патрапа́ць, ‑траплю, ‑трэплеш, ‑трэпле; зак., каго-што.

1. Трапаннем ачысціць (валакно ад кастрыцы). Лісавета была рада, што лён сцёрты, а патрапаць яго яна і сама здолее. Чарнышэвіч.

2. і без дап. Трапаць некаторы час. Кончыцца кананне бульбы, мо’ хто на дзень-другі пазаве лён паслаць ці патрапаць. Гартны.

3. Разм. Працяглым або неахайным карыстаннем знішчыць, зрабіць бруднай, непрыгоднай якую‑н. рэч. Патрапаць адзежу. Патрапаць кнігу.

4. Злёгку, ласкава паляпаць, пагладзіць рукой, пальцамі. Раман злёгку, з любасцю, патрапаў па шыі коніка і прамовіў: — Эх ты, конік, мой конік! Колас. Настаўніца патрапала мяне па шчацэ і сказала ўсміхаючыся: — Добра. Пішы. Таўлай.

5. перан. Панесці вялікія страты баявымі дзеяннямі. З-за цемені камандзір не мог устанавіць, ці знішчыў ён дэсант, ці так патрапаў яго. Чорны.

6. Абл. Пайсці. Басанож [сябры] патрапалі далей, пахвальваючы і дарогу, і расу, і гэтую прыемнасць ступаць босымі нагамі па мяккай дарозе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумне́нне, ‑я, н.

1. Няўпэўненасць у праўдзівасці, сапраўднасці чаго‑н.; меркаванне пра магчымую неадпаведнасць чаго‑н. рэчаіснасці. А праз паўгадзіны ўжо не было сумнення, што будзе бура. Маўр. Сумнення не было, ішоў цягнік. Лынькоў. // Падазрэнне, асцярога. Неяк перад выхадам Юткевіч неўпрыкмет падзяліўся з Маслоўскім сумненнямі. Мікуліч. Ніколі да .. [Соні] не закрадалася сумненне, што яна робіць не тое і не так, як трэба. Новікаў.

2. Цяжкасць, замінка, што ўзнікае ў працэсе якой‑н. работы, пры вырашэнні якога‑н. пытання. Гэта добра. З задавальненнем выслухаем вас [Дзянісаў], — працягваў прэзідэнт. Але ў нас ёсць адно сумненне: адносна пасадкі ракеты. Гамолка.

3. Стан душэўнага разладу, няўпэўненасці, які ўзнікае пры адсутнасці мэтанакіраванасці, ад няяснасці свайго жыццёвага шляху. Момант свядомага прыняцця ідэй марксізма-ленінізма быў для Змітрака Бядулі далёка наперадзе, гэтаму часу папярэднічаў доўгі перыяд цяжкіх сумненняў і пакутлівых шуканняў. Каваленка. Аднак жа такая справа, як вялікі горад па суседству, як падземнае кананне на дзесяткі кіламетраў навакол, усё ж прыводзіла старога ў сумненне. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смерць, гібель, пагібель, згуба, загуба, страта, скон, скананне, кананне, згіненне, звод; халэмус, каюк, капут (разм.); здыхата (разм. зняваж.); загібель, загін, гамон, кадук (абл.), упадкі (абл., мн.); магіла, канец, канцы, капец, капцы, плаха, пятля, труба (перан.) □ вечны сон, расстанне са светам

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

пасла́ць 1, пашлю, пашлеся, пашле; пашлём, пашляце; заг. пашлі; зак.

1. каго-што. Адправіць каму‑н. па пошце, праз пасланца і інш. Грошы.. [Марына Паўлаўна] падзяліла на дзве роўныя часткі і адну пакінула сабе, а другую паслала дачцэ. Зарэцкі. Жэрдзін за подпісам камбата паслаў дакладную ў штаб палка. Няхай. Насушыш семечак, адкрыеш кубельчык, калі ён ёсць у цябе, і складзеш пасылачку. Аднаму пашлеш, пашлеш другому... Ракітны. // што. Выказаць свае адносіны, пачуцці да каго‑н. словамі, жэстамі. Паслаць пацалунак.

2. каго-што. Накіраваць, выправіць каго‑н. куды‑н. з якой‑н. мэтай. [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва. Вось і сёння паслала маці Натальку прынесці абед. Колас. Пашлі дурнога, а за ім другога. Прыказка.

3. што. Накіраваць што‑н. у які‑н. бок. Раптам з боку вёскі кулямёт паслаў доўгую чаргу. Дамашэвіч. // Перадаць тэхнічнымі сродкамі на адлегласць. Паслаць у эфір пазыўныя.

4. што. Перадаць, кінуць (мяч, кап’ё і пад.). Пецька паслаў мне пас, і трэба было прымаць яго. Васілёнак.

•••

(Сам) бог паслаў гл. бог.

пасла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; заг. пасцялі; зак., што.

1. Пакласці, накрываючы паверхню чаго‑н. Паслаць абрус на стол. □ Кася дастала саган, адцадзіла, паслала на стол шараваты льняны ручнік і высыпала на яго бульбу. Арабей. // Падрыхтаваць пасцель, месца для спання. Няміра нарэшце стаміўся слухаць. Ён папрасіў, каб яму паслалі дзе. Чорны. Калі я дамоў прыеду, Усіх трывог зазнаўшы меру, Пасцялі ты мне, матуля, Пасцялі пасцель з аеру. Кірэенка.

2. Раскласці тонкім слоем на лузе для вылежкі пад дажджом, расой (лён, каноплі). Кончыцца кананне бульбы, мо’ хто на дзень-другі пазаве лён паслаць ці патрапаць. Гартны.

3. Укласці шчыльна дошкі, пліткі і пад. [Пякарня] некалі яшчэ тут была, прыватная, трэба было печы перакласці, з новай цэглы пады паслаць. Лобан.

4. Разаслаць, распаўсюдзіць па паверхні або над паверхняй што‑н. І кроплі срэбнае расы Туман паслаў на ціхім доле. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)