бел.нар. гульня. У гульні могуць удзельнічаць ад 5 да 15 чалавек, якія па дамоўленасці выбіраюць «маці» і «ката». «Кот» адыходзіць убок, а дзеці садзяцца і на калені кладуць рукі далонямі адна да адной. «Маці», заціснуўшы «М.» (манету, гузік, каменьчык) таксама паміж далонямі, абходзіць гуляючых і праводзіць сваімі рукамі паміж далонямі кожнага гульца, пакідаючы «М.» ў аднаго з іх, а потым кліча «ката», які павінен адгадаць, у каго «М.». Калі адгадае, той становіцца «катом», калі не, тады «кот» вяртаецца на сваё месца і пасля 3 спроб выбывае з гульні, а яго месца займае той, у каго апошняга была «М.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛЕ́НТЫ»,
бел.нар. гульня. На пляцоўцы праводзяць 4 паралельныя лініі на адлегласці 5—6 м адна ад адной. Першая лінія — «мета», на ёй устанаўліваюцца 2 гарадкі («П.»), пастаўленыя адзін на адзін. Другая лінія — «вароты», трэцяя — «двор», чацвёртая — «хата». Выбраўшы «вартаўніка», гульцы кідаюць біты ў «П.» строга па чарзе, якая ўстанаўліваецца жараб’ёўкай перад гульнёй. Збіўшы «П.», гулец павінен падабраць сваю біту і вярнуцца за лінію, з якой ён рабіў удар. Кожны гулец робіць па 3 удары з лініі «варот», «двара» і «хаты». Задачы «вартаўніка» — паставіць збітыя «П.», «запляміць» гульца і ўцячы за лінію «варот». Перамагае той, хто першым 3 разы саб’е «П.» з лініі «хаты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПТУ́ШКІ ЛЯЦЯ́ЦЬ»,
бел.нар. гульня. Кожны гулец павінен мець невял. прадмет — «зерне». Гульцы (8—20 чал.) выбіраюць вядучага — «старасту», кладуць зярняты ў адну лінію і на адлегласці 2—3 крокаў ад яе выстройваюцца ў шарэнгу спінай да «зярнят». «Стараста» праходзіць над «зярнятамі», непрыкметна забірае некалькі «зярнят», некат. перакладвае на інш. месца, адыходзіць ў бок і гаворыць: «П.л.». Усе хутка паварочваюцца, скачуць на адной назе да «зярнят» і хапаюць па аднаму. Выбывае з гульні той, каму не хапае «зярняці». Пасля гэтага астатнія гульцы змыкаюць шарэнгу, кладуць «зярняты» на месца, і гульня працягваецца. Перамагае той, хто схопіць апошняе «зерне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРО́ТНІК»,
бел. дзіцячая гульня. Для гульні патрэбны мячык — «гаротнік». Гуляюць 2 каманды (па 5—10 чал.). На роўнай цвёрдай пляцоўцы адзін у адным чэрцяць 3 кругі. Першы круг наз. «востраў» дыям. 1,5—2 м, другі — каля 8, трэці — 16 м. Пл. паміж меншым і сярэднім кругамі наз. «рака», паміж сярэднім і вял. — «бераг». Кругі дзеляць папалам. Каманды займаюць месцы на процілеглых «берагах». Ударам аб «востраў» мячык кідаюць на другі «бераг»; там яго павінны злавіць і перакінуць такім жа чынам назад. Калі мячык упадзе на зямлю ў межах яе «берага» ці гулец, кідаючы мяч, не стукне ім аб «востраў», ці мячык пасля адскоку ад «вострава» ўпадзе ў «раку» або за мяжу процілеглага «берага», каманда атрымлівае штрафное ачко. Гульня доўжыцца да 10 штрафных ачкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЭ́ (яп., літар. пустая рука),
японская сістэма самаабароны без зброі; адзін з відаў спарт. адзінаборстваў. Мае глыбокія гіст., культ. і філас. вытокі. Першыя звесткі пра К. датуюцца 720. Асн. сістэмы К. — вада-ру, годзю-ру, шота-кан, шыта-ру.
У аснове спарт. К. — удары рукой або нагой па найб. слабых і балявых болевых* месцах чалавечага цела. У спаборніцтвах па бескантактавым К. сапернікі толькі абазначаюць правядзенне пэўных прыёмаў, не даводзячы іх да канца. Існуюць практыкаванні па спарынгу — кумітэ і вольныя практыкаванні — ката, якія імітуюць паядынак. Сучасныя правілы спаборніцтваў сфармуляваны ў 1948. Спартсмены выступаюць у традыц. форме дзюдаістаў на татамі (гл Дзюдо). У 1968 заснавана міжнар. федэрацыя. У 1978 — федэрацыя К. СССР. Першы чэмпіянат Еўропы праведзены ў 1966 (Вена), першы чэмпіянат свету — у 1968 (Вашынгтон).
