прахадны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае скразны праход, служыць для праходу. У прахадной будцы стаяў вартавы, які прыдзірліва аглядаў кожнага, хто набліжаўся да яго. Лупсякоў.
2. у знач. наз. прахадна́я, ‑ой, ж. Памяшканне пры ўваходзе на прадпрыемства, праз якое праходзяць рабочыя і служачыя. Пасля работы Алесь у прахадной сутыкнуўся з Паўлаўцом, сакратаром партбюро цэха. Шыцік. Сустрэліся мы з Уладзімірам Няхайчыкам каля прахадной у галоўны корпус. Кавалёў.
3. Які дае права або мае магчымасць прайсці па конкурсу куды‑н., увайсці ў склад каго‑, чаго‑н. [Міша:] — Семнаццаць з дваццаці набраў. Прахадны бал... А Лёня Хазанскі праваліў. Мыслівец. [Толя:] — Начальства здаволена ім амаль на дзевяноста працэнтаў, бетоншчыкі — на ўсе сто. Так што, павер мне, старому газетнаму прайдзісвету, кандыдатура прахадная ва ўсіх адносінах. Чыгрынаў.
4. Спец. Які робіць перасяленне з аднаго месца на другое (пра жывёл, птушак, рыб). Нерастуе сіг звычайна ў канцы лістапада і пачатку снежня, прычым аселы азёрны сіг адкладвае ікру на камяністых водмелях, а прахадны — на парожыстых участках рэк з галечным дном. Матрунёнак.
•••
Прахадны двор гл. двор.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
персо́на, ‑ы, ж.
1. з азначэннем. Кніжн. і іран. Асоба, чалавек. На сцяне вісеў партрэт міністра шляхоў зносін, але Блок, здавалася, касаваў яго сваёю персонаю. Колас. // Важная, значная асоба. Расказваюць, аднаго разу па чыгунцы праз горад праязджала нейкая вельмі важная персона. Айзік ніяк не мог прабіцца ў вагон, сфатаграфаваць яе. Сабаленка. Не ляжыць да яго, пэўна, сэрца яе. Але ж бацька хлапца не малая персона. І дзяўчына надзею хлапцу падае. Вялюгін.
2. Чалавек, асоба (за сталом). Накрыць стол на пяць персон.
•••
Персона грата (лац. persona grata — пажаданая асоба) — а) дыпламат, кандыдатура якога на дыпламатычны пост адобрана ўрадам той краіны, куды ён накіраваны; б) (уст. і іран.) пра чалавека, які карыстаецца асобымі прывілеямі, прыхільнасцю з боку высокапастаўленай асобы.
Персона нон грата (лац. persona non grata) — дыпламатычны прадстаўнік, які не карыстаецца давер’ем з боку ўрада дзяржавы, куды ён назначаецца.
Уласнай персонай (жарт.) — сам, асабіста. — Вось ён, уласнай персонай, — пачуўся ў гэты час з парога мужчынскі голас. Васілевіч. [Камендант] часам сам, мінаючы кур’ера, прыносіць ёй паперы, уласнай персонай заходзіць да яе. Лынькоў.
