ХО́ЦІМКА,

комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, 4 селішчы і курганны могільнік) каля в. Хоцімка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Вядомы таксама пад назвай Стары Шклоў. Гарадзішча абследавалі М.​Балінскі і Т.​Ліпінскі (1850), вывучалі В.​Р.​Тарасенка (1948), Г.​В.​Штыхаў (1964), В.​М.​Ляўко (1979). Пляцоўка памерам 70 × 60 м, з трох бакоў абмываецца р. Серабранка, з Пн і ПнУ прасочваюцца рэшткі вала выш. 1,8 м. Знойдзены ганчарная кераміка, шкляныя бранзалеты, жал. вырабы эпохі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Селішчы 12—16 ст. даследавала Ляўко (1978—79). Знойдзены кераміка стараж.-рус. часоў і 14—16 ст., фрагменты гаршковай кафлі, каменнае ядро, жал. нажы, бронзавыя арнаментаваная накладка і фрагмент нацельнага крыжа, шкляныя бранзалеты, манеты 16—17 ст. і інш. У курганным могільніку 3 насыпы выш. 1,5 м. Ва ўрочышчы Зязюлін Роў знойдзены каменны ідал 10 ст. (гл. Шклоўскі ідал). Мяркуюць, што тут знаходзілася язычніцкае капішча. На думку Ляўко, у эпоху Кіеўскай Русі цэнтрам усіх навакольных паселішчаў з’яўлялася гарадзішча, якое было ці феад. сядзібай, ці пунктам збору даніны на дняпроўскім шляху.

т. 17, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ ЛЕСАВО́Д РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафес. спецыялістам лясгасаў, лесаўпарадкавальных і інш. устаноў, прадпрыемстваў, арг-цый лясной гаспадаркі, работнікам прыродаахоўных органаў і арг-цый, якія працуюць па спецыяльнасці 15 і больш гадоў, за заслугі ў развіцці лясной гаспадаркі, зберажэнні і павелічэнні лясных багаццяў, захаванні расліннага і жывёльнага свету, вырашэнні складаных экалагічных праблем. Уведзена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 1963 існавала ганаровае званне засл. лесавод БССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя лесаводы Рэспублікі Беларусь

1964. Я.​І.​Крыўчэня.

1965. І.​П.​Грыцэнка, Б.​Дз.​Жылкін, Ф.​Ф.​Кавалеўскі, Ц.​М.​Качаткоў, А.​І.​Літвінаў, Ф.​С.​Сушкевіч, Ф.​Б.​Трыбушэўскі, І.​М.​Хмялеўскі.

1966. Р.​М.​Капытаў, П.​К.​Мацвеенка, М.​М.​Палевікоў, Я.​А.​Сарокін.

1968. Р.​Я.​Арцёменкаў, Т.​К.​Бадунова, У.​Г.​Вядзьгун, М.​К.​Івашкавец, П.​Д.​Клімянкоў, С.​П.​Крывянкоў, К.​Ф.​Мірон К.​Ф.​Міран, І.​І.​Пудаў, П.​П.​Хлебаказаў.

1969. Я.​Г.​Арленка.

1970. А.​Д.​Ганчароў, А.​І.​Даўгяла, С.​Ц.​Майсеенка.

1975. А.​М.​Статкевіч.

1977. А.​У.​Агароднікава, С.​І.​Баброў, Р.​Е.​Бондар, В.​М.​Галалобаў, Л.​А.​Дружына, Дз.​А.​Кірэеў, М.​А.​Лабкоў, А.​І.​Саўчанка, М.​І.​Смірноў, В.​В.​Хатулькоў.

1978. С.​С.​Балюк, В.​А.​Вакула, В.​А.​Ткачоў.

1979. З.​М.​Зяленка, Т.​А.​Калантай, А.​Я.​Міроненка, І.​П.​Мухураў, У.​П.​Швец.

1980. М.​Т.​Афанасенка, Р.​П.​Бондараў, М.​А.​Калееў, В.​К.​Паджараў, Ю.​Дз.​Сіроткін.

