НІДЭРЛА́НДЫ гістарычныя,

у сярэднія вякі вобласць на ПнЗ Еўропы паміж Паўночным м. і Ардэнамі, у бас. рэк Рэйн, Маас і Шэльда (тэр. сучасных Нідэрландаў, Бельгіі, Люксембурга і часткі паўн. Францыі). Да 14—15 ст. тут існавалі асобныя феад. ўладанні: герцагствы Брабант, Лімбург, Гелдэрн, графствы Фландрыя, Артуа, Галандыя, епіскапства Утрэхт і інш., што залежалі ад «Свяшчэннай Рым. імперыі» або ад Францыі. З 14—15 ст. б. ч. іх у складзе Бургундскай дзяржавы, а пасля яе распаду (канец 15 ст.) — уладанне Габсбургаў, Якія ў 1540-я г. аб’ядналі пад сваёй уладай усю тэр. Н. У 1548 Н. (17 правінцый, якія захавалі назвы феад. уладанняў) абвешчаны непадзельным уладаннем на чале з гасударом з дому Габсбургаў і яго намеснікам (ген. штатгальтарам). Пасля распаду імперыі Карла V (1556) Н. пад уладай Іспаніі. У выніку Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. на Пн Н. утварылася незалежная Галандская рэспубліка. Паўд. Н. заставаліся ісп. уладаннем. Пасля войнаў 17 ст. Артуа і ч. Фландрыі адышлі да Францыі. У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1700—14 Паўд. Н. перайшлі да Аўстрыі. Венскі кангрэс 1814—15 шляхам далучэння да б. Галандскай рэспублікі Паўд. Н. утварыў на тэр. гіст. Н. Нідэрландскае каралеўства. У выніку Бельгійскай рэвалюцыі 1830 на тэр. Паўд. Н. утварылася незалежнае Бельгійскае каралеўства. Назва «Каралеўства Нідэрландаў» замацавалася як афіц. за Паўн. Н. (сучасныя Нідэрланды). Больш падрабязна гл. ў раздзелах Гісторыя артыкулаў Нідэрланды і Бельгія.

т. 11, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛАСІПЕ́Д [франц. vélocipede ад лац. velox (velocis) хуткі + pes (pedis) нага],

двух- ці трохколавая машына, якая прыводзіцца ў рух з дапамогай нажных педалей. Бываюць веласіпеды дарожныя (мужчынскія і жаночыя), лёгкадарожныя, юнацкія, спарт. (у т. л. тандэмы), дзіцячыя і спец. (грузавыя, цыркавыя, велакаляскі і інш.).

Папярэднікі веласіпеда — чатырохколавыя павозкі-самакаты, вядомыя з 16 ст. Першы двухколавы веласіпед з педалямі і рулём зроблены ў Расіі ўральскім кавалём Я.​М.​Артамонавым (1801). У 1815—50-я г. немцы К.​Драйз і Ф.​М.​Фішэр, шатландзец Г.​Далзел, англічанін Трэфу, французы П.​Лалеман і М.​Мішо ўдасканальвалі канструкцыю веласіпеда. Англ. інжынер Сержан у 1869 выкарыстаў ланцуговую перадачу, шатландзец Дж.​Б.​Данлап у 1888 замяніў гумавыя шыны пнеўматычнымі. Прамысл. вытв-сць веласіпедаў пачалася ў канцы 19 ст., калі сталі выкарыстоўваць стальныя трубы для рамы, ланцуговую перадачу на задняе кола, механізм свабоднага ходу і інш. Сучасныя дарожныя веласіпеды маюць трывалую раму, шырокія (1¼—1½″) шыны, масу каля 16 кг, у лёгкадарожных маса каля 14 кг, шыны меншага сячэння (1—1¼″), ручныя калодачныя тармазы. Спарт. веласіпеды адрозніваюцца аблегчанай канструкцыяй (8—11 кг) з легіраваных сталяў (часам з тытану) і дуралюміну, нізка апушчаным рулём, пераключальнікам скорасці і ручных барабанных тармазоў у шашэйных і адсутнасцю свабоднага ходу ў трэкавых веласіпедаў (гл. Веласіпедны спорт). Пашыраны складныя веласіпеды і з падвесным маторам. Буйная вытв-сць веласіпедаў у краінах Зах. Еўропы (Галандыя, Бельгія), Азіі (Кітай). На Беларусі вядучы вытворца дарожных веласіпедаў для дарослых з закрытай і складной рамамі — Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод.

