се́дала, ‑а, н.

1. Жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія садзяцца ноччу куры; курасадня. Пад павеццю на седале закудах[т]ала курыца. Рылько. Седалы і гнёзды для нясушак зрабіў Вацлаў Нехвядовіч, які аказаўся на дзіва кемлівым птушнікам. Б. Стральцоў. [Стэфка:] — Курачкі цяпер на седале, то ідзі злаві мне адну, Сымонка. Чарнышэвіч. // Месца, дзе гняздзяцца птушкі. Ужо каторы раз над намі моўчкі і паспешліва праляталі на свае седалы самыя познія вароны. Кулакоўскі. Сам арол вісеў галавою ўніз, безупынку лопаючы крыламі. Вось яму ўдалося зноў уладкавацца на сваім седале. Беразняк.

2. Гняздо ў куратніку, дзе нясуцца куры або выседжваюцца кураняты. Яечка — рэдкая прыемнасць у Ганьчыным жыцці. Ганька толькі збірае яйкі на седале і складае іх у стары зялёны макацёр. Васілевіч. У сярэдзіне мая маці пасадзіла на рэшата сапраўдную квактуху Чубатку. — А тваю, відаць, пара з седала выкідаць, — сказала яна да Мані. Якімовіч.

3. перан. Разм. Месца, дзе чалавек пражыў шмат год; абжыты куток. Было страшна, што адарвешся ад роднага седала ды і згубішся ў людзях. Асіпенка. Нейкі час Надзя глядзела засяроджана на сваё колішняе седала, і хоць усё для яе было тут звыклае і роднае, глядзела і не верыла сваім вачам. Гроднеў. // Наседжанае месца або прыдатнае для сядзення месца. Антон праверыў усе вуды, начапляў новых чарвякоў, пажыў рукі і, крыху адышоўшыся ад вады, пачаў рыхтаваць седала — стаяць над вудамі ён ужо стаміўся. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пя́тра, пʼя́тра ’вышкі ў хляве або гумне; ярус’ (Стан., мазыр., З нар. сл.; ПСл), piátro, pʼátro, pʼétro ’тс’ (Маш., Тарн.), пя́тра, пʼятро́курасадня, куратнік’ (Мат. Маг.; мазыр., Шатал.), пя́тры ’столь у асеці з жордак’ (Бяльк.), пйа́тро, пя́тро ’гара ў хаце; старана ў гумне; прасла’ (палес., Нар. сл.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (жытк., ДАБМ, камент., 872), ’пустоты пад вісячым ільдом на вадаёмах’ (ТС), пʼя́тра ’тс’ (парыц., Мат. Янк.), ст.-бел. пятро ’паверх, ярус’. Укр. пʼя́тра ’ярус’, рус. пя́тра ’вышкі; павець’, польск. piętro ’паверх’, чэш. patro ’паверх, вышкі ў хляве’, славен. pétro ’столь з брусоў, пуня’, серб.-харв. пѐтар ’верхні паверх, вышкі’, макед. петар (petar) ’столь, гарышча’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani Dialect of Macedonian Lisse, 1976). Звычайна выводзяць прасл. *pętro ад *pęti (гл. пяцъ2) з рэдкім суфіксам *‑tro, гл. Фасмер, 3, 426; для паўдневаславянскіх слоў мяркуецца суфікс *‑rь (*pęt‑rь, гл. Заімаў, SlW, 172). Словаўтваральныя цяжкасці Банькоўскі (2, 574) прапануе пераадолець рэканструкцыяй прасл. *prętro, параўн. каш. přątro ’столь, вышкі; паднябенне’, ст.-польск., а таксама дыял. przętro ’паверх, тэраса’, в.-луж. přatr ’мацаванне даху ў адрыне, свіран’, н.-луж. pśětš ’вышкі’, палаб. prǫtrü ’вышкі ў адрыне’, што да*prent‑ ’размяшчаць гарызантальна, насцілаць’ (гл. пратаць, прут, прасла), гл. таксама Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 70 (мяркуецца пра зыходную семантыку ’вышкі з насланых жэрдак’). Пра заходнеславянскія формы падрабязна Шустар-Шэўц, 2, 1168 (супастаўляюцца з літ. sprę́sti ’расцягваць, распіраць’, sprindỹs ’пядзя’); SEK, 4, 121–122 (формы з *prętr‑ з’яўляюцца праславянскім дыялектызмам на фоне формаў з *pętr‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)