КАЗЛО́Ў (Яўген Кузьміч) (н. 2.8.1937, г. Магілёў),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў БПІ (1962). Працуе ў ін-це «Гомельграмадзянпраект», з 1997 гал. архітэктар. Асн. работы ў Гомелі: забудова мікрараёнаў Аэрадром (1967—70), № 35 і Крышталь па вул. Ільіча (1975, у сааўт.), № 11 (1978), № 12 (1979), № 17 (1986) у жылым раёне Валатава, комплекс інтэрнатаў з-да «Гомсельмаш» (1977—83, у сааўт.). Праектаваў таксама мікрараёны ў гарадах Рагачоў, Рэчыца, Светлагорск Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РЧАНКА (Барыс Міхайлавіч) (18.4. 1941, Мінск — 17.12.1994),
бел. архітэктар. Сын М.Ларчанкі. Засл. архітэктар Беларусі (1984). Скончыў БПІ (1964). З 1965 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1989 гал. архітэктар). Найб. значныя работы ў Мінску: комплекс будынкаў праектных ін-таў па вул. Варвашэні («Белдзіправадгас», «Сельгастэхпраект», 1970—84), станцыя метро «Плошча Перамогі» і рэканструкцыя пл. Перамогі (1984), кінатэатр «Аўрора» (1987) у комплексе з гасцініцай, аэравакзальны комплекс аэрапорта «Мінск-2» (гл.Мінскія аэрапорты; усе ў сааўт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІЯ ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,
помнік архітэктуры класіцызму ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1812 у цэнтры горада на гандл. плошчы (цяпер вул. Мінская). Выцягнуты прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах і ў цэнтры падоўжаных фасадаў. Гал. фасад расчлянёны прамавугольнымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Вакол будынка абходная галерэя, утвораная дарычнай каланадай. У 1953 зменена планіроўка будынка, гал. фасад абліцаваны керамічнай пліткай. Выкарыстоўваюцца пад гандл. прадпрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКО́Н (італьян. balcone ад позналац. balcus бэлька),
канструкцыйны элемент пабудовы і маст. афармлення фасадаў будынкаў; агароджаная (кратамі, балюстрадай, парапетам) пляцоўка на кансольных бэльках, якая выступае са сцяны, або пліта (пераважна жалезабетонная) на фасадзе ці ў інтэр’еры (напр., у тэатры). Сустракаецца тып балкона без вынасу (т.зв. «французскі балкон»), які робіцца ў праёме балконных дзвярэй. Балкон як элемент пабудовы ўзнік на Усходзе. У Еўропе з’явіўся ў сярэднія вякі ў абарончым (машыкулі) і культавым (амбон) дойлідстве.
Балкон жылога дома на вул. Камсамольскай у Мінску. Мастацкае ліццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ШЧАНКА (Дзмітрый Васілевіч) (н. 25.1.1951, Мінск),
бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1974). Працуе ў ін-це «Мінскпраект» (з 1969). Асн. работы: у Мінску — праект рэканструкцыі дзіцячага парку імя М.Горкага (1978), Парк 60-годдзя Кастрычніка (1986), воднае добраўпарадкаванне ўчастка р. Свіслач (1988), водаахоўная зона Сляпянскай воднай сістэмы і 7 сквераў уздоўж яе (1989, у складзе аўтарскага калектыву; Дзярж. прэмія СССР 1989). Паводле яго праектаў ствараюцца паркі: у Нясвіжы; у Мінску — па праспекце газ. «Праўда», вул. П.Глебкі, на левабярэжнай частцы Камсамольскага воз. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЗЕНЦАЎ (Барыс Сяргеевіч) (26.7.1911, г. Тула, Расія — 18.11.1970),
расійскі архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1969). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1935), выкладаў у ім (з 1969 праф.). Асн. работы: у Маскве — вышынныя адм. будынкі на пл. Красныя вароты (1948—53, з арх. А.Душкіным), на вул. Пятроўка, 38 (1952—59), жылыя дамы па праспекце Міру (1952), горадабуд. работы па праспекце Вярнадскага (1964—68); мемар комплекс У.І.Леніна ў г. Ульянаўск (1967—70; Ленінская прэмія 1972) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ» гасцініца ў Мінску. Размешчана на вул. Старажоўскай, на ўзгорку левага берага р. Свіслач. Пабудавана ў 1987 (арх. Л.Пагарэлаў). Вышынны 22-павярховы 3-пялёсткавы ў сячэнні будынак, разлічаны на 1000 гасцінічных месцаў.
