като́лік
(лац. catholicus, ад гр. katholikos = усеагульны, галоўны)
той, хто прыняў каталіцызм і прытрымліваецца абрадаў каталіцкай царквы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
папі́зм
(польск. papizm, ад слац. papismos)
1) рэакцыйная плынь, якая прапагандуе ўстанаўленне палітычнай улады рымскага папы;
2) каталіцызм.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГАЛІСІ́ЙЦЫ (саманазва гальегі),
народ у Іспаніі (асн. насельніцтва рэгіёна Галісія) і Амерыцы (эмігранты). Агульная колькасць 4,14 млн. чал. (1987), у т. л. (1985, ацэнка) 3,12 млн. чал. у Іспаніі, каля 1 млн. чал. у Амерыцы (520 тыс. у Аргенціне, 200 тыс. у Бразіліі, 120 тыс. у Венесуэле, 60 тыс. ва Уругваі, 30 тыс. на Кубе і 20 тыс. у ЗША). Гавораць на галісійскай мове, блізкай да партугальскай. Вызнаюць каталіцызм. Асн. традыц. занятак — сельская гаспадарка; часткова рыбалоўства (на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.).
т. 4, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́Я ЦЮ́ДАР (Mary Tudor), Марыя I (18.2.1516, Лондан — 17.11.1558),
англійская каралева [1553—58], Дачка Генрыха VIII (гл. Генрых, англ. каралі) і Кацярыны Арагонскай. На прастоле пасля смерці Эдуарда VI. Аднавіла каталіцызм (1554), жорстка праследавала прыхільнікаў Рэфармацыі, шмат якія з іх былі пакараны смерцю (адсюль яе мянушка Марыя Крывавая). Зблізілася з папствам і каталіцкай Іспаніяй. З 1554 жонка наследніка ісп. прастола Філіпа (з 1556 кароль Філіп II). У саюзе з Іспаніяй вяла вайну супраць Францыі (1557—59), якая скончылася стратай Англіяй апошняга порта на кантыненце — Кале.
т. 10, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКАНАВА́ННЕ,
рэлігійнае ўяўленне аб прадвызначанасці божай воляй з’яў сусв. гісторыі, дэтэрмінаванасці жыцця і паводзін чалавека (гл. Правідэнцыялізм, Фаталізм). Канцэпцыя Н. ўступае ў процідзеянне з вучэннем аб свабодзе волі і адказнасці чалавека за свае ўчынкі, без якой не можа існаваць нават рэліг. этыка. Гэта абумовіла ўзнікненне спрэчак аб Н. ў розных рэліг. кірунках. Праваслаўе і каталіцызм абгрунтоўваюць сумяшчэнне свабоды волі з божым Н. Іслам, захоўваючы арыентацыю на фаталізм, спалучае Н. з дапушчэннем свабоды волі. Сучасная тэалогія імкнецца змякчыць фаталістычны характар Н. з дапамогай мадэрнізацыі рэліг. футуралогіі і эсхаталогіі.
т. 11, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЯЛЕ́ННЕ ЦАРКВЫ́ АД ДЗЯРЖА́ВЫ,
дзяржаўная палітыка адхілення царквы ад вядзення актаў цывільнага стану і ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве. Канстытуцыйна ажыццёўлена ў нешматлікіх краінах (ЗША, Францыя, б. СССР і інш.). У канстытуцыях больш як 40 дзяржаў прадугледжаны статус дзярж. або пануючай рэлігіі і царквы (у Іспаніі, Італіі, Балівіі — каталіцызм, Іране, Саудаўскай Аравіі, Кувейце — іслам, у Ізраілі — іудаізм, у Тайландзе — будызм). Мае месца і канстытуцыйнае прызнанне роўнасці рэлігіі і царквы без аддзялення царквы ад дзяржавы (Японія, ФРГ і інш.). У Рэспубліцы Беларусь аддзяленне царквы ад дзяржавы ажыццяўляецца на аснове неўмяшання дзяржавы ва ўнутрыцаркоўныя справы, самастойнага і канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна вызначаць адносіны да рэлігіі, вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.
