ЗНІШЧА́ЛЬНЫЯ БАТАЛЬЁНЫ ў гады Вялікай Айчыннай вайны,

ваенізаваныя добраахвотніцкія фарміраванні для барацьбы з варожымі парашутыстамі і дыверсантамі. Ствараліся паводле пастаноў СНК СССР ад 24.6.1941 мясц. органамі ВКП(б) і НКУС з грамадзян, якія не падлягалі прызыву ў Чырв. Армію. Да канца ліп. 1941 у СССР, пераважна ў прыфрантавых раёнах, сфарміравана 1755 З.б. агульнай колькасцю 328 тыс. чал. (большасць камуністы і камсамольцы). На тэр. Беларусі на 15 ліп. 1941 сфарміравана 78 З.б. (больш за 13 тыс. байцоў). У шэрагу раёнаў, асабліва на Палессі, яны сумесна з часцямі Чырв. Арміі непасрэдна супрацьстаялі гітлераўскім войскам. Частка іх улілася ў рады народнага апалчэння і Чырв. Арміі, на базе некаторых створаны партызанскія атрады. 3 ліп. 1944 у БССР дзейнічалі 185 З.б. (каля 17 тыс. чал.).

У.​Д.​Свякла.

т. 7, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

агаласі́ць, ‑лашу, ‑лосіш, ‑лосіць; зак., што.

1. Напоўніць паветра, прастору якімі‑н. гукамі (голасам, крыкам і пад.). Дзеці рассыпаліся па лесе і агаласілі яго сваім крыкам і шчэбетам. Колас.

2. Урачыста абвясціць, абнародаваць. Аж вось скончыліся прывітанні Савету, і камуністы агаласілі спіс прывітальных тэлеграм, якія трэба паслаць ад Савета. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НАНЬЧА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1927.

Пачалося 1 жн. ў г. Наньчан з паўстання салдат Нац.-рэв. арміі (каля 20 тыс. чал.), якія абвясцілі сябе кіт. Чырв. арміяй (галоўнакамандуючы Хэ Лун). Быў створаны Рэв. к-т Гаміньдана, у які фактычна ўвайшлі адны камуністы (Чжоў Эньлай, Чжан Гатао, Лінь Бяо і інш.). Паўстанцы раззброілі гаміньданаўскі гарнізон Наньчана і накіраваліся на Пд Кітая, дзе меркавалі стварыць рэв. базу ў Гуанчжоў пад лозунгамі радыкальнай агр. рэвалюцыі. Не здолеўшы знайсці падтрымку ў сялянства, паўстанцы ў канцы вер. 1927 былі разбіты каля г. Шаньтоў. Невял. іх група на чале з Чжу Дэ прабілася да пач. 1928 у прав. Хунань, дзе на яе аснове быў створаны 4-ы корпус кіт. Чырв. арміі. Дзень Н.п. адзначаецца ў Кіт. Нар. Рэспубліцы як Дзень Арміі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 11, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

важа́к, ‑а, м.

1. Высок. Кіраўнік, арганізатар. Камуністы наперадзе ўсюды, заўсёды — На франтах будаўніцтва, у баю, у змаганні; На ўсім свеце яны — сцяганосцы свабоды, Важакі пераможных народных паўстанняў. Танк. Юнакі і дзяўчаты аднадушна прызналі.. [Сашу] сваім важаком. Новікаў.

