ПРАГНАЗІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

сацыяльная дзейнасць, накіраваная на атрыманне навук. абгрунтаванай інфармацыі аб развіцці сац. сістэм, шляхах і метадах дасягнення іх будучых станаў. У шырокім сэнсе П.с. — сістэмнае прадбачанне пераўтварэння сац. асяроддзя пад уплывам аб’ектыўных, а таксама пастаянна дзеючых і мэтанакіраваных суб’ектыўных фактараў. Уключае стварэнне прагнозаў асваення зямлі і космасу, узаемадзеянняў чалавека і прыроды, росту народанасельніцтва, паліт., эканам., сац., экалагічных і інш. адносін, сац. развіцця грамадства і яго розных сац. ін-таў. У вузкім сэнсе П.с. — прагназіраванне сац. сістэм, форм і відаў сац. адносін і працэсаў. Важным аб’ектам П.с. з’яўляецца грамадства як высокаарганізаваная сац. сістэма. П.с. вывучае заканамернасці развіцця сац. сістэм, дае навук. аналіз мінулага і сучаснага стану. П.с. ўласціва высокая эфектыўнасць адваротнай сувязі паміж прагназіраваннем і кіраваннем, паміж прадказаннем і сац. дзеяннямі. П.с. ўлічвае ўздзеянне сац. дзейнасці людзей на аб’екты прагназіравання, якое можа прыводзіць да «самарэалізацыі» або «самаразбурэння» сац. прагнозаў (т.зв. эфект Эдыпа). У П.с. найб. часта выкарыстоўваюць пошукавыя і нарматыўныя віды прагнозу. Першы вызначае магчымы стан сац. сістэм шляхам экстрапаляцыі ў будучае назіраемых тэндэнцый, другі апісвае пажаданы стан сац. сістэм на аснове раней зададзеных крытэрыяў, шляхі і метады яго дасягнення пры пэўных рэсурсах. Найб. эфект у П.с. дасягаецца пры аптымальным спалучэнні розных метадаў прагназіравання.

Літ.:

Бестужев-Лада И.В. Поисковое социальное прогнозирование. М., 1984;

Яго ж. Нормативное социальное прогнозирование... М., 1987.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВІЦЦЁ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ працэс развіцця сацыяльнай сферы грамадскага жыцця або асобных яе кампанентаў — сац. адносін, сац. ін-таў, розных сац. сістэм і структур. Адлюстроўвае ўстойлівыя сувязі паміж рознымі сац. супольнасцямі, сферамі грамадскіх адносін і пэўную накіраванасць заканамернасцей і дынамікі іх развіцця. Адбываецца эвалюцыйным і рэв. шляхамі. Эвалюцыйныя працэсы разумеюцца як паступовыя, плаўныя, колькасныя пераўтварэнні сац. аб’ектаў; рэвалюцыйныя — адносна хуткія, карэнныя, якасныя змяненні, у выніку якіх адбываецца пераход ад аднаго якаснага стану сац. аб’екта да другога. Сац. эвалюцыянізм — навук. спроба асэнсавання гіст. працэсу як часткі агульнага, разнастайнага і актыўнага працэсу эвалюцыі. Яго заснавальнік англ. сацыёлаг Г.Спенсер распрацаваў спец. схему эвалюцыйнага працэсу Р.с., цэнтр. месца ў якім займае ідэя гіст. стадый развіцця чалавечага грамадства — ад простага да дыферэнцыраванага, ад традыцыйнага да рацыянальнага, ад неасветнага да асветнага і г.д. К.​Маркс і Ф.​Энгельс лічылі асн. рухавіком Р.с. рэвалюцыю сацыяльную, эканам. асновай якой з’яўляецца канфлікт паміж ростам прадукц. сіл грамадства і ўстарэлай сістэмай вытв. адносін. Працэсы Р.с. бываюць экстэнсіўныя і інтэнсіўныя. У экстэнсіўных працэсах Р.с. ўдзельнічаюць шырокія масы насельніцтва, істотна пашыраецца сфера грамадскіх сувязей, павялічваюцца аб’ёмы адносін за дастаткова істотны прамежак часу. Пры інтэнсіўным Р.с. значна памяншаецца часавы прамежак, усе працэсы адбываюцца больш дынамічна.

