хвароба караняплодаў буракоў у перыяд захоўвання, якая выклікаецца комплексам грыбоў і бактэрый. Найб. пашырана шэрая гніль (узбуджальнік — грыб Botritis cinerea) і фамоз (узбуджальнік — грыб Phoma betae). На хворых каранях з’яўляецца белы, шэры ці ружавата-белы налёт споранашэння грыба, потым фарміруюцца цёмныя склероцыі, якімі грыб зімуе. Пры фамозным гніенні грыбніца развіваецца ў тканках каранёў, надае ім цёмна-карычневы колер і фарміруе масы пладовых цел (пікнідаў). Пашкоджаныя караняплоды гніюць. Інфекцыя захоўваецца на раслінных рэштках, у глебе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
міцэ́лій
(ад гр. mykes = грыб)
вегетатыўнае цела грыбоў, якое складаецца з адна- ці шматколерных тонкіх нітак (гіфаў); грыбніца.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГРЫБ-БАРА́Н, грыфала кучаравая,
губавы базідыяльны грыб сям. албатрэлавых. Трапляецца ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі рэдкі рэліктавы від, знойдзены ў Пружанскім, Барысаўскім, Чэрвеньскім і Жыткавіцкім р-нах; занесены ў Чырвоную кнігу. Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах пры аснове старых ствалоў дуба, граба, вяза, клёна, значна радзей сасны. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у ліпені—верасні.
Пладовае цела дыям. да 1 м і масай да 10—20 кг. Складаецца з паўторна-галінастых пянькоў з агульнай асновай. Шапкі шматлікія, паўкруглыя, радыяльна-маршчакаватыя, шурпатыя, жаўтавата-шэрыя ці шаравата-бурыя. Тканка белая, валакніста-мясістая, з прыемным пахам арэха. Споры гладкія, бясколерныя. Фітапатагенны грыб. Грыбніца жыве ў каранях і ствалах дрэў на працягу многіх гадоў, утварае белую стрыжнёвую гніль са шматлікімі поласцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗАКТАНІЁЗ,
хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.
Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.
Л.М.Прыступук.
Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.