2. Павадыр статка, чарады. Алені хрыпелі і рваліся з пастронкаў, жалобна роў іх смяртэльна паранены важак. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЯРО́ЗА-КАРТУ́ЗСКІ КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР,

месца зняволення паліт. вязняў у Польшчы ў 1934—39. Створаны паводле распараджэння прэзідэнта Польскай рэспублікі ад 17.6.1934 для ізаляцыі «левых элементаў» (камуністаў, рэвалюцыянераў і інш.). Размяшчаўся ў колішніх вайск. казармах мяст. Бяроза-Картузская Палескага ваяв. (г. Бяроза Брэсцкай вобл.). Людзей найчасцей знявольвалі без суда, на падставе даносаў мясц. адміністрацыі, часта на неабмежаваны тэрмін. Вызначаўся жорсткім рэжымам. У канцлагеры былі зняволены актыўныя дзеячы КПЗБ, КПЗУ і КПП, сярод іх А.​І.​Кароль, Ф.​Р.​Маркаў, укр. паэт А.​Гаўрылюк. Тут закатаваны камуністы А.​А.​Мазырка, А.​В.​Германіскі, Ю.​Нядзельскі і інш. У канцлагеры дзейнічала заканспіраваная камуніст. арг-цыя. Канцлагер ліквідаваны ў вер. 1939 з прыходам Чырв. Арміі на тэр. Зах. Беларусі. Паводле няпоўных звестак, за гады існавання праз лагер прайшло больш за 10 тыс. вязняў. Помнік вязням Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагеру.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАХА́У (Dachau),

канцэнтрацыйны лагер на тэр. Германіі ў 1933—45. Створаны на ўскраіне г. Дахаў (17 км ад Мюнхена). Першапачаткова тут былі зняволены паліт. праціўнікі нацысцкага рэжыму (камуністы, сацыял-дэмакраты, апазіц. свяшчэннікі і інш.). У 2-ю сусв. вайну ў лагеры, які меў каля 125 аддзяленняў і т.зв. знешніх камандаў на ваен. прадпрыемствах Паўд. Германіі і Аўстрыі, праводзіліся злачынныя мед. эксперыменты на вязнях. За час існавання праз лагер прайшло каля 250 тыс. вязняў з 24 краін, загінула 148 тыс. чал. 28.4.1945, напярэдадні з’яўлення войск ЗША, дзеючая ў лагеры інтэрнац. падп. арг-цыя Супраціўлення падняла паўстанне, дзякуючы чаму засталіся жывымі 30 тыс. апошніх вязняў. У 1945—47 камендант, ахоўнікі лагера і медыкі-злачынцы асуджаны ў Нюрнбергу. У 1965 у Д. адкрыты мемар. комплекс (музей, малітоўныя дамы, помнікі); у 1984 уключаны ЮНЕСКА ў спіс аб’ектаў, якія знаходзяцца пад асаблівай аховай.

т. 6, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паўсядзённы, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца кожны дзень, дзень пры дні; штодзённы, пастаянны. Старэйшыя таварышы — камуністы — аказвалі паўсядзённую ўвагу камсамольскаму падполлю, вучылі юнакоў і дзяўчат рэвалюцыйнай практыцы барацьбы. Дзенісевіч. Гэтыя радкі гавораць аб тым, што ў асобе Горкага Хвядос Шынклер бачыў свайго настаўніка, у яго вучыўся бачыць прыгожае і ўзнёслае ў паўсядзённых працоўных буднях, у людзях працы. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«САЮ́З ПРАЛЕТАРЫЯТУ ГО́РАДА І ВЁСКІ»