Літ.:

Социальное развитие: теория и практика. М., 1982;

Социальное развитие как предмет философско-социологического анализа. Томск, 1983;

Москвичев Л.Н. Социальные изменения и социальная стабильность // Социология. Основы общей теории. М., 1996;

Штомпка П. Социология социальных изменений: Пер. с англ. М., 1996.

І.​В.​Катляроў.

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗІРА́ННЕ,

мэтанакіраваная дзейнасць чалавека, якая дазваляе яму атрымліваць інфармацыю аб навакольным свеце; у шырокім сэнсе — спосаб пазнання свету. З ускладненнем сац. рэчаіснасці і прац. аперацый Н. вылучаецца ў адносна самаст. аспект дзейнасці (навук. Н., успрыманне інфармацыі на прыборах, Н. як частка працэсу маст. творчасці і інш.). Навук. Н. накіравана на дасягненне пэўнай навук. мэты і характарызуецца сістэматычнасцю, планамернасцю, магчымасцю ажыццяўлення кантролю шляхам паўторнага Н. або выкарыстання інш. метадаў Н., напр., эксперыменту. У некаторых сац. навуках (эканам. статыстыка, дэмаграфія) пад Н. разумеюць любую палявую працэдуру (апытанне, збор звестак, візуальнае Н.), проціпастаўляючы яго ўскоснаму атрыманню звестак з літ. крыніц. Н. ў сацыялогіі — метад збору сац. інфармацыі праз прамую, непасрэдную фіксацыю падзей і з’яў. Паводле ступені фармалізацыі працэдуры адрозніваюць Н.: стандартызаванае, або кантрольнае (назіральнік працуе па папярэдне вызначанай Праграме), і нестандартызаванае (этапы і фазы даследавання папярэдне не вызначаюцца). У залежнасці ад становішча назіральніка вылучаюць Н. ўключанае (прадугледжвае інтэграцыю назіральніка ў падзеі і працэсы, што даследуюцца, і іх аналіз «знутры») і неўключанае (без мэтанакіраванага ўмяшання даследчыка ў з’явы, што вывучаюцца). Паводле ўмоў арганізацыі адрозніваюць Н. палявыя (праводзяцца ў натуральных умовах) і лабараторныя; паводле рэгулярнасці правядзення — сістэматычныя, эпізадычныя і выпадковыя (праграма не распрацоўваецца і стадыі Н. папярэдне не вызначаюцца). Н. ў псіхалогіі — адзін з асн. эмпірычных метадаў даследавання, які заключаецца ў наўмысным, сістэматычным і мэтанакіраваным успрыманні псіхічных з’яў з мэтай вывучэння іх спецыфічных змен у пэўных умовах; як адзін з псіхал. метадаў выкарыстоўваецца саманазіранне. Вынікі Н. ў значнай ступені залежаць ад асобы даследчыка, яго ўстановак і адносін да працэсаў і з’яў, што назіраюцца, ад яго стэрэатыпаў і каштоўнасных арыентацый.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАСХАЛА́СТЫКА,