Веласіпеды: 1 — дарожны з грузавой цялежкай; 2 — дзіцячы; 3 — дарожны са складной рамай; 4 — спартыўны (гоначны).

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НСКАЯ СПА́ДЧЫНА вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14,

вайна за права наследавання ісп. трона пасля згасання ў 1700 ісп. лініі Габсбургаў. Паводле завяшчання апошняга ісп. Габсбурга Карла II ісп. трон павінен быў заняць Філіп V Бурбон (унук франц. караля Людовіка XIV), жанаты з сястрой Карла II. Свае прэтэнзіі на ісп. трон прад’явілі таксама аўстр. Габсбургі, вылучыўшы прэтэндэнтам эрцгерцага Карла (будучы імператар Карл V). Аўстрыю падтрымалі Англія, Галандыя, Партугалія, Савоя і большасць герм. княстваў. Ваен. дзеянні вяліся адначасова ў Ісп. Нідэрландах, Іспаніі, Італіі, Зах. Германіі і на морах; у Іспаніі, дзе супраць панавання Філіпа V выступіла Каталонія, яны набылі характар грамадз. вайны. Англа-галандскія войскі ўзначальваў герцаг Мальбара, імперскія войскі — Яўгеній Савойскі. Франц. войскі (на чале маршалы Л.​Вілар, Н.​Каціна, Л.​Вандом) пацярпелі шэраг паражэнняў пры Гохштэце (1704), Раміі і Турыне (1706), Аўдэнардэ (1708); англ. флот захапіў Гібралтар (1704), в-аў Менорка (1708). Эрцгерцаг Карл высадзіўся ў Іспаніі, абвясціў сябе ісп. каралём і захапіў Каталонію і Арагон. У 1709 франц. войскі разгромлены каля Мальплаке. Уступленне на імператарскі прастол Карла V (1711) прывяло да выхаду з кааліцыі Англіі і Галандыі, якія апасаліся аб’яднання ісп. і аўстр. уладанняў і ўзнікнення ў Еўропе магутнай імперыі Габсбургаў. Паводле Утрэхцкага міру 1713 і Раштацкага міру 1714 ва ўладанні Філіпа V засталася Іспанія з калоніямі пры ўмове яго адмовы ад правоў на франц. прастол. Аўстр. Габсбургі атрымалі паўд. Нідэрланды, Сардзінію, Міланскае герцагства і Неапалітанскае каралеўства, Савоя — Сіцылію, Вялікабрытанія — Гібралтар, Менорку, прывілеі ў гандлі з ісп. калоніямі і частку франц. уладанняў у Паўн. Амерыцы. Вайна пацвердзіла рост магутнасці Вялікабрытаніі на морах і ў каланіяльным саперніцтве, прыпыніла тэр. экспансію Францыі ў Еўропе.

т. 7, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,

міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.

Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх. ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн. ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.

Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.

Літ.:

Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр. Т. 1. Ростов н/Д, 1995.

т. 4, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАА́ГА (’s-Gravenhage, Den Haag),

горад на З Нідэрландаў. Месцазнаходжанне рэзідэнцыі каралеўскага двара, урада, парламента. Адм. ц. правінцыі Паўд. Галандыя. 444,6 тыс. ж. (1993). Порт на Паўн. м. (аванпорт — г. Схевенінген). Сетка каналаў, аўтамаб. і чыг. шляхоў звязвае Гаагу з інш. гарадамі. Развіта вытв-сць радыё- і тэлеапаратуры, электроннай апаратуры. Харч. (кандытарскія вырабы і інш.) і лёгкая прам-сць. Вытв-сць маст. вырабаў са шкла, дрэва і інш. У прыгарадзе — авіяц. з-ды «Фокер». У Гаазе працуюць праўленні шматлікіх гандл. і прамысл. фірмаў, установы сферы абслугоўвання. Месцазнаходжанне Міжнар. суда ААН. Каралеўская акадэмія выяўл. мастацтва.