т. 1, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́СТА (Acosta),
да Коста (da Costa) Урыэль (каля 1585, Партугалія — 1640), нідэрландскі мысліцель-вальнадумец. Нарадзіўся ў яўр. сям’і, якая прыняла каталіцызм. У 1614 уцёк у Нідэрланды, перайшоў ва іудаізм. За крытыку догмаў іудаізму, пропаведзь «натуральнай рэлігіі» двойчы адлучаны ад сінагогі, яго кн. «Выпрабаванне фарысейскіх традыцый у параўнанні з пісаным законам» (1624) публічна спалена. Аўтар твораў «Тэзісы супраць традыцыі», «Пра смяротнасць душы чалавечай» (1623), «Прыклад чалавечага жыцця» і інш. Акоста крытыкаваў тлумачэнне рабінамі веравучэння Майсея, адмаўляў бессмяротнасць душы і замагільнае жыццё, гал. прынцыпамі чалавечага жыцця абвяшчаў розум і любоў да бліжняга. Скончыў жыццё самагубствам. Погляды Акосты паўплывалі на развіццё вальнадумства ў Зах. Еўропе, на ідэйную эвалюцыю Б.Спінозы.
Г.У.Грушавы.
т. 1, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЭРА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1929,
пагадненні па ўрэгуляванні канфлікту паміж Італіяй і папствам з-за «Рымскага пытання». Падпісаны 11.2.1929 Б.Мусаліні і кардыналам П.Гаспары. Складаліся з асн. дагавора, фін. канвенцыі і канкардату. У дагаворы Італія прызнавала каталіцызм «адзінай дзярж. рэлігіяй» у краіне, згаджалася на стварэнне на тэр. Рыма папскай дзяржавы — Ватыкана, прызнавала за святым прастолам права дыпламат. зносін з інш. дзяржавамі. Абвяшчалася, што «горад Ватыкан заўсёды і ва ўсякіх выпадках будзе разглядацца як тэрыторыя нейтральная і недатыкальная». Паводле фін. канвенцыі, Італія абавязвалася выплаціць Ватыкану 1750 млн. італьян. лір. Канкардат вызначаў правы і прывілеі італьян. каталіцкай царквы. Асн. дагавор дзейнічае дагэтуль. У 1984 Італія і Ватыкан зацвердзілі новую рэдакцыю канкардату, паводле якой абмежаваны прывілеі італьян. каталіцкай царквы.
т. 9, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁС,
у міфалогіі, ірацыяналістычных філас. сістэмах, паўсядзённым усведамленні незразумелая, недаступная розуму, загадкавая прадвызначанасць падзей і ўчынкаў. У старажытнагрэч. міфалогіі ўвасаблялася ў вобразах Мойраў (трох багінь Л.). Стараж. рымляне называлі іх Паркамі і верылі ў няўхільную прадвызначанасць усяго, што адбываецца з чалавекам, у яго фатальнасць. У хрысціянстве і інш. рэлігіях Л. выступае ў выглядзе боскага прадвызначэння, вышэйшай істоты. Некаторыя рэліг. кірункі (каталіцызм, праваслаўе) імкнуцца паслабіць фатальнасць уяўленняў аб Л. пры дапамозе эклектычнага спалучэння ідэі боскага прадвызначэння і свабоды волі асобы. Вера ў Л. з’яўляецца перадумовай узнікнення існавання астралогіі. У канцы 19 ст. паняцце Л. мела пашырэнне ў філасофіі жыцця. У звычайным жыцці Л. азначае долю, жыццёвы шлях, збег абставін.
т. 9, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дысідэ́нт
(лац. dissidens, -ntis = нязгодны)
1) той, хто не прызнае пануючага ў краіне веравызнання (там, дзе асноўнай рэлігіяй з’яўляецца каталіцызм або пратэстантызм);
2) палітычны іншадумец.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)