НА́ФТАВАЕ МА́СЛА,

мінеральнае масла, прадукт перапрацоўкі высокакіпячых (300—600 °C) нафтавых фракцый: вадкая сумесь парафінавых, нафтэнавых, араматычных і нафтэна-араматычных вуглевадародаў, а таксама іх гетэравытворных.

Паводле спосабу вытв-сці падзяляецца на дыстылятнае (атрымліваюць дыстыляцыяй мазуту), астаткавае (прадукты ачысткі гудрону) і кампаўндавае (сумесь дыстылятнага і астаткавага Н.м.), паводле галін выкарыстання — на белае масла, змазачнае масла, ізаляцыйныя маслы, кансервацыйнае масла. Для надання неабходных эксплуатацыйных уласцівасцей у Н.м. дадаюць прысадкі. На аснове Н.м. (без прысадак) атрымліваюць гідраўлічныя і змазачна-ахаладжальныя вадкасці, тэхнал. і пластычныя змазкі.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мазь, ‑і, Т маззю, ж.

1. Сумесь тлушчу з лекавымі сродкамі для ўцірання ў скуру або для намазвання яе. Націраць цела маззю.

2. Густое тлустае рэчыва для змазкі чаго‑н. Лыжная мазь. □ Камянела ў бочках мазь для колаў, і марнеў іншы небагаты тавар. Самуйлёнак.

•••

На мазі — блізка да ажыццяўлення, завяршэння.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маслёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Вадкасць, якая застаецца пасля збівання масла. Зноў пайшла [жанчына] у хату і вярнулася з двума вялікімі кубкамі і збанком яшчэ свежай маслёнкі. Брыль.

2. Прыстасаванне для змазкі машын. Ручная маслёнка. Аўтаматычная маслёнка. □ Прамазучаны змазчык, жангліруючы на хаду пустой маслёнкай, пайшоў па пероне. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗМА́ЗАЧНА-АХАЛАДЖА́ЛЬНЫЯ ВА́ДКАСЦІ,

шматкампанентныя сістэмы, якія выкарыстоўваюць пры апрацоўцы металаў рэзаннем або ціскам. Прызначаны для змазкі і ахаладжэння металаапрацоўчых інструментаў і дэталей, адначасова змяншаюць знос інструментаў, павышаюць дакладнасць апрацоўкі дэталей, засцерагаюць абсталяванне і дэталі ад карозіі, паляпшаюць санітарна-гігіенічныя ўмовы працы.

Паводле складу адрозніваюць вадкія сумесі нафтапрадуктаў (газа, нафтавае масла) з масларастваральнымі паверхнева-актыўнымі рэчывамі (ПАР) і інш. прысадкамі, водныя растворы электралітаў (соды, нітрату натрыю і інш.) у сумесі з арган. ПАР, эмульсолы (3—10%-ныя водныя эмульсіі індустр. масел з дабаўкамі ПАР і інш прысадак). Найб. пашыраны эмульсолы, якія выкарыстоўваюць пры ўсіх аперацыях апрацоўкі металаў, а таксама для абястлушчвання дэталей, пры тлушчаванні скуры, замасліванні шэрсці і інш.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ШКІН (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 12.5.1948, г. Іванава, Расія),

бел. вучоны ў галіне трыбатэхнікі. Д-р тэхн. н. (1985), праф. (1991). Скончыў Іванаўскі энергет. ін-т (1971). З 1977 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі (з 1992 заг. аддзела). Навук. працы па механіцы і фізіцы кантакту, тэхн. дыягностыцы зношвання вузлоў трэння машын. Стварыў новы клас дыягнастычных прыбораў — оптыка-магн. дэтэктары часцінак зносу канстр. матэрыялаў у сістэмах змазкі.