сістэма філас. і тэалагічных ідэй, якая развівалася ў рамках каталіцкай і пратэстанцкай ідэалогіі. Каталіцкая Н. сфарміравалася ў Італіі і Іспаніі ў канцы 16 — пач. 17 ст. як рэакцыя на Рэфармацыю. Яна апіралася на філасофію Арыстоцеля і Фамы Аквінскага, яе актыўна падтрымлівалі езуіты. Неасхаласты-дамініканцы Фама дэ Віо з Гаэты і Х.​Явелі проціпастаўлялі тэалагічную метафізіку Фамы Аквінскага вучэнню М.​Лютэра пра боскае прадвызначэнне. Прадстаўнік 2-й хвалі каталіцкіх неасхаластаў ісп. філосаф Ф.​Суарэс зыходзіў з разумення Бога як адзінага існага: толькі Бог валодае быццём; Бог не абумоўлівае свабодны выбар чалавека, але прадбачыць яго і дапамагае яму. Тагачасныя мысліцелі (Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт, Т.​Гобс, П.​Гасендзі і інш.) выступалі з адкрытай крытыкай філас. поглядаў неасхаластаў. На рубяжы 18—19 ст. пачалася т.зв. рэстаўрацыя Н. — рух, накіраваны на ўзнаўленне аўтарытэту каталіцкай царквы; пачатак яму дала энцыкліка папы Льва XIII «Aeterni patris» («Айцу вечнаму», 1879), якая абвясціла вучэнне Фамы Аквінскага адзіна сапраўднай філасофіяй каталіцызму і стала штуршком да развіцця Н. У аснове пратэстанцкай Н. вучэнне Ф.Меланхтана, які гуманіст. ідэямі імкнуўся змякчыць фаталізм Лютэра. Найб. вядомыя яе паслядоўнікі — ням. філосафы Х.​Шэйблер і І.​Клаўберг, погляды якіх паўплывалі на філасофію К.Вольфа. Развіццё пратэстанцкай Н. завяршыў К.​Цімплер; толькі ў 18 ст. яе канчаткова выцесніла філас. школа Г.​Лейбніца і Вольфа. У 20 ст. Н. развіваецца ў рэчышчы неатамізму. Асн. палажэнні каталіцкай філасофіі сфармуляваны ў «24 тамісцкіх тэзісах», надрукаваных у 1914 паводле распараджэння папы Пія X. Сучасныя неасхаласты, якія прытрымліваюцца метадалогіі сярэдневяковай схаластыкі і тамісцкіх тэзісаў, імкнуцца растлумачыць навук.-філас. і сац. праблемы з артадаксальна-каталіцкіх пазіцый.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́Ў (ням. Motiv, франц. motif ад лац. moveo прымушаю, рухаю),

заахвочванне да актыўнай дзейнасці сац. аб’ектаў (асоб, сац. груп, супольнасцей людзей), звязанае з імкненнем да задавальнення іх канкрэтных патрэбнасцей. У псіхалогіі М. — сукупнасць знешніх і ўнутр. умоў, якія выклікаюць актыўнасць суб’ектаў і вызначаюць яе накіраванасць, а таксама прадмет або аб’ект, на якія гэта актыўнасць накіравана. У сацыялогіі М. разглядаецца як патрэбнасць суб’ектаў у дасягненні пэўных даброт, стварэнні спрыяльных умоў жыццядзейнасці грамадства. М. як унутранае пабуджэнне сац. актыўнасці асоб і сац. супольнасцей неабходна адрозніваць ад знешніх падахвочванняў — стымулаў, якія становяцца М. толькі ў тым выпадку, калі яны з’яўляюцца суб’ектыўна значнымі і адпавядаюць глыбінным патрэбам суб’екта. Развіццё М. адбываецца праз змену і ўзмацненне актыўнасці, што пераўтварае прадметную дзейнасць. Важным фактарам развіцця М. з’яўляецца працэс вытворчасці матэрыяльных і духоўных даброт. У якасці патэнцыяльных М. выступаюць уласцівыя грамадству аб’ектыўныя каштоўнасці, інтарэсы і ідэалы. М. залежыць ад адносін у пэўным грамадстве, структуры маральнай свядомасці, каштоўнасных арыентацый, узроўню агульнай культуры, валявых якасцей асобы. Паводле М. паводзін чалавека мяркуюць пра яго светапоглядныя ўстаноўкі, прынцыпы, якімі ён кіруецца ў практычнай дзейнасці. У залежнасці ад суб’екта вылучаюць М. індывідуальныя, групавыя і вял. сац. супольнасцей, паводле аб’екта насычэння — матэрыяльныя і духоўныя; эканам., сац. і г.д.; па асноўных відах дзейнасці — пазнавальна-інтэлектуальныя, практычна-пераўтваральныя, камунікатыўныя і інш. Вылучаюць іерархію М. — ад найб. агульных, якія характарызуюць сістэмную накіраванасць развіцця суб’екта, да сітуатыўных, звязаных з задавальненнем прыватных патрэб у кожнай канкрэтнай сітуацыі. М. выконвае сваю функцыю нават тады, калі з’яўляецца неўсвядомленым. Усведамленне М. можа быць адэкватным (мэта) і неадэкватным (матывіроўка). Вывучэнне матывацыйна-зместавай сферы складае асн. праблему псіхалогіі асобы, яе грамадска-гіст. развіцця.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТАЛО́ГІЯ,