Упершыню ўпамінаецца ў 1097 (да 1250 тут знаходзіўся паляўнічы домік графаў Галандыі, потым замак). Пасля стварэння Рэспублікі Злучаных правінцый (канец 16 ст.) — месца пасяджэнняў Генеральных штатаў. У 1806 Луі Банапарт надаў Гаазе статус горада і адначасова перанёс сталіцу ў Амстэрдам. Пасля ўтварэння Каралеўства Нідэрландаў (1815) — каралеўская рэзідэнцыя, а пасля абвяшчэння незалежнасці Бельгіі (1830) — фактычная сталіца краіны. З 2-й пал. 17 ст. Гаага — месца правядзення міжнар. канферэнцый і заключэння пагадненняў (гл. Гаагскія канвенцыі). У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1940—45) ням. фашыстамі.

Цэнтр горада ў большасці захаваў сваё старадаўняе аблічча. На беразе воз. Вейвер — ансамбль Біненхоф (Унутраны двор, 13—18 ст.), гатычныя Рыцарская зала (каля 1280) і царква Сінт-Якабскерк (базіліка 14—16 ст.). Арх. помнікі рэнесансу — Старая ратуша (1564—65), класіцызму — палац Маўрыцхёйс (1633—35, арх. Я. ван Кампен, П.​Пост), каралеўскі палац Хёйс-тэн-босх («Дом у лесе», 1644, арх. Пост; дабудаваны ў 1734—37 і 1790), Каралеўская б-ка (1734—36, арх. Д.​Маро; 1761; арх. П. дэ Сварт). Прамавугольная сетка вуліц Гаагі мадэрнізавана і дапоўнена свабоднай планіроўкай новых раёнаў (1908—09, арх. Х.​П.​Берлаге, В.​М.​Дзюдак), забудаваных пераважна пасля 2-й сусв. вайны. Сярод пабудоў 20 ст. — Палац Міру (1907—13, арх. Л.​М.​Карданье), Муніцыпальны музей (1916—35, арх. Берлаге), канторы «Волхардынг» (1928, арх. Я.​Бёйс) і «Шэл-Недэрланд» (1938—42, арх. П.​Аўд), Каралеўскія кабінеты карцін (у Маўрыцхёйс), манет, медалёў і разных камянёў, Музей касцюма.

Цэнтр Гаагі.

т. 4, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМСТЭРДА́М (Amsterdam),

горад, сталіца Нідэрландаў. 713,4 тыс. ж. (разам з прыгарадамі больш за 1 млн.; 1993). Знаходзіцца ў правінцыі Паўн. Галандыя, на нізкім беразе зал. Эйселмер каля вусця р. Амстэл. Тунэлі пад ракой злучаюць часткі горада, з Паўночным м. звязаны праз Нордзе-канал, інш. каналамі — з Рэйнам і астатнімі ўнутр. воднымі шляхамі. Адзін з найбуйнейшых у Еўропе порт (грузаабарот больш за 20 млн. т марскіх і больш за 16 млн. т унутраных перавозак штогод), буйны вузел чыгунак (5 ліній) і аўтадарог, у прыгарадзе міжнар. аэрапорт Схіпхал. Гал. гандл. цэнтр Еўропы, адзін з буйнейшых у свеце аптовых рынкаў па продажы тытуню, кавы, какавы, цытрусавых, рысу, каўчуку, прыпраў, драўніны, нафты, збожжа і вугалю. Буйны цэнтр машынабудавання (судна- і авіябудаванне, электратэхн., электроннае, хім. і інш.), нафтаперапр., хім., дрэваапр., швейнай, харч. прам-сці. Традыцыйная ювелірная вытв-сць (апрацоўка алмазаў), паліграфія. У Амстэрдаме праўленні вядучых камерц. банкаў, фондавая біржа. Метрапалітэн, 2 ун-ты (засн. ў 1877 і 1880). Акадэмія навук і мастацтваў.

