ПЛОД у раслін,

орган размнажэння кветкавых (пакрытанасенных) раслін, што развіваецца з кветкі і мае насенне. Функцыя П. — фарміраванне, ахова і распаўсюджванне насення. Марфал. аснова П. — завязь (завязі), але часта ва ўтварэнні П. прымаюць удзел і інш. ч. кветкі: калякветнік, кветаложа (суніцы), кветкавыя лускавінкі (злакі) і інш. Структурныя адзнакі П. звязаны пераважна са спосабам рассейвання насення. Адрозніваюць П. сухія і сакавітыя, шматнасенныя і аднанасенныя. Сухія шматнасенныя, што раскрываюцца — каробачка, лістоўка, стручок, боб; што распадаюцца — віслаплоднік, двухкрылатка, членісты стручок; сухія аднанасенныя — жолуд, зярняўка, сямянка, арэх. Сакавітыя шматнасенныя — яблык, ягада, аднанасенныя — касцянка. Эканам. значэнне П. вельмі вял.: з іх атрымліваюць алей, крухмал, сыравіну для тэкст. прам-сці, гатуюць лек. прэпараты і інш.

Плод. 1—3. Сямянка (1 — сланечніку; 2 — ваўчкоў; 3 — дзьмухаўца). 4. Віслаплоднік баршчэўніку. 5—7. Зярняўка (5 — пшаніцы; 6 — кукурузы; 7 — кавылю). 8. Арэх ляшчыны. 9. Арэшак ліпы. 10. Шматарэшак чысцяку. 11. Жолуд дубу. 12. Струк гароху. 13. Стручок капусты. 14. Крылатка ясеню. 15. Двухкрылатка клёну. 16. Лістоўка рагулек. 17. Трохлістоўка аканіту. 18. Шматлістоўка пярэсны. 19. Стручочак торбачніку. 20—23. Каробачка (20 — маку; 21 — бавоўніку; 22 — блёкату; 23 — дурнап’яну).
Плод. 1—3. Ягада (1 — агрэсту; 2 — памідора; 3 — вінаграду). 4—6. Яблык (4 — яблыні; 5 — рабіны; 6 — грушы). 7—8. Касцянка (7 — вішні; 8 — слівы). 9—11. Памяранец (9 — лімона; 10 — мандарына; 11 — апельсіна). 12—13. Шматарэшак у мясістым кветаложы (12 — шыпшыны; 13 — суніц).
Плод. 1—3. Гарбузіна (1 — кавуна; 2 — агурка; 3 — гарбуза). 4—5. Шматкасцянка (4 — маліны; 5 — ажыны). 6—8. Суплоддзе (6 — інжыру; 7 — шаўкоўніцы, 8 — ананаса).

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

trefl

м. карц. трэфа, жолуд; хрэсці;

dama trefl — трэфовая (жалудовая) дама

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Ві́сельня, ві́сільня ’шыбеніца’ (КЭС, лаг.; БРС, КТС) — ад *вісель (параўн. рус. вяц. висель ’коўш’, славен. víseljжолуд (у загадцы)’, балг. висел ’нешта павешанае, тое, што вісіць’ і суф. Nomen loci ‑ня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жалдо́бак ’камяк (у ежы)’ (Касп.). Няясна. Параўн. жолуд, жалубаць (жалапаць), жаўлак, калдуны (БРС). Рус. колобок і пад. Спалучэнне ‑лд‑ можа ўказваць на запазычаны характар, але гэта не ўносіць пакуль што яснасці. Трэба адзначыць рус. ярасл. жёлды ’залоза’, звязанае з жёлвь ’жаўлак’ (?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыр ’кармленне жывёл, што гулліва забаўляюцца’ (ТСБМ), дыял. жыр ’тлушч’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жир ’тлушч’, дыял. арханг. ’месца кармлення рыбы’, укр. жир ’тлушч’, ’кармленне жывёлы’, польск. żyr, żer ’кармленне і ежа жывёлы’, в.-луж. žeŕ, чэш. žír ’тс’, славац. žír ’тлушч’, ’кармленне свінні ў лесе жалудамі’, žer ’пажыранне раслін насякомымі; пасьба на апалых жалудах’, славен. žȋr, žer ’пасьба свіннёй у лесе; харч; ураджайнасць; плод; карысць’, серб.-харв. жи̑ржолуд’, балг. дыял. жиржолуд’, ’тлушч’, макед. жиржолуд’. Ст.-слав. жиръ ’паша’. Ст.-рус. жир ’багацце, жыллё, паша; тлушч’. Літ. žyras ’кармленне жывёл’ < польск. (Фрэнкель, 1313) ці бел. Паводле Якабсона (Writings, 2, 627), да *žьrati, *žirati (гл. жэрці), што прынялі Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 12, 140), якія лічаць менш верагоднай версію Міклашыча (411) аб суадноснасці жыцьжыр (як піцьпір), асцярожна падтрыманую Мейе (Études, 405), Фасмерам (2, 56) і прынятую Праабражэнскім (1, 233), Шанскім (1, Д, Е, Ж, 293), Іванавым (Слав. и балканское языкознание, 1975, 60), Скокам (3, 680–681), БЕР (1, 547). Непасрэдныя супастаўленні з іншымі і.-е. мовамі супярэчлівыя. Гл. літаратуру ў Фасмера, Скока, БЕР.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вісельнік ’павешаны’ (БРС; КЭС, лаг.); ’варты шыбеніцы’ (Нас., Шат.), вісяльнік ’нядобры чалавек’ (Жд., 2). Укр. вішальник, рус. висельник, ст.-рус. висѣльникъ ’варты шыбеніцы’ (з XVII ст.). Відавочна, паходзіць ад viselʼь і суф. ‑nikъ; параўн. славен. víseljжолуд (у загадцы)’ < vis‑ěti і суф. ‑elʼь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жлудзь ’картачная масць’ (Нас.). Рус. жлуди ’тс’. Фасмер (2, 58) лічыць форму жлуди ад желуди. Чарнышоў (Избр. тр., 2, 448) лічыў назву жолуда калькай чэш. < ням. назвы, а выпадзенне першай галоснай звязваў (там жа, 452) з формамі ўскосных склонаў мн. л. желуде́й, желудя́м > жлуде́й, жлудя́м, адкуль і другасная форма наз. скл. мн. л. жлуди. Трэба далучыць яшчэ магчымасць уплыву акцэнтнага варыянта жалу́д (гл.), прадстаўленага і ў бел. мове. Формы з мяккасцю апошняга зычнага вядомы і бел. мове (жолудзь, Шатал.). Гл. жолуд.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