навука аб палітыцы, паліт. жыцці грамадства, паліт. працэсах, сістэмах і з’явах, дзейнасці людзей, накіраванай на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады. Як навука склалася да сярэдзіны 20 ст. Аб’ект П. — паліт. жыццё грамадства ў яго розных праяўленнях, усталяванне і функцыянаванне паліт. улады. Прадмет П. — заканамернасці паліт. жыцця вял. сац. супольнасцей і малых груп людзей, узнікнення, развіцця і функцыянавання механізмаў улады, паліт. поглядаў і інтарэсаў, паліт. дзейнасці, развіцця паліт. працэсаў у цэлым. Асновай П. як тэорыі і практыкі з’яўляюцца адносіны паміж паліт. суб’ектамі адносна ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх карэнных інтарэсаў. Асн. катэгорыі П. — палітыка, улада, дзяржава, культура палітычная, палітычная сістэма грамадства, палітычныя працэсы, ідэалогія, свядомасць, інтарэсы, ін-ты і інш. Для вывучэння паліт. структур, працэсаў і з’яў П. выкарыстоўвае 3 асн. групы метадаў: агульнанавуковыя, сац.-гуманітарныя і спец.-навуковыя (вызначэнне рэйтынгу партый палітычных і паліт. лідэраў з улікам пэўных паліт. дзеянняў у канкрэтнай паліт. сітуацыі, імітацыйнае паліт. мадэліраванне, праектаванне і прагназаванне з выкарыстаннем элементаў тэорыі гульняў, сацыялаг. маніторынг паліт. сітуацыі або мнагамерны статыст. аналіз дзяржаў, партый. Функцыі П.: пазнавальная — пазнанне паліт. рэчаіснасці, даследаванне прыроды і крыніц улады; інструментальная — вызначэнне эфектыўных спосабаў пераўтварэння паліт. і інш. сфер грамадства; палітычная сацыялізацыя — фарміраванне паліт. культуры людзей, пошук месца ў паліт. рэчаіснасці; дыягнастычная — вызначэнне адпаведнасці паліт. праграм, дзеянняў, паліт. суб’ектаў інтарэсам і патрэбам вялікіх сац. груп; рэгулятыўная — забеспячэнне ўздзеяння суб’ектаў палітыкі на паліт. працэсы пры дапамозе ін-таў улады, што дазваляе рэалізаваць правы людзей на ўдзел у паліт. жыцці; прагнастычная — распрацоўка магчымых сцэнарыяў і прадбачанне развіцця паліт. працэсаў і з’яў; аналітычная — аналіз вынікаў паліт. дзейнасці розных паліт. суб’ектаў; аксіялагічная — ацэнка паліт. працэсаў, з’яў, дзеянняў палітыкаў і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДЭРСТВА,