Упершыню ўпамінаецца ў 1275 як рыбацкая вёска на беразе р. Амстэл. З 1300 горад. Вызваленне Нідэрландаў з-пад улады Іспаніі спрыяла эканам. ўздыму Амстэрдаму, ён стаў цэнтрам марскога гандлю і крэдыту сусв. значэння. У 16 ст. ў Амстэрдаме створана біржа, у 1609 засн. разменны банк, узніклі Ост-Індская (1602) і Вест-Індская (1621) гандл. кампаніі. У 1795—1806 сталіца Батаўскай рэспублікі, пасля — Нідэрландскага каралеўства. У 1940—45 акупіраваны ням. фашыстамі. Гіст. ядро горада — раён плаціны цераз р. Амстэл (цяпер плошча Дам з каралеўскім палацам; б. ратуша 1648—65, арх. Я. ван Кампен). Своеасаблівасць планіроўкі старых частак Амстэрдама — сістэма паўкальцавых і радыяльных каналаў, пракапаных у 1610—62 (каля 50 каналаў, 784 масты). Па набярэжных — жылыя дамы з вузкімі фасадамі, будынкі гільдый, кампаній, дабрачынных устаноў 16—18 ст. Захаваліся гар. вароты і вежы 15—17 ст., цэрквы ў стылях готыкі і класіцызму. У 19—20 ст. пабудаваны Дзярж. музей (1885, арх. П.І.​Х.​Кёйперс), біржа (1903, арх. Х.​П.​Берлаге), вял. новыя раёны (арх. Берлаге, М. дэ Клерк, К. ван Эстэрэн, П.​Л.​Крамер і інш.). З 1930-х г. забудоўваецца сучаснымі, у т. л. вышыннымі, будынкамі (арх. В.​М.​Дзюдак і інш.). Музеі: гарадскі, Музей Каралеўскага ін-та тропікаў. Дом Рэмбранта.

Ф.​С.​Фешчанка.

Амстэрдам. Плошча Дам.
Цэнтральная частка Амстэрдама.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕБРАІ́СТЫКА,

комплекс філал. дысцыплін, якія даследуюць іўрыт і тэксты на ім; раздзел семіталогіі. Да пач. 16 ст. аўтарамі гэтых даследаванняў былі выключна яўрэі, якія выкарыстоўвалі метады араб. граматыкаў. Лічаць, што гебраістыка вылучылася ў асобную дысцыпліну ў пач. 10 ст. Першыя лінгвістычныя творы, прысвечаныя мове іўрыт, — працы Саадзі Гаона «Збор слоў», «Кнігі аб мове», працы І.​Д.​Хаюджа (каля 950 — каля 1000). Гебраістыка інтэнсіўна развівалася ў канцы 10 — сярэдзіне 12 ст. Большасць твораў таго часу напісана ў Іспаніі на араб. мове. У іх завершана лексічнае і граматычнае апісанне іўрыту. У 12 ст. вывучэнне іўрыту выйшла за межы араб. свету. Кніга І.​Райхліна «Элементы мовы іўрыт» (1506) — першая праца па гебраістыцы, напісаная хрысціянінам і адрасаваная хрысціянам. З 16 ст. гебраістыка стала часткай еўрап. культуры. Адным з цэнтраў даследаванняў па гебраістыцы была Галандыя. Першым на лац. мове трактат аб граматыцы іўрыту напісаў Б.Спіноза («Кароткі нарыс граматыкі мовы іўрыт», 1677). Буйнейшы прадстаўнік гебраістыкі 19 ст.ням. даследчык Г.Ф.​В.​Гезеніус (1786—1842). Асаблівасць гебраістыкі 20 ст. — вызваленне яе ад уплыву тэалогіі і вяртанне да сваіх гуманістычных вытокаў. Асаблівую актуальнасць даследаванне розных этапаў развіцця іўрыту набыло ў сувязі з практычнымі задачамі адраджэння іўрыту як размоўнай і пісьмовай мовы ў навейшы час. Работа над поўным слоўнікам мовы іўрыт вялася з 1908 па 1959. Пачынаў яе Э.​Бен-Іехуда, прадоўжылі А.​Эвен-Шашан («Новы слоўнік», 1947—58), Я.​Кнаані («Скарбонка мовы іўрыт», т. 1—15, 1960—80) і інш. У Расіі да 1917 гебраістыка развівалася пераважна на семіталагічным аддзяленні ф-та ўсх. моў Пецярбургскага ун-та, часткова ў духоўных акадэміях і семінарыях. У Маскве цэнтрам семіталогіі быў Лазараўскі ун-т усх. моў (з 1921 Маскоўскі ун-т усходазнаўства). Вял. ўклад у гебраістыку зрабіў вядомы ўсходазнавец, семітолаг, даследчык яўр. гісторыі і л-ры ўраджэнец г. Навагрудка А.Я.Гаркаві. У 1882 створана Рас. Палесцінскае т-ва, у публікацыях якога («палесцінскі зборнік») змешчаны каштоўныя работы па гебраістыцы. Пасля 1917 на кафедры семіталогіі Ленінградскага ун-та і ў Ін-це ўсходазнаўства акад. П.​К.​Какоўцаў заснаваў школу гебраістаў. У ліку яе буйнейшых прадстаўнікоў былі ўсходазнаўцы І.​Д.​Амусін (1910—84; ураджэнец Віцебска), І.​Н.​Віннікаў (1897—1973; ураджэнец г. Хоцімск), Г.​М.​Глускіна (н. 1922, ураджэнка г.п. Парычы, з 1990 жыве ў Ізраілі). У Беларусі значны ўклад у развіццё гебраістыкі зрабіў Г.М.Ліўшыц.

