БРЭГВА́ДЗЕ Нані Георгіеўна

(н. 21.7.1938, Тбілісі),

грузінская эстрадная спявачка. Нар. арт. Грузіі (1974). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю па класе фп. (1961). З 1959 артыстка Груз. філармоніі. Яе індывідуальнасці найб. блізкія творы лірычнага плана. У рэпертуары песні груз. кампазітараў, старадаўнія рус. рамансы і інш.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫСТЫ́НІ (Battistini) Матыа

(27.2.1856, Рым — 7.11.1928),

італьянскі спявак (барытон), майстар бельканта. Спяваў на оперных сцэнах Італіі і інш. краін. Неаднаразова бываў у Расіі. Яго творчасць — адна з вяршыняў вак. мастацтва 19 ст. Выконваў гал. партыі ў операх італьян., інш. зах.-еўрап і рускіх кампазітараў («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага, «Дэман» А.Рубінштэйна, «Руслан і Людміла» М.Глінкі).

т. 2, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ КА́МЕРНЫ ХОР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1988 у Мінску пры Бел. філармоніі як Мінскі камерны хор, з 1992 сучасная назва. Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. дырыжор І.Мацюхоў. Асн. намаганні хору скіраваны на адраджэнне бел. духоўнай музыкі, выкананне лепшых твораў сусв. муз. класікі. У рэпертуары бел. гімны і канты 16—18 ст., творы бел. кампазітараў, у т.л. А.Багатырова, І.Лучанка, А.Туранкова, буйныя творы духоўнай музыкі айч. і замежных класікаў і сучасных кампазітараў: І.С.Баха, А.Вівальдзі, Г.Ф.Гендэля, Э.Грыга, А.Лоці, В.А.Моцарта, Д.Скарлаці, Дж.Расіні, Ф.Шубгрта, І.Брамса, Г.Пёрсела, П.Хіндэміта, Г.Шутца, П.Чайкоўскага, П.Часнакова, Дз.Бартнянскага, А.Архангельскага, А.Грачанінава, С.Танеева, Р.Шчадрына, С.Сланімскага, Ю.Фаліка і інш. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў С.Картэса, В.Капыцько, С.Бельцюкова, А.Бандарэнкі і інш. Выкананне адметнае тэхн. майстэрствам, чысцінёй інтанацыі, роўным гучаннем, глыбокім пранікненнем у змест твораў. Хор часта выступае ў канцэртах сумесна з Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь, наладжвае дабрачынныя канцэрты, сродкі ад якіх пералічвае на карысць дзяцей, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. У выкананні хору запісаны 2 кампакт-дыскі з праграмамі бел. і рус. духоўнай музыкі. Калектыў — удзельнік міжнар. фестываляў у Польшчы (1990, 1995), Нарвегіі (1991, 1992, 1995), Славакіі (1991, 1995), 25-х Агульнаням. дзён Евангельскай царквы ў Мюнхене (1993). З 1991 чл. Еўрап. федэрацыі камерных хароў (Гамбург).

Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІТО́Н Аляксандр Навумавіч

(20.12.1911, г. Марыупаль — 6.5.1969),

бел. скрыпач і педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Праф. (1947). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1935). У 1937—51 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Выступаў як саліст і ансамбліст, меў у рэпертуары і творы бел. кампазітараў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу скрыпачоў, віяланчэлістаў і піяністаў (1937—38). Пасля 1951 працаваў у Грузіі і Расіі.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ВІЧ Сямён

(Самуіл) Пятровіч (н. 5.11.1920, г. Бабруйск),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Бел. кансерваторыю (1947, клас А.Амітона).

У 1937—41 саліст, у 1945—85 канцэртмайстар Дзярж. акадэмічнага сімф. аркестра БССР. У 1948—69 адначасова педагог Сярэдняй спец. муз. школы пры Бел. кансерваторыі. У складзе струннага квартэта Бел. філармоніі (1945—55) прапагандаваў творы бел. кампазітараў. Выступаў і як саліст.

І.І.Зубрыч.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГДАН Фёдар Емяльянавіч

(н. 28.3.1939, в. Кацельня-Баярская Брэсцкага р-на),

бел. спявак (бас). Засл. арт. Украіны (1979). Скончыў Львоўскую кансерваторыю імя М.Лысенкі (1966). З 1966 саліст ансамбляў песні і танца «Данбас» ваенна-паветраных сіл Групы сав. войскаў у Германіі, Чарнаморскага флоту. З 1990 саліст Брэсцкай абл. філармоніі. У рэпертуары арыі з опер кампазітараў-класікаў, класічныя рамансы, песні сучасных аўтараў, апрацоўкі бел., рус., укр. нар. песень.

А.А.Мартыненка.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРШО́ВІЧ Юрый Вульфавіч

(н. 10.1.1935, г. Харкаў, Украіна),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1959). У 1959—95 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі (з 1972 канцэртмайстар), адначасова ў 1965—72 выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры Бел. кансерваторыі. Выступаў з канцэртамі як саліст і ансамбліст (у 1965—90 першая скрыпка Квартэта Саюза кампазітараў БССР). З 1995 жыве ў Германіі.

І.І.Зубрыч.

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РШЦЯ Вера Аляксандраўна

(н. 9.3.1927, с. Хулбаака, Малдова),

малдаўскі харавы дырыжор. Нар. арт. Малдовы (1967). Нар. арт. СССР (1987). Скончыла Кішынёўскую кансерваторыю (1957), выкладае ў ёй. З 1963 маст. кіраўнік і гал. дырыжор акад. харавой капэлы «Дойна». Сярод твораў, выкананых капэлай пад яе кіраўніцтвам, — араторыя «Пакаянне Давіда» В.А.Моцарта, «Те Deum» Г.Ф.Гендэля, паэма «Пакаранне Сцяпана Разіна» Дз.Шастаковіча, творы малд. кампазітараў і інш. Дзярж. прэмія Малдовы 1974.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГА́НСА (Berganza) Тэрэса

(н. 16.3.1935, Мадрыд),

іспанская спявачка (мецца-сапрана). Вучылася ў Мадрыдскай кансерваторыі. Спявае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера»). Віртуозна валодае мастацтвам каларатуры. Выконвае найб. складаныя партыі ў операх Дж.Расіні «Севільскі цырульнік» (Разіна), «Італьянка ў Алжыры» (Ізабэла), В.А.Моцарта «Вяселле Фігара» (Керубіна), «Міласэрнасць Ціта» (Секст) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Э.Гранадаса, М. дэ Фальі і інш. ісп. кампазітараў.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЕЎ Яўген Міхайлавіч

(н. 11.9.1926, г. Клінцы Бранскай вобл., Расія),

рускі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1967). Скончыў Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1968). З 1947 саліст ансамбляў песні і танца Прыкарпацкай і Кіеўскай ваен. акруг, у 1955—79 — Ансамбля песні і танца Сав. Арміі, з 1980 — Расканцэрта. Ў рэпертуары рус. нар. песні, песні сучасных кампазітараў (многія выканаў упершыню). Дзярж. прэмія СССР 1978.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)