1981. А.​С.​Барадзін, І.​С.​Бурак, П.​Н.​Грамыка, Л.​В.​Дольскі, М.​П.​Кажамякін, М.​В.​Міхалковіч, І.​І.​Прыхно, С.​А.​Рублеўскі.

1982. В.​С.​Зязюлін, Б.​В.​Ржэўскі, Дз.​В.​Семянюк.

1983. П.​А.​Салавей.

1985. В.​І.​Казіцкі, Я.​У.​Лукша.

1987. В.​М.​Быкаў, П.​П.​Каралевіч, У.​М.​Курганаў.

1989. І.​А.​Алейнікаў, А.​І.​Буй, С.​І.​Вайцялёнак, І.​Н.​Зубрэй, А.​М.​Панамароў.

1990. М.​Д.​Бабаедаў, М.​І.​Канстанціновіч, У.​П.​Раманоўскі, М.​В.​Шчасны.

1991. Я.​А.​Гурыновіч, В.​Я.​Ермакоў, А.​М.​Кажэўнікаў, С.​П.​Казлоў, М.​І.​Новікаў, І.​І.​Пігальскі, А.​П.​Сторажаў, М.​А.​Сякерыч.

1992. П.​В.​Какорка.

1996. М.​С.​Лескавец, В.​П.​Палкін, А.​А.​Шахлевіч.

1997. М.​З.​Варонін, М.​Дз.​Дадзько, А.​А.​Пахомаў.

т. 6, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАБАТАНІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ.

Беларусь знаходзіцца (паводле класіфікацыі Г.​Вальтэра, 1974) на стыку 2 асноўных раслінных зон Еўропы: барэальнай — з перавагай хвойных і немаральнай — з перавагай лісцевых летнезялёных лясоў. Пераходная паласа паміж зонамі характарызуецца наяўнасцю ў роўнай ступені як заходнееўрапейскіх (немаральных), так і паўночных (барэальных) элементаў флоры. Месцазнаходжанне краіны ў геаграфічным цэнтры Еўропы абумоўлівае найб. актыўнае ўзаемапранікненне шыракалістых лістападных і таежных лясоў, што выяўляецца ў канцэнтраванай і асаблівай разнастайнасці раслінных супольніцтваў. Каля 40 відаў дрэў і хмызнякоў (бружмель звычайны, брызгліна еўрапейская, ядловец і інш.), 230 відаў травяністых раслін (багнаўка чорная, балотны мірт звычайны, гудаера паўзучая, жаўтазелі, пралеска высакародная і інш.) маюць на Беларусі мяжу арэала (напр., паўд. мяжа суцэльнага пашырэння елкі еўрапейскай і вольхі шэрай; паўн. мяжа грабу і берасту) або пашыраны лакальна. Кліматычныя і глебава-араграфічныя асаблівасці яе тэр. абумоўліваюць занальнасць расліннага покрыва, якое займае 19,34 млн. га (93,1% тэр. краіны). Прадстаўлена лясамі, у т. л. забалочанымі (7,84 млн. га, або 37,8%), хмызнякамі (0,73 млн. га, або 3,5%), лугамі (3,24 млн. га, або 15,6%), адкрытымі балотамі (0,93 млн. га, або 4,5%), воднымі (0,48 млн. га, або 2,3%), сегетальнымі, або паворыўнымі культурамі (5,76 млн. га, або 27,7%), і рудэральнымі, або сметнікавымі (0,36 млн. га, або 1,7%), супольніцтвамі.

Першае на Беларусі геабатанічнае раянаванне распрацавала В.​С.​Палянская (1929), якая вылучыла на ўсх. краіны 5 прыродных раёнаў. Лесараслінную апрацоўку гэтай тэр. з фітацэнатычным, экалагічным і занальна-кліматычным аналізам раёнаў зрабіў Юркевіч (1940). Раянаваннем лясоў займаліся таксама В.​І.​Пераход (1954) і М.​І.​Касцюкевіч (1954), лугоў — Е.​А.​Круганава (1968), балот — Н.​Я.​Кац (1971). Сучасную сетку геабатанічнага і лесарасліннага раянавання распрацавалі В.​С.​Гельтман і Юркевіч (1960, 1965, 1969, 1982).

