БІЯПАЛІМЕ́РЫ,

прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія з’яўляюцца структурнай асновай усіх жывых арганізмаў. Забяспечваюць іх нармальную жыццядзейнасць, выконваюць розныя біял. функцыі. Да асноўных біяпалімераў належаць бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды. Існуюць таксама змешаныя біяпалімеры: ліпапратэіды (комплексы бялкоў і ліпідаў), глікапратэіны (злучэнні, у якіх аліга- ці поліцукрыдныя ланцугі звязаны з пептыднымі), ліпаполіцукрыды.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Раскава́ны ’вызвалены ад акоў’, ’вольны, нічым не абмежаваны’ (ТСБМ), раску́ты (Байк. і Некр.). Утворана з пераносным значэннем ад раскава́ць < кава́ць, што магло без прыстаўкі азначаць ’закоўваць у ланцугі’. Цікава, што ў гэтым значэнні вядома укр. кува́ти ’тс’, ст.-рус. ковати ’закоўваць у аковы’ (сустракаецца ў Наўгародскім летапісе 1228 г.), ст.-польск. kować ’закоўваць у ланцугі’. Можна меркаваць яшчэ пра больш раннюю семантыку каваць ’абіваць каваным металам’, напрыклад, ст.-рус. ковати ’тс’ (сустракаецца ў Іпацьеўскім летапісе 1175 г.) < прасл. *kovati ’біць’, параўн. каваны жалезам ’абіты жалезам’. Варыянт раску́ты, як ку́ты, куць ’каваць’ (Байк. і Некр.), імаверна, з польск. kuć ’каваць’, што з’яўляецца вынікам выраўновання дзеяслоўных асноў польск. дыял. kować > kuje > kuć. Гл. кава́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГЕМАГЛАБІ́Н (ад гема... + лац. globus шар),

Hb, чырвоны жалезазмяшчальны пігмент крыві і гемалімфы чалавека, пазваночных і некат. беспазваночных жывёл. Выконвае функцыю пераносу кіслароду з органаў дыхання да тканак і вуглякіслага газу ад тканак да органаў дыхання. У большасці беспазваночных гемаглабін раствораны ў крыві, у пазваночных і некат. беспазваночных знаходзіцца ў чырвоных крывяных клетках — эрытрацытах. Малекулярная маса гемаглабіну эрытрацытаў млекакормячых 64 500, растворанага ў плазме да 3 000 000. Паводле хім. прыроды гемаглабін — складаны бялок — хромапратэід, які складаецца з бялку глабіну і жалезапарфірыну — гему. У вышэйшых жывёл і чалавека гемаглабін уключае 4 субадзінкі — манамеры з малекулярнай масай каля 17 000; 2 манамеры маюць па 141 астатку амінакіслот (β-ланцугі), 2 іншыя — па 146 астаткаў (α-ланцугі). Колькасць гемаглабіну ў крыві чалавека ў сярэднім 13—16 г% (78—96% па Салі); у жанчын гемаглабіну крыху менш, чым у мужчын. Якасць гемаглабіну змяняецца ў антагенезе.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

такела́ж

(гал. takelage)

сукупнасць карабельных снасцей (тросы, блокі, ланцугі), што прымяняюцца для пад’ёму і перамяшчэння грузаў, спуску шлюпак, кіравання парусамі і іншых работ.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАДУЛЯ́ТАР у радыётэхніцы і электрасувязі,

складальная частка перадавальнай апаратуры, якая ажыццяўляе кіраванне якім-н. параметрам вагальнага працэсу ў адпаведнасці з сігналам перададзенага паведамлення (гл. Мадуляцыя ваганняў). Мае нелінейныя эл. ланцугі на электронных лямпах, паўправадніковых прыладах, ячэйках Кера ці інш., здольныя змяняць які-н. з параметраў вагальнага працэсу і выбраныя ў адпаведнасці з прынцыпам дзеяння перадатчыка. Выкарыстоўваецца ў апаратуры радыёсувязі, тэлебачання, радыёвяшчання, аптычных гуказапісвальных, оптаэлектронных і інш. прыладах.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аліфаты́чны

(ад гр. aleiphar, -atos = тлушч)

тлусты, ацыклічны;

а-ыя злучэнні — арганічныя злучэнні, у якіх атамы вугляроду злучаны паміж сабой у прамыя незамкнёныя ланцугі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВІСЯ́ЧАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы,

сістэма нясучых канструкцый, асн. элементы якой (тросы, кабелі, ланцугі, ліставыя элементы) успрымаюць гал. чынам расцягвальныя намаганні. Адрозніваюцца адносна малой жорсткасцю і наяўнасцю вонкавых і ўнутр. распораў (гарыз. рэакцый апор). Бываюць плоскія (адна- і шматпаясныя вісячыя фермы) і прасторавыя (вісячыя абалонкі, мембраны). У разліковых схемах вісячыя сістэмы разглядаюцца як гнуткія ніці, шарнірна-стрыжнёвыя многавугольнікі або гнуткія абалонкі. Разнавіднасць вісячых сістэм — вантавыя сістэмы. Гл. таксама Вісячыя канструкцыі.

т. 4, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТМЕ́ТР,

прылада для вымярэння актыўнай магутнасці электрычнага току. Бывае эл.-дынамічны, ферадынамічны, індукцыйны, эл.-статычны, тэрмаэл. і тэрмарэзістыўны. Мае 2 эл. ланцугі: току (уключаецца паслядоўна з нагрузкай) і напружання (паралельна нагрузцы). Пашырэнне межаў вымярэння дасягаецца з дапамогай дадатковых рэзістараў, шунтоў і вымяральных трансфарматараў току і напружання.

Схема ўключэння ватметра W у ланцуг: а — непасрэдна; 1 — ланцуг току; 2 — ланцуг напружання; 3 — нагрузка; 4 — дадатковы рэзістар; б — праз трансфарматары току (5) і напружання (6).

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХА́НЫ (цюрк.),

мацерыковыя дзюны, паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.

Барханы наступаюць на аазіс у Сахары.
Да арт. Барханы. Пясчаны бархан у пустыні Каракумы.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАПСІ́Н,

зрокавы пурпур, пігмент палачак сятчаткі вока жывёл і чалавека, які адказвае за чорна-белы або змрочны зрок. Уяўляе сабой складаны бялок (хромаглікапратэід), які наскрозь «прашывае» мембрану фотарэцэптараў. У Р. уваходзяць бялок апсін, 2 алігацукрыдныя ланцугі і храмафорная група караціноіду рэтыналю (альдэгіду вітаміну А). У зрокавым акце пры паглынанні малекулай Р. кванта святла адбываецца абарачальная рэакцыя фотаізамерызацыі, канфармацыйныя перабудовы малекулы Р. Узнікае нерв. імпульс, які перадаецца ў патылічную долю галаўнога мозга, дзе фарміруецца зрокавы вобраз.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)