(«Związek Proletariatu Miasta і Wsi»),

легальная арганізацыя Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), створаная ў жн. 1922 з мэтай удзелу ў выбарах у сейм і сенат. Пазбаўленая магчымасці выступаць адкрыта, КПРП стварыла легальную выбарчую арг-цыю «С.п.г. і в.», ЦК якой выклаў выбарчую праграму партыі ў адозве. У Зах. Беларусі выбарчыя к-ты саюза дзейнічалі ў Брэсце, Беластоку, Гродне, Вільні, Кобрыне, Лідзе. Яны ядналі вакол сябе рэв. актыў, наладжвалі мітынгі, сходы, распаўсюджвалі камуніст. л-ру. Нягледзячы на рэпрэсіі ўлад, арышты актывістаў, ануляванне ў многіх выбарчых акругах бюлетэняў і спісаў, за кандыдатаў «С.п.г. і в.» пададзена больш за 132 тыс. галасоў, з іх у Зах. Беларусі 23 тыс.; пасламі (дэпутатамі) сейма абраны камуністы С.​Ланцуцкі і С.​Крулікоўскі. Саюз існаваў да пач. 1925; у 1923, 1924 ён удзельнічаў у выбарах у гар. рады і праўленні бальнічных кас.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 14, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ (надзвычайны). Адбыўся ў Мінску 20—23.11.1936 і 15—19.2.1937. Прысутнічалі 843 дэлегаты, пераважную большасць якіх складалі камуністы і камсамольцы. Парадак дня: аб праекце Канстытуцыі СССР (А.​Р.​Чарвякоў); выбары дэлегатаў на VIII Усесаюзны Надзвычайны з’езд Саветаў; праект Канстытуцыі БССР (М.​М.​Галадзед). На пасяджэннях у ліст. 1936 з’езд абмеркаваў і аднагалосна адобрыў праект Канстытуцыі СССР, абраў на VIII Усесаюзны з’езд Саветаў 63 дэлегаты і ў сувязі з пачаткам яго работы (25 ліст.) спыніў сваю працу. У лют. 1937 з’езд разгледзеў і прыняў за аснову праект Канстытуцыі БССР, утварыў рэдакцыйную камісію для разгляду паправак і дадаткаў. У апошні дзень працы зацвердзіў Канстытуцыю Беларускай ССР 1937. ЦВК рэспублікі было даручана распрацаваць і зацвердзіць палажэнне аб выбарах і прызначыць дату выбараў у Вярх. Савет БССР. Работу з’езда характарызавалі здравіцы І.​В.​Сталіну і інш. кіраўнікам саюзнага і рэсп. маштабу. У абставінах культу асобы работа з’езда праходзіла па строгім рэгламенце, пад кантролем парт. і адм. структур.

Літ.:

Бюлетэнь Надзвычайнага XII з’езда Саветаў БССР. [Мн., 1936], № 1—6.

М.​П.​Касцюк.

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙПЦЫГСКІ ПРАЦЭ́С 1933,

судовы працэс супраць камуністаў у г. Лейпцыг (Германія) 21.9—23.12.1933. Адбыўся пасля прыходу да ўлады ў Германіі Нацыянал-сацыялісцкай партыі, кіраўніцтва якой (Г.Герынг і інш.) з мэтай правакацыі арганізавала падпал будынка рэйхстага ў Берліне ноччу 27.2.1933, каб абвінаваціць у гэтым апазіцыйную Камуніст. партыю Германіі (КПГ) і разгарнуць супраць яе рэпрэсіі. На месцы здарэння быў арыштаваны галандскі беспрацоўны Ван дэр Любе, па абвінавачанні ў саўдзеле ў падпале — кіраўнік фракцыі КПГ у рэйхстагу Торглер, а таксама балг. камуністы Г.Дзімітроў, Б.​Папоў і В.​Танеў, якія знаходзіліся ў Германіі. Нацысцкая правакацыя выклікала хвалю пратэстаў у свеце; створаная вядучымі юрыстамі свету Міжнар. следчая камісія на «контрпрацэсе» ў Лондане (вер. 1933) даказала, што рэйхстаг падпалілі герм. нацысты. У гэтых умовах, а таксама дзякуючы прамоўніцкаму таленту Дзімітрова, які даказаў ілжывасць прад’яўленага яму абвінавачання, усе падсудныя (акрамя прыгаворанага да пакарання смерцю Ван дэр Любе) былі апраўданы «за адсутнасцю доказаў».

Літ.:

Процесс о поджоге рейхстага и Георгий Димитров: Док.: В 3 т. Т. 1—2. М., 1981—88;

Димитров Г. Лейпцигский процесс: Речи, письма и документы. 2 изд. М., 1984.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)