уплыў чалавека ці сац. групы на інш. людзей з мэтай арганізацыі сумеснай дзейнасці. Існуе некалькі тэорый Л. Прыхільнікі тэорыі рыс тлумачаць прыроду Л. выдатнымі якасцямі пэўнай асобы; лідэрам лічаць чалавека з асаблівым комплексам псіхал. якасцей. Прыхільнікі тэорыі Л. як функцыі пэўнай сітуацыі зыходзяць з таго, што тыя або інш. рысы лідэра мяняюцца ў залежнасці ад канкрэтных сітуацый. У тэорыі, якая вызначае ролю паслядоўнікаў, на першае месца ставіцца не сам лідэр, а яго паслядоўнікі, іх сац., псіхал. патрэбнасці, інтарэсы і запатрабаванні. Прыхільнікі інтэрактыўнай тэорыі Л. сцвярджаюць, што лідэрам можа стаць любы чалавек, які займае адпаведнае месца ў сістэме міжасобасных узаемаадносін. У сучасным грамадстве Л. ўяўляе сабой спосаб асобасных узаемадзенняў, заснаваных на інтэграцыі розных сац. слаёў (груп) з дапамогай дзеянняў спецыфічных механізмаў вакол праграмы (канцэпцыі) лідэра па вырашэнні розных сац. праблем і задач грамадскага развіцця. На ўзроўні малой групы лідэр кіруе дзеяннем групы, бярэ на сябе адказнасць, знаходзіць аптымальныя спосабы задавальнення групавых інтарэсаў і г.д. На ўзроўні вял. сац. груп лідэр абавязаны найперш выражаць інтарэсы дадзенай сац. групы, прадстаўляць іх у розных структурах. На ўзроўні грамадства існуе асаблівы тып Л. — палітычнае, калі лідэр інтэгрыруе інтарэсы вял. груп людзей у паліт. праграмы, каардынуе іх намаганні па рэалізацыі патрэбнасцей і ператварае мэты і задачы ў канкрэтныя дзеянні. Ням. сацыёлаг М.​Вебер адзначаў 3 тыпы Л.: традыцыйнае, заснаванае на веры ў непарушнасць традыцый, калі фармальнае Л. пераходзіць ад бацькі да сына, па сваяцкай лініі і г.д.; рацыянальна-легальнае, або бюракратычнае, якое базіруецца на законах, правілах, нормах; харызматычнае Л., заснаванае на веры мас у свайго лідэра, у незвычайныя здольнасці правадыроў; некаторыя лічаць, што харызма ідзе ад Бога і што яна надае магічную сілу тым, хто ёю валодае. Ад канкрэтных праяў Л. ў многім залежыць развіццё грамадства, жыццё і дабрабыт людзей.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЙЛО́ЎСКІ (Мікалай Канстанцінавіч) (27.11.1842, г. Мяшчоўск Калужскай вобл., Расія — 10.2.1904),

расійскі сацыёлаг, публіцыст і літ. крытык; ідэолаг ліберальнага народніцтва, адзін з заснавальнікаў суб’ектыўнай сацыялогіі. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це корпуса горных інжынераў (1856—63). З 1868 супрацоўнік, пазней адзін з рэдактараў час. «Отечественные записки». У 1870-я г. зблізіўся з народнікамі. З 1892 сарэдактар час. «Русское богатство». Прадметам сацыялогіі лічыў адносіны розных форм супольнага жыцця (кааперацыі) да асобы. Пошук законаў гэтых адносін прывёў М. да стварэння канцэпцыі двухадзінай праўды, у рамках якой ён імкнуўся аб’яднаць «праўду-ісціну», атрыманую шляхам аб’ектыўнага назірання, з «праўдай-справядлівасцю», якая адпавядала маральным ідэалам вучонага. Імкненне М. асэнсаваць ўзаемадзеянне пазнавальнай і духоўна-маральнай патрэб прывяло яго да стварэння суб’ектыўнага метаду ў сацыялогіі. Паводле М., гісторыяй кіруюць стабільныя законы, што рэгулююць парадак і змену фаз гіст. руху, аднак у межах гэтых законаў асоба ставіць свае мэты ў гісторыі і «рухае да іх падзеі». Таму сацыёлаг павінен стварыць сац. ідэал і на гэтай аснове вызначыць, якія грамадскія элементы пажаданы, а якія не пажаданы ў будучыні. Лічыў асобу вышэйшым крытэрыем каштоўнасці грамадства і адмаўляў магчымасць прынясення яе ў ахвяру. Распрацоўваў тэорыю «герояў і натоўпу», гіст. прагрэс трактаваў як паступовае набліжэнне «да магчыма больш поўнага і ўсебаковага падзелу працы паміж органамі і магчыма меншага падзелу працы паміж людзьмі». Спадзяваўся, што многія праблемы грамадства будуць вырашаны пры сацыялізме, які вызначаў як «перамогу асабістага пачатку пры дапамозе пачатку грамадскага», што рас. сял. абшчына бліжэй, чым капіталіст. Захад, стаіць да сацыялізму як ідэалу будучыні. Як літ. крытык выступаў супраць утылітарных і нігілістычных літ.-крытычных поглядаў, выразнікам якіх быў Дз.І.Пісараў. Асн. творы: «Што такое прагрэс?» (1869), «Тэорыя Дарвіна і грамадская навука» (1870—73), «Барацьба за індывідуальнасць» (1875—76), «Героі і натоўп» (1882) і інш.