На Беларусі федэрацыя К. заснавана ў 1980; першы чэмпіянат праведзены ў 1978. Чэмпіёны СССР і прызёры міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў: А.Вількін, П.Калінін, Я.Крапіўны, Л.Лушчык, В.Ляцецкі, В.Сідарэнка і інш.; першыя трэнеры: А.Кажамякін, А.Кірыенка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЗА́ЙН (ад англ. design задума, праект, чарцёж, малюнак),
від творчай дзейнасці па праектаванні і фарміраванні эстэт. і функцыян. якасцей прадметнага асяроддзя; вынік праектнай дзейнасці. Асн. аб’екты Д. — прадметна-прасторавае асяроддзе: яго кампаненты, рэчы і сувязі паміж імі, якія ўзяты ў адносінах да людзей і разглядаюцца ў разнастайных сістэмных сувязях з сацыякультурным асяроддзем. Мэта Д. — задавальненне матэрыяльных і духоўных патрабаванняў чалавека шляхам праектавання розных аб’ектаў: прамысл. вырабаў, элементаў візуальнай камунікацыі, адзення і інш.; фарміраванне гарманічнага прадметнага асяроддзя. Мае розныя галіны: Д. прамысловы, графічны, інтэр’ера і інш. З ім звязаны паняцці «тэхнічная эстэтыка» (тэорыя Д.) і «мастацкае канструяванне» (праектная практыка Д.).
Д. пачаў фарміравацца з развіццём масавай вытворчасці ў высокаразвітых прамысл. краінах (з 1754 Каралеўскае т-ва мастацтва ў Вялікабрытаніі пачало прысуджаць прэміі за лепшыя праекты прамысл. вырабаў). Развіццё Д. ў сучасным разуменні пачалося з 1-й пал. 20 ст. (нямецкі Веркбунд, 1907; Баўгауз, 1919—33; Вышэйшыя дзярж.маст.-тэхн. майстэрні ў Расіі, 1918—30). Важную ролю ў станаўленні Д. адыгралі Дж.Рэскін, У.Морыс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ і інш., якія прапагандавалі прынцыпы функцыяналізму, стварэнне тыповых, але старанна распрацаваных формаў. У 1959 на 1-й ген. асамблеі Міжнар. савета арг-цый прамысл. Д. прыняты тэрмін industrial design (індустрыяльны дызайн; прафес. скарачэнне — дызайн).
У Беларусі Д. развіваецца з канца 1910. Гэтаму спрыяла дзейнасць аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», створанага ў рамках Віцебскага маст.-практычнага ін-та па ініцыятыве К.Малевіча (існаваў да 1923). Новы ўздым Д. пачынаецца ў 1960-я г., асабліва ў вытв-сці трансп. сродкаў, быт. тэхнікі, мэблі, адзення і інш. У 1987 створаны Саюз дызайнераў Беларусі. Дызайнерская дзейнасць ажыццяўляецца ў Нацыянальным дызайн-цэнтры, дызайн-студыях Бел. саюза дызайнераў, на вытв. прадпрыемствах. З 1995 на Беларусі існуе Аддзяленне Міжнар. асацыяцыі «Саюз дызайнераў». Дызайнераў рыхтуюць Бел.АМ і Еўрапейскі гуманітарны ун-т.
Літ.:
Безмоздин Л.Н. Художественно-конструктивная деятельность человека. Ташкент, 1975;
Глазычев В.Л. О дизайне. М., 1970;
Лазарев Е.Н. Дизайн машин. Л., 1988;
Нестеренко О.И. Краткая энциклопедия дизайна. М., 1994;
Селезнев И.Ф. Дизайн. Мн., 1978.
Ф.Р.Вількін, Я.Ю.Ленсу.
Да арт.Дызайн. 1. Ю.Жуцяеў, С.Паланевіч, В.Сонца, С.Хлебародава. МАЗ-2000. 1994. 2. В.Сямёнаў. Цяжкавоз БелАЗ-7924. 1997. 3. Трактар «Беларусь». 4. Т.Кузюкова, А.Пастухоў, А.Цэхановіч. Мікраскоп. 1993. 5. Двухкамерны халадзільнік «Атлант». Мадэль 152-01. 6. А.Дольнікаў. Бінокль. 1997. 7. Г.Шакавец. Пыласос. 1995. 8. Т.Лісавенка. Калекцыя адзення «Мадыльяні». 1994.Да арт.Дызайн. 1,2. С.Саркісаў. Рэкламна-інфармацыйная графіка да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны. 1989. 3. Т.Гардашнікава, Дз.Сурскі. З серыі плакатаў «Эканомія ў быце». 1991. 4. Э.Жакевіч. Знакі-інфарматары да выдання У.А.Чантурыя «Гісторыя архітэктуры Беларусі». 1977.Да арт.Дызайн. 1. У.Цэслер, С.Войчанка. Лагатып фірмы. 1992. 2. Л.Мялоў, С.Саркісаў. Лагатып Целяханскай лыжнай фабрыкі 1985. 3. Я.Круглоў. Лагатып транспартнай фірмы. 1988.Да арт.Дызайн. В.Мінько, А.Хількевіч. Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Разварот кнігі. 1995.