[Лац. persona.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АЛЕ́ЛЬКАВІЧЫ
(Алелькі, Слуцкія),
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ, адна з галін Гедзімінавічаў. Яго прадстаўнікі ў 15—16 ст. адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзярж.-паліт. жыцці Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Найб. вядомыя Алелькавічы:
Аляксандр (Алелька, ? — 1454), заснавальнік роду, сын кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча. Князь капыльскі, слуцкі з 1394, кіеўскі з 1441. Вёў войны супраць татараў. Як военачальнік і дыпламат карыстаўся вял. аўтарытэтам у бел., літ. і ўкр. знаці, пасля смерці Вітаўта яго кандыдатура была вылучана на велікакняжацкі пасад. Удзельнічаў у міжусобнай барацьбе паміж прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам (напачатку падтрымліваў першага, потым другога). Жыгімонт Кейстутавіч, атрымаўшы перамогу, адабраў у Аляксандра Слуцкае княства, а яго самога зняволіў у астрог. Вял. кн. Казімір IV у 1441 вярнуў яму Слуцк і даў Кіеўскае княства. Сямён (1420—3.12.1470), старэйшы сын Аляксандра, князь кіеўскі. Прэтэндаваў на велікакняжацкі пасад у 1454 і 1456, шукаў падтрымкі ў Маскве. Яго ўдава Марыя Гаштольд атрымала ад вял. кн. Пінскае княства ўзамен за Кіеўскае. Міхал (каля 1425—30.8.1481), малодшы сын Аляксандра, князь слуцкі і капыльскі. У 1470—71 намеснік вял. кн. ВКЛ у Вял. Ноўгарадзе. З мэтай скінуць Ягелонаў і стаць вял. кн. ВКЛ стварыў групоўку магнацкіх родаў. Пры няўдачы намерваўся аддзяліць ад ВКЛ усх. землі Беларусі і Украіны і перайсці з імі пад апеку вял. князя маскоўскага. За арганізацыю змовы супраць вял. кн. Казіміра IV пакараны смерцю. Васіль (каля 1425—4.6.1495), сын Сямёна, князь пінскі. Сямён (каля 1460—14.11.1505), сын Міхала, князь слуцкі. У 1502 і 1503 разбіў татараў у бітвах на р. Уза і Прыпяць. Юрый (1492—17.4.1542), сын Сямёна, князь слуцкі. Удзельнік абароны Слуцка ў час Глінскіх мяцяжу 1508, бітвы з татарамі ў 1511, Аршанскай бітвы 1514. Юрый (каля 1531—9.11.1578), сын Юрыя, князь слуцкі. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Юрый (17.8.1559 — 6.5.1586), сын Юрыя Юр’евіча, князь слуцкі, адзін з апошніх Алелькавічаў па мужчынскай лініі. Яго дачка Соф’я ў 1600 выйшла замуж за Я.Радзівіла. Пасля яе смерці (1612) Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў.
П.Р.Казлоўскі.
т. 1, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
якра́з,
1. прысл. У гэты час, у гэты момант. Тут якраз увайшоў у хату дзядзька Антось. С. Александровіч.
2. прысл. У поўнай адпаведнасці, дакладна, у самы раз. Кузня стаяла якраз насупраць бацькавай хаты. Каваленка. Порткі яго [Алега] прыйшліся палоннаму амаль якраз. Брыль. Уля памерала тады — лодачкі былі якраз па назе. Паўлаў.
3. прысл. Іменна, менавіта. Новыя доследы якраз больш цікавяць юных натуралістаў, заахвочваюць іх да працы. Дубоўка. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка.
4. прысл. (у спалучэнні са словам «як»). Кропля ў кроплю. Сын — якраз як бацька. □ Зрабілася ад ліўняў і ад сонца [вушанка] Якраз як сівагракава крыло... Барадулін. Якраз як і ў аўтобусе Гуд зыбкі ў галаве. Смагаровіч.
5. у знач. вык. Як па мерцы, як на мяне (на яго, на яе). Аднойчы прымераў [світар]. Якраз на мае плечы. І ўзор наш, мой. Янкоўскі.
6. у знач. часціцы. Ужываецца для большай канкрэтызацыі, удакладнення асобы ці прадмета, для ўзмацнення якасці каго‑, чаго‑н. [Макар Белкін:] — Вось... Начальніка цэха Мышкоўскага можна крытыкнуць. Працуюць у яго там дрэнна, без аганьку. Якраз кандыдатура ў сатырычную газету. Шымук. Шмат год назад сказаў выдатна Маркс: Жыццё для чалавека — барацьба. Відаць, праблема першая якраз Перамагчы ў самім сабе раба. Семашкевіч. А Грышка тым часам бегаў каля ракі. Якраз па тым баку ішоў з вудамі рыбак. Колас. // Ужываецца для падкрэслівання і азначэння таго, што маецца на ўвазе; сапраўды, так, праўда. Анежка, якраз як дзіця, сарамліва апусціла вочы. Броўка. А Рыгор якраз падыходзіць да мясцовых умоў: селянін і гэткі верны сацыялізму. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)