б 1, нескл., н.
1. Другая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «бэ». Малое б. □ Хто сказаў а, той павінен сказаць і б. Прыказка.
2. Выбухны, звонкі, губна-губны зычны гук. Звонкае б.
б 2,
гл. бы 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ў 1,
1. Дваццаць другая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «у нескладовае».
2. Санорны плаўны губна-губны гук; пазіцыйна чаргуецца з «у».
ў 2, прыназ. з Р, В і М.
Ужываецца замест прыназоўніка «у» пасля слоў, якія канчаюцца на галосную, пасля якой няма знака прыпынку. Хлопчыкі, румяныя з марозу, убеглі ў хату і пачалі апранацца: Косцік у лес, а Шурка ў школу. Брыль. [Лабановіч:] — Добрае ў цябе сэрца, бабка Параска. Бачу, што ты мяне шкадуеш, як родная маці. Колас. Я ў мастацкім агародзе Толькі марная трава. А якая? — смех, дый годзе: Я — пякучка-крапіва. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Б,
другая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Б («букі»), утворанай графічным відазмяненнем візантыйскай літары B. Рознае напісанне лац. B і слав. Б абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на асн. грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да нашай эры, калі β перадавала гук «б», у перыяд станаўлення слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Не мела лікавага значэння. У сучаснай бел. мове абазначае выбухныя звонкія губна-губныя фанемы («б») і («б’»), што рэалізуюцца па-рознаму ў залежнасці ад якасці суседніх гукаў ці пазіцыі ў слове.
А.М.Булыка.
т. 2, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В,
трэцяя літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай
(«ведзі»). Рознае вымаўленне лац. B і слав. В абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на аснове грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да н.э., калі β перадавала гук «б», а ў перыяд стварэння слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Мела лікавае значэнне 2. У сучаснай бел. мове абазначае звонкія губназубныя фанемы («в») і («в’»), якія ў адрозненне ад рус. мовы функцыянальна не суадносяцца з губна-зубнымі («ф») і («ф’») і пасля галосных перад зычнымі, а таксама на канцы слоў пераходзяць у «ў» («траўка», «раўнапраўе», «высноў», «любоў»).
А.М.Булыка.
т. 3, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫКУЛЯ́ЦЫЯ
(ад лад. articulo расчляняю),
1) у мовазнаўстве — работа органаў мовы (губ, языка, мяккага паднябення, галасавых звязак), з дапамогай якіх утвараюцца гукі мовы. Сукупнасць артыкуляцыі складае артыкуляцыйную базу мовы. Правільнае (без акцэнту) вымаўленне слоў чужой мовы патрабуе засваення яе артыкуляцыйнай базы. Паводле ступені выразнасці маўлення ацэньваюць якасць вымаўлення асобных людзей (пры адборы дыктараў, чытальнікаў, акцёраў і інш.) і каналаў сувязі.
У бел. артыкуляцыйнай базе пераважаюць артыкуляцыі з высокім становішчам языка, апусканнем да ніжніх зубоў кончыка языка пры вымаўленні мяккіх зычных «дз’», «ц’» (дзеканне-цеканне), а таксама «з’», «с’», «н’», «л’», ад чаго яны робяцца мякчэйшыя за, напр., адпаведныя рус. гукі. Спецыфічна бел. асаблівасці: губна-губная артыкуляцыя пры вымаўленні «в» пасля галосных і перад «у», «о»; працяжнае вымаўленне «г»; наяўнасць значнай колькасці змычна-шчыліннай артыкуляцыі («дж», «дз», «ч», «ц», «ц’», «дз’»). Артыкуляцыя суседніх гукаў накладваюцца і прыстасоўваюцца адна да адной (акамадацыя).
2) У музыцы — спосаб выканання паслядоўнасці гукаў голасам або на муз. інструменце. Вызначаецца злітнасцю або расчлянёнасцю. Асн. віды артыкуляцыі — легата і стаката. Іх разнавіднасці адрозніваюцца ступенню выразнасці і характарам выканання. Існуюць блізкія паміж сабою партамента і глісанда (лёгкае слізганне ад аднаго гуку да другога) і інш. Тэхнічна артыкуляцыя звязана з рознымі прыёмамі руху рукі, націску пальцаў, вядзення смычка або плектра, у спевах — са спосабам карыстання галасавым апаратам.
А.І.Падлужны (мовазнаўства).
т. 1, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)