КАЧУБІ́НСКІ Аляксандр Аляксандравіч (3.11.1845, Кішынёў — 26.6.1907),

расійскі філолаг-славіст, гісторык. Д-р слав. філалогіі, праф. (1877). Скончыў Маскоўскі ун-т (1867). З 1871 выкладаў слав. філалогію ў Новарасійскім ун-це (Адэса). Праводзіў ідэю яднання славян і культ.-гіст. місіі Расіі. Асуджаў палітыку царызму 1815—40-х г., накіраваную на задушэнне нац.-вызв. руху, у т. л. славян, аднак быў супраць паўстання 1863—64, бо, на яго думку, палякі — «парушальнікі славянскага міру». Навук. працы: «Да пытання пра ўзаемаадносіны славянскіх гаворак» (т. 1—2, 1877—78), «Вынікі славянскай і рускай філалогіі» (1882) пра ўзаемасувязі слав. моў і культур і «Тэрыторыя дагістарычнай Літвы» (1897), прысвечаная пытанням этн. гісторыі беларусаў і літоўцаў.

Дз.​У.​Караў.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСТРА́ЛАЎ Мікалай Герасімавіч (16.5.1805, Малаяраславецкі пав. Арлоўскай губ., Расія — 20.6.1870),

рускі гісторык. Чл. Пецярбургскай АН (1837). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1824), у 1834—70 праф. рускай гісторыі гэтага ун-та. У сваіх лекцыях адводзіў значнае месца гісторыі ВКЛ. Выдаў мемуарныя крыніцы 16—17 ст.: «Сказанні сучаснікаў пра Дзмітрыя Самазванца» (т. 1—5, 1831—34), «Сказанні князя Курбскага» (т. 1—2, 1833), у якіх маюцца значныя звесткі з гісторыі ВКЛ. Аўтар працы «Гісторыя царавання Пятра Вялікага» ў 10 тамах (выйшлі т. 1—4, 6, 1858—63), універсітэцкага курса «Руская гісторыя» (ч. 1—5, 1837—41). Канцэпцыя рас. гісторыі У. блізкая да поглядаў М.М.Карамзіна. Быў фактычна правадніком тэорыі «афіцыйнай народнасці» ў гіст. навуцы.

Дз.​У.​Караў.

т. 16, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НЦАЎ Павел Дзмітрыевіч (5.8.1845—?),

рускі гісторык. Стацкі саветнік. З 1873 выкладчык мужчынскай гімназіі ў Сімферопалі, у 1875—98 выкладаў гісторыю і геаграфію ў Віленскім рэальным вучылішчы, у 1898—1906 дырэктар нар. вучылішчаў у Курляндскай губ. У 1890-я г. супрацоўнічаў у «Виленском календаре» і «Виленском вестнике». Працы па гісторыі ВКЛ: «Гісторыя Літоўскай дзяржавы са старажытных часоў» (1889), «Нарыс старажытнай Літвы і Заходняй Расіі» (1891; 2-е выд. 1896). Гал. заслугай бел. князёў лічыў іх барацьбу за праваслаўе. На яго думку, рус. цары выратавалі беларусаў і літоўцаў ад польск. асіміляцыі. Ўхваляў Мураўёва за задушэнне паўстання 1863—64.

Тв.:

Польский мятеж 1863 г. Вильна, 1891 (на вокл. 1892);

Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. Вильна, 1896.

Дз.​У.​Караў.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЗАН (Korzon) Тадэвуш Сільвестр (9.11.1839, Мінск — 8.3.1918),

польскі гісторык, прадстаўнік варшаўскай гіст. школы. Правадз. чл. Польскай АН у Кракаве (1903). Скончыў Маскоўскі ун-т (1859). За рэв. дзейнасць сасланы ў Арэнбург (1861). З 1869 у Варшаве, выкладаў у гімназіі. У 1886 за прапаганду нац. ідэй пазбаўлены права выкладання. З 1897 дырэктар б-кі Красінскіх. Адзін з заснавальнікаў у 1905 час. «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд»), у 1907 — т-ва аматараў гісторыі. Аўтар манаграфій, падручнікаў па агульнай гісторыі, артыкулаў па тэорыі і методыкі гіст. даследаванняў, гістарыяграфіі. Даследаваў паліт. і эканам. гісторыю Рэчы Паспалітай.

