пе́рысты, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты пер’ем. Перыстыя крылы.

2. Падобны формай да пер’я. Хацелася паваліцца ў траву і глядзець у неба, дзе гусцеюць перыстыя аблокі. Шамякін.

3. З прадаўгаватымі і як бы надрэзанымі па краях лістамі (пра расліны). // Састаўная частка некаторых батанічных назваў. Перысты клён. Перысты гваздзік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДВУХГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, двухлетнікі,

травяністыя расліны з жыццёвым цыклам (ад насення да насення) на працягу 2 гадоў. Каля 50 тыс. відаў з розных сістэм. груп. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі больш за 60 відаў. Да Д.р. належыць большасць агароднінных (цыбуля, морква, буракі, капуста і інш.), лекавыя (баркун, наперстаўка, пакрывец, блёкат і інш.), дэкар. (браткі, гваздзік турэцкі, званочак сярэдні, незабудка альпійская і інш.) віды.

У 1-ы год Д.р. развіваюць падземную і надземную вегетатыўныя часткі (корань, цыбуліну, караняплод, сцёблы, лісце), на 2-і ўтвараюць (за кошт назапашаных пажыўных рэчываў) прадаўгаваты парастак з кветкамі, цвітуць, пладаносяць і адміраюць.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Інды́кі кветкі, просты агародны гваздзік’ (Нас.). Метафарычны перанос з індык; форма мн. л. шырока ўжываецца ў народнай наменклатуры раслін; параўн. паралельную рускую назву петушки (Мяркулава, Очерки, 136).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КУПА́ЛЬНІК, арніка (Arnica),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — К. горны (A. montana, нар. назвы гарнік, касцян, лясны цітун, баравы гваздзік), занесены ў Чырв. кнігу. Расце курцінамі на палянах, узлесках, балоцістых лугах. Як лек. сродак вядомы з 11 ст. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны К. аблісцелы (A. foliosa) і К. Шамісо (A. chamissonis).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з апушанымі сцёбламі выш. 20—100 см. Лісце суцэльнае або рэдказубчастае ў прыкаранёвай разетцы. Кветкавыя кошыкі буйныя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Абгортка з зялёных лісцікаў, двухрадковая. Плод — граністая сямянка з чубком з перыстых валаскоў. Меданосныя, лек., дэкар. расліны.

Купальнік горны.

т. 9, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭМАНТА́НТНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, здольныя да паўторнага або шматразовага цвіцення і плоданашэння на працягу аднаго вегетац. перыяду. Маюць вельмі кароткі перыяд спакою і здольнасць перыядычна (на працягу 2—3 тыдняў) закладваць пладовыя пупышкі, якія хутка прарастаюць, адбываецца аддзяленне бутонаў, цвіценне і плоданашэнне амаль да замаразкаў. Да Р.р. належаць травяністыя (напр., алісум, лабелія, рэмантантны гваздзік), дэкар.-кустовыя (рэмантантныя і чайнагібрыдныя ружы, некат. віды спірэі), цытрусавыя, ягадныя (некат. сарты суніц і малін) культуры. Пры спрыяльных пагодных умовах (цёплая і вільготная восень пасля сухога лета) рэмантантнасць бывае ў бэзу, вішні, грушы, яблыні і інш. Пры паўторным цвіценні і плоданашэнні кветкі і плады драбнеюць, насенне горш узыходзіць. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. і аматарскім садаводстве, кветкаводстве.

В.​М.​Прохараў.

т. 14, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАЗДЗІКО́ВЫЯ (Caryophyllaceae),

сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.

Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ґа́рштва ’гваздзік’ (Сл. паўн.-зах.). Сл. паўн.-зах. у гэтым значэнні прыводзіць таксама ґа́шта, ґа́штва і да ґа́шта прыводзіцца літ. крыніца góštauta ’тс’. Але форма гэта не зусім падыходзіць у якасці першакрыніцы. Параўн. лепш літ. gar̃štis, garšvà; да гэтых назваў гл. Фрэнкель, 138.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КВЕ́ТКАВА-ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

зборная група культ. і дзікарослых, пераважна травяністых раслін, якія выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве для азелянення, упрыгожвання інтэр’ера памяшканняў і будынкаў, ідуць на зрэзку. Вырошчваюцца ў адкрытым і закрытым грунтах. К.-д. р. адкрытага грунту падзяляюць на адна-, двух- і шматгадовыя. Іх выкарыстоўваюць для букетаў і афармлення клумбаў, рабатак, міксбордэраў, партэраў (напр., аднагадовыя агератум, аксамітка, астра, ільвіны зеў, цынія; двухгадовыя званочак, наперстаўка, незабудка, фіялка; шматгадовыя гіяцынт, касач, ландыш, півоня, прымула, нарцыс, цюльпан, вяргіня, канна, шпажнік), павойныя і лазячыя расліны на ўпрыгожванне сцен будынкаў, агароджаў, балконаў, тэрас (напр., аднагадовыя пахучы гарошак, іпамея, настурка; шматгадовыя клематыс, плюшч, капрыфоль). К.-д.р. закрытага грунту пераважна субтрапічныя і трапічныя. Сярод іх вылучаюць сезоннаквітучыя (вазонныя пеларгонія, цыкламен; грунтавыя гваздзік рэмантантны, ружа), выганачныя (гіяцынт, нарцыс, цюльпан), вечназялёныя (травяністыя — аспідыстра, спаржа, папараць; павойныя і ампельныя — плюшч, традэсканцыя; сукуленты — агава, алоэ, кактусы, эйфорбія; дрэвы і кусты — азалія, пальма, цытрусавыя).

Кветкава-дэкаратыўныя расліны: 1 — астыльба; 2 — ільвіны зеў; 3 — аксаміткі; 4 — званочкі.

т. 8, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Некерко ’гваздзік-травянка, Dianthus deltoides L.’ (гродз., Кіс.). Няясна; магчыма, дэфармаваная з мэтай ахоўнай магіі назва, параўн. іншыя назвы расліны іскаркі, сярдзечнік; ва ўсякім разе спалучэнне ‑ке‑ не з’яўляецца характэрным для названага арэала, аднак смал. некенький ’якісьці; не варты ўвагі’ можа сведчыць аб прыналежнасці назвы да «шыфраваных» найменняў раслін тыпу польск. nietoto і пад., параўн. і польск. дыял. niekiery ’некаторы, няпэўны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Незабу́дка ’расліна Myosotis palustris Lam., незабудка’ (Кіс., Яруш., міёр., Жыв. сл.), незабу́дзька ’тс’ (карэл., Шатал.), невзабу́дка ’тс’ (пін., Шатал.), незабудкі мн. ’расліна Myosotis silvatica (Ehrh.) hoffm., незабудка лясная’ (Бейл.), укр. незабудь ’расліна Myosotis palustris’, рус. незабудка ’істод, дубраўка, валоўнік, чарнакорань, фіялка, гваздзік-травянка і інш.’ Ад не забудзься, гл. забыць; калька з ням. Vergissmeinnicht ’тс’ (з XV ст.), франц. le ne mʼoubliez pas ’тс’, англ. forgetmenot ’тс’, польск. niezapominajka ’тс’ і інш. (Фасмер, 3, 59). Параўн. незапамінайка ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)