ГЕТЭРАКА́РПІЯ (ад гетэра... + грэч. karpos плод),

разнаплоддзе, генетычна абумоўленая ўласцівасць некаторых відаў кветкавых раслін фарміраваць на адной асобіне рознатыповыя генератыўныя зачаткі (дыяспоры), розныя па марфалогіі і фізіял. уласцівасцях, прыстасаваннях да пашырэння. Неаднароднымі бываюць цэлыя плады (у складанакветных, лебядовых, некаторых крыжакветных) або іх часткі — мерыкарпій, членікі (у парасонавых, агурочнікавых, часткі крыжакветных). Плады могуць займаць рознае становішча ў межах суквецця. Гетэракарпія характэрна пераважна для аднагадовых і эфемерных відаў пустынь, паўпустынь, пустазелля. У флоры Беларусі тыповы прадстаўнік гетэракарпных раслін — наготкі лекавыя, у суквеццях якіх развіваюцца плады, прыстасаваныя да разнясення жывёламі або ветрам.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАФІЛІ́Я (ад гетэра... + грэч. phyllon ліст),

разналістасць, наяўнасць на адной расліне рознага па форме, памерах і структуры лісця. Часцей характэрна для водных раслін (напр., у стрэлкаліста, вадзянога кураслепу, некаторых рдзестаў), у якіх падводнае лісце адрозніваецца па форме ад надводнага. Сустракаецца таксама ў некат. наземных раслін, дзе ніжняе лісце лускападобнае, сярэдняе (асіміліруючае) з чаранком (або похвай), пласцінкай і прылісткамі, верхняе мае спецыфічную будову каля суквецця (прыкветнікі). У больш вузкім сэнсе гетэрафілія — розніца паміж лісцем сярэдняй фармацыі ў межах парастка расліны, якая звязана з узроставымі зменамі і ўздзеяннем навакольнага асяроддзя (напр., у плюшчу, шаўкоўніцы).

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гетэрані́мны

(ад гетэра- + гр. onyma = імя)

рознаіменны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гетэрагаме́ты

(ад гетэра- + гаметы)

тое, што і анізагаметы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гетэратрафі́я

(ад гетэра- + -трафія)

жыўленне арганізмаў гатовымі арганічнымі рэчывамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гетэрадо́нтнасць

(ад гетэра- + гр. odus, odontos = зуб)

розназубасць (параўн. гамадонтнасць).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гетэрафра́зія

(ад гетэра- + гр. phrasis = выраз)

тое, што і гетэрафазія.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гетэрахрані́я

(ад гетэра- + гр. chronos = час)

несвоечасовасць, адхіленне ў часе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЕТЭРАЗІГО́ТНАСЦЬ (ад гетэра... + зігота),

спадчынная неаднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах розных форм (алелей) таго ці іншага гена. Узнікае часцей у выніку зліцця разнаякасных паводле геннага або структурнага складу гамет у гетэразіготу, магчыма і праз мутацыі. Звычайна спрыяе высокай жыццяздольнасці арганізмаў і прыстасаванасці іх да зменлівых умоў асяроддзя, таму пашырана ў прыродных папуляцыях, падтрымлівае ў іх пэўны ўзровень генатыпічнай зменлівасці. У эксперыментах гетэразіготнасць атрымліваюць скрыжаваннем паміж сабой гомазігот па розных алелях. Нашчадкі ад такога скрыжавання аказваюцца гетэразіготамі паводле дадзенага гена. Маскіруючае дзеянне дамінантных алелей пры гетэразіготнасці — прычына захавання і пашырэння ў папуляцыі шкодных рэцэсіўных алелей, якія выяўляюць звычайна пры племянной і селекцыйнай рабоце; у мед. генетыцы важная пры вызначэнні спадчынных захворванняў. Гл. таксама Гомазіготнасць.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад бі... + лац. sexualis палавы),

1) у сексапаталогіі — палавая цяга да асоб абодвух палоў.

2) Гермафрадытызм. У першым значэнні бісексуальнасць можа быць вынікам незавершанасці фарміравання псіхасексуальнай арыентацыі або сродкам «аховы» (жаданне гомасексуаліста выдаць сябе за гетэрасексуала). Вылучаюць некалькі тыпаў бісексуальных паводзін: бісексуальнасць пубертатнага перыяду, калі падлетак яшчэ не выявіў сваёй эратычнай перавагі і можа эксперыментаваць у абодвух кірунках; чаргаванне гетэра- і гомасексуальных паводзін на аснове ўсведамлення індывідам двух якасна розных сексуальных «сцэнарыяў»; сітуацыйна абумоўленая, або псеўдабісексуальнасць, напр. ва ўмовах вымушанай палавой ізаляцыі (армія, турма і інш.). Бісексуальнасць існуе таксама як паралельныя гома- і гетэрасексуальныя паводзіны, калі афіцыйны гетэрасексуальны шлюб сумяшчаецца з тайнымі гомасексуальнымі прыхільнасцямі мужа ці жонкі. Часцей гэта адбываецца як вынік позняй сексуальнай ідэнтыфікацыі мужа ці жонкі. Часам бісексуальнасць развіваецца ў выніку раўнадушша да полу партнёра.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)