Тв.:

Wewnętrzne dzieje Polski za Stanisława Augusta. 2 wyd. T. 1—6. Warszawa, 1897—98.

Літ.:

Włodarczyk J. Tadeusz Korzon: Głowne konccpcje historyczne i historiograficzne. Lódź, 1958.

Дз.​У.​Караў.

т. 8, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБО́ЙКА Іван Мікалаевіч (2.7.1786, г.п. Золачаў Харкаўскай вобл., Украіна — 27.6.1861),

гісторык, літаратуразнавец, лінгвіст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1810). У 1815 чыноўнік па асобых даручэннях у прэзідэнта Дзярж. савета Царства Польскага Вялінскага, потым на дзярж. службе ў Пецярбургу. У 1822—40 праф. Віленскага ун-та, Мед.-хірургічнай і Духоўнай рымска-каталіцкай акадэмій у Вільні. У 1820—30-я г. садзейнічаў пашырэнню рус.-бел.польскіх культ. сувязей, прапанаваў ідэю комплекснага вывучэння Беларусі і Літвы. Цікавіўся бел. фальклорам. Як «вучоны карэспандэнт» графа М.П.Румянцава быў ініцыятарам шэрагу гіст.-археал. экспедыцый па зах. Беларусі, у выніку якіх з’явіліся працы «Апісанне польскіх і літоўскіх гарадоў» і «Даследаванне аб Літве». Аўтар публікацый «Аб важнейшых выданнях Герберштэйна запісак аб Расіі» (СПб., 1818), «Збор расійскіх вершаў» (Вільня, 1827) і інш.

Д.​У.​Караў.

т. 9, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБО́ВІЧ Мікалай Мікалаевіч (28.3. 1855, г. Тульчын Вінніцкай вобл., Украіна — 1935),

расійскі гісторык-славіст. Чл.-кар. АН СССР (1924), д-р гісторыі (1890), праф. (1890). Скончыў Кіеўскі ун-т (1877). З 1880 працаваў у Варшаўскім ун-це. У 1915 разам з ун-там эвакуіраваўся ў Растоў-на-Доне, выкладаў у Растоўскім (Паўн.-Каўказскім) ун-це. Гал. праблемы даследаванняў — гісторыя Рэфармацыі і Контррэфармацыі ў Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі. Гіст. працы Л. засн. на метадалагічных прынцыпах пазітывізму («Гісторыя рэфармацыі ў Польшчы. Кальвіністы і антытрынітарыі», 1883; «Да гісторыі езуітаў у літоўска-рускіх землях у XVI ст.», 1888; «Пачатак каталіцкай рэакцыі і заняпад рэфармацыі ў Польшчы», 1890, і інш.).

Дз.​У.​Караў.

Панарама Старой плошчы з замкам Град у Любляне.

т. 9, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КАЛЬНІК Павел Васілевіч (1795, г. Замасць, Польшча — 1884),

гісторык, пісьменнік. Д-р права (1815). Брат М.В.Кукальніка. Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію (1815). У 1825—32 заг. кафедры ўсеаг. гісторыі Віленскага ун-та, у 1832—42 выкладаў у Мед.-хірургічнай і Духоўнай акадэміях у Вільні, потым у каталіцкай семінарыі. Адначасова з 1829 цэнзар, у 1863—65 старшыня цэнзурнага к-та. У 1860-я г. старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Пад яго рэдакцыяй выдадзены 1-ы т. «Актаў Віленскай камісіі» (1865). Аўтар прац па гісторыі ВКЛ. Яго буйнейшая праца «Гістарычныя нататкі пра Літву» (1864), як і іншыя, кампілятыўная, заснавана на даследаваннях Ю.​Ярашэвіча, Е.​С.​Бантке, Ю.​І.​Крашэўскага, М.​Стрыйкоўскага, М.​М.​Бантыш-Каменскага. Ідэйна-паліт. погляды К. грунтаваліся на заходнерусізме. Аўтар успамінаў, апублікаваных у «Русском архиве» (1873—74).