Літ.:

Амусин И.Д. Рукописи Мертвого моря. М., 1961;

Яго ж. Находки у Мертвого моря М., 1965;

Глускина Г. Иегуда Альха Альхаризи и его сборник макам «Тахкемони» // Ариэль: Журн. современного израильского искусства и лит. 1992. № 10;

Лившиц Г.М. Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967.

Э.​Р.​Іофе.

т. 5, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЛЬНЫ ЖАНР (ад франц. bataille бітва),

жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае ваенныя сцэны і баявыя дзеянні. Яму ўласцівае імкненне паказаць найб. важныя ці характэрныя моманты бітваў, перадаць іх пафас, героіку, часам раскрыць і гіст. сэнс ваен. падзей. Батальныя сцэны могуць быць пабудаваны на гіст., дакументальна пацверджаных фактах, што збліжае батальны жанр з гістарычным жанрам, і на фалькл. матэрыяле (легенды, паданні, прытчы і гэтак далей). Батальны жанр уключае таксама паказ паўсядзённага жыцця арміі і флоту (у паходах, казармах, лагерах), што набліжае яго да бытавога жанру. Значная роля ў батальным жанры адводзіцца пейзажу. У працэсе развіцця ў станковых формах жывапісу і графікі батальны жанр наблізіўся да алегорыі, прытчы, набыў акцэнтаваны філас. падтэкст. Ён значна змяніўся, захаваўшы першапачатковую паэтыку і стылістыку ў панараме і дыяраме.

