Ту́ліць ‘вадзіць у гульні ў хованкі’: у хованкі гулялі, адзін ту́ліць, а ўсе хаваліса (гродз., Нар. словатв.). Магчыма, да тулі́ць (гл.) у значэнні ‘закрываць вочы’.

Тулі́ць ‘прыхіляць, гарнуць да сябе з ласкай, пяшчотай, шчыльна прыціскаць, гладзіць, прытульваць’ (ТСБМ, Гарэц.), ‘прымаць каго-небудзь пад заступніцтва, ахову (напр., сірату)’ (Нас.), ‘закрываць, затуляць’ (Яруш.), ‘утойваць, хаваць’ (ТС, Байк. і Некр., ТСБМ, Нас.), ‘служыць прытулкам для каго-небудзь’ (ТСБМ, Ласт.), перан. ‘гаварыць праўду ў вочы’: ён вока ня ту́ліць (Шат.); тулі́цца ‘хавацца, затойвацца’ (Нас., Байк. і Некр., Шат.), ‘размяшчацца дзе-небудзь у зацішным месцы, пад аховай чаго-небудзь’ (ТСБМ, Касп.), ‘гарнуцца, з любасцю прыхінацца’ (Некр. і Байк., Варл.), ‘хінуцца, прыязна адносіцца, песціцца, прыхіляцца’ (Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Яруш.), тулі́тисʼе ‘прыціскацца, хавацца’ (Вруб.), тулэ́тысь ‘тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. тули́ти, тули́тися ‘туліць, абдымаць’, рус. тули́ть ‘хаваць, закрываць’, тули́ться ‘хавацца, затойвацца’, польск. tulić (się) ‘чулліва прыціскаць, -цца’, ст.-польск. tulić ‘хаваць’, н.-луж. tuliś ‘гнуць’, ‘утаймоўваць’, ‘хаваць’, в.-луж. tuleć, tulić ‘прыціскаць, гнуць’, чэш. tuliti se ‘сціскаць’, ‘туліцца, прыціскацца’, славац. túliť sa ‘тс’, славен. дыял. tuliti ‘загортваць, звіваць у рулон’, ‘мяць’, túliti se ‘сціскаць’, ‘прыціскаць’, серб. дыял. ту́лʼит ‘гасіць полымя’, ‘згортваць, згібаць’, ‘схіляць галаву’, макед. тули ‘хаваць, прыкрываць’, тули се ‘хавацца’, балг. ту́ля (се) ‘тс’, ц.-слав. затулити ‘схаваць’. Прасл. *tuliti (sę) ‘прыціскаць, туліць, хаваць, утаймоўваць; заспакойваць’ суадносяць з *tulъ ‘калчан’ (гл. тул2), што сустракаецца з пэўнымі семантычнымі цяжкасцямі, гл. Фасмер, 4, 117. Трубачоў (Дополн., 4, 118) услед за Якабсонам (IJSLP, 1/2, 1959, 273) звязвае рус. тули́ть з тул, туловище, тулья (гл. тулава). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 671–672; Арол, 4, 115–116. Борысь (653) бачыць у прасл. *tuliti (sę) адыменны дзеяслоў, утвораны ад прасл. *tulъ/*tulo ‘труба, трубка, калчан’, першасным значэннем якога было б ‘навіваць на трубку’. Значэннем і формай лексема *tuliti злілася з блізкім прасл. *toliti ‘заспакойваць, утаймоўваць’: ст.-польск. tolić ‘ахопліваць рукамі, гарнуць да сябе’, ст.-рус. толити ‘прысаромліваць, сарамаціць’, рус. толить ‘заспакойваць’, укр. толи́ти ‘стрымліваць, заглушаць, уціхамірваць’, серб. то̀лити, харв. tòliti ‘заспакойваць, суцяшаць, спатольваць’, бел. напато́ліць, пато́ля (гл.), якое ад і.-е. асновы *tel‑/*tol‑/*tl̥‑. Меркаванні аб запазычанні з польск. tulić się (Сл. ПЗБ, 5, 145) не маюць падстаў. Гл. таксама туляць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

браць, забіраць, падбіраць, адбіраць; грабастаць (разм.); грэбці, заграбаць, аграбаць, рваць, вырываць, драць, здзіраць, лупіць, хапаць, захопліваць, падхопліваць, лапаць, цягнуць, гарнуць, вывуджваць (перан., разм.); чэрпаць (перан., выс.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

гарну́цца несов.

