ГІГРАФІ́ЛЫ [ад гігра... + ...філ(ы)],

наземныя жывёлы, прыстасаваныя да існавання ва ўмовах высокай вільготнасці. Жывуць на забалочаных тэрыторыях, у вільготных лясах, поймах рэк, па берагах вадаёмаў, а таксама ў вільготнай глебе і гнілой драўніне. У асяроддзі з нізкай вільготнасцю яны хутка трацяць ваду, што можа прывесці да іх гібелі. Тыповымі гіграфіламі з’яўляюцца макрыцы, нагахвосткі, камары, наземныя планарыі, малюскі, амфібіі, дажджавыя чэрві і інш. Гл. таксама Ксерафілы, Мезафілы.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БА, Раб (венг. Rába, ням. Raab),

рака ў Аўстрыі і Венгрыі, правы прыток р. Дунай. Даўж. 398 км, пл. басейна больш за 18 тыс. км². Пачынаецца ў Фішбахскіх Альпах, цячэ па зах. ч. Сярэднедунайскай раўніны (Кішальфёльд). Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады каля 70 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ніжэй г. Кёрменд (Венгрыя). Каля вусця — г. Дзьёр (Венгрыя).

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАЎЯ́РЭ (Guaviare),

рака на У Калумбіі, левы прыток р. Арынока; у верхнім цячэнні Гуаябера. Даўж. 1300 км, пл. бас. 140 тыс. км². Пачынаецца на Усх. Кардыльеры, цячэ па пласкагор’і Пардаас, дзе ўтварае парогі і вадаспады; ніжняе цячэнне Гуаўярэ — на нізіне Арынока. Сярэдні расход вады 5200 м³/с. Характэрны дажджавыя паводкі. Суднаходная для невял. суднаў да ўпадзення левага прытока р. Ар’яры (з перарывамі каля парогаў).

т. 5, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРУ́Н,

рака ў Іране, левы прыток р. Шат-эль-Араб. Даўж. 820 км, пл. бас. каля 60 тыс. км². Вытокі ў гарах Загрос, верхняе і сярэдняе цячэнні ў цяснінах і міжгорных катлавінах, ніжняе — па Месапатамскай нізіне. Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі, асенне-зімовая межань. Сярэдні расход вады 770 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння, частка сцёку па тунелі паступае ў Ісфаханскі аазіс. Суднаходная да г. Ахваз.

т. 8, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МІ-ІО́КІ (Kemijoki),

рака на Пн Фінляндыі. Даўж. 552 км, пл. бас. 51,4 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схілах грады Манселькя, цячэ пераважна па нізкагор’ях і ўзгорыстай раўніне, перасякае воз. Кеміярві, упадае ў Батнічны зал. Балтыйскага мора. Веснавое разводдзе, асеннія дажджавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады 520 м³/с. Сплаўная. ГЭС. Рыбалоўства. Суднаходная ў нізоўях. На рацэ г. Рованіемі, каля вусця марскі порт Кемі.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cumulus (Cu)],

шчыльныя, днём ярка-белыя воблакі са значным верт. развіццём (выш. да 5 км і больш). Верхнія часткі падобны да купалаў або вежаў з круглаватымі абрысамі. Узнікаюць найчасцей як воблакі канвекцыі ў халодных паветр. масах, а ў цёплы час года таксама ў мясц. паветр. масах над паверхняй сушы, якая праграецца ўдзень. Могуць ператварацца ў кучава-дажджавыя воблакі.

Кучавыя воблакі.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГО́ТНЫЯ ТРАПІ́ЧНЫЯ ЛЯСЫ́, трапічныя дажджавыя лясы,

лясы ў трапічных, субтрапічных, субэкватарыяльных і экватарыяльных шыротах з вільготным кліматам (2000—7000 мм ападкаў за год). Для іх характэрны бесперапынная вегетацыя, багаты фларыстычны склад, складаная верт. структура (больш за 5 ярусаў), дрэвы малагалінастыя з дошкападобнымі і паветранымі каранямі, мноства эпіфітаў і ліян. Выш. дрэў да 60 м. Вільготныя трапічныя лясы наз. таксама гілеяй або сельвай (у Паўд. Амерыцы), джунглямі (у Паўд. Азіі).

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЗАС (Kansas),

рака ў ЗША, правы прыток р. Місуры. Утвараецца ад сутокаў рэк Смокі-Хіл і Рэпаблікан, якія пачынаюцца на перадгорных плато Скалістых гор. Даўж. 228 км, з р. Рэпаблікан каля 1200 км, пл. басейна 158,8 тыс. км². Цячэ па Высокіх і Цэнтр. раўнінах. Веснавое разводдзе, летняя межань, высокія дажджавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады 225 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. На К. — гарады Тапіка, Канзас-Сіці (у вусці).

т. 7, с. 584

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОЛТ (Olt),

рака ў Румыніі, левы прыток р. Дунай. Даўж. 709 км, пл. басейна каля 25 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Карпатах, цячэ па Трансільванскім плато, праз Паўд. Карпаты (у цясніне), па Ніжнедунайскай раўніне. Упадае ў р. Дунай 2 рукавамі каля г. Турну-Мэгурэле. Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады каля 160 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На О. гарады Фэгэраш, Рымніку-Вылча, Слаціна.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КАН (франц. cocon),

ахоўнае ўтварэнне кукалак многіх насякомых. Звычайна К. сплецены з шаўковай ніткі, што выдзяляецца лічынкай перад акукліваннем (у многіх коканапрадаў, молей і шаўкапрадаў, а таксама ў некат. відаў мурашак, К. якіх няправільна называюць «мурашынымі яйцамі»), або з слізі, якую выдзяляюць лічынкі некат. жукоў. Несапраўдныя К. (або пупарыі) многіх мух — скуркі лічынак, якія засталіся пасля лінькі. Дажджавыя чэрві, п’яўкі, павукі і некат. малюскі ўтвараюць т.зв. яйцавыя К., унутры якіх развіваюцца яйцы.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)