За найважнейшы крытэрый прынята лясная расліннасць як найб. пашыраная і часова ўстойлівая. На гэтай аснове вылучаны 3 геабатанічныя падзоны: дубова-цемнахвойных падтаежных (шыракаліста-яловых) лясоў, грабава-дубова-цемнахвойных лясоў (ялова-грабавых дуброў) і шыракаліста-хваёвых лясоў (грабавых дуброў). У межах падзон вылучана 7 геабатанічных акруг; Заходне-Дзвінская, Ашмянска-Мінская, Аршанска-Магілёўская, Нёманска-Перадпалеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Бугска-Палеская, Палеска-Прыдняпроўская. Акругі падзелены на 25 геабатанічных раёнаў (Гельтман, 1982).

Для кожнай таксанамічнай адзінкі характэрна свая асаблівая расліннасць. Паўн. геабатанічную падзону характарызуюць пераважна цемнахвойныя яловыя лясы, вярховыя балоты, сухадольныя лугі. Цэнтр. падзона грабава-дубова-цемнахвойных лясоў мае пераходны характар, дзе спалучаюцца барэальныя і немаральныя лясы, вярховыя, пераходныя і нізінныя балоты, сухадольныя і заліўныя лугі. Для паўд. падзоны характэрны шыракаліста-хваёвыя лясы, нізінныя балоты, астэпаваныя лугі. На ўсходзе, у Палеска-Прыдняпроўскай акрузе, сканцэнтравана больш за 50% ад усёй колькасці заліўных лугоў краіны, а на захадзе, у Бугска-Палескай акрузе, — найбольшая колькасць нізінных лугоў. На тэр. гэтай акругі захаваліся найбуйнейшыя ў Еўропе нізінна-балотныя масівы — балоты Званец і Спораўскае.

Літ.:

Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;

Вальтер Г. Растительность земного шара: Пер. с англ. Т. 2. М., 1974;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979;

Гельтман В.С. Географический и типологический анализ лесной растительности Белоруссии. Мн., 1982;

Агаханянц О.Е. Биогеография. Мн., 1992.

І.​М.​Сцепановіч.

Лішайнікі: 1 — ксанторыя насценная; 2 — фісцыя зорчатая; 3 гіпагімнія ўздутая; 4 — кладонія зорчатая.
Мохападобныя: 1 — маршанцыя зменлівая; 2 — дыкранум мяцёлкападобны; 3 — леўкобрыум шызы; 4 — птыліум грабеньчаты; 5 — сфагнум дуброўны; 6 — зязюлін лён звычайны.
Грыбы: 1 — белы грыб; 2 — лісічка звычайная; 3 — скрыпіца; 4 — сыраежка харчовая; 5 — апенька восеньская; 6 — гнаявік чарнільна-шэры, 7 — галавач падоўжаны; 8 — порхаўка жамчужная; 9 — губа сапраўдная.
Лекавыя расліны: 1 — васілёк сіні; 2 — дзіванна звычайная; 3 — дымніца лекавая; 4 — піжма звычайная; 5 — ландыш майскі, 6 — паслён салодка-горкі; 7 — шыпшына майская; 8 — журавіны балотныя; 9 — амяла белая; 10 — чамярыца Лобеля; 11 — наперстаўка пурпуровая; 12 — драсён вужачы; 13 — жасцёр слабільны; 14 — бяроза ніцая; 15 — ядловец звычайны; 16 — рабіна звычайная; 17 — вольха шэрая; 18 — хвоя звычайная.
Ахоўныя расліны: 1 — гайнік цёмна-чырвоны; 2 — кадзіла сармацкае; 3 — гладыёлус чарапіцавы; 4 — касач бязлісты; 5 — рададэндран жоўты; 6 — першацвет веснавы; 7 — гарлачык белы; 8 — плюшч звычайны; 9 — званочак шыракалісты.

т. 18, кн. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)