1. прижима́ться; ласка́ться; льну́ть;

дзіця́ го́рнецца да ма́ці — ребёнок прижима́ется (льнёт, ласка́ется) к ма́тери;

2. перен. (да чаго) быть скло́нным (к чему), увлека́ться (чем);

ён не ве́льмі ~ну́ўся да му́зыкі — он не о́чень увлека́лся му́зыкой;

3. перен. (искать сближения) влечь, привлека́ть;

ён го́рнецца да гэ́тай дзяўчы́ны — его́ влечёт к э́той де́вушке;

свой да свайго́ го́рнецца — своего́ к своему́ влечёт;

4. страд. выгреба́ться; сгреба́ться; см. гарну́ць1, 2

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тулі́ць, тулю. туліш, туліць; незак., каго-што.

1. Прыхіляць, гарнуць да сябе з ласкай, пяшчотай. Нясе з яслей маці сына, Песціць яго, туліць... Колас. [Янка] гладзіў Аленіны валасы, праводзіў шурпатымі, прапахлымі лазою далонямі па яе твары, туліў да сябе, прыпадаў да вуснаў. Лупсякоў. // Беражліва трымаць, прыхінаць да сябе. Усё на скверах і ў парках адцвітала, а Марына туліла да грудзей свежыя, яркія кветкі. Грамовіч. // Шчыльна прыціскаць, прытульваць што‑н. Сіўка спачатку пырхала на яго і туліла вушы, а потым прызвычаілася ці можа таксама ўцяміла, што .. [козлік] яе «ветэрынар». Брыль. [Гняды] раз-поразу фыркае, туліць да галавы вушы і круціць хвастом. Чарнышэвіч. [Сашка] туліў да рукі мокрую ад крыві хустачку. Чорны. Вецер туліў плацце да .. ног [Веры]. Пестрак. // Хаваць што‑н. у што‑н. [Надзя] туліла ў шырокі плашчык сваю фігуру цяжарнай жанчыны, саромелася і адчувала сябе няёмка. Машара. Мы тулім у каўняры галовы, ляніва адмахваемся ад камароў і хмура маўчым, нібы толькі што пасварыліся. Шашкоў.

2. перан. Хаваць, укрываць каго‑н., служыць прытулкам для каго‑н. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. Нас тут гуляць і клён і сасна, Берагуць ад відна да відна. Астрэйка. Пушча і ночка яе [песню] гадавалі, Няньчылі казкамі ночы нямой; Дождж і расіца вясною купалі, Снежныя буры тулілі зімой. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хілі́ць, хілю, хіліш, хіліць; незак.

1. што. Нагінаць верхнюю частку чаго‑н.; надаваць чаму‑н. нахіленае становішча; нахіляць. Ой ты, вецер, сціхні, не шумі! Не хілі былінку ніцма-ніц, Дай паслухаць вольны спеў крыніц. Пушча. Не хіліць вецер куст ракіты, Не свішча сумна, як удзень... На гай, на поле і на хаты Спаўзае ночы лёгкі цень. Чарот. Ты бачыў, як шугае бура, А дуб не хіліць галавы, Стаіць крапак сярод суседзяў, Як непахісны вартавы. Прануза. Ніжай і ніжай хіліла сваю галаву, Зачараваную музыкай колаў, Марына. Куляшоў. / у безас. ужыв. Цемень у .. вачах [Кастуся] кружылася, і ўсяго яго хіліла на левы бок. Чорны.

2. што. Спец. Нахіляць набок (самалёт, судна і пад.). Вецер хіліць лодку.

3. каго-што. Ахопліваць, адольваць каго‑н. (пра сон, дрымоту). Станіслава хіліць сон, але спаць нельга, заснеш — загінеш. Мікуліч. / у безас. ужыв. Міканора і самога хіліла на дрымоту. Мележ. Стомленасць і ціхі шэпт хвой хіліў да сну, але партызаны сіліліся перамагчы дрымоту. Шчарбатаў.

4. перан.; на што. Хіліцца, набліжацца да чаго‑н. Лета хіліць на спад. Навуменка. / у безас. ужыв. Паколькі хіліла на вечар, Парфен налягаў з усіх сіл, каб паспець звеяць першую гару намалочанага. Кавалёў.

5. перан.; што і без дап. Накіроўваць да чаго‑н. (думку, справу і пад.). — Дакуль вам жыць пры сястры, — здагадаўся аграном, куды хіліць гаворку хлопец. Пальчэўскі. Я ўважліва слухаў старога, браў у рукі рэчы і не разумеў, да чаго ён хіліць. Хомчанка.

6. перан.; каго да каго-чаго. Прыцягваць, прывабліваць сабой каго‑н. Магчыма, мае значэнне і тое, што ў памяці нашай Касач звязаны шмат з чым, што не надта хіліць да вясёлай балбатні. Адамовіч. // безас. Гарнуць, цягнуць да каго‑, чаго‑н. Яго хіліць да кніжак. □ Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага. Колас.

•••

Куды вецер хіліць гл. вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)