Тв.:

Акустические и электрические методы в триботехнике. Мн., 1987 (у сааўт.);

Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991 (разам з А.​У.​Белым, Г.​Дз.​Карпенкам);

Магнитные жидкости в машиностроении. М., 1993 (разам з Дз.​В.​Арловым, Ю.​А.​Міхалёвым).

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІТАПЛА́СТЫ,

пластмасы, якія маюць у якасці напаўняльніка прыродны ці штучны графіт або карбанізаваныя прадукты (коксы, тэрмаантрацыт і інш.). Сувязнымі матэрыяламі з’яўляюцца фенолаальдэгідныя і эпаксідныя смолы, поліаміды, фтарапласты і інш.

Максімальную цепла- і электраправоднасць пры здавальняючых мех. паказчыках маюць графітапласты з 75—85% (па масе) парашкападобнага штучнага графіту. Хім. ўстойлівасць графітапластаў абмежавана хім. устойлівасцю сувязнога. Адрозніваюць графітапласты тэрмарэактыўныя і тэрмапластычныя. Тэрмарэактыўныя прэс-парашкі (напр., антэгміт) атрымліваюць на аснове штучнага графіту і фенолафармальдэгідных, эпаксідных, фуранавах смол. Залівачныя кампаўнды з графітапластаў маюць добрыя мех. (у т. л. ліцейныя) уласцівасці. Тэрмапластычныя графітапласты на аснове поліамідаў (да 50% па масе) і прыроднага графіту адрозніваюцца павышанымі трываласцю і ўдарнай вязкасцю. Выкарыстоўваюць для вырабу антыкаразійных помпаў, кампрэсараў, цеплаабменнай хім. апаратуры, дэталей машын і прылад, якія працуюць у вузлах трэння без змазкі (напр., укладышы падшыпнікаў).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

счапле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. счапляць — счапіць.

2. Прыстасаванне ці механізм, пры дапамозе якога счапляюць што‑н. Яшчэ хвіліна, і, бразнуўшы счапленнем, цягнік пакідае ціхі раз’езд. Карамазаў. [Уладзімір] націснуў старцёр, адпусціў счапленне, і машына, пагойдваючыся, пакацілася далей. Кавалёў.

3. Стан паводле дзеясл. счапляцца — счапіцца (у 2 знач.). Слабае счапленне асобных слаёў у крышталічнай рашотцы графіту дазваляе ўжываць яго і для вырабу змазкі. «Маладосць». На мой погляд, паэма павінна несці не проста счапленне падзей у сюжэт, а эпас пачуццяў. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАДШЫ́ПНІК,

апора вярчальных дэталей (валоў, восей), якая ўспрымае ад іх нагрузку і забяспечвае свабоднае іх вярчэнне. Шырока выкарыстоўваецца ў машынах, механізмах, прыладах і інш.

П. качэння складаюцца з унутранага і вонкавага кольцаў, цел качэння (шарыкаў ці ролікаў) і сепаратара, які ўтрымлівае целы качэння на пэўнай адлегласці адно ад аднаго Целы качэння верцяцца паміж паверхняй дэталі (вала) і апоры, значна зніжаюць трэнне Бываюць шарыкавыя і ролікавыя (цыліндрычныя, канічныя, сферычныя, сфераканічныя); адна-, двух- і шматрадныя; радыяльныя, радыяльна-ўпорныя, упорныя (падпятнікі), розных памераў і класаў дакладнасці. У П. слізгання цапфа вала слізгае непасрэдна па апорнай паверхні, якая бывае цыліндрычнай, канічнай ці шаравой формы Працуюць ва ўмовах паўвадкаснага і вадкаснага трэння. Звычайна гэты П. — адтуліна з нераздымнай утулкай (ці з 2 паўцыліндрычнымі раздымнымі ўкладышамі) з антыфрыкцыйнага матэрыялу, у якой размешчаны вярчальны вал. Каб зменшыць трэнне, знос і награванне П. змазваюць змазачнымі матэрыяламі.