Тв.:

Литературная критика: Статьи о рус. лит. XIX — начала XX в. Л., 1989;

Герои и толпа: Изб. тр. по социологии. Т. 1—2. СПб., 1998.

Літ.:

Виленская Э.С. Н.​К.​Михайловский и его идейная роль в народническом движении 70-х — начала 80-х гг. XIX в. М., 1979;

Слинько А.А. Н.​К.​Михайловский и русское общественно-литературное движение второй половины XIX — начала XX в. 2 изд. Воронеж, 1982;

Володин АИ. Выдающийся деятель русской культуры // Отеч. история. 1993. № 6.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎНАСЦЬ САЦЫЕ́ЛЬНАЯ,

паняцце, якое вызначае аднолькавае становішча, правы і свабоды розных сац. груп і асобных людзей у грамадстве. Прадугледжвае забеспячэнне ўсім членам соцыуму неабходнага сацыяльна гарантаванага ўзроўню жыцця, рэальнай роўнасці сац. магчымасцей, замацаванне сац. стабільнасці грамадства. Паняцце «Р.с.» цесна звязана з паняццем сац. справядлівасці. Можа рэалізоўвацца толькі пры пэўных сац.-паліт., эканам. і культ. умовах, эканам. і паліт. самастойнасці людзей, рэальных магчымасцях павышэння іх адукацыйнага і прафес. ўзроўню, духоўным удасканальванні грамадскіх адносін.

Вытокі ідэі Р.с. як прынцыпу арг-цыі грамадства ў ант. філасофіі, дзе яна разглядалася як роўнасць членаў аднаго саслоўя пры няроўнасці паміж рознымі саслоўямі (Платон, Арыстоцель). У хрысц. філасофіі Р.с. з’яўлялася рэліг. нормай і вызначалася як прынцып «перад Богам усе роўныя». У эпохі Адраджэння і Асветніцтва яна набыла свецкі характар як ідэя прыроднай роўнасці людзей; у перыяд усталявання бурж. грамадства — як ідэя «свабоды, роўнасці і брацтва» проціпастаўлялася феад.-саслоўнай светабудове. Ідэі роўнасці ўсіх грамадзян перад законам і размеркавання сац. даброт не па саслоўнай прыналежнасці, а па канкрэтным укладзе ў сац. развіццё адлюстраваны ў «Дэкларацыі незалежнасці» ў ЗША (1776) і «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна» ў Францыі (1789). Пры станаўленні капіталіст. грамадства рэалізацыя ідэй Р.с. прывяла да значных змен у грамадскіх адносінах: скасаваны саслоўі і саслоўныя адносіны, заканадаўча замацаваны прынцып роўнасці людзей перад законам. Адзін з варыянтаў рэалізацыі Р.с. быў прапанаваны тэорыяй сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва, у якой планавалася забяспечыць сац., эканам. і паліт. раўнапраўе грамадзян незалежна ад іх сац. паходжання, нац. і канфесіянальнай прыналежнасці, гарантаваць права на працу і яе адэкватную аплату, справядлівае размеркаванне грамадскіх фондаў спажывання і інш. Рэалізацыя гэтых планаў прывяла да вырашэння некат. праблем Р.с., але і да павелічэння бюракратычнага апарату і т.зв. «ураўнілаўкі» ў грамадстве.

Сярод сучасных канцэпцый сац. развіцця вылучаюць тэорыі, якія даказваюць, што сац. няроўнасць з’яўляецца адзіным і натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.​Дзюркгейма, В.​Э.​Мура, тэорыя статусных груп М.​Вебера і інш.), і тэорыі, паводле якіх у выніку мэтазгоднай рэарганізацыі дзяржавы і грамадства, рэвалюцый сацыяльных можна дасягнуць Р.с. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя «сацыяльнай дзяржавы» і інш.).

Літ.:

Новгородцев П.И. Об общественном идеале. М., 1991;

Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995;

Самсонова Т.Н. Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.