Батальныя сюжэты вядомыя з глыбокай старажытнасці: сцэны перамог над ворагам, алегарычныя і сімвалічныя вобразы ў рэльефах, размалёўках і дробнай пластыцы Стараж. Егіпта, Двухрэчча, Ірана; у расфарбоўцы вазаў, скульпт. кампазіцыях франтонаў храмаў, кампазіцыях рэльефаў і жывапісе Стараж. Грэцыі; у эліністычным мастацтве (рэльефы Пергамскага алтара); рэльефах і карцінах з адлюстраваннем бітваў і трыумфаў Стараж. Рыма; у мастацтве скіфаў, стараж. цывілізацый Амерыкі. У сярэднявеччы батальна-гіст. сюжэты пашыраны ў еўрап. і ўсх. кніжнай мініяцюры, у абразах (найб. выразна пасля 15 ст.), дэкар.-прыкладным мастацтве, рэльефах Кітая і Камбоджы, інд. размалёўках, японскім жывапісе. У эпоху Адраджэння мемар. кампазіцыі ў гонар ваен. перамог стваралі Джота, Паала Учэла, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Тыцыян, Я.​Тынтарэта. У 17 ст. значную ролю ў станаўленні батальнага жанру адыгралі творы Д.​Веласкеса, П.​П.​Рубенса, графіка Ж.​Кало. У гэты час сфарміраваліся асн. тыпы кампазіцыйнай будовы твораў батальнага жанру: умоўна-алегарычная кампазіцыя з выявай палкаводца на фоне бітвы (Ш.​Лебрэн, Францыя), невял. батальная карціна з эфектнай дакументальна-хранікальнай выявай кавалерыйскага бою ці эпізодамі ваен. побыту (С.​Роза, Італія; Ф.​Ваўэрман, Галандыя), сцэны марскіх баёў (В. Ван дэ Велдэ, Галандыя). У 18 ст. батальны жанр пашыраны ў мастацтве Францыі (А.​Вато), Расіі (І.​Нікіцін, А.​Зубаў, Р.​Угрумаў), Амерыкі (Б.​Уэст, Дж.​С.​Коплі, Дж.​Трамбал). У 19 ст. ў батальным жанры працавалі А.​Гро, Т.​Шарле, А.​Рафэ, А.​Вернэ (Францыя), А.​Адам (Германія), Ф.​Гоя (Іспанія), П.​Міхалоўскі, Я.​Матэйка, А.​Арлоўскі (Польшча), Г.​Ваперс (Бельгія), М.​Алеш, Я.​Чэрмак (Чэхія), В.​Машкоў, Б.​Вілевальдэ, А.​Кацэбу (Расія). З канца 19 ст. ў батальным жанры ўсё большая ўвага аддаецца адлюстраванню складаных псіхал. і філас. праблем: творы А.​Менцэля (Германія), Дж.​Фаторы (Італія), У.​Хомера (ЗША), М.​Герымскага (Польшча), М.​Грыгарэску (Румынія), Я.​Вешына (Балгарыя), Э.​Дэтая, А.​Нёвіля (Францыя), І.​Айвазоўскага, А.​Багалюбава, В.​Паленава, В.​Верашчагіна, А.​Кіўшэнкі, В.​Сурыкава (Расія). У 20 ст., насычаным войнамі і рэвалюцыямі, карэнныя змены адбываюцца і ў батальным жанры: пашыраюцца яго межы і тэматычны дыяпазон, узмацняецца гісторыка-філас. падтэкст. У батальным жанры працуюць О.​Дзікс і К.​Кольвіц (Германія), Ф.​Мазерэль (Бельгія), М.​Грамер і Т.​Стэйнлен (Францыя), Ф.​Ходлер (Швейцарыя), Л.​Бабіч, І.​Мештравіч (Харватыя), Н.​Петравіч (Сербія), Ф.​Брэнгвін (Англія), О.​Какошка (Аўстрыя), Р.​Гутуза (Італія), Марукі Іры, Марукі Тасіка (Японія), К.​Пятроў-Водкін, М.​Грэкаў, А.​Дайнека, А.​Бубнаў (Расія).

