Тапта́ць1 ’прымінаць нагамі, дратаваць’, ’зношваць абутак’, ’груба зневажаць, прыніжаць’, ’наспех упіхваць, складваць’ (ТСБМ, Ласт.), ’тупаць, мясіць’ (Некр. і Байк.), ’уціскаць, ушчыльняць нагамі’, ’драць абутак’ (Варл.), ’утрамбоўваць, націскаць’, ’выконваць хатнюю працу’ (Сл. ПЗБ), ’есці ўсухамятку’ (Марц.), ’есці’ (Сл. рэг. лекс.), ’выціскаць мёд з сотаў’ (ст.-дар., ЛА, 1), ’заганяць рыбу ў сетку, боўтаючы нагамі’ (полац., З нар. сл.), топта́ць ’утрамбоўваць, ушчыльняць’, экспр. ’есці’ (ТС), ст.-бел. топтати ’наступаць нагой’ (Сл. Скар.), ’нацягваць, націскаць’ (Альтбаўэр). Укр. топта́ти, рус. топта́ть, польск. deptać, чэш. deptati, славац. deptať, в.-луж. teptać, н.-луж. teptaś, славен. teptáti ’наступаць нагамі’, балг. тъптя́, тъ́пча ’тс’, ’пічкаць, есці’, ст.-слав. тъпътати ’ступаць, гнясці’. З прасл. *tъpъtati ’тс’, праз чаргаванне галосных звязана з *tupati ’тупаць’. Гукапераймальны дзеяслоў, паралельны да *topati ’топаць, тупаць’. Далей супастаўляюць са ст.-інд. tupáti, tópati, túmpati, tumpáti ’раніць’, з грэч. τΰπτω ’б’ю, сяку’, лат. staũpe ’сляды конскіх капытоў’ (Фасмер, 4, 80; Брукнер, 87; Махэк₂, 115; ЕСУМ, 5, 601).

Тапта́ць2 ’апладняць (пра птушак)’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), тапта́цца ’блуднічаць, тварыць пералюбы’ (Ласт.), сюды ж топту́н ’певень’ (Мат. Маг.). Параўн. польск. дыял. deptać ’тс’, каш. deptać, dejptać ’апладняць (пра птушак)’. Эўфемізм, утвораны праз звужэнне або канкрэтызацыю значэння дзеяслова тапта́ць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пля́скаць, пляска́ць, пля́скыць ’удараць’, ’біць, хвастаць, сцёбаць’, ’стукаць далонню аб далонь ці па чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бяльк., Яруш., Шат.; ашм., Стан.), ’апладзіраваць’ (ельск., хойн., Мат. Гом.); ’пляскаць па вадкасці’ (Шат., Сл. ПЗБ); ’плямкаць, чмякаць пры ядзе’ (сміл., Стан.; Шат.), пля́цкаць ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ); пляска́ць ’біць молатам’ (Касп.), ’таптаць, дратаваць’ (зэльв., Сл. рэг. лекс.); пля́скаць ’барабаніць, звінець (аб лыжках і місцы)’ (воран., віл., Сл. ПЗБ), экспр. ’касіць нізкую рэдкую траву’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’рабіць, майстраваць’ (карм., Мат. Гом.); плеска́ць ’ляскаць, пляскаць’ (ТС); пля́скаць ’біць па твары далонню’ (Нас.; Бяльк.: жлоб., Мат. Гом.). Укр. пля́скаты, пле́скати ’біць у далоні’, ’плёхаць па гразі’, ’гаварыць многа і абы-што’, ’кляпаць’, а таксама бойк. пля́цкати ’плямкаць, еўшы’, польск. plaskać ’гучна удараць далонню’, ’выдумляць, нагаворваць’, дыял. паморск. płaskac, plaskac ’пляскаць далонню на вадзе’, чэш. мар. pláskati, ляш. pľaskať ’пляскаць, шлёпаць’, славац. pľasknúť ’пляснуць па шчацэ, спіне’, ’бразнуць (дзвярыма)’, ’лопнуць (пра пупышку)’, ’пляснуцца (у гразь)’; славен. plȃskati ’пляскаць, апладзіраваць’, ’падрубаць’, ’крычаць’, plaskati, plaskáti ’біць у далоні’, серб.-харв. чак. пљаска̏ти ’пырскаць, пляскаць па вадзе’, макед. пласка ’удараць далонню’, ’вярзці лухту’, ст.-слав. плесклти ’ляскаць, ляпаць’. Прасл. *plaskati, варыянт *ploskati, роднаснае літ. ploskúoti ’пляскаць (рукамі), чмякаць’, ’бразгаць’ < і.-е. plok‑sk‑ ’плоскі’, ’біць, таўчы’ (Сной–Бязлай, 3, 49). Банькоўскі (2, 598) выводзіць польск. plaskać з прасл. plěsk‑a‑ti, якое з’яўляецца ітэратывам да *pleskati > бел. пле́скаць (гл.). Сюды ж з пераносным значэннем пля́ска́ць ’гаварыць многа і абы-што’ (Нар. Гом.; Шат.; Касп.), ’плявузгаць, малоць языком’ (Сл. ПЗБ), пляска́ч ’пустаслоў, пляткар’, ’які гаворыць абы-што’ (Скарбы), ’балбатун’ (Сцяшк. МГ), пля́скыньнік ’тс’ (Юрч. СНЛ), пляскава́ць ’плявузгаць, несці лухту’ (ігн., Сл. ПЗБ), параўн. чэш. pleskati ’тс’, славац. pleskotať ’тс’, паморск. plesk​uotac ’неразумна ілгаць’, якія Фурлан (JS, 39, 4, 123) узводзіць да *ple‑sk‑ < і.-е. *(s)pele‑, параўноўваючы з літ. pleškė́ti, лат. plekšet ’ілгаць’, што неабавязкова.

