збіральніцкую і папулярызатарскую работу, наладжвае выстаўкі твораў айч. і замежных майстроў, ажыццяўляе навук. і творчую сувязь з замежнымі музеямі, арганізоўвае выставачны абмен, праводзіць лекцыі, экскурсіі, заняткі клубаў мастацтвазнаўцаў і аматараў мастацтва, дапамагае ствараць карцінныя галерэі, маст. аддзелы ў інш. гарадах рэспублікі. Выдае каталогі, альбомы, паштоўкі. Мае бібліятэку. У розныя часы музей узначальвалі М.Міхалап (у 1939—41), А.Аладава (з 1944), Ю.Карачун (у 1977—97), У.Пракапцоў (з 1998). Філіялы: Гурынская карцінная галерэя Мазырскага р-на (з 1978), Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на (з 1979), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (з 1982), архітэктурны комплекс 16—18 ст. у в. Гальшаны Ашмянскага р-на (з 1989), палацава-паркавы комплекс 16—20 ст. у г.п. Мір Карэліцкага р-на (з 1992), «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» (гл.Мінскі музей Ваньковічаў), Мемарыяльны музей Азгура З.І. (абодва з 2000), Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс (з 1986, у стане рэстаўрацыі) — усе ў Мінску.
Будынак музея пабудаваны ў 1957 (арх. М.Бакланаў). 2-павярховы, прамавугольны ў плане, завершаны зашклёным ліхтаром. Гал. фасад вырашаны на аснове класічнай ордэрнай сістэмы. Цэнтр. ўваход утварае неглыбокая лоджыя з каланадай, якую па баках фланкіруюць глухія аб’ёмы з глыбокімі дэкар. нішамі, дзе размешчаны скульпт. кампазіцыі «Скульптура» і «Жывапіс» (скульптары С.Адашкевіч, П.Белавусаў, Л. і М.Роберманы). Франтон увянчаны скульптурай жанчыны з вянком, якая сімвалізуе росквіт выяўл. мастацтва Беларусі (скульптар А.Бембель). Пры ўваходзе — парадны вестыбюль, адкрыты на 2 паверхі, з 3-маршавай лесвіцай і абходнай галерэяй на 2-м паверсе. Сувязь выставачных залаў на 2-м паверсе анфіладная. На 1-м і ў цокальным паверхах размешчаны службовыя і дапаможныя памяшканні. Іл.гл. таксама да арт.Музеі мастацкія.
Літ.:
Государственный художественный музей БССР: [Альбом]. М., 1958;
Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1979;
Государственный художественный музей БССР: Собр. живописи XV—XX вв.: [Альбом]. М., 1989;
Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1990;
Сообщения Государственного художественного музея БССР. Вып. 1. Мн., 1994;
Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Вып. 2. Мн., 1997.
А.А.Воінаў (архітэктура), І.М.Паньшына.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Вестыбюль музея.Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.