У бел. мастацтве батальныя кампазіцыі вядомыя ў творах дробнай пластыкі (пач. 12 ст.), мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу (15 ст.), абразках (15—16 ст.), стылізаваных выявах бел. воінаў на кафлі 16 ст., гравюрах Ф.​Скарыны, М.​Цюнта (16 ст.), Л.​Хршчановіча, Г.​Келера, В.​Хондыуса, ілюстрацыях М.​Вашчанкі (17 ст.), манум. жывапісе 17—18 ст. У жывапісе найб. ранні з вядомых твораў батальнага жанру — «Бітва пад Оршай» (каля 1515), блізкі па стылістыцы да твораў еўрап. Адраджэння (дакладнасць у паказе адзення, панарамы бітвы, тыпажу). У 17 ст. серыю малюнкаў і карцін на тэмы ваен. паходаў кн. Я.​Радзівіла стварыў А. ван Вестэрфельд. Батальныя сцэны адлюстраваны на шпалерах Карэліцкай мануфактуры (18 ст.). У 19 ст. батальныя кампазіцыі ў жывапісе стваралі В.​Ваньковіч, Ф.​Смуглевіч, Я.​Сухадольскі, В.​Дмахоўскі, у графіцы — М.​Кулеша, К.​Кукевіч, Я.​Дамель, Э.​Андрыёлі, Ю.​Фалат, А.​Гротгер. У жывапісе, графіцы і скульптуры 1-й трэці 20 ст. да батальнага жанру звярталіся В.​Волкаў, Я.​Зайцаў, П.​Гаўрыленка, М.​Манасзон, І.​Гембіцкі, А.​Жораў. Вобразы і падзеі нац. гісторыі адлюстраваны ў творах М.​Філіповіча, П.​Сергіевіча. Героіка-рамантычны апавядальны характар уласцівы кампазіцыям у жывапісе, графіцы і скульптуры 1940 — пач. 1960-х г. (творы І.​Ахрэмчыка, Г.​Бржазоўскага, М.​Гуціева, І.​Давідовіча, Я.​Зайцава, С.​Раманава, У.​Сухаверхава, У.​Хрусталёва, Я.​Ціхановіча, А.​Шыбнёва; скульптуры З.​Азгура, А.​Бембеля, А.​Глебава, С.​Селіханава). Пошукі новых стылістычных рашэнняў у 1970-я г. вылучаюць творы батальнага жанру М.​Савіцкага, В.​Грамыкі, Г.​Вашчанкі, А.​Анікейчыка. У 1980-я г.пач. 1990-х г. у батальным жанры павялічваецца колькасць сімволіка-алегарычных элементаў, прытчавых вобразаў (жывапіс Б.​Аракчэева, Ф.​Бараноўскага, І.​Белановіча, М.​Глушко, А.​Марачкіна, У.​Мінейкі, П.​Свентахоўскага, І.​Стасевіча, І.​Ціханава, Г.​Ціхановіча, М.​Якуніна; графіка Л.​Асецкага, У.​Басалыгі, С.​Геруса, А.​Дзямарына, А.​Кашкурэвіча, Я.​Куліка, М.​Купавы, А.​Паслядовіч, М.​Селешчука; скульптурныя кампазіцыі А.​Бацвінёнка, А.​Заспіцкага, А.​Курачкіна, В.​Палійчука; манум. жывапіс Л.​Асядоўскага, У.​Крываблоцкага, Савіцкага).

Літ.:

Садовень В.В. Русские художники-баталисты XVIII—XIX веков. М., 1955;

Бродский В. Советская батальная живопись. М.; Л., 1950;

Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;

Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка Мн., 1979;

Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Батальны жанр. Б.​Аракчэеў. Гродзенскія гусары. Атака ў Клясціцах. 1994.

т. 2, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМАЛІСТЫ́ЧНЫ ЖАНР (ад лац. animal жывёла),

жанр выяўленчага мастацтва і літаратуры, творы якога адлюстроўваюць жывёльны свет; спалучае прыродазнаўчую і маст. аснову. У выяўленчым мастацтве пашыраны ва ўсіх відах: жывапісе, скульптуры, графіцы, дэкар. мастацтве.

Прыкметы анімалістычнага жанру мае першабытнае мастацтва: малюнкі жывёл на сценах пячор, дробная пластыка. У 1-м тыс. да н.э. ў мастацтве скіфаў склаўся т.зв. «звярыны стыль». У Стараж. Егіпце сімвалічныя манум. вобразы жывёл. Анімалістычны кампанент сустракаецца ў ант. скульптуры, мазаіках і вазапісе; пашыраны ў рэльефах, мініяцюрах і станковых кампазіцыях Кітая (7—13 ст.), рэльефах Індыі (7 ст.), мазаіках, фрэсках і ўжытковым мастацтве Ірака, Сірыі і Палесціны (8—9 ст.). У еўрап. мастацтве Адраджэння практыкаваліся натурныя замалёўкі жывёл, іх выявы сустракаюцца ў фрэсках і станковых карцінах Пізанела, Леанарда да Вінчы, А.​Дзюрэра; найб. яскрава праявіўся ў жывапісе Галандыі. Сярод анімалістаў 17—18 ст. А.​Кёйп, П.​Потэр (Галандыя), Ф.​Снайдэрс, Я.​Фейт (Фландрыя), Ж.​Б.​Удры (Францыя), І.​Ф.​Грост (Расія), Маруяма Окія (Японія). У 19—20 ст. у анімалістычным жанры заявілі пра сябе К.​Труаён, А.​Л.​Бары (Францыя), Ф.​Марк, А.​Гаўль (Германія), Б.​Лільефорс (Швецыя), К.​Томсен (Данія), А.​Сцяпанаў, П.​Клот, Я.​А.​Лансерэ, В.​Ватагін (Расія), Моры Сосэн (Японія), Сюй Бэй-Хун (Кітай).