насці́л, ‑у, м.

1. Тое, што і насціланне. У цэху праводзіцца насціл падлогі. «Беларусь».

2. Паверхня з дошак або іншага матэрыялу, насланага на што‑н. Дошкі насцілу гулі — на мост уз’ехала машына. Савіцкі. Стараючыся не збіцца з жардзян[о]га насцілу, асцярожна ступаючы, Бондар пайшоў на ўскраек балаціны. Навуменка. // Пласт чаго‑н. насланага. Жолуд падае з дуба, правальваецца да самай зямлі праз гнілы пласт лісцвянага насцілу. Чорны. // Пласт снегу на чым‑н. Конь, адчуўшы цяжар, мякка заганцаваў на месцы, б’ючы пярэднімі капытамі па прамёрзлым снегавыя, насціле. Мікуліч. На пляцоўку прывезлі насціл не такога памеру, як трэба было па праекту. Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Муды́ (мн. л.) ’машонка’ (астрав.), ’мужчынскія палавыя органы’ (мядз., Сл. ПЗБ), укр. мудо, рус. муде́, мудо́, му́ди, польск. mąda, mądzie, н.-, в.-луж. mud, палаб. mǫda, чэш. moud, moudí, мар. mudy, славац. muď, mudie, славен. módo, móda, рэзьянск. múda, серб.-харв. му́до, му́да, макед. маде, балг. мъдо́, ц.-слав. мѫдо, мѫдѣ. Прасл. mǫdo, і.-е. адпаведнікі якога дакладна не вызначаны. Фасмер (2, 669) лічыць няпэўным варыянт з насавым да ст.-грэч. μέδεα, μήδεα, μέζεα ’сараматныя часткі цела’, якія з *med‑do, да с.-ірл. mess (< med‑tu) ’жолуд’, блізкімі да лац. madēre ’сачыцца, быць мокрым’, ст.-грэч. μαδάω ’расцякацца, выпадаць’, а таксама адвяргае дапушчэнні Уленбека (211), Мацэнаўэра (LF, 11, 173–174). Петэрсан (RS, 8, 30) выводзіць *mun‑do з *meu‑/*mou‑ ’нешта набрынялае’. Скок (2, 476) дапускае роднаснасць прасл. mǫdo з дарымскім альпійскім словам mandius, якое ў рум. мове дало mînz ’жарабя’, італ. manzo, алб. mëzat ’бычок’, ням. (без суфікса ‑i̯o) Mann. Найбольш імаверным з’яўляецца суаднясенне прасл. лексемы з лац. mentula ’membrum virile’ (Махэк₂, 376), а таксама з лац. muttō, mūtō ’тс’, у якіх ‑tt‑ > ‑unt‑ > ‑ǫt‑. Трубачоў (История терм., 43) выводзіць прасл. mǫ‑do, ст.-слав. мѫдо з і.-е. *măn ’мужчына, муж’, Лурыя (SsiCL, 11, 1960, 553–560) збліжае mǫdo і mǫdrъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПА́НЧАНКА (Пімен Емяльянавіч) (23.8.1917, г. Талін — 2.4.1995),