На Беларусі П. вырабляе Мінскі падшыпнікавы завод. Гл. таксама Падшыпнікавая прамысловасць.

Падшыпнікі: а — будова падшыпніка слізгання (1 — вал, 2 — укладыш, 3 — кольца змазкі); б — падшыпніка качэння (1 — знешняе кольца, 2 — унутранае кольца, 3 — шарык, 4 — сепаратар); в — тыпы шарыкападшыпнікаў (верхні рад) і ролікападшыпнікаў (ніжні рад): 1 — радыяльны аднарадны, 2 — двухрадны сферычны, 3 — упорны аднарадны, 4 — радыяльна-ўпорны, 5 — з цыліндрычнымі ролікамі, 6 — двухрадны сферычны, 7 — з канічнымі ролікамі.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Масля́к ’грыб Suillus luteus’ (ТСБМ, Янк. 2, Шат., Растарг., Сл. ПЗБ; уздз., Нар. словатв.), драг. масле́кь (КЭС, Жыв. сл.), укр., рус. паўн., смал. масля́к ’тс’; масле́нік ’тс’ (Жд. 1, Мат. Гом., Ян.), рус. паўн. ма́сленик, маслёник; ма́сленка ’тс’, ’Boletus flavus With.’, ’Boletus annulatus Pers.’ (Дэмб. 1, Грыг.), рус. смал., паўн., разан. ма́сленка, маслёнка ’масляк’, маслю́к ’тс’ (гродз.: беласт., маст., Сл. ПЗБ; ілун., Жыв. сл.; Мат. Гом., ТС, Ян.), маслюх ’тс’ (Бес.), рус. кур., урал. маслю́к ’тс’, масля́й ’тс’ (Янк. 2), рус. наўг., алан. масляй ’тс’, масля́н ’тс’ (барыс., Нар. словатв.), рус. усх.-сіб. масля́на ’баравік’; масля́нка ’масляк’ (Анік.), чэрык. масля́начкі (Бел. хр. дыял.), масля́т ’тс’ (касцюк., стаўбц., паст., талач., гом., Жыв. сл.). Укр. маслюк, рус. маслёнок, польск. maślak, н.-луж. butrowy grib (дзе butra ’масла’), чэш. máselník, máslenka, славац. masliak, máslnik, másník, máslik, máselník, maslák, máselňiak, máslač, maslovník, балг. ма́сленка. Паводле Махка₂ (353), грыб названы так таму, што яго мякіш мае такі ж жоўты колер, як масла, і яшчэ таму, што грыбы выкарыстоўваліся для змазкі колаў у калёсах замест масла (гл. Машынскі, Kultura, 1, 374).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

систе́ма в разн. знач. сістэ́ма, -мы ж.;

привести́ что́-л. в систе́му прыве́сці што-не́будзь у сістэ́му;

систе́ма опла́ты сістэ́ма апла́ты;

избира́тельная систе́ма вы́барчая сістэ́ма;

де́нежная систе́ма грашо́вая сістэ́ма;

травопо́льная систе́ма земледе́лия травапо́льная сістэ́ма земляро́бства;

речна́я систе́ма рачна́я сістэ́ма;

не́рвная систе́ма нерво́вая сістэ́ма;

со́лнечная систе́ма со́нечная сістэ́ма;

филосо́фская систе́ма філасо́фская сістэ́ма;

систе́ма взгля́дов сістэ́ма по́глядаў;

систе́ма сма́зки сістэ́ма зма́зкі;

маши́на но́вой систе́мы машы́на но́вай сістэ́мы;

рабо́тать в систе́ме наро́дного образова́ния працава́ць у сістэ́ме наро́днай адука́цыі;

диспе́рсная систе́ма дыспе́рсная сістэ́ма;

периоди́ческая систе́ма элеме́нтов хим. перыяды́чная сістэ́ма элеме́нтаў;

втора́я сигна́льная систе́ма друга́я сігна́льная сістэ́ма;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)