ГЕТЭ́РА
(ад грэч. hetaira сяброўка, палюбоўніца),
у Стараж. Грэцыі незамужняя жанчына, якая вядзе свабодны, незалежны лад жыцця. Звычайна гетэры вызначаліся розумам, адукаванасцю і прыгажосцю, вакол іх гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Знакамітымі гетэрамі былі Аспасія, Глікерыя (каханка Менандра), Фрына (сяброўка Праксіцеля). Вобразы гетэры адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, насценны жывапіс, рэльефы), л-ры (камедыі грэч. пісьменнікаў Алкіфона, Лукіяна) і інш.
т. 5, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРА...
(ад грэч. heteros іншы, другі),
першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: «другі», «іншы» і адпавядае бел. «разна...», напр., гетэрагамія, гетэрагенез.
т. 5, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАМАРФІ́ЗМ
(ад гетэра... + грэч. morphē форма, выгляд),
працэс утварэння горных парод з адной і той жа магмы пры розных умовах з розным мінералагічным, але аднолькавым хім. саставам.
т. 5, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАГО́НІЯ
(ад гетэра... + ...гонія),
1) адна з формаў чаргавання пакаленняў у некаторых беспазваночных жывёл (напр., у насякомых), пры якой двухполае пакаленне змяняецца на партэнагенетычнае.
2) Тое, што аламетрыя.
т. 5, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ
(ад гетэра... + сексуальнасць),
палавая цяга да асоб процілеглага полу; асн. форма палавых адносін паміж людзьмі. Адпавядае галоўнай біял. мэце палавога жыцця — прадаўжэнню роду. У розныя часы некаторыя грамадствы дапускалі існаванне і інш. форм палавых кантактаў. Гл. Бісексуальнасць, Гомасексуалізм.
т. 5, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАГЕНЕ́З
(ад гетэра... + ...генез),
1) змена спосабаў размнажэння ў арганізмаў на працягу двух ці больш пакаленняў.
2) Раптоўнае ўзнікненне асобін, якія рэзка адрозніваюцца шэрагам прыкмет ад бацькоўскіх формаў. Адкрыццё гетэрагенезу ням. гістолагам Р.А.Кёлікерам (1864) і рус. вучоным С.І.Каржынскім (1899) дало пачатак мутацыйнай тэорыі.
т. 5, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАДЗІ́Н
(ад гетэра... + грэч. dynamis сіла),
маламагутны высокачастотны генератар электрычных ваганняў з самаўзбуджэннем. Схема гетэрадзіна бывае лямпавая, напр. з гептодам, і паўправадніковая. Стварае ваганні дапаможнай частаты, якія змешваюцца са знешнімі (карыснымі) высокачастотнымі, у выніку атрымліваюцца ваганні пастаяннай рознаснай (прамежкавай) частаты. Выкарыстоўваецца ў пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў, гетэрадзінных частатамерах, радыёвымяральных прыладах і інш.
т. 5, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАСПАРЫ́Я
(ад гетэра... + грэч. spora сяўба, насенне),
разнаспоравасць, утварэнне спор розных памераў у некаторых вышэйшых раслін (напр., у водных папарацей, селагінелавых і інш.). Буйныя споры (мегаспоры, або макраспоры) даюць жаночыя расліны, дробныя (мікраспоры) — мужчынскія. У пакрытанасенных раслін мікраспора (пылок) пры прарастанні дае мужчынскі заростак, мегаспора, якая ўтвараецца ў семязавязі, прарастае ў жаночы заростак — зародкавы мяшок.
т. 5, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАНО́МІЯ
(ад гетэра... + грэч. nomos закон),
розная будова сегментаў у пэўных частках цела членістых жывёл. Напр., пярэднія метамеры цела ў насякомых, што зліліся ў адзіны комплекс галавагрудзі, нясуць асн. органы пачуццяў і сківічны апарат, а таксама галаўны мозг; наступныя метамеры ўтвараюць комплексы — грудзі (з хадзільнымі канечнасцямі і крыламі) і брушка (з савакупляльным апаратам, яйцакладам, джалам і інш.).
т. 5, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАСТЫЛІ́Я
(ад гетэра... + грэч. stylos слуп),
рознаслупкаватасць, наяўнасць у раслін аднаго віду дзвюх або трох форм кветак, якія адрозніваюцца па даўжыні слупкоў і размяшчэнні тычынак. Адпаведна і пыльнікі ў кароткаслупковых кветках размешчаны вышэй за рыльца, а ў доўгаслупковых — ніжэй. Трапляюцца таксама трыморфныя формы раслін — з каротка-, сярэдне- і доўгаслупковымі кветкамі, напр. у чальчаку вербалістага. Гетэрастылія ўскладняе самаапыленне і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню.
т. 5, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)