Планіроўка тыповага паверха радыяльная: ад цэнтр. ліфтавай групы разыходзяцца 3 калідоры з 2-баковым размяшчэннем нумароў. Каля ліфтавай групы і ў тарцах 2 крылаў міжпаверхавыя лесвіцы. Ад гал. корпуса ў бок праспекта Машэрава выступае самаст. 2-павярховае крыло з круглым у плане блокам рэстарана. Іл.гл. ў арт.Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕГА́РТ (Раман Міхайлавіч) (27.9.1908, г. Крамянчуг, Украіна — 6.9.1982),
архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1948). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1934). З 1949 кіраўнік майстэрні ін-та «Белдзяржпраект». З 1954 у праектных арг-цыях Масквы. Асн. работы ў Мінску: універмаг (ГУМ; у аўт. калектыве), будынкі тэлевізійнага цэнтра па вул. Камуністычнай (1956, у сааўт.) і Бел. кансерваторыі (1958), жылыя дамы па вуліцах Кірава, Камуністычнай, Захарава, Казлова, Чырвонай (1950—54); рэстаран «Заслаўе» пад Мінскам (1975, у сааўт.). Жылыя і грамадскія будынкі ў Маскве, Сочы, Калінінградзе, Падольску, Серпухаве, а таксама за мяжой (Афганістан, М’янма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТКО́Ў (Аркадзь Цімафеевіч) (н. 26.5.1939, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1967). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», Віцебскім філіяле Белдзяржпраекта, БелНДІ горадабудаўніцтва. З 1988 у Наваполацку, з 1990 гал. архітэктар горада. Асн. работы ў Наваполацку: забудова мікрараёнаў № 5 (1969—75) і 7 (1980—90), школа рабочай моладзі ў мікрараёне № 3 (1977—80), 5—6-павярховыя жылыя дамы па вул. Маладзёжнай (1968—79), вучэбна-вытв. камбінат нафтаправода «Дружба» (1981—83), 13-павярховы інтэрнат (1975, усе ў сааўт.). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за планіроўку і забудову Наваполацка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНАЎ (Аляксандр Пятровіч) (20.11.1902, г. Колпіна Ленінградскай вобл., Расія — 1.10.1987),
бел. архітэктар, вучоны, педагог. Чл.-кар.АН Беларусі (1953), акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956—64), чл.-кар. Акадэміі архітэктуры СССР (1950—55). Праф. (1951). Засл. дз. маст. Беларусі (1940), засл. будаўнік Беларусі (1962). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.тэхн.ін-т (1929). У Мінску з 1929, працаваў у розных праектных арг-цыях. З 1947 выкладаў у БПІ. У 1941—49 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі. У першых работах адчуваўся ўплыў канструктывізму, пазней выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і элементы класічнай архітэктуры. Яго творы належаць да лепшых дасягненняў бел. архітэктуры. Сярод іх у Мінску: жылыя дамы на вул. Маскоўскай (1932), гасцініца «Свіслач» (1938); у аўтарскім калектыве — Палац піянераў і школьнікаў (1937), Ін-т фізкультуры (1939), будынак б.ЦККПБ (1947, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), Т-р юнага гледача (1952), аэравакзал, будынак б. абкома КПБ (1956, цяпер Выканаўчага Сакратарыята СНД) і інш.; у Магілёве: гасцініца «Дняпро» (1940) і жылыя дамы на вул. Першамайскай (1938—41). Адзін з арганізатараў эксперыментальнага і аб’ёмна-блочнага буд-ва ў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1968 за праектаванне і забудову Скарыны праспекта ў Мінску. Навук. працы па тэорыі і практыцы архітэктуры.
Тв.:
Основные черты в развитии зодчества Белоруссии. Мн., 1955;
Архитектура и градостроительство Советской Белоруссии. Мн., 1957 (у сааўт.);
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).