Пляска́ць ’рабіць пляскатым, плюшчыць’ (ТСБМ, Касп.), ’абабіваць лапатай’ (Сцяшк. Сл.), плыска́ты ’пляскаць (пра метал)’ (драг., Жыв. сл.), пляску́шка ’невялікі, расплясканы кавалак металу’ (Юрч. Вытв.). Да пля́скаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тапта́ць, тапчу, топчаш, топча; незак.

1. што. Прымінаць нагамі, ходзячы, бегаючы па чым‑н. Толя крадком, міжвольна зірнуў ёй [Людзе] услед, — на светлы плашчык, што разлятаўся над загарам быстрых ног у басаножках, якія тапталі густую, нізкую траву. Брыль. А колькі травінак і кветак тапталі .. [хлопцы] за лета, не ведаючы, як яны называюцца. Чарнышэвіч. // Псаваць, глуміць; знішчаць, дратаваць. Таптаць пасевы. Таптаць грады. □ Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў. [Мужчына:] — Ты што гэта, Андрэй, траву топчаш, а не ідзеш касіць! Чарот. // Заціраць, раўнаваць, рабіць непрыкметным. Андрэй пераступаў з нагі на нагу — таптаў па пяску сляды ад веласіпеда. Пташнікаў. // каго. Катаваць, біць нагамі. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Колас. // Разм. Ступаючы, пэцкаць нагамі. Таптаць падлогу.

2. перан.; што. Наўмысна знішчаць, разбураць, часова заняўшы, акупіраваўшы тэрыторыю. Люты вораг топча нашы палі, паліць гарады і сёлы, забівае савецкіх людзей, знішчае наша дабро, здабытае ў працы. Сяргейчык. [Алешын:] А сёння вораг топча край шчаслівы, Зямля ў пажарах нішчыцца мая. Бачыла. // Топчучы, тушыць, затоптваць. Мядзведзь наступіў нагамі на агонь, атросся і пачаў таптаць вогнішча. Бядуля.

3. што. Збіваць, зношваць абутак. [Полька Корзун:] — Я хадзіў бы дадому па суботах, але тата сварыцца, нашто, кажа, боты таптаць. Чарнышэвіч.

4. што. Пракладваць хадзьбою, пратоптваць; хадзіць. Таптаць сцежку. □ Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок. Астрэйка. Зарастаюць дарожкі імхом, што тапталі калісь партызаны. Машара.

5. перан.; што. Пагарджаючы, груба зневажаць, уніжаць. Мабыць, і .. [жанчына] звязана, як і Зіна, з тым снапом жыта, з жнівом, якое не дае спакою, калі вораг дратуе зямлю, топча чалавечую годнасць... Скрыган.

6. што. Шчыльна ўтоптваць нагамі. — Трэба добра пад сцяну ды пад страху запіхаць, — кажа бацька і, учапіўшыся аберуч за лаціну, топча сена, глыбока лезучы нагамі пад застрэшша. Брыль. Прыйшоў [Маеўскі] туды [у адрыну] і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць. Караткевіч. // Топчучы, складаць сена, салому (у стог, сцірту). — Цябе, Халімон, не паставяць. Гаворыць чалавек... — Дык яго, — ківае на мяне тата. — А ты, калі ўпраўны, стог пойдзеш таптаць. Мыслівец.

7. што. Разм. Неакуратна, наспех упіхваць, складваць што‑н. Таптаць рэчы ў чамадан.

8. каго. Разм. Апладняць самку (пра птушак).

•••

Таптаць у гразь каго — уніжаць чыю‑н. годнасць; узводзіць паклёп на каго‑н., знеслаўляць каго‑н.

Таптаць чые сцежкі — ісці па чыіх‑н. слядах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)