На Беларусі стылізаваныя выявы жывёл сустракаюцца ў мегалітычных знаходках. Да перыяду неаліту адносяцца надзвычай рэаліст. творы дробнай пластыкі (крамянёвыя і гліняныя скульптуры звяроў, птушак). У 16—17 ст. выявы жывёл адлюстраваны ў мініяцюрах і гравюрах (гравюры ў Бібліі Ф.​Скарыны «Самсон і Леў», «Данііл з ільвамі»), кніжнай ілюстрацыі (іл. Т.​Макоўскага да кн. К.​Дарагастайскага «Гіпіка», 1620). У мастацтве 20 ст. анімалістычны жанр прадстаўлены станковымі творамі В.​Ціхановіча, Г.​Лойкі, Т.​Стагановіч. Анімалістыку выкарыстоўваюць у сваёй творчасці ілюстратары дзіцячых кніг (Ю.​Зайцаў, Я.​Кулік, А.​Лось, Н.​Паплаўская і інш.), мастакі дэкар.-прыкладнога і нар. мастацтва (В.​Альшэўскі, Л.​Багданаў, Р.​Багінскі, В.​Гаўрылаў, Л.​Главацкая, У.​Жохаў, М.​Звярко, Г.​Лінкевіч, В.​Луцэнка, І.​Пухоўскі, Дж.​Сакажынскі).

У літаратуры жывёльны эпас вядомы са стараж. часоў і існуе ва ўсіх народаў свету — стараж.-грэч. паэма 6—5 ст. да н.э. «Вайна мышэй і жаб», паданні ў інд. зб. «Панчатантра», сярэдневяковыя франц., ням., нідэрл. і інш. казкі. На Беларусі самыя стараж. творы анімалістычнага жанру — казкі пра жывёл. Праз алегарычныя вобразы жывёл у іх раскрываюцца разнастайныя праявы ўзаемаадносін і характараў, уласцівыя людзям: смеласць і баязлівасць, адданасць і здрада, бескарыслівасць і прагнасць. Элементы анімалістычнага жанру ёсць у творах стараж. л-ры («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага), л-ры 19—20 ст. (алегарычныя вобразы лісіцы і гадзюкі-мядзянкі ў паэме «Кепска будзе» Ф.​Багушэвіча, жорава ў апавяд. «Міхаська» Цёткі). Выдатныя ўзоры анімалістычнага жанру стварылі Я.​Колас (раздзел «Воўк» у паэме «Новая зямля»), Э.​Самуйлёнак («Паляўнічае шчасце»), К.​Крапіва (байкі) і інш. Асабліва пашыраны гэты жанр у л-ры для дзяцей («Вавёрчына гора» В.​Віткі, «Дзед і Жораў» В.​Вольскага).

Літ.:

Ватагин В.А. Изображение животного. М., 1957.

М.​Л.​Цыбульскі, М.​Р.​Міхайлаў (літаратура).

Да арт. Анімалістычны жанр. М.​Звярко. Леў. 1970-я г.
Да арт. Анімалістычны жанр. Г.​Лойк а. Совы. Сангіна, вугаль. 1974.
Да арт. Анімалістычны жанр. Л.​Главацкая. Певень. 1976.
Да арт. Анімалістычны жанр. Т.​Стагановіч. Чыкары (сям’я рыжай вавёркі). 1963.
Да арт. Анімалістычны жанр. П.​Потэр. Каровы на пашы. 1655.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,

рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс. чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ. калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс. чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.​Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.​Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш. еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс. рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ. ген. Ч.​Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс. англ. гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс. еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.

Літ.:

Война за независимость и образование США М., 1976;

Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)