бел. паэт. Нар. паэт Беларусі (1973). Ганаровы акадэмік Нац. АН Беларусі (1994). Скончыў пед. курсы ў Бабруйску (1934), Мінскі пед. ін-т (1939). У 1933 працаваў рабочым у Бабруйску. З 1934 настаўнічаў на Магілёўшчыне. З 1939 у Чырв. Арміі, удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (вер. 1939). У Вял. Айч. вайну спец. карэспандэнт армейскіх і франтавых газет. З 1946 заг. аддзела час. «Вожык», з 1948 заг. аддзела, нам. гал. рэдактара газ. «Літаратура і мастацтва». З 1953 гал. рэдактар альманаха «Советская Отчизна», з 1958 — час. «Маладосць». У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1934. У першых зб-ках «Упэўненасць» (1938), «Вераснёвыя сцягі» (1940) настрой і пачуцці яго пакалення — рамантычна-ўзнёслыя парыванні, летуценні маладосці і кахання, трывога ў прадчуванні нарастаючай пагрозы вайны. У зб-ках «Табе, Беларусь» (1942), «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945) горыч расстання з Беларуссю, вера ў яе вызваленне, героіка нар. змагання вызначаюць унутр. напружанне, палымянасць лірычнага перажывання паэта. Шырока выкарыстоўваў фалькл. вобразы і прыёмы. Вершы ваен. часу («Краіна мая», «Будуць вечна сады расцвітаць...», «Сінія касачы», «Дзеці вайны», «Герой» і інш.) спалучаюць адухоўленыя, чыстыя, светлыя малюнкі жыцця, задушэўныя перажыванні з драм., нярэдка па-баладнаму сціслым і ёмістым паказам ваен. выпрабаванняў. Уражанні ад знаходжання з сав. войскамі ў Іране (1944—45) сабраны ў патрыят. цыкле «Іранскі дзённік» (1944—47). У зб-ках «Гарачыя вятры» (1947), «Вершы» (1948), «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Шырокі свет» (1955) тэма мірнай працы, суровая памяць вайны, услаўленне прац. энтузіязму, імкненне да сац. значнасці і дзейснасці паэзіі. Вынік паездак у ЗША і інш. краіны — зб-кі «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Йоркскія малюнкі» (1960), «Тысячы небасхілаў» (1962), «Чатыры кантыненты» (1964). Сведчаннем творчай сталасці з’яўляюцца зб-кі «Пры святле маланак» (1966, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1968), «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977), «Дзе начуе жаўранак» (1979, у пер. на рус. мову, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Маўклівая малітва» (1981), «Лясныя воблакі» (1985) і інш., дзе найб. поўна рэалізаваліся магчымасці і выявіліся лепшыя рысы таленту П. Яго паэзія псіхалагічна чуйная, незвычайна багатая на рэаліі жыцця і чалавечыя адносіны, павернута да штодзённых спраў, прасякнута людскімі клопатамі і трывогамі, раскрывае свет сучасніка — грамадзяніна і патрыёта, які жыве напружана, дзейна. Паэт ярка выражанага грамадзянска-публіцыст. тэмпераменту, глыбока ўражлівы, па-маладому няўрымслівы; ён усё жыццё працягваў змаганне за маральна-этычную вартасць і сутнасць чалавечай асобы, за нац. свядомасць, мову і культуру беларусаў. З сярэдзіны 1980-х г. яго творчасць вылучаецца публіцыст. адкрытасцю, трыбуннасцю, вастрынёй прамаўлення, сатыр. пафасам і адначасова застаецца па-ранейшаму глыбока лірычнай, уражлівай, чуйнай да чужога болю (кн. «І вера, і вернасць, і вечнасць», 1986; «Горкі жолуд», 1988; «Высокі бераг», 1993). У пасмяротную кнігу паэзіі розных гадоў «Зямля ў мяне адна» (1996) увайшла і напісаная ў гады вайны паэма «Вандраванне ў нянавісць». Аўтар лірычных паэм «Беластоцкія вітрыны» (1940), «Маладосць у паходзе» (1946), «Патрыятычная песня» (1957, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1959) і інш. Выступаў як крытык: кн. «На паэтычным небасхіле» (1977) і «Высокі бераг» (1993) у якіх змешчаны артыкулы, эсэ, успаміны пра Я.​Купалу, Я.​Коласа, А.​Куляшова, А.​Фадзеева і інш., пра падзеі літ. жыцця. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.​Міцкевіча, М.​Нагнібеды, Я.​Райніса, А.​Суркова, Ф.​Шылера і інш.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1967—71;

Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1981—83;

Млечны шлях. Мн., 1980;

Неспакой. Мн., 1988;

Выбранае: Вершы. Паэма. Мн., 1993.

Літ.:

Лазарук М.А. Пімен Панчанка. Мн., 1959;

Бярозкін Р.С. Пімен Панчанка. Мн., 1968;

Гілевіч Н. Іменем чалавечнасці // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Бечык В. Хвалявацца за ўсіх і ўсё... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Стральцоў М. Пімен Панчанка: (Фотаальбом). Мн., 1987.

В.​Л.​Бечык, Л.​М.​Гарэлік.

т. 12, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)