Д.​У.​Караў.

т. 8, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДАЎ Аляксандр Іванавіч (1864 — пасля 1933),

гісторык, археограф, бібліёграф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію. Супрацоўнік Віленскай публічнай б-кі, дырэктар музея М.​М.​Мураўёва. Даследаваў помнікі кірылічнага пісьменства, гісторыю правасл. царквы, паўстання 1863—1864, рэліг. сектаў, архіўнай справы. Стаяў на пазіцыях заходнерусізму. Падрыхтаваў да выдання «Архіўныя матэрыялы Мураўёўскага музея, якія датычацца польскага паўстання 1863—1864 гг. у межах Паўночна-Заходняга краю» (ч. 1—2, Вільня, 1913—15; рукапіс 3-га т. ў Гіст. архіве Літвы). Выдаваў каталогі апісанняў старадрукаваных кніг са збораў Вільні. З 1918 на архіўнай рабоце ў Петраградзе.

Тв.:

Описание славяно-русских старопечатных книг Виленской публичной библиотеки (1491—1800 гг.). Вильна, 1908;

Старопечатные славяно-русские издания, вышедшие из западно-русских типографий XVI—XVII вв. Вильна, 1908;

Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки. Его история и состав. Вильна, 1910.

Дз.​У.​Караў.

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІРСКІ-БУДА́НАЎ Міхаіл Флягонтавіч (1838, с. Бараздзіно Вянёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 7.4.1916),

расійскі гісторык права. Д-р гіст. н. (1874), праф. (1857). Скончыў Тульскую духоўную семінарыю (1857) і Кіеўскі ун-т (1864). У 1869—74 выкладаў гісторыю рас. права ў Дзямідаўскім ліцэі ў Яраслаўлі, з 1875 у Кіеўскім ун-це. З 1882 гал. рэдактар кіеўскай Часовай камісіі для разбору стараж. актаў, з 1887 старшыня гіст. т-ва Нестара-летапісца. Вывучаў гісторыю права Расіі, Украіны, Беларусі, Літвы і Польшчы. Аўтар прац «Нямецкае права ў Польшчы і Літве» (1868), «Насельніцтва паўднёва-заходняй Расіі ад пал. XIII да пал. XVII ст.» (1886), «Маёнткі Літоўскай дзяржавы» (1889), «Агляд гісторыі рускага права» (1886, 7-е выд. 1915) і інш.

Літ.:

Михальченко С.И. Киевская школа в российской историографии. М.;

Брянск, 1997.

Дз.​У.​Караў.

т. 16, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯЁЎСКІ (Maciejowski) Вацлаў Аляксандр (1792, г. Кальварыя-Забжыдоўская Малапольскага ваяв., Польшча — 10.2.1883),

польскі славяназнавец, гісторык культуры і права. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, Вроцлаве, Берліне, Гётынгене. Праф. рымскага права Варшаўскага ун-та (1819—31). Удзельнік паўстання 1830—31. У 1836—49 праф. класічнай філалогіі ў рымска-каталіцкай Духоўнай акадэміі ў Варшаве. У сваіх творах праводзіў ідэі агульнаслав. культ. адзінства. У працы «Гісторыя славянскіх заканадаўстваў» (т. 1—4, 1832—35; выд. перапрацавана, т. 1—6, 1856—65) даследаваў пытанні агульнасці слав. права. Выдаў зборнік крыніц па слав. праве «Помнікі гісторыі, пісьменства і заканадаўства славян» (т. 1—2, 1839). Аўтар прац «Пачатковая гісторыя Польшчы і Літвы...» (1846), «Польскія і літоўскія летапісы і хронікі» (1850), «Польскае пісьменства з найдаўнейшых часоў да 1830 г.» (т. 1—3, 1851—52), «Яўрэі ў Польшчы, Русі і Літве» (1878).

Дз.​У.​Караў.

т. 10, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)