І.​В.​Катляроў.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІГІЛІ́ЗМ,

сацыяльна-філасофская канцэпцыя абсалютнага адмаўлення духоўных асноў быцця і агульнапрынятых каштоўнасцей (ідэалаў, рэліг. і маральных норм, культуры, грамадскіх ін-таў, гіст. мінулага). Асн. ідэі Н. прысутнічалі ў рэліг.-філас. вучэннях сярэднявечча. У 11 ст. ератыкоў называлі «нігіліяністамі» (па назве вучэння, якое адмаўляла існаванне Хрыста); у 18—19 ст. у Еўропе тэрмін «Н.» ужываўся для абазначэння крайнасцей ідэалізму і скептыцызму. Пачынаючы з Ф.​Ніцшэ, зах. філас. і этычны Н. набыў змест вучэння «пачатку эпохі заняпаду». Ніцшэ надаў Н. кірунак «пераацэнкі ўсіх каштоўнасцей», разглядаў яго як этап вызвалення ад ілюзій гуманізму ў працэсе руху да «звышчалавека», які стаіць «па той бок дабрыні і зла». Непасрэдная прычына Н., на думку Ніцшэ, — разлажэнне хрысціянскай маралі і рэліг. свядомасці, страта веры ў Бога. Новая інтэрпрэтацыя Н. ўзнікла ў 20 ст. ў філасофска-гіст. канцэпцыі «культурных цыклаў» О.​Шпенглера, які лічыў еўрап. грамадства і культуру нігілістычнымі (гл. Культурных цыклаў тэорыя). «Эпоха заняпаду», якую перажывае кожны культурны арганізм, характарызуецца спецыфічнымі рысамі: разважнасцю, цвярозым практыцызмам, сенсуалістычна-матэрыялістычным падыходам да чалавека і свету. Гэтыя моманты, паводле Шпенглера, і складаюць аснову нігілістычнага светаадчування. У зах. філасофіі 2-й пал. 20 ст. праблемы Н. распрацоўваліся найперш экзістэнцыялістамі (М.​Хайдэгер, К.​Ясперс, А.​Камю). Узнікненне Н. яны звязваюць з тым, што грамадства страціла веру ў тыя ідэалы, якія складаюць сэнс чалавечай дзейнасці. На іх думку, чалавечае жыццё ў сучасных умовах становіцца бессэнсоўным. Таму Камю заклікаў людзей усведамляць абсурднасць сваіх дзеянняў. У Расіі і на Беларусі гал. носьбітам ідэалогіі і псіхалогіі Н. былі прадстаўнікі разначыннай дэмакр. інтэлігенцыі канца 1850—60-х г. Спецыфічнай рысай гэтага Н. быў рацыяналізм, заснаваны на кульце «ведаў», пакланенні прыродазнаўчым навукам, перанясенні іх метадаў на сац. і духоўную сферы. Разбурэнне мінулага, ператварэнне яго ў «нішто» было найважнейшай прыкметай Н. Канкрэтныя справы прыхільнікі Н. разумелі як разрыў з традыц. сістэмай каштоўнасцей у адукацыі і выхаванні, барацьбу за індывідуальнасць, бунт, рэвалюцыю, разбурэнне ўсіх рэліг., дзярж. і культ. дасягненняў, як пратэст супраць усяго існуючага. Тэарэтыкі рас. Н. адхілялі кансерватыўную ідэалогію і рэліг. забабоны, ідэаліст. філасофію, дэспатызм у грамадстве і сям’і, «мастацтва дзеля мастацтва», «навуку дзеля навукі», патрабавалі свабоды асобы, раўнапраўя жанчын, абгрунтоўвалі выключную ролю інтэлігенцыі ў пераўтварэнні краіны. Н. стаў асновай светапогляду рэв.-дэмакр. кірункаў сац.-філас. і грамадска-паліт. думкі таго часу. Маючы форму актыўнага пратэсту ён падштурхоўваў да змянення навакольнай рэчаіснасці. У 1860-я г. Н. паступова страціў свой уплыў у рас. грамадстве, яго прадстаўнікі падзяліліся на рэвалюцыянераў-дэмакратаў, прапаведнікаў культурніцтва, блізкіх да лібералаў, і радыкалаў-анархістаў.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)